Засн. ў 1984 у Мінску. Адно з буйнейшых прадпрыемстваў паліграф. прам-сці Беларусі. Спецыялізуецца на друкаванні шматколернай прадукцыі на розных мовах. Асн. прадукцыя (1999): кнігі (у т. л. шматтомныя выданні, напр. Беларуская Энцыклапедыя), буклеты, каталогі, праспекты, плакаты, альбомы, запісныя кніжкі, папкі, бланкі, ярлыкі, календары, фоташпалеры. Вытв-сць фотаформ, упакоўкі з кардону, набор і вёрстка тэксту, друкаванне каштоўных папер, электронны мантаж і рэтуш, колерадзяленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1928 у Мінску. Рыхтуе тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-электрамеханікаў, тэхнікаў па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі, эканамістаў па маркетынгу, арганізатараў справаводства. Спецыяльнасці (1999/ 2000 навуч.г.): электратэхніка; мікраэлектроніка; аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; метралогія і метралагічнае забеспячэнне сертыфікацыйных выпрабаванняў; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання; маркетынг; аўтаматызаваны электрапрывод. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння ПТВ. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1953 у Мінску як тэхнікум. З 1999 каледж. Рыхтуе спецыялістаў для швейнай прам-сці і быт. абслугоўвання. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): фатаграфія; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; цырульніцкае мастацтва і дэкар. касметыка; машыны і апараты лёгкай прам-сці і быт. абслугоўвання; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй, а таксама пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ХАРЧО́ВЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1956 у Мінску як вучэбная база для сістэмы Бел.рэсп. саюза спажывецкіх т-ваў і быў вызначаны базавым прадпрыемствам у харч. прам-сці Белспажыўсаюза па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Мае цэхі: сокавы, кансервавы і канцэнтраванага яблычнага соку. У 1999 асартымент прадукцыі складае каля 60 назваў: пладова-ягадныя сокі, варэнні і кампоты, марынаваныя агуркі і памідоры, абедзенныя і закусачныя кансервы з агародніны, канцэнтраваны яблычны сок, моцныя спіртаваныя напіткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ДУХО́ЎНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ.
У Мінску існавалі 2 вучылішчы, якія падпарадкоўваліся Камісіі па духоўных вучылішчах пры св. Сінодзе. Мужчынскае вучылішчазасн. ў 1834 як павятовае духоўнае 4-класнае з прыходскай 2-класнай школай пры Кацярынінскай царкве. Жаночае 7-класнае вучылішча засн. ў 1867 пры царкве Ушэсця. Выкладаліся: рус., грэч. і царк.-слав. мовы, прыродазнаўства, матэматыка, латынь, гісторыя, геаграфія, катэхізіс, царк. статут, спевы; у жаночым дадаткова выкладаліся франц. мова, дыдактыка, фізіка, касмаграфія, гігіена, музыка. Закрыты ў 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЧУ́К»,
кніжнае таварыства. Існавала ў снежні 1906—07 у Мінску. Мела на мэце выданне і распаўсюджванне бел. кніг і газет. Заснавальнікі Б.У.Куштэлян, У.І.Самойла, С.В.Скандракоў, А.А.Шабуня, К.Б.Шпакоўскі. Разам з газ. «Наша ніва» выдала кірыліцай і лацінкай апавяданне Э.Ажэшкі «Гедалі» (1907). Рыхтавала да друку «Жалейку» Я.Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 133—134, 142—143.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАДЕ́ЖДА»,
літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «І боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША СЛО́ВА»,
грамадска-асветная газета. Выдавалася з сак. 1990 на бел. мове Т-вам бел. мовы імя Ф.Скарыны ў Мінску як штомесячны бюлетэнь, са студз. 1991 да крас. 1997 — штотыднёвая газета. Змяшчала інфарм., публіцыстычныя, гіст., палемічныя, агітац. і мовазнаўчыя матэрыялы па праблемах бел. мовы і культуры. З ліст. 1997 выходзіць у Лідзе на бел. мове як прыватная штотыднёвая газета для дзяцей старэйшага ўзросту. Друкуе пераважна агітац., інфарм. і мовазнаўчыя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНКЕРТО́Н (Pinkerton) Роберт, англійскі падарожнік 1-й пал. 19 ст., агент брытанскага біблейскага т-ва. У 1816 і 1822 наведаў Беларусь, пабываў у Барысаве, Вільні, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Шклове. У 1816 заснаваў у Віцебску Беларускае біблейскае т-ва. У 1833 у Лондане выдаў свае ўспаміны «Расія: або рознабаковыя назіранні аб мінулым і сучасным стане краіны і яе насельнікаў» (раздзелы 3—5 прысвечаны Беларусі). Вял. ўражанне зрабілі на яго Полацк, Віцебск і Магілёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКІН (Цімафей Цярэнцьевіч) (15.4.1919, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. —8.1.1954),
Герой Сав. Саюза (1954). Скончыў Ульянаўскую авіятэхн. школу (1938). Удзельнік сав.-фінл. 1939—40 і Вял.Айч. войнаў. Пасля вайны ў грамадз.паветр. флоце, ст. тэхнік-лейтэнант. 8.1.1954 у час рэйсу Талін—Ленінград у сутычцы з двума бандытамі, што спрабавалі захапіць самалёт, абяззброіў аднаго і смяротна паранены другім, якога абясшкодзілі інш. члены экіпажа. У Мінску каля аэрапорта-1 помнік Р.