род кветкавых раслін сям. капуставых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі як пустазелле на палях, агародах, каля дарог трапляюцца гарчыца палявая, або дзікая (S. arvensis), і гарчыца белая, або англійская (S. alba). Гарчыцу белую культывуюць як кармавую, алейную і вострапрыпраўную расліну. Гарчыцай таксама называюць некат. віды капусты, марской гарчыцы.
Адна-, рэдка двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце суцэльнае ці лірападобна-надрэзанае, чаргаванае, апушанае. Кветкі невялікія, двухполыя, жоўтыя ці белавата-жоўтыя, у доўгіх гронках. Плод — двухстворкавы стручок з доўгім носікам. Вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны, некаторыя віды — пустазелле. Насенне мае да 40% тлустага алею, гліказід сінігрын, фермент міразін. З яго робяць харч. гарчычны і эфірны алеі, сталовую гарчыцу, мед. гарчычнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́МЕТР (ад гігра... + ...метр),
прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксамапсіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),
венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксамарус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
дзяржаўная арганізацыя, якая забяспечвае гаспадарку і насельніцтва метэаралагічнай, гідралагічнай і аграметэаралагічнай інфармацыяй (стан надвор’я, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, прагнозы надвор’я і інш.). Мае сетку гідраметэаралагічных цэнтраў, станцый і пастоў, якія вядуць і апрацоўваюць назіранні па вызначаных праграмах. У склад гідраметэаралагічнай службы ўваходзяць таксаман.-д. ўстановы, абсерваторыі. Першыя на тэр. Беларусі інструментальныя метэаралаг. назіранні па навуковай методыцы пачаліся ў 1803 (Гродна), першая метэастанцыя была арганізавана ў 1849 (Мінск). На Беларусі гідраметэаралагічная служба створана ў 1930 (з 1924 дзейнічае сетка метэаралагічных і гідралагічных пастоў). З 1991 дзейнічае К-т па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На 1.1.1996 у складзе гідраметэаралагічнай службы 6 гідраметэаралагічных цэнтраў у абл. гарадах, 33 метэаралагічныя і 8 гідралагічных станцый, 135 гідралагічных пастоў. Гідраметэаралагічная служба Беларусі — член Сусв. метэаралагічнай арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),
бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, А.Багатырова, Я.Глебава, У.Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.Сікорскі, В.Бельцюкова, Н.Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар.муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл.таксамаУзаемадзеянні элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЫ́Н, Цзілінь,
правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц. — г.Чанчунь. Паўд.-ўсх.ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 мм за год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДНЕЎ (Ціхан Мікалаевіч) (5.4.1893, г. Задонск, Расія — 29.10.1982),
бел. фізіёлаг раслін, заснавальнік навук. школы па біясінтэзе хларафілу. Акад.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-рбіял.н. (1935), праф. (1926). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916) і працаваў у ім. З 1919 у Астраханскім ун-це, Іванава-Вазнясенскім політэхн. ін-це. З 1927 у БСГА, з 1935 у БДУ. У 1945—73 у Ін-це эксперым. батанікі і Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па біяхіміі раслінных пігментаў. Прапанаваў новую тэорыю ўтварэння хларафілу. Даказаў адзінства протахларафілу ў раслінным свеце, ператварыў протахларафіл у цемнаце ў хларафіл. Даследаваў стан фотасінтэтычных пігментаў у антагенезе ў залежнасці ад светлавых і тэмпературных умоў, механізм утварэння парфірынаў, а таксама змяненні хларапластаў у антагенезе. Прэмія імя Ціміразева АНСССР 1967.