планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд.км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙1026кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр.магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ Сяргей Пятровіч (29.9.1880 г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.4.1954),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Юр’еўскі ун-т (г. Тарту, 1911) У 1911—13 выкладаў у гімназіях і Настаўніцкім ін-це ў Віцебску, адначасова сакратар Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 інспектар нар. школ у Юр’еўскім пав., з 1917 дырэктар-арганізатар Люцынскай (цяпер г. Лудза, Латвія) рус.гар. гімназіі. У 1919 заг. дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела нар. асветы, узначальваў Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі (1921—25). У 1925—32 дырэктар Дзвінскай бел. гімназіі. У 1945 арыштаваны, высланы ў Казахстан. Збіраць і публікаваць бел. фальклор пачаў у 1906. Выступаў у друку з навук.-папулярнымі нарысамі, прысвечанымі стараж. Полаччыне, князю Усяславу Брачыславічу, князёўне Ефрасінні Полацкай, а таксама бел. фалькларыстам М.Нікіфароўскаму, Е.Раманаву, П.Шэйну, гісторыку А.Сапунову. Выдаў некалькі календароў-кніжак. Апубл.арт.пра каменныя крыжы на Беларусі, стараж.нар.муз. інструменты, кнігадрукаванне. Падрыхтаваў 4 выпускі «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» (вып. 1, 1940; 414 песень і нотных запісаў). У вып. 2—4 (рукапіс) сабраны казкі, легенды, паданні, прыпеўкі, прыказкі, дзіцячы фальклор і інш. Рукапісы фалькл.-этнагр. матэрыялаў, пед., гіст.этнагр. і літ.-публіцыст. спадчына С. зберагаюцца ў архівах навук. б-к Нац.АН Беларусі, Латвіі і Літвы.
Тв.:
Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917;
Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922—1927 гг. Дзвінск, 1927;
Город Лудза в прошлом и настоящем. Рига, 1935;
Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкі нац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс.чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс.чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі 2/3тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав.ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал.кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОН,
фізіялагічны стан мозга і ўсяго арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца значным зніжэннем рухомасці, амаль поўнай адсутнасцю рэакцый на знешнія раздражняльнікі і адначасова асобнай арганізацыяй актыўнасці нейронаў галаўнога мозга. Надыходзіць перыядычна ў адпаведнасці з біярытмам «С. — няспанне».
Стан С. мае 2 фазы. Для яго павольнай фазы характэрны павольныя ваганні эл. патэнцыялу, паніжэнне тонусу шкілетных мышцаў, адсутнічаюць рухі вачэй (або маюць маятнікападобны характар). Фаза хуткага С. надыходзіць звычайна пасля павольнай і на электраэнцэфалаграме характарызуецца нізкаамплітуднай. пачашчанай рытмікай, падобнай на карцінку няспання або дрымоты. Суправаджаецца прыгнечанасцю спіннамазгавых рэфлексаў, павелічэннем мазгавога крыватоку і інш. (танічныя зрухі), хуткімі рухамі вачэй, падрыгваннем канечнасцей, вушэй, вібрысаў, асобнымі разрадамі ў мозгу і інш. (фіз. зрухі). Пры абуджэнні пасля хуткага С. чалавек часта паведамляе праснабачанні сненні*. У нованароджаных пераважае хуткі С., у людзей 15—20 гадоў ён доўжыцца 20% ад агульнага часу С., у старасці працягласць хуткага С. памяншаецца. Паслядоўнасць фазы павольнага і хуткага С. ўтвараюць цыкл С., які адлюстроўвае фундаментальны біярытм «спакой-актыўнасць», яго перыяд у чалавека звычайна 90—100 мін. Стан С. забяспечваецца разгалінаванай сістэмай нейронных утварэнняў, якая ахоплівае амаль усе ўзроўні мозга. Мазгавы крываток і паглынанне кіслароду ў час С. не ніжэй, чым пры няспанні, таму С. адносіцца да асоба арганізаванай дзейнасці мозга, а не да стану функцыян. дэзактывацыі, спакою, затарможанасці клетак. У час С. перапрацоўваецца інфармацыя, што паступіла пры няспанні і мае адносіны да засваення новага вопыту, памяці і аховы ад стрэсу.
Літ.:
Ротенберг В.С. Адаптивная функция сна: Причины и проявления ее нарушения. М., 1982;
Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».
Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял.Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ПАВЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя геагр. зоны ўмераных і субтрапічных паясоў Паўн. і Паўд. паўшар’яў з пераважаннем у ландшафтах стэпаў. Размешчаны ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Натуральныя ландшафты С.з., дзе пераважала стэпавая травяністая расліннасць, амаль зніклі (б.ч. тэрыторыі С.з. ўмеранага пояса разарана, у субтрапічным поясе пашыраны арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля). Клімат засушлівы (выпаральнасць на 300—500 мм перавышае гадавую суму ападкаў), з няўстойлівым увільгатненнем, з перапынкам (ва ўмераным поясе) або запавольваннем (у субтрапічным поясе) вегетацыі раслін зімой. Лета гарачае (т-ра паветра 20—25 °C), моцныя вятры, засухі. Ва ўмераным поясе зімой сярэднія т-ры паветра адмоўныя (месцамі ніжэй за -20 °C), утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва; у субтрапічным поясе зіма мяккая, бясснежная, з дадатнымі т-рамі (вышэй за 5 °C). Ападкаў 200—450 мм за год, да 600 мм у субтрапічным поясе. Велічыня сонечнай радыяцыі на паверхні 500—580 кДж/см² (120—140 ккал/см²) за год, да 790 кДж/см² (140—180 ккал/см²) у субтрапічным поясе. Паверхневы сцёк нязначны, рэкі малаводныя, часта перасыхаюць. Захавана натуральная расліннасць — засуха- і марозаўстойлівыя травяністыя расліны з пераважаннем дзернавінных злакаў, участкі кусцікавых, па далінах рэк галерэйныя лясы. Глебы пладародныя (чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя ва ўмераным поясе, карычневыя і шэра-карычневыя, месцамі засоленыя — у субтрапічным). На разараных тэрыторыях пашырана эрозія глеб. У гарах няпоўны аналаг С.з. — стэпавыя вышынныя паясы. Прыродныя ўмовы і клімат спрыяльныя для жыцця людзей. У сельскай гаспадарцы С.з. пераважае вырошчванне збожжавых і тэхн. культур; развіта жывёлагадоўля. Пра расл. і жывёльны свет гл. ў арт.Стэп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭЦЭ́СІЯ (лац. secessio ад secedo адыходжу),
1) у Стараж. Рыме форма барацьбы плебеяў супраць патрыцыяў за свае правы. Плебеі дэманстратыўна пакідалі рым. абшчыну і адыходзілі па-за межы горада (на Свяшчэнную гару ці Авенцінскі ўзгорак), які заставаўся фактычна без ваен. абароны, бо плебеі складалі асн. масу рым. арміі. Гэта прымушала патрыцыяў ісці на ўступкі. У выніку 1 -й С. (494 да н.э.) уведзена пасада нар. (плебейскага) трыбуна, у выніку 2-й С. (449 да н.э.) — далейшыя ўступкі патрыцыяў і фіксацыя Законаў 12 табліц.
2) У Зах. Беларусі — фракцыя ў ЦККПЗБ. Арганізацыйна аформілася восенню 1924 і адкрыта заявіла пра свае погляды на Другой канферэнцыі КПЗБ. Арганізатар і кіраўнік С. — М.І.Гурын-Маразоўскі, да яго далучыліся А.Тамашэўскі, Л.І.Родзевіч, А.Р.Капуцкі і інш. С. ставіла бел.нац. інтарэсы вышэй за класавыя. Выступала супраць падпарадкавання КПЗБ Кампартыі Польшчы, супраць лініі КПЗБ на паліт. і арганізац. размежаванне на левых і правых у бел.нац. фракцыі сойма. Лічыла мэтазгодным узняць у 1925 узбр.сял. паўстанне пад лозунгам далучэння Зах. Беларусі да БССР, нягледзячы на яго поўную бесперспектыўнасць. Свае патрабаванні выклала ў «Камунікаце». С. асуджана кіраўніцтвам КПЗБ, КПП і Камінтэрна, ініцыятары і кіраўнікі С. выключаны з партыі. Частка яе прыхільнікаў прызнала свае памылкі і была адноўлена ў КПЗБ (Родзевіч, Капуцкі і інш.). Выступленне С. з’явілася штуршком да перагляду далейшай тактычнай лініі КПЗБ, выпрацоўкі новага канцэптуальнага падыходу да развіцця нац.вызв. руху ў краі.
Літ.:
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Ладысеў У. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст. часол. 1994. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРАЗНА́ЎСТВА,
прыкладная эканам. дысцыпліна, якая даследуе спажывецкую вартасць тавараў. Вывучае карысныя якасці прадметаў працы, заканамернасці фарміравання асартыменту тавараў і яго структуру. класіфікацыю. кадзіраванне, стандартызацыю, фактары. якія абумоўліваюць якасць тавараў, спосабы яе кантролю і ацэнкі, умовы захавання спажывецкай вартасці тавараў пры іх транспарціроўцы, захоўванні, рэалізацыі і эксплуатацыі, а таксама эстэтыку тавараў. Падзяляецца на Т. харчовых і нехарчовых тавараў.
Узнікла ў 16 ст. ў сувязі з развіццём знешнегандл. сувязей. Першая кафедра Т. расл. і жывёльных фармацэўтычных матэрыялаў заснавана ў Падуанскім універсітэце ў 1549. У Расіі адным з першых падручнікаў па Т. была «Гандлёвая кніга» (1575). Патрэбнасць у аб’ектыўнай ацэнцы спажывецкіх каштоўнасцей тавараў вызначыла неабходнасць даследавання складу. уласцівасцей і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў; лічылася, што Т. павінна грунтавацца на вывучэнні хіміі. фізікі і інш. прыродазнаўчых навук. Сукупнасць ведаў пра тавары. іх уласцівасці, класіфікацыю, спосабы захоўвання і спажывання выкладзены ў працах І.Г.Людовіцы «Асновы поўнай гандлёвай сістэмы» (1756, 2-е выд. 1789). І.Бекмана «Уводзіны ў таваразнаўства. або Вучэнні аб важнейшых і замежных таварах» (1774). М.Я.Кітары «Публічны курс таваразнаўства» (1860) і інш. Як самаст. дысцыпліна Т. пачало выкладацца ў канцы 18 ст. ў камерцыйных сярэдніх і ВНУ.
У пач. 20 ст. Т. сфарміравалася як навука. У 1907 у Маскве засн. першы камерцыйны ін-т, выдаваліся падручнікі. У пач. 1990-х г. у СССР у розных ВНУ было 38 кафедраў Т.
У Беларусі ў пач. 21 ст. Т. — адна з асн. дысцыплін пры падрыхтоўцы таваразнаўцаў, менеджэраў, экспертаў і інш. у Беларускім эканамічным універсітэце, Бел. гандлёва-эканам. ун-це спажывецкай кааперацыі (гл.Гомельскі кааператыўны інстытут), Віцебскім тэхналагічным універсітэце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРО́НТА (Toronto),
горад на У Канады. Адм. цэнтр прав. Антарыо. Засн. ў 1749 як франц.гандл. пост. 4,7 млн.ж. разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на воз. Антарыо. Міжнар. аэрапорт. Важнейшы гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр Канады; выпускаецца каля 25% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металаапр., эл.-тэхн., радыёэлектронная, паліграф., хім., гумавая, фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, швейная. Метрапалітэн. Ун-ты. Каралеўскі музей Антарыо. Маст. галерэя. Арх. помнікі 19 ст. Паблізу АЭС.
Беларусы ў Таронта. На працягу 20 ст., асабліва пасля 2-й сусв. вайны, у Т. склаўся адзін з гал. асяродкаў бел. дыяспары ў Канадзе. Да 1940-х г. сярод выхадцаў з Беларусі тут не было трывалага нац.-культ. і рэліг. жыцця, яно актывізавалася пасля заснавання Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК; 1948) і Беларускага нацыянальнага аб ’яднання ў Канадзе (1952). Тут выдаваліся газ.«Беларускі эмігрант» (1948—54) і час.«Баявая ўскалось» (1954—81), з 1952 выходзіць газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел.правасл. прыходы св. Ефрасінні Полацкай (1951—52) і св. Кірылы Тураўскага (1954—55), у 1959 утвораны Беларускі рэліг.-грамадскі цэнтр. У 1965 пры ЗБК створана Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. Грамадскую і культ.-асв. працу таксама праводзяць Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады з 1966), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Т., Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня» (абодва з 1967). У 1970—83 у Т. знаходзілася Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У горадзе прайшоў шэраг сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі. Дзейнічае бел.правасл. царква імя св. Ефрасінні Полацкай. Гл. таксама раздзел пра беларусаў у арт.Канада.