БАЗЫЛЬЯ́НЕ,

каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у тым ліку Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра І закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая І ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.

Літ.:

Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.

І.М.Дубянецкая.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.

Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва «Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-ва бел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.

Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел. пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.

У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел. цэнтр. к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у тым ліку Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША НІ́ВА»,

штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ. «Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.

Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар. эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел. літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел. літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.

«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл. зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).

Літ.:

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;

Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997.

У.М.Конан.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СПРА́ВА,

галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўл. матэрыялаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі.

Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-паліт. і культ. ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва І.Гутэнбергам (сярэдзіна 15 ст.) еўрап. спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эру ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501 кнігі наз. інкунабуламі, кнігі 1-й пал. 16 ст.палеатыпамі. Выд-вы як прадпрыемствы па выпуску друкаванай прадукцыі ўзніклі ў 16 ст. У развіццё выдавецкай справы значны ўклад зрабілі А.Мануцый (Венецыя), К.Плантэн (Антверпен), сем’і Эльзевіраў (Нідэрланды), Эцьенаў і Дзідо (Францыя). У 18—19 ст. развіццё выдавецкай справы працякала з нарастаючай хуткасцю. З узнікненнем у 19 ст. новай магутнай тэхн. базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграф. прадпрыемстваў. З канца 19 ст. адбываецца масавая арг-цыя выд-ваў на ўзор акцыянерных кампаній, прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці, трэсціраванне кніжных і газетна-часопісных выд-ваў.

Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірылаўскага шрыфту выдадзены Ш.Фіёлем у Кракаве ў канцы 15 ст. Бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына ў 1517 выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр» на царк.-слав. мове, у 1517—19 — 22 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да старабеларускай, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Скарынай каля 1520. Тут ім выдадзены «Малая падарожная кніжка» (каля 1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая друкарня засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. (гл. Брэсцкія друкарні), дзе кнігі друкаваліся на лац. і польск. мовах. Першая на Беларусі кніга на старабел. мове выдадзена ў 1562 С.Будным у Нясвіжскай друкарні. Першая рус. датаваная друкаваная кніга «Апостал» (1564) выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у Маскве. У 2-й пал. 16—17 ст. кнігі на старабел., царк.-слав., польск. і лац. мовах выдаваліся ў Заблудаўскай, Куцеінскай, Лоскай, Любчанскай і інш. друкарнях (гл. адпаведныя арт.). Кнігі на старабел. мове выдаваліся ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асветы адыгралі брацкія друкарні, якія акрамя рэлігійнай выдавалі вучэбную, палемічна-публіцыстычную і інш. л-ру. У канцы 17—18 ст. пад націскам каталіцкай рэакцыі і паланізацыі бел. мова пачала траціць свае пазіцыі ў дзярж. сферы, што вяло да заняпаду бел. пісьмовай л-ры і кнігадрукавання. На іншых мовах у гэты час выдавалі кнігі Гродзенская, Магілёўская, Нясвіжская, Пінская, Полацкая, Слонімская і Супрасльская друкарні (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 18 ст. ўзнік перыядычны друк на Беларусі. У ВКЛ першай была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760). Першае перыяд. выданне на тэр. сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (1776—83).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (2-я пал. 18 ст.) адкрыліся Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія друкарні (гл. адпаведныя арт.), з 1838 сталі выдавацца «Губернские ведомости». Выходзілі афіц. царкоўныя «Епархиальные ведомости», газ. «Северо-Западное слово». У 1-й пал. 19 ст. на бел. мове выходзілі толькі паасобныя кнігі, у 2-й пал. 19 ст. бел. кнігі выдаваліся пераважна за мяжой. У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явілася нелегальная беларускамоўная прэса (газ. «Мужыцкая праўда», 1862—63). У 1886—1902 у Мінску выходзіла першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Дэмакр. кірунак меў часопіс бел. народнікаў «Гомон» (1884). Выдавецкая дзейнасць на Беларусі актывізавалася пасля адмены ў 1905 забароны на бел.-моўнае кнігадрукаванне. У 1906 выйшла першая легальная прагрэс. газета на бел. мове «Наша доля», у 1906—15 — газ. «Наша ніва», якія на ўвесь голас загаварылі пра бел. адраджэнне; выдаваліся часопісы на бел. мове «Саха», «Лучынка» і інш. У пач. 20 ст. створаны бел. выдавецтвы суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), Грыневіча А. выдавецтва (1910—14, Пецярбург), «Наша хата» (1908, Вільня), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні (1913—15; 1919—30). Брашуры і зборнікі бел. аўтараў выпускала выдавецтва «Нашай нівы». Але фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, вузкі кніжны рынак, адсутнасць школы на роднай мове па-ранейшаму стрымлівалі развіццё бел. кнігадрукавання. Нягледзячы на значную паліграф. базу (123 дробныя друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы ў 1910), кніг выдавалася мала: 104 у 1908, 208 у 1911, 232 у 1913, пераважна календары, малітоўнікі, памятныя кніжкі губерняў, справаздачы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У грамадзянскую вайну выходзілі толькі тыя перыядычныя выданні, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Звязда», «Дзянніца», «Савецкая Беларусь», «Советская правда» і інш. У 1920 у БССР выдавалася 27 газет і 15 часопісаў. Найб. значным было выдавецтва «Звезда» (з 1917; выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. л-ру). У 1917—20 выдавецкай справай займаліся Беларускі нацыянальны камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. к-тах і органах сав. улады і інш. У студз. 1921 створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Яно выпускала выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. У 1921 выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экз., у т. л. маст. і дзіцячай л-ры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у крас. 1922 створана каап. выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»). Узначальваў яго Ц.Гартны. Выд-ва выпускала творы бел. маст. л-ры, падручнікі, навук. л-ру на роднай мове, перыёдыку. У снеж. 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі «Белтрэстдрук». У ліп. 1924 «Белтрэстдрук» і каап. выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграф. базу і кнігагандлёвую сетку. У 1930-я г. асн. выд-вамі БССР былі Бел. дзярж. выд-ва (з 1933 Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (з 1932 Выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выд-вы па выпуску навукова-тэхн., ваеннай, партыйнай і інш. л-ры. У гэты ж час пачалося масавае развіццё перыяд. друку, з’явіліся новыя газеты і часопісы: «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі» (з 1994 «Раніца») і інш. У 1931 створана Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА).

У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, свае перыядычныя выданні выпускалі розныя партыі і рухі: «Беларускі звон», «Чырвоны сцяг», «Маланка», «Наша воля», «Беларуская крыніца» і інш. Кнігі выдаваліся ў Вільні, дзе знаходзіліся «Беларускае выдавецкае таварыства», Клецкіна Б.А. выдавецтва, Знамяроўскага У. выдавецтва, Выдавецтва ТБШ і інш., і ў Беластоку, дзе працавала выдавецкае т-ва «Рунь». КПЗБ і КСМЗБ мелі свае падп. друкарні (гл. Заходнебеларускі друк).

У Вял. Айч. вайну эвакуіраванае Дзярж. выд-ва БССР працавала ў Маскве, асобныя выданні АН БССР выйшлі ў Ташкенце. Падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл., раённых газет, у друкарнях некат. партыз. брыгад апрача газет і лістовак выпускалі брашуры і невял. кнігі (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі на акупіраванай Беларусі «Беларускую газэту», «Голас вёскі», «Новы шлях» і інш. (гл. Друк акупацыйны на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны).

У пасляваенны час выдавецкая дзейнасць аднаўлялася ў надзвычай складаных умовах. Паліграф. база Беларусі была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваен. прадпрыемстваў часткова ўцалелі толькі Дом друку ў Мінску, некат. абл. і гар. друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 выд-ва «Беларусь»), створаны новыя выд-вы: Выдавецтва АН БССР (1947, з 1963 «Навука і тэхніка»), Вуч.-пед. выд-ва БССР (1951, з 1963 «Народная асвета»), Выдавецтва БДУ (1954, з 1984 «Універсітэцкае»), «Звязда» (1960, з 1992 «Беларускі дом друку»), Выд-ва с.-г. л-ры (1961, з 1963 «Ураджай»), «Вышэйшая школа» (1961), Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (1967, з 1980 выд-ва, гл. «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі), «Мастацкая літаратура» (1972), «Полымя» (1977), «Юнацтва» (1981) і інш. Выдавецкія прадпрыемствы Беларусі поўнасцю забяспечваюць рэспубліку высакаякаснай друкаванай прадукцыяй. 13 дзярж. выд-ваў і больш за 1270 (1996) прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці выпускаюць навук., навуч., маст., метадычную, інфармацыйную і інш. л-ру, перыёдыку. За 1996 выдадзена 3809 назваў кніг і брашур агульным тыражом 59,1 млн. экз. (гл. таксама Выдавецтва, Кніга). На 1.1.1997 зарэгістравана 827 перыяд. выданняў, у т. л. 579 газет, 202 часопісы, 46 бюлетэняў.

Матэрыяльна-тэхн. базай выдавецкай справы з’яўляецца паліграфічная прамысловасць. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне (МВПА) імя Я.Коласа, мінская паліграф. ф-ка «Чырвоная Зорка», Мінская фабрыка каляровага друку, гомельская фабрыка «Палесдрук», Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская ўзбуйненыя друкарні, маладзечанская друкарня «Перамога» і інш. Выдавецкіх работнікаў рыхтуюць на ф-це журналістыкі БДУ, у Мінскім вышэйшым вучылішчы паліграфістаў. Навукова-даследчая работа ў галіне выдавецкай справы вядзецца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, якая на аснове бібліягр. рэгістрацыі выданняў выдае «Летапіс друку Беларусі».

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Волк А.А., Ракович А.Н. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн, 1974;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

Друк Беларускай ССР 1918—1980: Стат. зб. Мн., 1983;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986.

С.Х.Александровіч (да 1980-х г.).

т. 4, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр. Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1985—89.

Літ.:

Каваленка В. Пошукі і здзяйсненні. Мн., 1963;

Навуменка І.Я. Змітрок Бядуля. Мн., 1995.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС (Зоська) (сапр. Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),

бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел. сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел. каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час. «Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г. час. «Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.

Тв.:

Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;

[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;

Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;

Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;

Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;

Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;

Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;

Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;

Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.

Літ.:

Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;

Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),

Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у тым ліку прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.Ф.Ладысеў.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГАРУ́КІЯ, Далгарукавы,

расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, прадстаўнікі стараж. княжацкага роду. Родапачынальнік — Міхаіл Усеваладавіч Чарнігаўскі. Мянушку Д. атрымаў яго патомак Іван Андрэевіч Абаленскі. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Юрый Аляксеевіч (? — 15.5.1682), баярын, ваявода. Блізкая асоба цара Аляксея Міхайлавіча. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у заняцці Мсціслава, Дуброўны і Шклова, у паходзе ў Бел. Панямонне (1665). У 1658 прызначаны ваяводам у Мінску, Вільні. З 1660 галоўнакаманд. рас. войскамі на Беларусі. У 1671 кіраваў задушэннем паўстання на чале з С.Разіным у Паволжы. Забіты ў час Стралецкага паўстання 1682. Якаў Фёдаравіч (1639, Масква — 19.11.1720), баярын. Паплечнік, саветнік і давераная асоба Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96. З 1712 сенатар, з 1717 прэзідэнт Рэвіз. калегіі. Рыгор Фёдаравіч (1656—26.8.1723), дыпламат. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Палтаўскай бітвы 1709. Пасол у Рэчы Паспалітай (1701—21). З 1721 сенатар. Васілій Уладзіміравіч (студз. 1667 — 22.2.1746), ген.-фельдмаршал (1728). Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. У 1708 на Украіне кіраваў задушэннем Булавінскага паўстання. З 1721 сенатар. З 1730 чл. Вярх. тайнага савета. У 1731 арыштаваны па справе царэвіча Аляксея, у 1739 сасланы ў Салавецкі манастыр. З 1741 вернуты са ссылкі, прызначаны прэзідэнтам Ваен. калегіі. Васіль Лукіч (каля 1670 — 19.11.1739), дыпламат. З 1706 пасол, пасланнік, паўнамоцны міністр у Рэчы Паспалітай, Даніі, Францыі, Швецыі. З 1728 чл. Вярх. тайнага савета. У 1730 сасланы ў Салавецкі манастыр за ўдзел у змове «вярхоўнікаў». Пакараны смерцю. Юрый Уладзіміравіч (13.11.1740—20.11.1830), ген.-аншэф (1774). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, рус.-тур. войнаў (1768—74 і 1787—91) і інш. У 1789—90 каманд. корпусам на Беларусі, у 1793—94 нач. войск у далучаных да Расіі зямель Рэчы Паспалітай. Аўтар мемуараў. Іван Міхайлавіч (18.4.1764—16.12.1823), тайны саветнік (1804). Скончыў Маск. ун-т (1780). У 1791—97 віцэ-губернатар Пензы, у 1802—12 губернатар ва Уладзіміры. Аўтар мемуараў. Васіль Андрэевіч (7.3.1804—17.1.1868), ген.-ад’ютант (1845), ген. ад кавалерыі (1856). Удзельнік задушэння Наўгародскага паўстання ваен. пасялян (1830) і паўстання 1830—31. Ваен. міністр (з 1853), адначасова чл. Дзярж. савета. у 1856—66 гал. нач. «Трэцяга аддзялення» і шэф корпуса жандараў. З 1866 обер-камергер двара. Пётр Уладзіміравіч, гл. Далгарукі П.У.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),

бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм. ф-т Пецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел. нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел. літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.

Тв.:

Творы. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1976;

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;

Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

С.Х.Александровіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс. км2, насельніцтва — каля 4 млн. чал. Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр. камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач. крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВК Літ.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНК БССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-К.апсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.вер. 1919 значная частка Літбела (у т.л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп. ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ. ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ. ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.

Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т 1. Мн., 1997.

Літ.:

Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;

Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;

Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;

Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

А.В.Ціхаміраў.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)