(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.Адамовіча, В.Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І.Пташнікава, М.Стральцова і інш.
Тв.:
Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАГО́Р (Prōtagoras) з Абдэры
(480—410 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Адзін з першых прафес. педагогаў рыторыкі і эрыстыкі (майстэрства спрэчкі), адзін з заснавальнікаў школы сафістаў. Падарожнічаў па Грэцыі, арганізоўваў публічныя дыспуты. Быў у дружалюбных адносінах з Перыклам і Эўрыпідам. Аўтар законаў для г. Фурыі (падрыхтаваў праект новай канстытуцыі), больш за 10 твораў, у т. л. «Аб існым», «Аб навуках», «Аб дзяржаве», «Майстэрства спрэчкі», «Ісціна», «Супярэчнасці». За кн. «Аб багах» быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але памілаваны і выгнаны з Афін. П. — адзін з заснавальнікаў рэлятывізму. Яго гнасеалагічны рэлятывізм базіраваў на анталагічным рэлятывізме — прынцыпе абсалютнай зменлівасці матэрыі, пераходзе ўсяго існуючага ў супрацьлеглае сабе. Гэтым і сваім скептыцызмам ён расхістваў дагматызм як тып мыслення. П. зрабіў вывад аб тым, што ісціна цалкам залежыць ад суб’екта («мера ўсіх рэчаў — чалавек: існых — у іх быцці і няісных — у іх небыцці»).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии. М., 1969. Т. 1, ч. 1.
Літ.:
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. Пер с греч. М., 1995;
Чанышев А.Н. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЕЛІ́НІ ((Rossellini) Раберта) (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, пад кіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАВА (Любоў Рыгораўна) (н. 18.4.1943, г. Пяцігорск Стаўрапольскага краю, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла Маскоўскі дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1964). З 1964 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. З 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1981 у Т-ры-студыі кінаакцёра). Выканаўца лірыка-драм. і драм. роляў. Ёй уласцівы выразная пластыка, экспрэсіўнасць, уменне выявіць духоўную сутнасць персанажа. Сярод тэатр. роляў: Наташа («Сам-насам з усімі» А.Гельмана), Жанчына («Чалавечы голас» Ж.Както), Красавіна, Домна Панцялеўна («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Гертруда («Гамлет» У.Шэкспіра), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Знялася ў фільмах: «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1968), «Бацька» (1971), «Міравы хлопец» (1971), «Дарога на Рубецаль» (1971), «Учора, сёння і заўжды» (1972), «Вялікі ўтаймавальнік» (1974), «Надзейны чалавек» (1975), «Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка» (1976), «У профіль і анфас» (1977), «Вялікая — малая вайна» (1981), «Раптоўны выкід» (1984), «Мы едзем у Амерыку» (1990), «Без доказаў» (1992), «Зала чакання» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ГБІ,
камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».
Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн.міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.
У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДКО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фёдаравіч; 21.1.1907, в. Вусце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.8.1968),
бел. і расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 рэжысёр і сцэнарыст на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1946—47 і 1950—53 міністр кінематаграфіі Беларусі, у 1953—56 нам. міністра культуры Беларусі. Працаваў гал. рэдактарам і рэжысёрам Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў (Масква). Рэжысёр маст. і дакумент. фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, 1944). Аўтар гіст. раманаў «Георгій Скарына» (з Я.Львовым, 1951), «Мадам Любоў» (1966), «Аповесці аб ясным Стахоры» (1956), аповесці «Чалавек у тумане» (1960), сцэнарыяў фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, 1957), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЧАНКА (Уладзімір Кірылавіч) (н. 27.9.1939, в. Хмяльное Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989), д-рбіял.н. (1977), праф. (1988). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1962). У 1965—90 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (у 1979—90 заг. лабараторыі). У 1980—90 старшыня Бел.нац.к-та па праграме ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера», з 1990 нам. дырэктара Аддзела экалагічных навук ЮНЕСКА. Навук. працы па агульнай і тэарэт. генетыцы. Распрацаваў новыя метады генет. аналізу і сінтэзу, асн. палажэнні генетыкі паліплоідных папуляцый, выявіў генет. прычыны геномнага эфекту, тэарэтычна абгрунтаваў і эксперыментальна распрацаваў канцэпцыю геномнай лабільнасці бісексуальных жывёл і асацыятыўнага адбору, вывучыў генет. працэсы ў папуляцыі пры працяглым адборы. Распрацаваў сістэмную мадэль самаарганізацыі эвалюц. працэсу, сістэму генет. маніторынгу папуляцый, прапанаваў спосаб сеткавых пробных скрыжаванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Генетика полиплоидных популяций. Мн., 1976;
Генетический анализ и синтез в практической селекции. Мн., 1986;
Длительный отбор в популяциях. Мн., 1988 (разам з М.У.Тананка, Б.Ю.Аношанкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯННІКІ́, тэстыкулы,
мужчынскія палавыя залозы, у якіх утвараюцца сперматазоіды і палавыя гармоны, пераважна тэстастэрон і інш. мужч. палавыя гармоны (андрагены), а таксама жан. палавыя гармоны (эстрагены). Найб. простыя — скопішчы палавых клетак у кішачнаполасцевых, у якіх семя выводзіцца шляхам разрыву сценкі або праз кішачна-сасудзістую сістэму і далей праз ротавую адтуліну. У большасці пазваночных жывёл С. парныя, размешчаныя ў брушной поласці, у млекакормячых жывёл — у яе задняй ч. (клаачныя, хобатныя, кітападобныя і інш.) або ў машонцы (сумчатыя, драпежныя, капытныя, прыматы, чалавек), куды С. звычайна апускаюцца з брушной поласці праз пахвінны канал у працэсе развіцця зародка. Звонку С. ўкрыты шчыльнай абалонкай, унутры — веерападобна падзелены злучальнатканкавымі перагародкамі на долькі з семяннымі семеннымі* канальцамі, дзе ўтвараюцца сперматазоіды. Семявыносныя пратокі адкрываюцца ў мочаспускальны канал.
У тканцы паміж семяннымі семеннымі* канальцамі знаходзяцца клеткі Лейдыга, якія выпрацоўваюць палавыя гармоны. У чалавека С. наз. семявымі залозамі або яечкамі. У мужчын даўж. С. 3—5 см, шыр. 2—3 см, маса 15—30 г. Функцыя С. рэгулюецца гіпаталамусам (рылізінг-фактары), адэнагіпофізам (ганадатропныя гармоны), гармонамі наднырачнікаў і шчытападобнай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРАДА́ (Рыгор Савіч) (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫ ВЕК,
найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж.чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).