НЕАБІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад неа... + біхевіярызм),

адзін з кірункаў у заходняй, пераважна амер. паводзінскай псіхалогіі. Узнік у 1930-я г. (К.​Хал, Э.​Толмен). У адрозненне ад ранняга біхевіярызму (даследаваў рэакцыі арганізма на знешнія ўздзеянні без аналізу ўнутр. рэгулюючых механізмаў паводзін) Н. дапоўніў формулу «стымул-рэакцыя» прамежкавым звяном «прамежкавыя пераменныя» — унутрыпсіхічныя кампаненты паводзін, якія праламляліся пад знешнім уздзеяннем. Да іх адносяцца веды, намеры, надзеі, звычкі, патэнцыялы ўзбуджэння і тармажэння. Гэта была спроба зблізіць біхевіярызм з гештальтпсіхалогіяй і фрэйдызмам, растлумачыць цэласнасць і мэтазгоднасць паводзін яго рэгуляваннем інфармацыяй пра навакольнае асяроддзе і залежнасцю ад патрэб арганізма. Аднак асн. біхевіярысцкая ўстаноўка на біялагізацыю чалавечай псіхікі захавалася. Не ўлічваліся сац. патрэбнасці і інтарэсы, звязаныя з імі погляды, перакананні, ідэалы і імкненні. Сац. прыроду псіхікі чалавека прымяншаў і т.зв. сацыяльны Н. (Б.​Скінер і інш.), які разглядаў грамадства і яго культуру як некаторыя наборы знешніх стымулаў і ўнутр. рэгулятараў, арыентаваных на задавальненне і выжыванне. Гал. асаблівасць усіх варыянтаў сучаснага біхевіярысцкага падыходу — прызнанне таго, што асн. ініцыятарам і рэгулятарам паводзін з’яўляецца знешняе ў адносінах да яго падмацаванне; роля ўнутр. матывацый прымяншаецца.

Літ.:

Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. 2 изд. М., 1974;

Толмен Э. Поведение как молярный феномен: Пер. с англ. // Хрестоматия по истории психологии. М., 1980;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),

рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.​Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.​Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза, І.​Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл. Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.​Шэлінг і Г.​Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСХА́ЛІІ,

табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл. табл.).

Гады Правасл. Вялікдзень Каталіцкі Вялікдзень
1 2 3
2001 2(15) крас. 15 крас.
2002 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2003 14(27) крас. 20 крас.
2004 29 сак. (11 крас.) 11 крас.
2005 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2006 10(23) крас. 16 крас.
2007 26 сак. (8 крас.) 8 крас.
2008 14(27) крас. 23 сак.
2009 6(19) крас. 12 крас.
2010 22 сак. (4 крас.) 4 крас.
2011 11(24) крас. 24 крас.
2012 2(15) крас. 8 крас.
2013 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2014 7(20) крас. 20 крас.
2015 30 сак. (12 крас.) 5 крас.
2016 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2017 3(16) крас. 16 крас.
2018 26 сак. (8 крас.) 1 крас.
2019 15(28) крас. 21 крас.
2020 6(19) крас. 12 крас.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЕ́ХІН (Васіль Васілевіч) (5.5.1906, Масква — 3.10.1963),

бел. рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў эксперым. майстэрні пры Дзярж. т-ры імя У.​Меерхольда (1935). 1936 рэжысёр у БДТ-3, з 1937 маст. кіраўнік Мазырскага калг.-саўг., у 1938—41 і 1946 Палескага з 1946 гал. рэжысёр Пінскага абл. драм. т-раў, з 1952 рэжысёр Белдзяржэстрады, з 1955 Бел. т-ра юнага гледача. Творчасці ўласцівы ўменне ствараць спектаклі з нац. каларытам, выкарыстоўваць сродкі муз. выразнасці. Сярод работ у БДТ-3 — «Пушкінскі спектакль», «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абедзве 1937); у Мазырскім т-ры — «Партызаны» К.​Крапівы, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (усе 1938); у Палескім т-ры — «Хто смяецца апошнім» Крапівы, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (абедзве 1939), «Любоў Яравая» К.​Транёва (1946); у Пінскім т-ры «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Несцерка» В.​Вольскага (абедзве 1947), «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара (1948), «З народам» К.​Крапівы (1949), «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (абедзве 1952); у т-ры юнага гледача — «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага (1956), «Прыгоды Чыпаліна» Дж.​Радары (1957), «Не верце цішыні» І.​Шамякіна (1958, з. Л.​Мазалеўскай), «Авадзень» паводле Э.​Войніч (1961), «Пара любві» В.​Катаева (1963).

Літ.:

Стэльмах У. Васіль Пацехін // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.

У.​І.​Няфёд.

В.В.Пацехін.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЫ,

сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.

М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз. калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ СУД ААН,

галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл. ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААН інш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).

Г.​М.​Івановіч.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.

Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.

На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац. АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.

Літ.:

Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;

Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.

А.​Ф.​Бубліеўскі.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у т. л. падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).

Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.

Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.

Літ.:

Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр. М., 1991.

М.​С.​Сачко.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,

назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

С.​М.​Ходзін.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)