КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ДАБА́ЎКІ,
пажыўныя рэчывы, якія ўводзяць у рацыёны жывёл, каб забяспечыць найвышэйшую іх прадукцыйнасць і эфектыўнае выкарыстанне кармоў. Вядома больш за 100 К.д.: энергетычныя — сушаныя коранеклубняплоды, крухмал, мелес, кармавыя жывёльныя тлушчы, алеі, фасфатыды; небялковыя азоцістыя — карбамід, аманійныя солі, аміяк і аміячная вада, сінт. амінакіслоты; мінеральныя — даламітавы вапняк, вапняковы туф, сапрапель, азёрны глей, касцявая мука, фасфарын, касцявы попел, кармавы прэцыпітат і інш., у якіх ёсць макра- і мікраэлементы. З інш. дабавак выкарыстоўваюць вітамінныя, ферментныя прэпараты, гарманальныя рэчывы, кармавыя антыбіётыкі, транквілізатары, араматычныя, смакавыя і інш. рэчывы. К.д. ўключаюць у склад камбікармоў і кармавых сумесей паасобку або ў выглядзе бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),
расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г.хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсцьспец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).
Тв.:
Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІЦЫПІТА́ЛЬНЫЯ, спарыннёвыя (Clavicipitales),
парадак сумчатых грыбоў. 23 роды. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі каля 10 відаў з родаў клавіцэпс, кордыцэпс, эпіхлёэ і інш. Паразітуюць на кветкавых раслінах, пераважна злакавых і асаковых, а таксама на грыбах, насякомых, павуках, некат. — на глебе або драўніне.
Стромы цёмныя ці светлыя, распасцёртыя або галоўчатыя, дыферэнцыраваны на стэрыльную ножку і расшыраную ч. з пладовымі целамі (перытэцыі) выш. ад 1—2 мм да 10—15 (30) см. Перытэцыі паглыблены ў строму ці знаходзяцца на яе паверхні. Сумкі цыліндрычныя, маюць 8 ніткападобных спор з папярочнымі перагародкамі. Спелыя споры выкідваюцца з сумкі праз пору. У цыкле развіцця ёсць сумчатая і канідыяльная стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,
вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КТЫРЫ́ (Asilidae),
сямейства прамашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў стэпах і пустынях. На Беларусі найб. трапляюцца К. гарбаты, або ляфрыя гарбатая (Laphria gibbosa), К. жоўты (L. flavia), К. шэршнепадобны (Asilus crabroniformis), ястрабніцы празрыстакрылая (Dioctria hyalipennis) і рыжая (D. mfipes). Жывуць на ўзлесках, высечках, уздоўж дарог.
Даўж. да 50 мм. Галава шырокая, рухомая. Вочы вял., брушка доўгае. Ногі і цела (у многіх відаў) укрыта валаскамі і шчацінкамі. Драпежнікі, кормяцца жукамі, пчалінымі, саранчовымі. Лічынкі жывуць у глебе, гнілой драўніне, кормяцца пераважна лічынкамі жукоў, інш. насякомых, ёсць расліннаедныя. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАТАНО́ГІЯ (Scaphopoda),
лодканогія, клас марскіх малюскаў. 2 атр., 26 родаў, каля 1000 відаў. Вядомы з ардовіку. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў трапічных морах. Жывуць на дне да глыб. 7,5 км. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядомы прадстаўнік марскі зуб (Dentalium vulgaris).
Даўж. ад 0,15 да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, размешчана ў трубчастай, злёгку выгнутай ракавіне, пярэдняя адтуліна якой шырэйшая за заднюю. Праз яе Л. высоўваюць галаву і нагу. Над галавой ёсць скурныя складкі з пучкамі ніткападобных вусікаў (каптакуламі), пры дапамозе якіх Л. выконваюць функцыі дотыку і захопу корму. Кормяцца дробнымі доннымі арганізмамі і інш. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб.шыр. 810 м, найб.глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЦІН-КА́МЕНЬ БРАСЛА́ЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1992). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Лайбуны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун граніту рапаківі са шматлікімі крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў (ад 2 да 7 см у папярочніку) і таблічак (2 × 2 см). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,3 м, выш. 0.8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 10,8 м³, маса каля 28 т. Прынесены ледавіком каля 14 тыс.г. назад з паўд.-зах. Фінляндыі. На паверхні каменя ёсць 2 паглыбленні (у папярочніку 10 см, глыб. 5 см), высечаныя чалавекам 1,5—2 тыс. гадоў назад. Меў культавае значэнне.