выкапнёвы вугаль найвышэйшай ступені вуглефікацыі. Колер шаравата-чорны і чорна-шэры. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1500—1700 кг/м³. Не спякаецца. Мае вугляроду 94—97%, вадароду 1—3%. Удзельная цеплыня згарання 33,8—35,2 МДж/кг. У гаручай масе да 9% лятучых рэчываў. Найб.колькасць антрацыту ўтварылася ў выніку рэгіянальнага метамарфізму пры апусканні вугляносных тоўшчаў у вобласць павышаных тэмператур (350—550 °C) і ціскаў. Высакаякаснае бяздымнае энергет. паліва, тэхнал. сыравіна ў горнай і каляровай металургіі, хім., электратэхн. прам-сці (вытв-сць карбідаў, электродаў і інш.). Гал. радовішчы антрацыту ў Расіі, на Украіне, у ЗША, Кітаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНГУТА́Н (Pongo),
род чалавекападобных малпаў сям. пангідаў атр. прыматаў. Адзіны від — арангутан звычайны (P. pygmaeus). Жыве ў забалочаных трапічных лясах а-воў Суматра і Калімантан.
Рост самцоў да 1,5 м, маса да 200 кг, самкі значна меншыя. Склад цела масіўны. Заднія канечнасці кароткія, пярэднія доўгія з размахам да 2,25 м. Вельмі развітая мускулатура. Цела ўкрытае рэдкімі валасамі чырвонакарычневага колеру, на плячах даўж. валасоў да 40 см. Жывуць на дрэвах, дзе будуюць гнёзды. Кормяцца пладамі (найчасцей дурыяну), птушанятамі, яйкамі. Нараджаюць 1 дзіцяня масай 1,5—2 кг, якое маці корміць малаком да 3—4 гадоў. Жывуць да 30 гадоў. Колькасць невялікая. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРДЫНА́ЦЫЯ КАРАЛЕ́ЎСКІХ ПУ́ШЧАЎ У ЛЯСНІ́ЦТВАХ БЫЛО́ГА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА», «Ординация королевских пущ в лесничествах бывшего Великого княжества Литовского»,
вопіс каралеўскіх лясных масіваў ВКЛ 1636—40. Выдадзены Віленскай археагр. камісіяй паралельна на польскай і рус. мовах (Вільня, 1871). Ардынацыя (упарадкаванне) мела на мэце ўстанаўленне межаў каралеўскіх пушчаў, вызначэнне правоў шляхты і мясц. насельніцтва на карыстанне імі, арганізацыю кіравання лясной гаспадаркай і вызначэнне статуса асоб, якія выконвалі спец. абавязкі ў створаных лясніцтвах. Адзначаны населеныя пункты на тэр. лясніцтваў, пералічаны сяляне, іх павіннасці, колькасць зямлі ў гаспадарках; часам дакументы шляхты на права валодання і карыстання лясамі; апісаны азёры, рэчкі, лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЫ́ (Ovis),
род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял.колькасцьгеагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.
Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦІ́Н, вітамін H,
C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб.колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТВА́ТЭРСРАНД (Witwatersrand),
золатаўраназмяшчальны басейн у ПАР (прав. Трансвааль і Аранжавая); буйнейшы ў свеце. Адкрыты і распрацоўваецца (здабыча золата) з 1886, з 1952 здабыча урану. Працягласць руданоснай плошчы каля 350 км, шыр. 200 км. Руданосныя ў асн. ніжнепратэразойскія асадкава-метамарфагенныя кангламераты. Агульныя запасы золата каля 16 тыс.т з сярэдняй колькасцю яго 9,3 г/т. Запасы вокісу урану 128 тыс.т, колькасць U3O8 0,02—0,04%. Як спадарожныя здабываюць таксама пірыт, мінералы групы осмістага ірыдыю, інш. плацінавыя металы і серабро. Глыбіня распрацоўкі ў сярэднім 1700 м, макс. 3660—3800 м (т-ра ў шахтах 50—52 °C). Цэнтры распрацовак Вітватэрсранда — г. Іаганесбург, Клерксдарп, Одэндалсрус, Велкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,
адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),
жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.
Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,
разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр.вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал/га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).