штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц.сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел.нац. руху (П.Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.Асмалоўскага, раман А.Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.Мяснікова), друкавала нарысы Д.Бохана, вершы З.Гіпіус, артыкулы і нарысы інш.мясц. журналістаў і літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́Й ХРА́БРЫ (Mihai Viteazu; 1558—9.8.1601),
гаспадар (князь) Валахіі [1593—1600]. Вёў барацьбу супраць тур. панавання і за стварэнне цэнтралізаванай рум. дзяржавы. У 1595 у бітвах каля с. Кэлугэрэнь і на р. Дунай разбіў тур. войскі і прымусіў іх пакінуць Валахію. У 1599 ваен. шляхам падпарадкаваў Трансільванію, у 1600 — Малдаўскае княства і пачаў называць сябе «гаспадаром Валахіі, Трансільваніі і ўсёй Малд. зямлі». Аднак у выніку паўстання мясц. знаці ў вер. 1600 страціў Трансільванію. У той жа час Малдову акупіравалі войскі Рэчы Паспалітай, якія потым разам з малд. войскамі ўварваліся ў Валахію. У выніку здрады сваіх баяр, што падтрымалі малд. прэтэндэнта на валашскі прастол С.Мавілу (Магілу), М.Х. пацярпеў паражэнне і ў касір. 1600 уцёк у Аўстрыю. У 1601 на чале наёмнага войска, набранага на сродкі аўстр. Габсбургаў, уварваўся ў Трансільванію і 3 жн. разбіў там войска мясц. знаці. Забіты паліт. праціўнікамі, якія апасаліся яго вяртання на валашскі прастол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ Мікалай Лаўрэнцьевіч (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац.АН Беларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.Скарыны (1985), К.Каліноўскага, А.Міцкевіча, А.Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1434,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл.бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́ЧНАЕ,
вёска ў Слабада-Кучынскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. на левым беразе р. Нёман. Цэнтр саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Капыль, 93 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 620 ж., 269 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як мястэчка Капыльскага княстваВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, з 17 ст. — Радзівілаў. Паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста Алелькавічам мяшчане П. карысталіся правам «людзей вольных». З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі ў Магільнянскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1849 мела паромную пераправу, прыстань, 2 млыны, склады для лесаматэрыялаў, існаваў выраб лёгкіх суднаў («шугалеяў»). У пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав. З 1924 вёска, да 1963 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,
папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст.Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт.княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн.Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш.дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.Б.Гарабурда атрымаў ад вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НЕ,
усходнеславянскія плямёны, якія ў канцы 1-га тыс.н.э. жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Ворскла, Псёл, Северскі Данец. Межавалі на З з палянамі, дрыгавічамі, на Пн з радзімічамі і вяцічамі, на У і Пд з качавымі плямёнамі. У 8 — пач. 9 ст. плацілі даніну хазарам. У канцы 9 ст. заходнія С. разам з палянамі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі, усходнія С. да канца 10 ст. захоўвалі адносную аўтаномію. У 11—12 ст. С. склалі значную ч. насельніцтва Чарнігаўскай (Северскай) зямлі. У 907 удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885 і пад 1024. Найб. гарады С. — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У 1096 на землях С. ўзнікла Северскае княства.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУР,
першы летапісны князь Тураўскага княства. «Аповесць мінулых гадоў» пад 980 паведамляе, што «...бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася...». Адны вучоныя (В.М.Тацішчаў, В.В.Ключэўскі, У.З.Завітневіч, М.М.Ціхаміраў) лічаць Т. гіст. асобай на той падставе, што яго імя змешчана ў летапісе побач з гістарычна сапраўдным Рагвалодам. Другія вучоныя (А.А.Шахматаў, М.В.Доўнар-Запольскі, А.С.Грушэўскі, Дз.С.Ліхачоў) лічаць паведамленне летапісу этымалагічнай легендай для тлумачэння паходжання назвы г. Тураў, а Т. асобай легендарнай. На думку гісторыка П.В.Галубоўскага, Т. — мясцовы язычніцкі бог, раўназначны Ярылу. Канчаткова пытанне пра гістарычнасць Т. не вырашана. Магчыма, гэта прозвішча мясц. князя, бо ў слав. мовах пашыраны тапонімы з коранем «тур», а горад, несумненна, мае назву, звязаную з імем асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРСКІ УСПЕ́НСКІ САБО́Р,
помнік рус. архітэктуры Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства ў г. Уладзімір (Расія). Быў гал. храмам Уладзіміра-Суздальскага княства. Пабудаваны ў 1158—60 (перабудаваны пасля пажару ў 1185—89) з белага каменю. Храм 6-стаўповы, 5-нефавы, 3-апсідны з 5 купаламі. Вял. светлавы барабан абапіраецца на своеасаблівую канстр. сістэму: спалучэнне ветразяў з 8 папярочнымі аркамі-тромпамі. Сцены звонку апяразвае аркатурны пояс з калонкамі. Перабудову і капітальны рамонт храма праводзілі ў 14, 18 ст.; у 19 ст.арх. І.Карабутаў аднавіў яго першапачатковыя формы. У 1810 да сабора прыбудавана званіца, у 1862 — прыдзел Георгія. У інтэр’еры храма — фрэскі 12—13 ст. (фрагменты), работы А.Рублёва і Данііла Чорнага (1408); адзін з найб. грандыёзных іканастасаў, створаны Рублёвым (захаваўся фрагментарна). Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 1. М., 1961.