функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),
навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦІ́Р (грэч. potēr чаша, кубак),
літургічная пасудзіна для прычашчэння (еўхарыстыі) ў выглядзе чашы на высокай складанапрафіляванай ножцы (стаян) з падножжам (паддон). Вырабляюць пераважна з каштоўных металаў і вырабных камянёў, упрыгожваюць каштоўнымі камянямі, перагародчатай эмаллю, чаканкай, гравіроўкай і інш. На П. змяшчаюць сімвалічныя выявы вінаграднай лазы, «Дрэва жыцця» (вобразы «Нябеснага царства», Хрыста, Усяленскай царквы і раю), Дэісус (вобразы святых заступнікаў). Форма і характар дэкору вызначаліся пануючым маст. стылем. Вядомы з 2 ст. На Беларусі выраб П. пашыраны ў канцы 15—19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА комплекс тэрміновых, простых мерапрыемстваў для выратавання жыцця чалавека і папярэджання ўскладненняў пры няшчасных выпадках, траўмах ці раптоўных хваробах.
Ажыццяўляецца на месцы здарэння самім пацярпелым (самадапамога) або інш. асобай, якая знаходзіцца побач (узаемадапамога). Ад своечасовай і якаснай П.м.д. часта залежыць ход хваробы, яе лячэнне, аднаўленне працаздольнасці. Агульныя меры П.м.д.: вынесці хворага з абставін, якія выклікалі няшчасны выпадак, перапыніць дзеянне шкоднага фактару; ліквідаваць цяжкі і небяспечны для хворага стан (напр., крывацёк); налажыць шыну, павязку, жгут; даставіць у бальніцу або выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Й,
адно са злачынстваў супраць уласнасці. Уяўляе сабой напад з мэтай непасрэднага авалодання маёмасцю з выкарыстаннем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, або з пагрозай яго ўжывання. Самая небяспечная з гвалтоўных форм крадзяжу. У крымінальным праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечнымі лічацца Р. з пранікненнем у жыллё, а таксама здзейснены паўторна або групай асоб, у т. л. арганізаванай групай, або з мэтай завалодання маёмасцю ў буйных ці асабліва буйных памерах, або з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, караецца пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны з канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад рэ... + актыўнасць),
уласцівасць жывой сістэмы рэагаваць на ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Біял. форма адлюстравання ўключае вял. колькасць рэакцый — ад простых відаў раздражняльнасці да складаных рэфлексаў вышэйшай нерв. дзейнасці (напр., сезонныя міграцыі жывёл, алергічныя рэакцыі чалавека). Разам са спадчыннасцю, размнажэннем, ростам, антагенезам (развіццём), харчаваннем, абменам рэчываў з’яўляецца асн. уласцівасцю жыцця. Адрозніваюць Р. відавую, індывід., узроставую, імуналагічную, фізіял, (нармальную і паталагічную). Асн. прынцып Р.: характар рэакцыі жывога ў адказ на ўздзеянне раздражняльнікаў залежыць ад якасна-колькаснай характарыстыкі фактару асяроддзя і функцыян. стану субстрату, які рэагуе. Мае адаптыўнае значанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭСПУ́БЛІКА»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з чэрв. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Асвятляе пытанні грамадска-паліт.жыцця краіны, праблемы эканомікі, культуры, навукі, адукацыі, спорту, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Што людзі пішуць», «Дыялог», «Званы госць», «Падрабязнасці», «Яшчэ не вечар», «Алімпія», «Прамая лінія» і інш. Публікуе пастановы СМ рэспублікі, распараджэнні прэм’ер-міністра, інш. прававыя акты рэсп. органаў. Мае рэгулярныя дадаткі «Рэспубліка дзелавая» і «Усё аб падатках», асобным тыражом выходзяць «Вести потребкооперации».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́НКА (Эла Раманаўна) (н. 26.9.1936, г. Гомель),
бел. этнограф. Дачка Р.К.Сабаленкі. Канд.гіст.н. (1967). Скончыла БДУ (1959). 31960 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, у 1977—2000 выкладала ў Бел. ун-це культуры ў Мінску. Аўтар манаграфіі «Этнаграфічная спадчына Якуба Коласа» (1969), раздзела «Беларусы» («Этнаграфія ўсходніх славян», 1987), раздзелаў у калект. манаграфіях «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), адзін з аўтараў раздзела «Беларусь» у кн. «Краіны і народы» (М., 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСТАЎНО́Е ЯДРО́,
ядзерная сістэма, утвораная пры ядзернай рэакцыі ядром-мішэнню і часціцай, што наляцела на яго. Ядро няўстойлівае і распадаецца на канчатковыя прадукты рэакцыі праз кароткі час (сярэдні час жыцця ад 10−22 да 10−21 с). Уяўленне аб С.я. выказана Н.Борам (1936).
Энергія, прынесеная часціцай, размяркоўваецца па ступенях свабоды С.я. У выніку стат. флуктуацый адна ці некалькі ядз. часціц могуць набыць энергію, дастатковую, каб пакінуць узбуджанае С.я. Гэты працэс падобны на працэс выпарэння вадкасці і вядзе да распаду С.я. (аналогія прапанавана Я.І.Фрэнкелем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕТ», «Сьвет»,
газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася з 22.6 да 29.7.1929 у Вільні на бел. мове штотыднёва. Асвятляла розныя бакі жыцця насельніцтва Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы пра эканам. і паліт. ўціск, звязаны з пачаткам сусв.эканам. крызісу і пашырэннем у Еўропе, у т. л. і ў Польшчы, нацыянал-сацыялізму. Паведамляла пра беспрацоўе, масавыя паліт. кампаніі да Дня барацьбы за мір (1 жніўня), дзейнасць гурткоў ТБШ, кааператываў, прафсаюзаў, разгромленую ўладамі Грамаду, фашызацыю грамадства, пагрозу вайны. Выйшла 8 нумароў, 6, 7, 8-ы нумары канфіскаваны. Закрыта ўладамі.