КАРЫ́ДА (ісп. corrida de toros літар. бег быкоў),

бой быкоў, нац. ісп. відовішча. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быка. З пач. 18 ст. — традыц. цыркавое відовішча ў Іспаніі, Партугаліі, Паўд. Францыі і краінах Лац. Амерыкі, якое звычайна наладжваецца ў час свят. Адбываецца на спец. арэне ці абгароджанай пляцоўцы. Кожная К. праходзіць у некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырв. плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле лёгкія ўдары доўгімі пікамі, а бандэрыльё раздражняюць яе кароткімі коп’ямі (бандэрыльямі); завяршае К. матадор (гал. фігура К.), які трапным ударам шпагі ў загрывак забівае раз’юшанага быка. У краінах, дзе пашырана К., у яе ёсць шмат праціўнікаў, якія разглядаюць К. як крывавае, небяспечнае для людзей, негуманнае ў адносінах да жывёлы і таму амаральнае відовішча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.​Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.​Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ХЕМАА (Lahemaa),

нацыянальны парк на ўзбярэжжы Фінскага заліва, у Эстоніі. Засн. ў 1971. Пл. каля 65 тыс. га, у т. л. лясная — 45 тыс. га. Падзелены на функцыян. зоны: рэзерватаў, прыродных ландшафтаў, адпачынку і інш. Размешчаны на 4 паўастравах; па берагах абломкі скал, валуны. На рэчках і ручаях невял. вадаспады і парогі. Лясная расліннасць — зеленамошныя хвойнікі і ельнікі, у поймах рэк — забалочаныя ўчасткі лесу з бярозы і вольхі. Вярховыя балоты. У флоры 838 відаў, у т. л. 26 рэдкіх: чаравічак сапраўдны, луннік ажываючы, лабелія Дортмана і інш. У фауне 37 відаў звяроў, у т. л. казуля, дзік, лось, мядзведзь, норка і інш.; 213 — птушак, у т. л. чорны бусел, глушэц, цецярук і інш.; шмат пералётных птушак.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),

французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.​Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.​Равеля, Д.​Міё, Г.​Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.​Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.

Літ.:

Хентова С. М.​Лонг. М., 1961.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.​І.​Далідовіч, А.​І.​Мілевіч, А.​І.​Патрын, М.​М.​Розаў і Г.​М.​Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Яўхім Сямёнавіч) (8.10.1894 або 21.10.1897, г. Віцебск — 29.12.1937),

бел. графік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Петраградзе (1916—18), Віцебскай школе-майстэрні Ю.​Пэна (1920—21). Выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы (1920—37). У 1937 рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыта. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, жанравых сцэн, партрэтаў, экслібрысаў. Творы вызначаюцца дасканаласцю штрыхоўкі, дакладнасцю форм, багатай танальнасцю, эмацыянальнасцю маст. вобразаў. Сярод твораў: серыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926—28), «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамера (1935), серыя акварэлей «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935), экслібрысы і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975.

П.​М.​Герасімовіч.

Я.С.Мінін Успенскі сабор у Віцебску. 1927.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯЦЕ́ЛІЦА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.​Федароўскага, П.​Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.​Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.​Алексютовіч, А.​Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.​Крошнера), А.​Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАДАРВІНІ́ЗМ,

эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.​Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,

рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)