спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.
Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.Анкуда — чэмпіён СССРпа шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.Альхімовіч, В.Лукашэвіч, В.Рускіх, А.Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧЫ КО́МПЛЕКС,
буйное спецыялізаванае прадпрыемства індустр. тыпу па вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі на базе прамысл. тэхналогіі. Ствараецца для вытв-сці канчатковага або прамежкавага прадукту (напр., для атрымання маладняку, яго вырошчвання і адкорму ці толькі для адкорму або вырошчвання маладняку). Будуюць Ж.к. па адзіных тыпавых праектах. У эканамічна развітых краінах з 1950-х г. ствараюць буйныя Ж.к. з паточнай вытв-сцю жывёлагадоўчай прадукцыі. У ЗША Ж.к. найб. інтэнсіўна спецыялізуюцца па вытв-сці ялавічыны. На Беларусі Ж.к. пачалі актыўна будаваць у пач. 1970-х г. На пач. 1997 тут працавала больш за 150 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, з іх 114 разлічаны на 3—10 тыс. галоў кожны, 116 свінагадоўчых Ж.к., у т. л. 53 на 12 тыс. і 35 на 24 тыс. галоў кожны; астатнія разлічаны на вырошчванне і адкорм 27, 40, 54 і 108 тыс. галоў. Найбуйнейшыя Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы — с.-г. сумеснае калектыўнае прадпрыемства «Астрамечава» Брэсцкага р-на (7446 галоў), па вырошчванні і адкорме свіней — саўгас-камбінат «Барысаўскі» Барысаўскага р-на (78 477 галоў). Ж.к. эканамічна выгадныя пры дастатковым забеспячэнні іх кармамі, механізацыі ўсіх вытв. працэсаў, наяўнасці кваліфікаваных кадраў. Ва ўмовах жа Беларусі нават у сярэднім па памерах Ж.к. часта не хапае кармоў са сваіх гаспадарак. У сувязі са спыненнем пастаўкі фуражнага зерня з рэспублік б.СССР становішча на Ж.к. ускладнілася, пагалоўе жывёлы пачало скарачацца. На 1.1.1997 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы запоўнены на 45% месцаў, па вырошчванні і адкорме свіней — на 70%. Больш эфектыўна Ж.к. дзейнічаюць у Брэсцкай, Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, дзе лепшая забяспечанасць іх кармамі і прац. рэсурсамі. У буйных і звышбуйных Ж.к. існуе праблема утылізацыі гноевай жыжкі, бо адбываецца забруджванне мясц. рэк і прылеглых тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ (ад экстра... +лац. polire рабіць гладкім),
пашырэнне вывадаў, атрыманых пры вывучэнні адной часткі якой-н. з’явы, працэсу, на яго другую частку, на будучы час. 1) У статыстыцы Э. — пашырэнне выбарачных звестак вывучэння часткі з’явы на папуляцыю ў цэлым; пры гэтым паказчыкі даследаванай часткі разглядаюцца як набліжэнне да паказчыкаў па сукупнасці ў цэлым (напр., праекцыя росту насельніцтва па даных з мінулага часу).
2) У логіцы Э. — перанясенне і пашырэнне якасных характарыстык, заканамернасцей з адной прадметнай вобласці або аднаго віду аб’ектаў на інш. вобласць або від (напр., вывад аб узроўні культуры якой-н. сац. групы па назіраннях за асобнымі яе прадстаўнікамі або аб перспектывах культуры па тэндэнцыях у мінулым).
3) У матэматыцы — знаходжанне прыбліжаных значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах, якія не належаць адрэзку [x0, xn], па яе значэннях у пунктах x0, x1, ..., xn. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГОМСЕЛЬМА́Ш»,
вытворчае аб’яднанне па выпуску машын с.-г. прызначэння. Створана ў 1977. Уключае Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання (галаўное прадпрыемства), з-ды ліцця і нармалей, самаходных камбайнаў, спецінструментаў і тэхнал. аснасткі, рамонтна-буд. і мантажнае ўпраўленне, гал.СКБпа комплексе кормаўборачных машын, канструктарска-тэхнал. і эксперым.ін-тпатэхн. пераўзбраенні і падрыхтоўцы вытв-сці (у Гомелі), Светлагорскі з-д машынабудавання для кормапрыгатавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНЕ́ЛЯ МЕ́ТАД,
спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў па ўцісканні сталёвага загартаванага шарыка вызначаных памераў пры зададзенай нагрузцы. Лік цвёрдасці па Брынелю (НВ) — адносіны нагрузкі да плошчы паверхні адбітка. Выпрабаванні па Брынеля метаду праводзяць на стацыянарных цвердамерах (прэсах Брынеля), якія забяспечваюць павольнае прыкладанне зададзенай нагрузкі да шарыка і яе пастаянства на працягу зададзенага часу. Названы ў гонар швед.інж. Ю.А.Брынеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЛЬСІНКСКІ ПРАЦЭ́С,
палітыка разрадкіміжнар. напружанасці ў 1970-я і 1986—91 г. Пачаўся ў 1973—75 з міжнар. перагавораў у г. Хельсінкі (адсюль назва) і падпісання паводле іх вынікаў Заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У ходзе разгортвання Х.п. Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў 1990-я г. пераўтварылася ў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІСНЕ́ННЕ,
тэхніка атрымання рэльефных выяў на паверхні скуры, аксаміту, ліставога металу, бяросты і інш. матэрыялаў выцісканнем штампамі; вырабы ў гэтай тэхніцы. Ц. па метале вядома ў мастацтве Стараж. Егіпта і інш. краін Стараж. свету. Пазней Ц. пашырылася ў інш. краінах. На Беларусі Ц. па скуры і метале вядома з 11—13 ст. Ц. па скуры рабілі з малюнкам пераважна геам. характару, па метале дадаткова аздаблялі зярненнем, гравіраваннем, чарненнем і інш. Высокімі маст. якасцямі вызначаюцца скураныя пераплёты кніг 16 ст. Ф.Скарыны і П.Мсціслаўца. У 1-й пал. 17 ст.тэхн. ўзровень Ц. па скуры знізіўся, у 18 ст. палепшыўся, аднак малюнак стаў менш выразны, здробнены. Багатыя выданні аздаблялі залатым Ц., часам з падфарбоўкай, дэкарыравалі скураныя футляры для акуляраў, ключоў і інш., конскую вупраж, шпалеры, завесы і інш. Ц. па ляўкасе з наступнай. пазалотай характэрна для фонаў абразоў 17—18 ст. Значна пашырылася басма (ручное Ц. па тонкім ліставым метале), якой аздаблялі пераплёты кніг, абклады абразоў і інш. У нар. побыце тэхнікай Ц. ўпрыгожвалі берасцяныя вырабы. У наш час Ц. аздабляюць вырабы з бяросты, скуры і інш.
У паліграфіі Ц. атрымліваюць адбітак малюнка або шрыфту на пераплётнай крышцы, паперы або кардоне. Выконваецца на пазалотным прэсе. Адрозніваюць Ц. рэльефнае і плоскапаглыбленае. Выкарыстоўваецца таксама плоскі штамп з цынку або латуні. Ц. можа быць бясфарбавае або фарбавае (выява ўтвараецца з дапамогай спец. фарбавай ці металізаванай фольгі, якая застаецца ў паглыбленнях).
Літ.:
Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІЯ ПРЭ́МІІ,
прэстыжныя міжнар. ўзнагароды. названыя ў гонар іх заснавальніка А.Б.Нобеля. Прысуджаюцца штогод з 1901 са сродкаў Нобелеўскага фонду за дасягненні ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны і фізіялогіі, л-ры, дзейнасць па ўмацаванні міру, з 1969 і па эканоміцы. Паводле завяшчання Нобеля. прысуджэнне прэмій ускладзена на Каралеўскую Швед.АН (па фізіцы і хіміі), Каралінскі медыка-хірург.ін-т у Стакгольме (па фізіялогіі і медыцыне), Швед. акадэмію ў Стакгольме (па л-ры) і спец.к-т з 5 чал.нарв. парламента (прэміі міру). У 1969 у сувязі са сваім 300-годдзем Швед.дзярж. банк заснаваў таксама штогадовую прэмію памяці Нобеля па эканоміцы. Н.п. складаюцца з залатога медаля з выявай А.Нобеля, дыплома і чэка на вызначаную Нобелеўскім фондам грашовую суму (у 1996 памер прэміі дасягнуў 7,4 млн.швед. крон). Урачыстая цырымонія ўручэння Н.п. адбываецца ў дзень смерці Нобеля (10 снеж.); іх, як правіла, уручаюць нарв. кароль у Осла (прэміі міру) і швед. кароль у Стакгольме (астатнія прэміі). Лаўрэаты абавязаны на працягу 6 месяцаў пасля атрымання прэміі выступіць з т.зв. Нобелеўскай лекцыяй (папулярная лекцыя па тэматыцы сваёй працы) у Стакгольме або Осла. Н.п., як правіла, не прысуджаюцца двойчы і пасмяротна. У 1901—91 іх атрымалі больш за 600 чал.
Літ.:
Лалаянц И.Э., Милованова Л.С. Нобелевские премии по медицине и физиологии. М., 1991;
Сульман Р. Завещание Альфреда Нобеля: История Нобелевских премий: Пер. с англ.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),
арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел.арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар.дыпламат. балі. Выдавала інфарм.час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.Алехнік.