БУТЫЛАЦЭТА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай к-ты і бутылавых спіртоў, CH3COOC4H9. Бясколерныя вадкасці з фруктовым пахам, tкіп 126,3 °C, шчыльн. 881,3 кг/м³ (н-бутылацэтат), tкіп 116,5 °C, шчыльн. 858 кг/м³ (ізабутылацэтат). Мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. У прам-сці атрымліваюць этэрыфікацыяй у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пахучыя рэчывы для фруктовых эсенцый, у парфумерыі.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЁВА,

урочышча ў Беларусі, каля в. Бялёў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл., помнік прыроды. Купалападобнае ўзвышша выш. да 184 м, пл. 30 км², стромка абрываецца да забалочаных паніжэнняў шыр. 100—600 м. Вылучаецца надзвычай вял. для нізіннага Гомельскага Палесся перападам вышыняў — да 45 м. На паверхні Бялёва субканцэнтрычныя пясчаныя грады выш. 5—10 м. Паходжанне канчаткова не высветлена: мяркуюць, што гэта кальцавы кам ці тэктанічная структура.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА-1,

вадасховішча ў Беларусі, у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 13 км на ПнУ ад г. Бяроза. На р. Жыгулянка (левы прыток Ясельды, у бас. Прыпяці), за 14 км уверх па цячэнні ад упадзення ў воз. Чорнае. Створана ў 1986. Пл. 17,74 км², даўж. 6,4 км, найб. шырыня 3,6 км, найб. глыб. 6,6 м. Аб’ём вады 31,9 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма эканам., сац.-паліт., уласна ваенных і інш. мерапрыемстваў дзяржавы, якія ажыццяўляюцца для ўмацавання яе ваен. магутнасці. Агульныя мэты, змест і практычныя задачы ваеннага будаўніцтва вызначаюцца ваен. палітыкай дзяржавы і яе ваеннай дактрынай, залежаць ад узроўню прадукцыйных сіл краіны і характару магчымай вайны. Істотны ўплыў на ваеннае будаўніцтва маюць геагр. ўмовы краіны, яе прыналежнасць да ваен.-паліт. саюзаў і яе блокавыя абавязкі.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫГІ́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура Харэзма ў 4—8 ст. Назва ад харэзмскай дынастыі Афрыгідаў. Склалася пад уплывам навакольных стэпавых плямёнаў у перыяд крызісу рабаўладальніцкага ладу і станаўлення феадалізму. Для афрыгідскай культуры характэрны заняпад старых антычных гарадоў і ўтварэнне новага тыпу сельскіх паселішчаў — феад. сядзібаў-замкаў і абшчынных дамоў. Пераважаў керамічны посуд, зроблены на ганчарным крузе. На апошнім этапе афрыгідскай культуры пачалі ўзнікаць новыя гарады.

т. 2, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТО́Н,

найпрасцейшы кетон, CH3COCH3. Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, мал. м. 58,08, tкіп 56,1 °C, шчыльн. 0,79∙10​3 кг/м³, змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі. Атрымліваюць гідратацыяй прапілену з наступным акісленнем прамежкавага ізапрапілавага спірту: CH3CH=CH2 H2O CH3CH(OH)CH3 O2 CH3COCH3. Растваральнік для перхлорвінілавых, поліакрылавых лакаў, ацэтатаў цэлюлозы, зыходнае рэчыва ў вытв-сці акрылавых манамераў, стабілізатараў палімераў, лекаў і інш.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАМАГНІТО́МЕТР,

прылада для вымярэння магн. поля Зямлі з лятальнага апарата (ЛА). Датчык (адчувальны элемент) аэрамагнітометра размяшчаецца на крыле або хвасце ЛА і ахоўваецца ад яго ўласнага магн. поля аўтам. кампенсатарамі, пры больш дакладных вымярэннях буксіруецца ў гандоле на кабель-тросе на адлегласці да 50 м ад ЛА. Найб. дакладныя ядз. (пратонныя) і квантавыя аэрамагнітометры маюць адносную хібнасць вымярэнняў да 10​−5 і да 10​−7 адпаведна.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРА́,

непаліўныя землі і пасевы на іх у раёнах арашальнага земляробства. На багары вырошчваюць найб. засухаўстойлівыя с.-г. культуры — збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя. Ураджайнасць іх залежыць пераважна ад колькасці і перыяду выпадання ападкаў, т-ры і інш. умоў. Багарнае земляробства дае магчымасць выкарыстоўваць участкі, непрыдатныя для арашэння. Пашырана ў краінах Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, у Закаўказзі, Афганістане, Іране, Кітаі, Індыі, Пакістане, Судане, Турцыі і інш.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЭЛЕ́ІТ,

мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. цырконію.

Бадэлеіт.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)