ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),

наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.

Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).
Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯЛАЗНА́ЎСТВА,

навука пра састаў, будову і ўласцівасці метал. і неметал. матэрыялаў, пра метады іх атрымання і апрацоўкі. Грунтуецца пераважна на даследаваннях у галіне фізікі, хіміі, фіз. хіміі. Адна з асн.ч. М. — металазнаўства.

Састаў матэрыялаў вывучаюць метадамі гравіметрычнага аналізу, грануламетрычнага (гл. Грануламетрыя), паляраграфічнага (гл. Паляраграфія), спектральнага аналізу, актывацыйнага аналізу, хімічнага і інш.; будову матэрыялаў — з дапамогай электронаграфічнага (гл. Электронаграфія), металаграфічнага (гл. Металаграфія), электронна-мікраскапічнага і рэнтгенаструктурнага аналізу. Уласцівасці матэрыялаў вызначаюць мех. выпрабаваннямі (Брынеля метадам, Вікерса метадам, Роквела метадам), дылатаметрычнымі (гл. Дылатаметрыя), магн., эл. і інш. М. вывучае метады атрымання матэрыялаў — плаўку, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, электроннапрамянёвы і плазменна-дугавы пераплаў і інш.; спосабы апрацоўкі металаў ціскам, зваркі, рэзання металаў і інш. Развіваюцца таксама крыягеннае і касм. М.

На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі, інш. ВНУ, галіновых НДІ. Развіццё атрымала М. каляровых і чорных металаў, тэорыя і практыка парашковай металургіі, сінтэзу звышцвёрдых, кампазіцыйных і палімерных матэрыялаў, скарасных і імпульсных метадаў апрацоўкі, паверхневага пластычнага дэфармавання, магнітаабразіўнага паліравання і інш.

А.​І.​Гардзіенка.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛІ́НА,

струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d​1—a​1—e​2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.​Бетховен, А.​Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

І.​Дз.​Назіна.

Неапалітанская мандаліна.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ (Bielsk Podlaski),

горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс. ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд. метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел. гіст. т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.

Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.

Д.​Фіёнік (гісторыя).

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА́РЫУМ (ад лац. aguarium вадаём),

1) пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з метал. каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя, прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мае адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). У якасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок. У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т. л. сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі, палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш. водныя расліны.

2) Спец. навук. ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыумы для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх наз. акіянарыум.

Тыпы акварыумаў: 1 — трохвугольны; 2 — шарападобны; 3 — прамавугольны каркасны, 4 — цыліндрычны; 5 — убудаваны ў мэблю; 6 — насценны.

т. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове алюмінію з дабаўкамі іншых элементаў (медзі, магнію, цынку, крэмнію, марганцу, літыю, кадмію, цырконію, хрому). Адметныя малой шчыльнасцю (да 3∙10​3 кг/м³), высокімі мех. ўласцівасцямі, каразійнай устойлівасцю, высокай цепла- і электраправоднасцю, трываласцю і пластычнасцю пры нізкіх т-рах. Лёгка апрацоўваюцца рэзаннем і зварваюцца кантактнай зваркай (некаторыя плаўленнем), на вырабы з іх лёгка наносяцца ахоўныя і дэкар. пакрыцці.

Разнастайнасць уласцівасцяў алюмініевых сплаваў звязана з увядзеннем пэўных прысадак, якія ўтвараюць з алюмініем цвёрдыя растворы і інтэрметаліды і з’яўляюцца ўмацавальнай фазай сплаваў. Найб. пашыраны сплавы Al—Cu—Mg (дзюралюміны), Al—Mg (магналіі), Al—Si (сілуміны), Al—Mg—Si (авіялі), высокатрывалыя Al—Zn—Mg—Cu, крыягенныя і гарачатрывалыя Al—Cu—Mn, сплавы з нізкай шчыльнасцю Al—Mg—Li, Al—Cu—Li, Al—Cu—Mg—Li, парашковыя і грануляваныя. Алюмініевыя сплавы падзяляюцца на дэфармавальныя, ліцейныя і спечаныя. З дэфармавальных пракатваннем, прасаваннем, коўкай ці штампоўкай, валачэннем атрымліваюць пліты, лісты, профілі, пруткі, накоўкі, дрот. З ліцейных алюмініевых сплаваў вырабляюць фасонныя адліўкі метадамі ліцця ў земляныя, коркавыя ці метал. кокільныя) формы, а таксама ліцця пад ціскам. Спечаныя алюмініевыя сплавы атрымліваюць метадамі парашковай металургіі. Алюмініевыя сплавы выкарыстоўваюць у авіяц. прам-сці, судна- і прыладабудаванні, аўтамаб., электратэхн. вытв-сці, буд-ве, у вытв-сці быт. вырабаў.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДМІЙ (лац. Cadmium),

Cd, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 48, ат. м. 112,41. Прыродны складаецца з 8 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 106, 108, 110—114, 116. У зямной кары 1,3510​−5% па масе, знаходзіцца пераважна ў цынкавых рудах. Адкрыты ў 1817 ням. хімікам Ф.​Штромеерам, названы ад грэч. kadmeia — цынкавая руда.

Серабрыста-белы метал, мяккі і коўкі, t 321,1 °C, tкіп 766,5 °C, шчыльн. 8650 кг/м. У паветры пакрываецца тонкай плёнкай аксіду CdO, якая ахоўвае яго ад далейшага акіслення. Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры т-ры, вышэйшай за т-ру плаўлення, — з галагенамі і халькагенамі (сульфід CdS, селенід CdSe і тэлурыд CdTe — паўправадніковыя матэрыялы), пры сплаўленні — з фосфарам, мыш’яком і сурмой. Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, борам. крэмніем. Атрымліваюць пры перапрацоўцы цынкавых, свінцова-цынкавых і медна-цынкавых руд. Выкарыстоўваюць для кадміравання, як кампанент спец. прыпояў, сплаваў, на выраб стрыжняў для ядз. рэактараў, электродаў для акумулятараў і нармальных элементаў, для атрымання пігментаў, паўправадніковых матэрыялаў, стабілізатараў пластмас. Пара К. і яго злучэнняў таксічная, удыханне яе выклікае рвоту, сутаргі, ГДК 0,1 мг/м³. К. можа назапашвацца ў арганізме чалавека, хранічнае атручванне прыводзіць да анеміі і разбурэння касцей, ГДК у пітной вадзе 0,01 мг/л.

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЯХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, у якім вывучаюцца прасторавае размяшчэнне і характар узаемадзеяння паміж атамамі, іонамі, малекуламі, з якіх складаюцца крышталі, а таксама сувязь паміж структурай крышталёў і іх уласцівасцямі.

Асн. характарыстыкай структуры крышталёў з’яўляецца элементарная ячэйка, якая адлюстроўвае характар сіметрыі крышталёў, узаемнае размяшчэнне, каардынацыйны лік і адлегласці паміж атамамі (іонамі, малекуламі) у крышталях. Элементарныя ячэйкі маюць форму шматграннікаў, а сукупнасць такіх шматграннікаў з агульнымі гранямі складае прасторавую крышталічную рашотку. К. вызначае фактары, якімі абумоўлены характар сіметрыі і структура элементарнай ячэйкі; устанаўлівае тып крышталёў — іх прыналежнасць да кавалентных (атамы ў рашотцы злучаны кавалентнай сувяззю), іонных крышталёў, метал. (атамы злучаны металічнай сувяззю) ці малекулярных крышталёў, а таксама вывучае ўплыў структуры і характару хім. сувязі на ўласцівасці крышт. рэчываў. Устанаўленне колькаснай залежнасці паміж крышт. структурай і ўласцівасцямі рэчываў неабходна для стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. К. вылучылася з крышталяграфіі і як самастойная навука сфарміравалася пасля адкрыцця дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў (1912) і даследаванняў У.Г.Брэгам і У.Л.Брэгам крышт. структуры шэрагу хім. індывідуальных цвёрдых рэчываў (1913—15) з дапамогай рэнтгенаструктурнага аналізу. Гл. таксама Хімія цвёрдага цела.

Літ.:

Бокий Г.Б. Кристаллохимия. 3 изд. М., 1971;

Урусов В.С. Теоретическая кристаллохимия. М., 1987;

Уэллс А.Ф. Структурная неорганическая химия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987—88.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),

збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.

Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.

М.​А.​Караткевіч.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)