РАСКА́ТЫ,

у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКУРЭ́НЦЫЯ [ад лац. recurrens (recurrentis) які вяртаецца],

1) паўторнае паяўленне ў працэсе эвалюцыі падобных форм, а ў палеанталогіі — цэлых фларыстычных або фауністычных комплексаў у розных стратыграфічных гарызонтах. З’ява Р. звязана з міграцыяй флор і фаун, якія былі выцеснены з месцаў першапачатковага пасялення і існавалі нейкі час па-за яе межамі, а потым пры аднаўленні адпаведных умоў вярнуліся на былое месца без істотных змен.

2) Паўтор саставу прадуктаў вулканічнага вывяржэння, форм магматычнай дзейнасці, якія адпавядаюць больш раннім стадыям яе эвалюцыі.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́НІКАЎ Іван Міхайлавіч (20.2.1918, в. Калінавая Магілёўскага р-на — 24.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў артыл. вучылішча і курсы камандзіраў дывізіёнаў пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага (1942). У Чырв. Арміі з 1938. У сав.-фінл. вайну 1939—40 радавы С. вызначыўся ў баі на Карэльскім перашыйку ў ноч на 22.12.1939 у час атакі пазіцыі ворага. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, камандзір зенітна-артыл. палка. Прапаў без вестак у баі на тэр. Венгрыі.

І.М.Саламонікаў.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЯ́РНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. solaris сонечны),

1) радыяцыйны клімат, умоўны клімат, які разлічваецца тэарэтычна па размеркаванні сонечнай радыяцыі на зямной паверхні ў залежнасці толькі ад шыраты мясцовасці і пары года (без уліку кліматаўтваральных фактараў і працэсаў, што адбываюцца ў атмасферы, асаблівасцей подсцільнай паверхні і інш.). Адхіленне т-ры паветра і інш. характарыстык С.к. ад рэальных адлюстроўвае ролю мясц. геагр. фактараў і асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы ў фарміраванні клімату пэўнага рэгіёна.

2) Рэжым сонечнай радыяцыі і эфектыўнага выпрамянення ў дадзеным месцы.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

жалезабетонныя канструкцыі, у якіх узнікае напружаны стан у працэсе цвярдзення бетону, прыгатаванага з т.зв. напружвальных (расшыральных) цэментаў; разнавіднасць папярэдненапружаных канструкцый.

Пры цвярдзенні спецыяльна прыгатаванага бетону адбываецца яго аб’ёмнае расшырэнне, напружваецца ўся арматура, жалезабетон самаўшчыльняецца і набывае значную трываласць (на 25—30% большую, чым пры цвярдзенні без арматуры), вільгаце- і газанепранікальнасць. Пры вырабе С.к. на з-дах іх падвяргаюць цеплавільготнаснай апрацоўцы. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве напорных труб, рэзервуараў, элементаў дарожных і аэрадромных пакрыццяў, тунэляў, гідратэхн. збудаванняў.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁРФІНГ (англ. surfing слізганне па хвалях),

спаборніцтвы на скорасць, далёкасць перамяшчэння па вял. прыбойных хвалях на спец. коркавай або пенапластавай дошцы стоячы, без мацаванняў; адзін з водных відаў спорту.

Дошку робяць паводле індывідуальнага заказу, звычайна даўж. 1,8—2,3 м, масай 10—12,5 кг. Заплывы працягваюцца 15—25 мінут, фінальны — 30—45 мінут. Ацэнкі бальныя (ад 0,1 да 10). Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, на Гавайскіх а-вах і ў прыморскіх раёнах ЗША, Інданезіі, Кітая і інш.

т. 14, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́МЛЕНАСЦЬ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

змена механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялаў у выніку ўздзеяння шматразовых знакапераменных (цыклічных) або адназначных, часта вібрацыйных нагрузак, якое прыводзіць да іх прагрэсіруючага разбурэння.

Залежыць ад зыходнай трываласці, пластычнасці, вязкасці, цвёрдасці, макра- і мікраструктуры, віду нагрузкі, астаткавых напружанняў і інш. Супраціўленне С.м. характарызуецца мяжой вынослівасці — найб. напружаннем, якое можа атрымаць матэрыял без разбурэння пры зададзенай колькасці цыклічных уздзеянняў. Залежнасць паміж колькасцю цыклаў і стадый пашкоджання (у т. л. ўзнікненне шчылін, канчатковае разбурэнне) выражаецца графічна.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫЖНЁВЫЯ СУ́МЕСІ,

вогнетрывалыя газапранікальныя і гіграскапічныя сумесі, з якіх на стрыжнёвых машынах вырабляюць ліцейныя стрыжні — часткі ліцейных формаў.

Складаюцца звычайна з кварцавага пяску, звязвальных рэчываў (напр., карбамідна-фуранавай смалы) і дабавак (графіту і інш.). Бываюць увільготненыя, сухія і вадкія. Ацвярдзенне С.с. у працэсе вырабу стрыжняў адбываецца ў сушыльных печах. Вадкія самаацвярджальныя С.с. пры ўвядзенні ў іх паверхнева-актыўных рэчываў набываюць высокую цякучасць, што дае магчымасць заліваць іх у стрыжнёвыя скрынкі, дзе сумесі цвярдзеюць на паветры без дадатковага ўшчыльнення.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЯ́ЦІЧЫ,

курганны могільнік дрыгавічоў (магчыма, мяшанага дрыгавіцка-валынскага насельніцтва) 11—13 ст. каля в. Суляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Захавалася 40 насыпаў дыям. 3—9 м, выш. 0,3—1,5 м. Вакол некаторых ёсць невял. паглыбленні. Даследавалі Ф.​Д.​Гурэвіч (1956) і К.​В.​Паўлава (1971). У 2 курганах пахаванні паводле абраду трупаспалення на месцы, 1 без пахавання, у 20 насыпах пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены фрагменты гліняных гаршкоў, сярэбраныя і алавяныя паўтараабаротныя скроневыя кольцы, бронзавыя званочкі, пярсцёнкі і інш.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ПІСЬМО́, унцыял (ад лац. uncialis роўны па даўжыні адной унцыі),

асаблівы тып почырку лац. і грэка-візант. пісьма. Для яго характэрны вялікія роўныя літары без вострых вуглоў і ламаных ліній, якія амаль не выступалі за межы радка. Лігатур і словападзелу не было. Было пашырана ў 4—9 ст., пераважна ў царк. кнігах, а таксама ў рукапісах з ант. тэкстамі. Пад уплывам У.п. склаўся ўстаў.

А.​Я.​Міхневіч.

Да арт. Унцыяльнае пісьмо. Надпіс 3 ст. з г. Тымгад (Алжыр).

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)