група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.
Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.
Літ.:
Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ.М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНА (славен. Kranjska, ням. Krain, лац. Carniola),
гістарычная вобл. у зах.ч. Балканскага п-ва (ядро — землі ў басейне р. Сава). Падзяляецца на Верхнюю, Ніжнюю і Унутраную. У старажытнасці была населена плямёнамі кельтаў і ілірыйцаў, з канца 1 ст. да н.э. частка рым. правінцыі Панонія. У 4—6 ст.н.э. тут сапернічалі паміж сабой остготы, вестготы, гуны, лангабарды. У 6—7 ст. заселена альпійскімі славянамі (славенцамі), пазней заваявана баварамі, якія ў 970 стварылі тут маркграфства Карнія. У 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Верхняя К. ўваходзіла ў герцагства Вял. Карантанія, Ніжняя — у Славенскае маркграфства. Пазней пад уладай патрыярха Аквілеі, графаў Ціроля, аўстр. правіцеляў Бабенбергаў, у 1269—76 чэш. караля Пржэмысла II, з 1335 Габсбургаў (з 1364 К. — герцагства, потым адна з каронных зямель Габсбургаў). У 1763—1848 па чарзе ўваходзіла ў Грацкую і Люблянскую губ., у 1809—13 — франц. Ілірыйскія правінцыі. У 19 ст. цэнтр славенскага нац. руху. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) большая ч. К. паводле Рапальскага дагавора 1920 увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія),меншая (Унутраная) — Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 з Італіяй уся тэр. К. ўз’яднана ў складзе Славеніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУКІ́, знамёны, стаўпы,
знакі стараж.-рус. безлінейнага нотнага пісьма. Выкарыстоўваліся з 11 ст. для запісу знаменнага спеву. Уяўлялі сабой камбінацыі дыякрытычных знакаў (рысачак, кропак, косак), а таксама літар грэч. і араб. алфавітаў. Напачатку відавочна пераемная сувязь крукавой натацыі са стараж.-візантыйскай. У працэсе эвалюцыі яна папаўнялася знакамі стараж.-рус. паходжання. Знамёны былі цесна звязаны са слоўным тэкстам і паказвалі напрамак руху мелодыі, колькасць гукаў папеўкі, тэмпавыя і дынамічныя змены, спосаб гуказдабывання і інш. Інтэрвальныя сувязі паміж знакамі не фіксаваліся, таму К. маглі служыць толькі напамінкам пры выкананні знаёмай мелодыі і былі непрыдатныя для запісу незнаёмай. У канцы 16 ст. распрацавана сістэма кінаварных памет. У 2-й пал. 17 ст.бел.муз. тэарэтык А.Мезянец удасканаліў К. ў бок больш дакладнай фіксацыі гукавышынных суадносін. На Беларусі з пашырэннем партэсных спеваў у 16 ст. пачалі выкарыстоўваць 5-лінейную квадратную натацыю, аднак да пач. 20 ст. К. карысталіся ў манастырскім побыце і царк. харах. Выдаваліся азбукі крукавога пісьма (напр., у Віцебску на мяжы 19—20 ст.). К. захаваліся ў старавераў, якія запісвалі імі і канты. Бел. традыцыя знаменнага спеву дала К. новую трактоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл.Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б.ч.тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАРТАЛО́ГІЯ,
медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.
Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.
На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.
Літ.:
Шалькевич Б.В.,Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач.рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,
сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.
Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмыЛ. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмахЛ., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).