ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),
у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕС ((Hess) Віктар Франц) (24.6.1883, замак Вальдштайн, каля г. Фронляйтэн, Аўстрыя — 17.12.1964),
аўстрыйскі фізік. Чл. Аўстрыйскай АН (1933). Скончыў ун-т у г. Грац (1906), дзе і працаваў з перапынкамі да 1938 (з 1925 праф.). У 1938—56 праф. Фордхемскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы касм. прамянёў, радыеактыўнасці, атамнай фізіцы і оптыцы. Адкрыў касм. прамяні (1912) і даследаваў варыяцыі іх інтэнсіўнасці. Нобелеўская прэмія 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАБА́ХІН (Яўген Іванавіч) (16.1.1917, Масква — 27.12.1984),
савецкі фізік.
Акад. АНСССР (1968; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1953). Ген.-лейт. авіяцыі (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію (1944), дзе і працаваў. Навук. працы па гідрадынаміцы выбуху і ўдарных хваль. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953.
Тв.:
Кумуляция энергии и её границы // Успехи. физ. наук. 1965. Т. 85, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Леанід Яўгенавіч) (н. 7.9.1947, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1992). Скончыў БДУ (1970), дзе і працуе з 1973. Навук. працы па якаснай тэорыі аптымальных працэсаў. Распрацаваў метад рашэння выраджаных задач для сістэм са спазненнем з выкарыстаннем канечнага набору матрычных функцый.
Тв.:
Исследование особых управлений в системах с запаздыванием с помощью матричных импульсов // Дифференциальные уравнения. 1984. Т. 20, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 8.8.1953, пас. Чарніцкі Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікі паўправаднікоў. Д-рфіз.-матэм.н. (1993). Скончыў БДУ (1975), дзе і працуе. Навук. працы па оптыцы звышцвёрдых паўправаднікоў, высокаэнергет. іоннай імплантацыі, нанаструктураванні алмаза дыфузійнымі метадамі. Устанавіў шэраг заканамернасцей дэфектаўтварэння ў іонна-апрамененых паўправадніках, у т. л. эфект каналіравання ўздоўж трэкаў.
Тв.:
Высокоэнергетичная ионная имплантация в полупроводники // Поверхность. 1991. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТО́Е РУНО́,
у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ПЕРАНО́С ПАВЕ́ТРАНЫХ МАС,
пераважаючы перанос паветра з захаду на ўсход у трапасферы і стратасферы сярэдніх шырот. Абумоўлены мерыдыянальным паніжэннем т-ры і атм. ціску ад субтропікаў (дзе пераважаюць вобласці павышанага атм. ціску) да палярных шырот і адхіляючай дзейнасцю Карыяліса сілы. Зона гэтага пераносу вызначаецца інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю. З ім на тэр. Беларусі звязаны адлігі і выпадзенне ападкаў зімой, халоднае дажджлівае надвор’е летам. Гл. таксама Цыркуляцыя атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ ((Sorge) Фрыдрых Адольф) (9.11.1828, Бетаў, Германія — 26.10.1906),
дзеяч міжнар. рабочага руху. Дзед Р.Зорге. Удзельнік Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у Бельгію, Вялікабрытанію; з 1852 у ЗША, дзе прапагандаваў марксізм, уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу рабочых і сацыяліст. арг-цый. Арганізатар секцый Інтэрнацыянала 1-га ў ЗША, у 1872—74 яго ген. сакратар. Удзельнічаў у заснаванні Сацыяліст. рабочай партыі Паўн. Амерыкі (1876—77).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРАБІЗО́Н,
міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЦЬКО́Ў (Іван Паўлавіч) (н. 26.8.1926, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1963). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1957), дзе і працаваў з 1960 (у 1979—85 прарэктар). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі, інфрачырвоных спектрах і спектрах камбінацыйнага рассеяння арган. пераксідных злучэнняў.
Тв.:
Колебательные спектры диацильных пероксидов и перэфиров. Мн., 1984 (разам з Дз.І.Сагайдаком, М.М.Зубаравай).