«ПЯ́ТАЯ КАЛО́НА».

назва шматлікай агентуры ген. Ф.Франка Баамондэ, якая ў час грамадзянскай вайны 1936—39 у Іспаніі (гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39) дзейнічала ў тыле рэсп. войск. Тэрмін «П.к.» ўзнік у кастр. 1936, калі франкісцкі ген. Э.​Мола абвясціў па радыё, што мяцежнікі наступаюць на Мадрыд 4-ма калонамі, а 5-я ў рашаючы момант ударыць па рэспубліканцах з тылу. «П.к.» ўчыняла сабатаж, шпіянаж і дыверсіі, сеяла паніку. У гады 2-й сусв. вайны «П.к.» называлі нацысцкую агентуру ў розных краінах, якая дапамагала захопу гэтых краін фаш. войскамі. У наш час тэрмін «П.к.» ўжываецца ў шырокім сэнсе для абазначэння варожай агентуры.

А.Ф.Пятаковіч.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЯ́НКА (Міхаіл Уладзіміравіч) (21.2.1859—24.1.1924),

расійскі паліт. дзеяч, адзін з лідэраў акцябрыстаў. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу. Буйны памешчык Екацярынаслаўскай губ., дзе ў 1900—06 узначальваў губ. земскую ўправу. У 1906—07 чл. Дзярж. савета. Дэп., з 1911 старшыня 3—4-й Дзярж. дум (1907—17). Падтрымліваў палітыку П.А.Сталыпіна. У гады 1-й сусв. вайны блакіраваўся з кадэтамі; быў праціўнікам Р.Я.Распуціна. У час Лют. рэвалюцыі 1917 узначаліў Часовы камітэт Дзяржаўнай думы 1917, пераканаў цара Мікалая II адрачыся ад прастола. У час грамадз. вайны знаходзіўся пры арміі ген. А.І.Дзянікіна. У 1920 эмігрыраваў у Югаславію. Аўтар мемуараў («Крушэнне імперыі», 2-е выд. 1929).

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́КА,

традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ. Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАНА́ЎТ (ад гідра... + грэч. nautēs мараплавец),

акванаўт, чалавек, які прайшоў спец. падрыхтоўку і здольны доўгі час (на працягу многіх сутак) знаходзіцца ў падводным апараце без выхаду на паверхню. Выконвае падводныя работы ці даследаванні.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫ́ЛЬЯ (ісп. guerilla ад guerra вайна),

назва партызанскай вайны ў Іспаніі і краінах Лац. Амерыкі. Найб. вядома ісп. герылья пач. 19 ст. (барацьба нар. мас супраць франц. акупантаў у час рэвалюцыі 1808—14).

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ДЛІК,

у беларусаў невялікі ўслончык, які часам рабілі з карэнішча ці камля з 3—4 адгалінаваннямі-ножкамі, з круглым ці квадратным сядзеннем. Саступіў месца табурэту і ў наш час амаль выйшаў з ужытку.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСУ́ДАК,

намеснік, потым памочнік суддзі земскага, які рыхтаваў справы да суда. Пасада ўведзена ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. Выбіраўся шляхтаю. Разам з пісарам уваходзіў у склад суда.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГА́МІЯ, халагамія (ад грэч. holos поўны, увесь + ...гамія),

прасцейшы тып палавога працэсу ў аднаклетачных арганізмаў, у час якога адбываецца зліццё дзвюх асобін (спец. палавыя клеткі не ўтвараюцца). Уласціва вальвоксавым водарасцям і ніжэйшым грыбам хітрыдыяміцэтам.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖО́Р,

вялікая колькасць у рэчышчы ракі ўнутрыводнага лёду і шарашы ў час асенняга крыгаходу або ў пачатку ледаставу. З. памяншае плошчу жывога сячэння ракі, выклікае падняцце ўзроўню і затапленне поймы. Утвараецца звычайна ніжэй парогаў.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)