МАКСІ́МАВА,

возера ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Росіца, за 23 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі каля 3,5 км. Пл. вадазбору 2,71 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, параслі лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. У цэнтры востраў пл. 0,8 га. Выцякае ручай у р. Росіца.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ТА,

рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Рыта (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 30,5 км. Пл. вадазбору 602 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Арэхава, з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага воз., у выніку меліярац. работ выток ракі засыпаны). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. На рацэ — г. Маларыта.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕЦ (Янусь) (Іван Вільгельмавіч; н. 8.2.1951, в. Хрыстова Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў рабочым, у час. «Вожык» (1993—94). Друкуецца з 1974. Адзін з аўтараў калектыўных зб-каў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зб-кі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зб. «Родны мацярык», 1995).

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬКАВІЧЫ,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Цна, каля аўтадарогі Ганцавічы — Лунінец; чыг. станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Ганцавічы, 268 км ад Брэста. 1599 ж., 615 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—13 ст.).

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫЯНСКЕ-ЛА́ЗНЕ (Mariánské Láznĕ),

б. Марыенбад, бальнеалагічны курорт у Чэхіі. За 40 км на Пд ад г. Карлавы Вары. Развіваецца з 18 ст. Клімат умераны, з рысамі горнага. Асн. лек. фактар — каля 40 крыніц мінер. вод з высокім утрыманнем жалеза, што выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, жоўцевых і мочапалавых шляхоў, нырак, перыферычнай нерв. сістэмы, верхніх дыхальных шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў, скурных хвароб. Торфагразелячэнне. Санаторыі, водагразелячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр міжнар. турызму.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛАКІ́,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бася. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Горкі, 80 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Зубры. 757 ж., 286 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. На паўн.-зах. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРО́САЎ (Аляксандр Мацвеевіч) (1924, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.2. 1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1942. Ваяваў на Калінінскім фронце. 23.2.1943 у баі за в. Чарнушкі (Пскоўская вобл., Расія) гвардыі радавы М. сваім целам закрыў амбразуру ням. дзота, гэтым забяспечыў поспех атакі падраздзялення. Імя М. прысвоена 254-му гвардз. палку з залічэннем героя навечна ў спіс палка. У гады Вял. Айч. вайны подзвіг М. паўтарылі многія сав. воіны, у т. л. беларус П.І.Купрыянаў.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ПУНКТ,

цела, памеры і формы якога неістотныя пры апісанні некат. канкрэтных выпадкаў яго руху; адзін з асн. ідэалізаваных аб’ектаў класічнай механікі. Характарызуецца масай; становішча ў прасторы вызначаецца каардынатамі геам. пункта, у якасці якога звычайна выбіраецца цэнтр цяжару (цэнтр мас) цела (мех. сістэмы). Практычна кожнае цела можна лічыць М.п., калі яно рухаецца паступальна і адлегласці, якія праходзіць цела ўздоўж траекторыі, значна большыя за яго памеры (напр., рух Зямлі і інш. планет вакол Сонца).

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,39 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 2,6 м. Пл. вадазбору 14,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, разараныя, на ПнЗ пад хмызняком. Берагі сплавінныя (шыр. сплавіны да 30 м), параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у Доўгае возера.

т. 10, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТО́Л (ад лац. mentha мята + oleum алей),

n-ментанол-3,3-метыл-6-ізапрапілцыклагексанол, арганічнае злучэнне, спірт аліцыклічнага шэрагу; асноўны кампанент мятнага алею.

Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 43—44 °C) з пахам мяты і гаркаватым смакам. Раствараецца ў этаноле, абмежавана ў вадзе. Атрымліваюць вымарожваннем з мятнага алею, а таксама сінтэзуюць гідрыраваннем тымолу. Выкарыстоўваюць для араматызацыі лікёраў, цукерак, тытуню, сродкаў догляду за зубамі, як кампанент лек. прэпаратаў (напр., валідолу). Аказвае абязбольвальнае і абеззаражвальнае дзеянне, моцна ахалоджвае скуру.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)