«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 4-ы»,

міжнародная леварадыкальная арганізацыя ў 1938—1950-я г. Засн. ў Парыжы Л.Д.Троцкім, які выступаў з канцэпцыяй сусв. рэвалюцыі і рэв. вайны. Меў нешматлікія секцыі ў краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША, праводзіў кангрэсы, прапагандаваў трацкісцкія погляды. У 1953—63 раскалоўся на шэраг варагуючых цэнтраў (Міжнар. сакратарыят, Міжнар. к-т, Лац.-амер. бюро і інш.).

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІТА́Н (Юрый Барысавіч) (2.10.1914, г. Уладзімір, Расія —4.8.1983),

расійскі дыктар радыё. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арг. СССР (1981). З 1931 працаваў на Усесаюзным радыё. Валодаў рэдкім па тэмбры і выразнасці голасам. Чытаў найб. важныя афіц. паведамленні, у т. л. ў перыяд Вял. Айч. вайны. Дыктарскі стыль вызначаўся высокай акцёрскай культурай, строгай узвышанасцю інтанацыі і адначасова дакладнасцю, прастатой, даступнасцю.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЕЛА́Й (Menelaos),

у старажытнагрэч. міфалогіі спартанскі цар, адзін з найб. вядомых удзельнікаў Траянскай вайны, якая пачалася з-за выкрадання яго жонкі Алены траянскім царэвічам Парысам. Пасля ўзяцця ахейскімі войскамі Троі М. разам з Аленай шмат гадоў вандраваў па свеце, пакуль змог вярнуцца ў Спарту. Паводле міфа, М. пасля смерці перанесены ў казачныя Елісейскія палі (гл. Элізіум).

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ АБАРО́НЫ ДЗЯЦЕ́Й,

дзень мабілізацыі міжнар. сусв. грамадскасці ў абарону дзяцей ад пагрозы вайны, за захаванне іх здароўя, за іх выхаванне і адукацыю на дэмакр. аснове. Устаноўлены ў 1949 на Маскоўскай сесіі Савета Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын у адпаведнасці з рашэннямі яе 2-га кангрэса. Адзначаецца штогод 1 чэрвеня. Упершыню адзначаны ў 1950 у 51 краіне.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДЗІН,

у скандынаўскай міфалогіі вярх. бажаство. У глыбокай старажытнасці лічыўся богам ветру і буры, стваральнікам сусвету, багоў і людзей, пазней — богам вайны, апекуном гандлю і мараплаўства, гаспадаром вальхалы, валадаром валькірый. У міфалогіі стараж. германцаў кантынента О. адпавядаў Вотан.

Літ.:

Буйвал В. Одзіну і Ярылу // Мастацтва. 1994. № 6.

Одзін. Скульптура Г.​Э.​Фрэйда. 1-я пал. 19 ст.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТНІК,

1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.

2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛІНЭ́Р ((Apollinaire) Гіём) (сапр. Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі; 26.8.1880, Рым — 9.11.1918),

французскі паэт. Кастравіцкія паходзілі з Беларусі (з гэтага роду К.Каганец). Іх маёнтак Дарашковічы (каля Навагрудка) канфіскаваны пасля паўстання 1863—64. Дзед Апалінэра эмігрыраваў у Італію, там прайшло дзяцінства і юнацтва паэта. З 1899 Апалінэр у Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Літ. дзейнасць пачаў у 1901. У многіх творах адчуваецца духоўная сувязь з Расіяй, Польшчай, інш. слав. краінамі (верш «Адказ запарожскіх казакоў канстанцінопальскаму султану», раман «Жанчына ў крэсле», апавяданне «Сустрэча ў Празе»). Большасць твораў апублікавана пасмяротна. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, ці Картэж Арфея» (1911), зб-кі «Алкаголь. Вершы 1898—1913» (1913), «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918). Творчасць Апалінэра не пазбаўлена фармаліст. эксперыментаў (паасобныя вершы; буфонная п’еса «Грудзі Тырэзія», 1918; раман «Жанчына», 1920), падхопленых дадаістамі і сюррэалістамі. На бел. мову творы Апалінэра перакладала Э.​Агняцвет (зб. «Зямны акіян», 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Избранная лирика. М., 1985.

Г.Апалінэр.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),

старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.​Х.​Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МРУЛЬ (англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),

рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г.пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.​Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),

адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням. акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.

С.​У.​Жумар.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)