ПАЛІГА́МІЯ,

мнагашлюбнасць. У раслін — мнагадомнасць, наяўнасць у аднаго віду адначасова адна- і двухполых кветак на адной ці на розных раслінах у розных камбінацыях (напр., грэчка, дыня, клён, сланечнік, ясень і інш.). У жывёл — адносіны паміж паламі, калі адзін самец апладняе некалькі самак. Уласцівая большасці млекакормячых, некат. птушкам (напр., глушцы, нанду, свойскія куры, цецерукі і інш.), паўзунам (змеі, яшчаркі), некат. беспазваночным (многія насякомыя і інш.). Тэрмін «П.» недакладна ўжываюць для абазначэння мнагажонства і мнагамужжа. Гл. таксама Манагамія.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),

катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬГУ́,

у старажытнакітайскай міфалогіі першапродак, першы чалавек на зямлі. Паводле касмаганічных міфаў, П. нарадзіўся, калі сусвет нагадваў змесціва курынага яйка. П. вырастаў 18 тыс. гадоў, і за гэты час светлы пачатак (ян) утварыў неба, а мутны (інь) — зямлю (гл. Інь і ян). Паводле інш. міфаў, смерць П. і часткі яго цела далі пачатак канкрэтным касм. з’явам і элементам рэльефу — ветру, аблокам, грому, сонцу, зоркам, глебе, гарам, рэкам і інш., а з паразітаў, што жылі ў яго тулаве, нарадзіліся людзі.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПА РЫ́МСКІ,

кіраўнік каталіцкай царквы і вярх. правіцель (абсалютны манарх) дзяржавы-горада Ватыкан. Выбіраецца канклавам (калегіяй кардыналаў) пажыццёва ​2/3 галасоў + 1 голас (з 1389 толькі з кардыналаў). Згодна з догматам каталіцкай царквы, прынятым I Ватыканскім саборам у 1870, лічыцца бязгрэшным у справах веры і маралі. У афіц. спісе рым. пап, які выдаецца Ватыканам, 262 папы. З 1523 папскі прастол займалі італьянцы. Традыцыя парушана ў 1978, калі папам абраны польскі кардынал Караль Вайтыла, які прыняў імя Іаан Павел II.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННІК,

дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ТАВА (Кіра Георгіеўна) (н. 5.11.1934, г. Сарокі, Малдова),

расійскі кінарэжысёр. Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). Яе рэжысёрская стылістыка эвалюцыяніравала ад тонкага лірызму ранніх фільмаў да ўсё больш жорсткай манеры, заснаванай на іранічнай адхіленасці і гратэскнай дэфармацыі: «Кароткія сустрэчы» (1968), «Доўгія провады» (1971, выйшаў на экран у 1987), «Калі пазнаеш белы свет» (1980), «Сярод шэрых камянёў» (1983), «Перамена долі» (1988), «Астэнічны сіндром» (1990), «Чуллівы міліцыянер» (1991), «Захапленні» (1994), «Тры гісторыі» (1996), «Ліст у Амерыку» (1999) і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ЙСКІ ШЛЯХ,

адзін з асн. шляхоў набегаў качэўнікаў на рас. землі. Назва вядома з пач. 16 ст., калі феадалы Нагайскай Арды карысталіся ім для перагону жывёлы на рас. рынкі. Пачынаўся ад нізоўяў Волгі і меў 2 напрамкі (зах. — уздоўж Дона да месца каля сучаснага г. Варонеж, усх. — праз міжрэчча Хапра і Суры), якія зыходзіліся каля Разані. Для прадухілення нападаў праз Н.ш. рас. ўрад рабіў засечныя лініі, засноўваў крэпасці: у 1586 Варонеж, у 1630-я г. Тамбоў, Казлоў і Ломаў.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЗУЛЬНАЯ ЗДЫ́МКА адзін з відаў тапаграфічнай здымкі, якая выконваецца з дапамогай мензулы і кіпрэгеля на мясцовасці. Пры М.з. адлегласці і перавышэнні вымяраюць кіпрэгелем або дальнамерам (гл. Геадэзічныя прылады і інструменты), гарызантальныя вуглы атрымліваюць графічна на планшэце. Пры М.з. план ствараецца непасрэдна на мясцовасці ўмоўнымі тапаграфічнымі знакамі, больш дакладна праводзяцца гарызанталі. Праводзіцца ў маштабах 1:5000, 1:2000, 1:1000, 1:500. Выкарыстоўваецца на невял. пл. і ў выпадках, калі інш. метады не мэтазгодны.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Мензуальная здымка.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,

гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер ​4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКРУ́СТ, Дамаст, Паліпемон,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі знакаміты волат-разбойнік, які падсцерагаў падарожнікаў на дарозе паміж Афінамі і Мегарай. П. зрабіў 2 ложкі; на вял. ложак клаў малых ростам падарожнікаў і біў іх молатам, каб расцягнуць да памераў ложка, на малы — высокіх ростам і адпільваў ім тыя ч. цела, якія там не змяшчаліся. П. быў забіты Тэсеем, калі той вызваляў Атыку ад пачвар і злачынцаў. У пераносным сэнсе «пракрустаў ложак» — штучная мерка, якая не адпавядае сутнасці з’явы; гвалтоўныя, недарэчныя абмежаванні.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)