ДАСЛЕДАВАННІ ПА ЎСЕАГУЛЬНАЙ ГІСТОРЫІ
На Беларусі вывучэнне асобных праблем сусветнай гісторыі пачалі ў 18 ст. выпускнікі Віленскага ун-та — ураджэнцы Беларусі. Адным з заснавальнікаў антыказнаўства ў Пецярбургу і Маскве быў М.С.Кутарга; у галіне антыказнаўства і медыявістыкі працавалі Дз.І.Азарэвіч, І.Анацэвіч, А.Здановіч, В.Макавельскі, А.Нарушэвіч; арыенталістыкі — І.А.Гашкевіч, В.М.Кавалеўскі, В.І.Сянкоўскі, Б.А.Тураеў. У пач. 20 ст. М.К.Судзілоўскі звяртаўся да аналізу праблемы міжцывілізацыйнага ўзаемадзеяння. З 1920-х г. цэнтрамі вывучэння праблем усеагульнай гісторыі сталі БДУ, АН Беларусі, Мінскі пед. ін-т. На кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 кафедра гісторыі стараж. свету) вяліся даследаванні па арыенталістыцы, антыказнаўстве і медыявістыцы. Заснавальнікам бел. навук. школ стараж. арыенталістыкі і вывучэння антычнага хрысціянства быў М.М.Нікольскі. Даследаванне гісторыі стараж. свету і антычных дзяржаў прадоўжылі Г.І.Даўгяла, І.А.Еўтухоў, М.С.Корзун, Г.М.Ліўшыц, Р.А.Нікольская, Ф.М.Нячай, А.В.Перзашкевіч, У.М.Перцаў, А.А.Прохараў, К.А.Равяка, В.І.Ханкевіч і інш.
Даследаванні па медыявістыцы вялі Перцаў (гісторыя прусаў) і Ліўшыц (гісторыя каталіцкай царквы, Рэфармацыя і вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе). Сярэдневякоўе Чэхіі вывучалі Н.А.Гусакова і А.М.Ясінскі, міжнар. адносіны ў Еўропе ў познім сярэдневякоўі — Ю.Я.Івонін і А.Б.Кузняцоў. Сучасная бел. медыявістыка вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалагічных падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.І.Гарамыкіна і Я.Я.Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.П.Сушкевіч, гісторыю антычнага хрысціянства — В.А.Фядосік, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.Дз.Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.І.Малюгін, франкскай дзяржавы — А.М.Сурта, праблемы Адраджэння — А.П.Вахніна.
З 1937 у БДУ існуе кафедра новай і навейшай гісторыі. Перцаў вывучаў праблемы гісторыі новага і навейшага часу Прусіі, Вял. франц. рэвалюцыі, эканам. гісторыі Англіі 19 ст. У міжваенны перыяд бел. вучоныя займаліся пытаннямі паходжання і сутнасці фашызму (С.Я.Вальфсон, Н.М.Канаплін), гісторыі герм. сацыял-дэмакратыі (Е.І.Рыўлін). Пасля вайны гэта кафедра стала вядучым цэнтрам навук. даследаванняў і падрыхтоўкі кадраў адпаведнага профілю. Новая і навейшая гісторыя замежных краін вывучаецца таксама на інш. гіст. кафедрах пед. ін-таў і ун-таў, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Адным з гал. кірункаў даследаванняў стала вывучэнне міжнар. адносін у 19—20 ст. Уклад у вывучэнне знешняй і ўнутр. палітыкі еўрап. і амерыканскіх дзяржаў гэтага часу зрабілі А.М.Байчораў, Г.Г.
Бойчанка, А.Д.Гусеў, Э.А.Калініна, Д.С.Клімоўскі, А.С.Кляўчэня, М.Р.Круцько, Н.Г.Лабаценка, А.М.Малашка, С.А.Малевіч, Н.А.Міхайлідзіс, М.П.Палетыка, І.Л.Пятровіч, У.М.Сікорскі, А.Ф.Смірноў, В.П.Сярэбранікаў, Р.М.Трухноў, В.П.Увараў, Р.А.Чыкалаў, Г.Ф.Шмыгаў, Л.М.Шнеерсон і інш. З 1960-х г. вывучалася і ўсходазнаўчая праблематыка новага і навейшага часу (В.К.Дашкевіч, У.С.Кошалеў і інш.).
У 1970—80-я г. важным кірункам заставаліся даследаванні навейшай гісторыі Германіі (М.Г.Елісееў, В.А.Космач, Г.А.Космач, Р.Р.Лазько, У.Е.Снапкоўскі, М.С.Стралец, І.Р.Чыкалава, А.В.Шарапа, П.А.Шупляк і інш.). У 1980-я г. бел. гісторыкі даследавалі камуністычны і дэмакратычны рух, знешнюю палітыку краін Лацінскай Амерыкі (А.А.Чалядзінскі), праблемы раззбраення, ідэалагічнай барацьбы і міжнар. бяспекі (Л.Н.Анісімаў, В.К.Мазураў, А.А.Разанаў).
Гісторыю славянскіх краін і народаў, у т. л. гісторыю Расіі, у 1920—80-я г. даследавалі Д.Б.Мельцэр, У.І.Пічэта, А.П.П’янкоў, А.А.Савіч, Ясінскі і інш.
Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ўнесены істотныя змены ў паняцце і змест тэрміна «ўсеагульная гісторыя», што запатрабавала перагляду тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да асэнсавання і даследавання розных праблем усеаг. гісторыі. Да праблематыкі ўсеаг. гісторыі адышла гісторыя народаў б. СССР, якая раней уваходзіла ў спецыяльнасць «гісторыя СССР». У 1998 на гіст. факультэце БДУ створана кафедра гісторыі Расіі, якая ўвабрала праблематыку рас., сав. і ўкр. гісторыі, Гіст.-славістычныя даследаванні ажыццяўляюцца на кафедры гісторыі паўд. і зах. славян БДУ і ў інш. навучальных і навук. установах Беларусі. Гісторыяй краін Цэнтр. і Усх. Еўропы займаюцца В.А.Аляшкевіч, В.І.Бобышаў, В.В.Брыгадзіна, Л.В.Лойка, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, В.А.Сімакова, Н.А.Царук, В.М.Цемушаў, С.М.Цемушаў, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш.
З пач. 1990-х г. больш актыўна вядуцца даследаванні міжнар. адносін на кафедры гісторыі міжнар. адносін факультэта міжнар. адносін (створана ў 1992) і ў Цэнтры міжнар. даследаванняў (створаны ў 2000) БДУ, Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, дзе ў 2001 створаны аддзел усеаг. гісторыі новага і навейшага часу, Ін-це сац.-паліт. даследаванняў і Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інш. ун-тах і недзярж. даследчых цэнтрах краіны (Н.Я.Аблава, А.А.Гардзейчык, А.А.Дастанка, А.М.
Космач, Кошалеў, Ю.І.Малевіч, Разанаў, А.В.Русакевіч, Снапкоўскі, У.В.Фральцоў, Л.М.Хухлындзіна, А.В.Ціхаміраў, Чалядзінскі, В.Г.Шадурскі, Шарапа і інш.).
Пытанні бел. гістарыяграфіі ўсеаг. гісторыі даследавалі В.А.Астрога, А.В.Гурын, Клімоўскі, Кошалеў, Мельцэр, Нікольскі, Нячай, Перцаў, Равяка, Снапкоўскі, Трухноў, У.Я.Улаховіч, Шнеерсон, рас. гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст. — А.М.Нечухрын, германскай гістарыяграфіі 2-й сусв. вайны — С.Я.Новікаў, англа-амерыканскай гістарыяграфіі паліт. сістэмы СССР — В.І.Манькоўскі, гістарыяграфіі ЗША аб эвалюцыі міжнар. адносін пасля «халоднай вайны» — С.Ф.Свілас, метадалогіі гіст. даследаванняў — Нечухрын і У.Н.Сідарцоў. У 1990-я г. выдадзены першыя бел. школьныя падручнікі па гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў, па сусветнай гісторыі новага і навейшага часу, падручнікі БДУ па гісторыі стараж. Усходу і сярэдніх вякоў, навучальныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі Еўропы і Амерыкі і навейшага часу.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 18, кн. 2, с. 470