МЕРЫ́МДЭ-БЕНІ́-САЛА́МЕ,

неалітычнае паселішча 4180 да н.э. на зах. беразе дэльты Ніла (Егіпет), за 51 км на ПнЗ ад Каіра. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Жыллём служылі ветравыя заслоны з трыснягу і хаціны-ямы. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы. Знойдзены крамянёвыя сярпы, наканечнікі стрэл, пірамідальныя і сферычныя булавы, прымітыўныя сякеры, прасліцы, рыбалоўныя кручкі, касцяныя прылады, упрыгожанні з гліны, слановай косці, ракавін і інш. Керамічны посуд нізкай якасці з дамешкам саломы, часта ўкрыты ангобам.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ СПАДАРО́ЖНІКАВАЙ СУ́ВЯЗІ (ІНТЭЛСАТ). Створана ў 1973. Яе членамі з’яўляюцца больш за 150 дзяржаў. Умова для ўдзелу ў яе рабоце — членства ў Міжнародным саюзе электрасувязі. Асн. мэта арг-цыі: прадастаўленне на камерцыйнай аснове карыстання спадарожнікамі сувязі і звязаным з імі абсталяваннем, неабходным для забеспячэння высокай якасці і надзейнасці паслуг міжнар. грамадскай карэспандэнцыі ва ўсіх раёнах свету. Кіруючыя органы ІНТЭЛСАТ — Асамблея бакоў, Нарада ўдзельнікаў, Савет кіраўнікоў і Выканаўчы орган. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ БАРАЦЬБІТО́Ў СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ (Fédération Internationale des Résistants; ФІР),

міжнароднае аб’яднанне нац. асацыяцый б. удзельнікаў Руху Супраціўлення, партызан, вязняў фаш. канцлагераў, ахвяр фаш. рэжыму. Утворана ў 1951. Аб’ядноўвае 75 нац. арг-цый з 27 краін (1998). Вядзе барацьбу за мір, супраць адраджэння фашызму ва ўсіх яго формах, у абарону правоў і інтарэсаў барацьбітоў Супраціўлення. Вышэйшы орган — кангрэс, на якім выбіраюцца прэзідэнт, віцэ-прэзідэнты, члены Бюро і Ген. Савета. Выканаўчы орган — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў Вене.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),

перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т. л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНЧУ́К»,

кніжнае таварыства. Існавала ў снежні 1906—07 у Мінску. Мела на мэце выданне і распаўсюджванне бел. кніг і газет. Заснавальнікі Б.​У.​Куштэлян, У.​І.​Самойла, С.​В.​Скандракоў, А.​А.​Шабуня, К.​Б.​Шпакоўскі. Разам з газ. «Наша ніва» выдала кірыліцай і лацінкай апавяданне Э.​Ажэшкі «Гедалі» (1907). Рыхтавала да друку «Жалейку» Я.​Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.

Літ.:

Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 133—134, 142—143.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ХАНАВІЧЫ,

пасёлак у Мінскім р-не; чыг. станцыя на лініі Мінск—Асіповічы. Цэнтр сельсавета. За 23 км на ПдУ ад Мінска. 4209 ж., 35 шматпавярховых дамоў, 512 двароў (1999). Мінскае ўпраўленне магістральных газаправодаў, з-д буд. канструкцый і матэрыялаў, цэнтр. рамонтныя майстэрні «Белэнергарамонт», гандл. і прамысл. базы. Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква евангельскіх хрысціян. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЛЕ́ ((Michelet) Жуль) (21.8.1798, Парыж — 9.2.1874),

французскі гісторык рамантычнага кірунку. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1838). У 1834—36 праф. Сарбоны, у 1838—51 — Калеж дэ Франс. Напачатку прыхільнік ліберальнай манархіі, пазней — рэспублікі. За адказ прысягнуць Напалеону III пазбаўлены ў 1852 кафедры і пасады загадчыка гіст. секцыі Нац. архіва. Аўтар прац «Гісторыя Францыі» (т. 1—17, 1833—67), «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—7, 1847—53), «Касцюшка, дэмакратычная легенда» (1851) і інш.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙЗЫХ (Яўген Антонавіч) (20.12.1903, в. Германава Люблінскага ваяв., Польшча — 10.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў ваенна-пях. вучылішча (1944). З 1933 нар. суддзя ў Чэлябінску і вобласці. У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1944 на 2-м Прыбалтыйскім фронце. Камандзір кулямётнага ўзвода ст. лейтэнант М. вызначыўся ў баі за плацдарм на беразе р. Айвіекстэ (Латвія): калі скончыліся боепрыпасы, павёў узвод у рукапашны бой, у якім загінуў.

Я.А.Мойзых.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-КА́РЛА МЕ́ТАД (назва ад г. Монтэ-Карла, які вядомы сваім ігральным домам),

метад статыстычных выпрабаванняў, лікавы метад прыбліжанага рашэння задач з дапамогаю мадэліравання выпадковых працэсаў.

Для рашэння задачы М.-К.м. выбіраецца працэс, у якім некат. імавернасная характарыстыка роўная шуканаму рашэнню. Потым працэс мадэліруецца і эксперыментальна знаходзіцца стат. ацэнка характарыстыкі. Гэтая ацэнка і бярэцца за прыбліжанае рашэнне. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фізікі, радыётэхнікі, тэорыі масавага абслугоўвання, выліч. матэматыкі і інш. Найб. пашырыўся пасля стварэння ЭВМ.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РАЧ вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе г. Клецк — в. Колкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдУ ад горада і 37 км ад чыг. ст. Клецк, 162 км ад Мінска. 2079 ж., 674 двары (1999). Цэхі па разліву мінер. вады і па вытв-сці плеценых вырабаў з лазы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Свята-Вазнясенская царква.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)