КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,

суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаны Таргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕБЕ́КСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1943, 1944,

нарады прэзідэнта ЗША Ф.​Рузвельта і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.​Чэрчыля ў г. Квебек (Канада) у 2-ю сусв. вайну. 1-я К.к. адбылася 14—24.8.1943 пры ўдзеле начальнікаў штабоў ЗША і Вялікабрытаніі. Бакі пацвердзілі свае намеры адкрыць другі фронт у Еўропе (Францыя) не раней як у маі 1944, заключылі сакрэтнае пагадненне аб англа-амер. супрацоўніцтве ў галіне стварэння атамнай бомбы, абмеркавалі пытанні аб дыпламат. прызнанні франц. К-та нац. вызвалення, пра ўмовы капітуляцыі Італіі і інш. 2-я К.к. праходзіла 11—16.9.1944 пры ўдзеле міністра фінансаў ЗША Г.​Моргентау, міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.​Ідэна і Аб’яднанай групы начальнікаў штабоў. Бакі вырашылі пасля вызвалення Італіі ад ням.-фаш. войск развіваць наступленне на Трыест і Вену, выказаліся за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Японіі, абмяркоўвалі план расчлянення Германіі і інш.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРРАЗВЕ́ДКА,

спец. орган разведвальнай службы для аховы краіны ад пранікнення агентуры замежных разведак і для ліквідацыі іх падрыўной дзейнасці. На Беларусі контрразведвальную дзейнасць у адпаведнасці з законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997 ажыццяўляюць органы ўпраўлення ваеннай К. КДБ Рэспублікі Беларусь. Падставамі для ажыццяўлення контрразвед. дзейнасці з’яўляюцца: наяўнасць інфармацыі аб прыметах развед. і інш. дзейнасці спец. службаў, арг-цый і асоб замежных дзяржаў, накіраванай на прычыненне ўрону бяспецы Беларусі; неабходнасць забеспячэння бяспекі аб’ектаў абароннага комплексу, транспарту, сувязі і інш. стратэг. аб’ектаў, а таксама бяспекі прыярытэтных навук. распрацовак, абароны звестак, што складаюць дзярж. тайну, і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Парадак правядзення контрразвед. дзейнасці рэгламентуецца заканадаўствам. Кантроль за дзейнасцю К. ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і ўрад, нагляд за законнасцю дзейнасці — органы пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі.

Літ.:

Хрущев К. Военной контрразведке — 80 лет // Армия. 1998. № 5.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́ГАРСВАЛ, Нюгарсваль (Nygaardsvold) Юхан (6.9.1879, г. Хомельвік, Нарвегія — 13.3.1952), нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1916—49 дэп. сторцінга ад Нарв. рабочай партыі (НРП), у 1928 і 1934—35 прэзідэнт сторцінга. У сак. 1935 — чэрв. 1945 прэм’ер-міністр Нарвегіі. Урад Н. засяродзіўся на вырашэнні праблемы беспрацоўя, у т. л. праз дзярж. буд-ва шашэйных дарог і чыгунак, скасаваў антырабочыя законы папярэдніх гадоў, увёў 2-тыднёвы аплатны адпачынак, пашырыў 8-гадзінны прац. дзень на маракоў і с.-г. рабочых, прыняў законы аб пенсіях па старасці і аб ахове працы, увёў абавязковае страхаванне па беспрацоўі; у знешняй палітыцы фактычна прытрымліваўся нейтралітэту. У 2-ю сусв. вайну пасля паражэння нарв. узбр. сіл у ходзе Нарвежскай аперацыі 1940 урад Н. разам з каралеўскай сям’ёй знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане (з чэрв. 1940). З чэрв. 1945 у адстаўцы, адышоў ад актыўнай паліт. дзейнасці.

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,

заканадаўчы акт, падпісаны Т.​Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ КАМІТЭ́Т НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (ПКНВ),

часовы орган улады на тэр. Польшчы, якая была занята сав. войскамі ў 1944. Створаны 21.7.1944 пасля перагавораў у Маскве прадстаўнікоў Краёвай Рады Нарадовай (КРН) з сав. урадам. Старшыня ПКНВ — Э.​Асубка-Мараўскі, намеснікі — В.Л.Васілеўская і А.​Вітас. Уключаў членаў Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі і інш. левых партый. 22.7.1944 у г. Хэлм быў выдадзены маніфест ПКНВ, які абвясціў Польскі ўрад у эміграцыі самачынным, а адзінай легальнай крыніцай улады ў Польшчы — КРН, якая дзейнічала на аснове канстытуцыі 1921. У далейшым знаходзіўся ў г. Люблін. 26.7.1944 падпісаў з сав. урадам пагадненне аб прызнанні сав.-польскай мяжы паводле «Керзана лініі». 1.8.1944 сав. ўрад прызнаў ПКНВ як адзіны афіц. ўрад Польшчы. У вер. 1944 ПКНВ абвясціў аб правядзенні аграрнай рэформы і нацыяналізацыю буйной прам-сці. 31.12.1944 ператвораны ў часовы ўрад Польскай Рэспублікі.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дэкларацыя першага Усебеларускага з’езда Саветаў аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж Беларускай рэспублікай і РСФСР, гл. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Асновы заканадаўства аб судовым ладзе Саюза ССР, саюзных і аўтаномных рэспублік 1/520; 3/583; 9/536; 12/79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Асновы заканадаўства аб шлюбе і сям’і 1/520—521; 6/47; 9/536; 10/171; 11/339; 12/78

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)