старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант.маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МІНЫ,
расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1988). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф.Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 у Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш.Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзелены драм. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.
Літ.:
Москалева И. Ю.Соломин. М., 1974;
Закржевская Л. В.Соломин. М., 1979.
Да арт.Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэртыі г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.
Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.
У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын, Г.Канчэлі, Дз.Смольскі, Я.Глебаў), узаемасувязі частак (І.Стравінскі, А.Веберн, Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Я.Цікоцкі, А.Мдывані, Дз.Смольскі, В.Кузняцоў, Ф.Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.Месіян, М.Аладаў, Л.Абеліёвіч, Мдывані, К.Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ТНАЯ ФО́РМА,
нецыклічная форма музычная, якой уласцівы проціпастаўленне дзвюх або некалькіх вобразна-тэматычных сфер, суадносіны якіх грунтуюцца на прынцыпах кантрасту або адрознення, бесперапыннае вобразна-тэматычнае развіццё на аснове прычынна-выніковай сувязі, пэўныя формаўтваральныя танальна-функцыян. суадносіны. Асн. раздзелы С.ф. — экспазіцыя, распрацоўка, рэпрыза — утвараюць 3-часткавую кампазіцыю тыпу ABA. Акрамя асн. раздзелаў часам мае уступ і коду (заключны раздзел). С.ф. выкарыстоўваюць у адной з частак, звычайна 1-й (санатнае алегра), санатна-сімф. цыкла (гл.Санатна-цыклічная форма). Існуе і як форма самаст. твора (1-часткавыя санаты, уверцюры, фантазіі, паэмы і інш.). Форма, у якой замест распрацоўкі эпізод, заснаваны на новай тэме, мае назву С.ф. з эпізодам. Магчыма С.ф. без распрацоўкі (характэрная для оперных уверцюр, павольных частак санатна-сімф. цыклаў і інш.). Кампазіцыйныя прынцыпы С.ф. выкрышталізаваліся на аснове старадаўніх форм. Класічная С.ф. склалася ў творчасці кампазітараў венскай класічнай школы. Пачынаючы з твораў Л.Бетховена, асабліва ў музыцы Р.Шумана, Э.Грыга, Ф.Шапэна, Ф.Ліста, П.Чайкоўскага, А.Скрабіна, С.Рахманінава, С.ф. відазмяняецца ў кампазіцыйных і стылявых параметрах, дынаміцы тэматычнага развіцця, танальных суадносін, формаўтварэння. 20 ст. адзначана фарміраваннем індывідуальных варыянтаў С.ф. (Г.Малер, А.Анегер, Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Ю.Юзелюнас, В.Лютаслаўскі, К.Пендарэцкі і інш.). У бел. музыцы С.ф. прадстаўлена шматбакова і ў класічных нормах (Л.Абеліёвіч, М Аладаў, А.Багатыроў, Г.Вагнер, Я.Глебаў, В.Залатароў, Ф.Пыталеў, К.Цесакоў, Я.Цікоцкі і інш.), і ў разнастайных сучасных мадыфікацыях (У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Мдывані, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.).
Літ.:
Берков В.О. Сонатная форма и строение сонатно-симфонического цикла. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННІКАЎ Канстанцін Мікалаевіч (30.5.1896, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 12.7.1965),
бел. рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1949). Праф. (1960). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1916. З 1918 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі. Адзін з заснавальнікаў БДТ (1920). З 1926 акцёр і рэжысёр БДТ-2. У 1929 паставіў першы самастойны спектакль «Маёмасць» паводле аповесці Г.Караваевай «Двор». У 1931—37 маст. кіраўнік БДТ-3, у 1937—61 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (у 1948—52 гал.рэж.). З 1947 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це.
Яго спектаклям уласцівыграмадз. пазіцыя, вострае адчуванне сучаснасці, тонкае разуменне бел.нар. побыту і гумару, рамант. афарбоўка, паэтычнасць, выразнасць сцэнічнага малюнка. Зрабіў значны ўплыў на станаўленне бел. драматургаў К.Крапівы, А.Макаёнка, К.Губарэвіча, Э.Самуйлёнка, А.Маўзона і інш. Сярод роляў: Аляксей («Рысь» паводле аповесці Э.Ажэшкі «У зімовы вечар»), Васька Попел («На дне» М.Горкага), Максімілян («Цар Максімілян», нар. драма), Аберон («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), князь Капуста («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча) і інш. Сярод пастановак; «Мой сябар» М.Пагодзіна (1932), «Сяржант Дроб» і «Пагібель воўка» Самуйлёнка (1935, 1939), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1937), «Партызаны» (1938, з Л.Рахленкам), «Пяюць жаваранкі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Людзі і д’яблы» (1958) К.Крапівы, «Хлопец з нашага горада» (1941) К.Сіманава, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Цытадэль славы» і «На крутым павароце» Губарэвіча (1949, 1956), «Выбачайце, калі ласка!» Макаёнка (1954), «Смерць ваяводы» Ю.Славацкага (1959), «Любоў, Надзея, Вера» П.Васілеўскага (1961) і інш. Сярод вучняў Г.Аўсяннікаў, Л.Давідовіч, Г.Дубаў, М.Захарэвіч і інш.
Літ.:
Кандрашына К.М. Канстанцін Саннікаў. Мн., 1981;
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.
У.І.Няфёд.
К.М.Саннікаў.К.Саннікаў у ролі князя Капусты (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЗА́Н (Cézanne) Поль (19.1.1839, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.10.1906),
французскі жывапісец, вядучы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Муніцыпальнай школе малявання у Экс-ан-Правансе (1858—60) і прыватнай акадэміі Сюіса ў Парыжы (1861—65). Раннім яго творам уласцівы экспрэсіўна-фантасмагарычны характар, уплывы П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Э.Дэлакруа і А.Дам’е («Негр Сцыпіён», 1865; «Оргія», 1864—68; «Растае снег. Эстак», 1870). У 1870-я г. звярнуўся да імпрэсіянізму; жывапісная тэхніка набыла характар дробных плаўных мазкоў, вял. значэнне ў творах пачалі мець суразмернасць аб’ёмаў і тонаў, у партрэтах — псіхааналіз: «Дом павешанага» (1873), «Нацюрморт з вазай і садавінай» (каля 1877), «Мадам Сезан у чырвоным крэсле» (1877). У 1880-я г. творчасць С. дасягнула росквіту. У адрозненне ад імпрэсіяністаў яго найб. цікавілі не дынаміка святлопаветранага асяроддзя і змяненне колеру ў атмасферы, а ўстойлівыя заканамернасці колеравых спалучэнняў і форм, матэрыяльнасць прадметнага і прыроднага асяроддзяў. Ён доўга распрацоўваў адзін і той жа матыў у пошуках структурнай канструктыўнасці прыродных форм (шматлікія выявы гары Сент-Віктуар, 1885—1900). Выкарыстоўваў пераважна градацыі трох асн. колераў (зялёнага, блакітнага і жоўтага). Спалучэннем тонкіх і празрыстых фарбаў з кантрастнымі, нанесенымі шчыльнымі корпуснымі мазкамі, ствараў прасторавыя планы і ступень асвятлення. Раўнавагу фарбавай фактуры гарманічна спалучаў са смелым лаканічным малюнкам, канструктыўна-дакладнай, пластычна-абагульненай лепкай формы і ўраўнаважанасцю кампазіцыі (аўтапартрэт, 1879—85; «П’еро і Арлекін», 1888; «Персікі і грушы», 1888—90; «Вялікія купальшчыцы», 1898—1905). Для яго пейзажаў характэрны панарамны ахоп напоўненага святлом ландшафту («Дарога», 1883—87; «Берагі Марны», 1888; «Мост у Труа-Сатэ», 1906). У нацюрмортах з дапамогай фарбавай фактуры і выкарыстання чыстага колеру выяўляў матэрыяльную структуру і строгую пластычнасць прадметнага свету («Нацюрморт з драпіроўкай», 1898—99, і інш.).
Літ.:
Воллар А. Ренуар. Сезанн: Пер. с фр. СПб., 2000;
Перрюшо А. Сезанн: Пер. с фр.М., 1966;
Поль Сезанн: Переписка, воспоминания современников: [Пер. с фр.]. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬМАШО́НАК (Сцельмашонак) Уладзімір Іванавіч
(н. 6.2.1928, Мінск),
бел. мастак, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Нар.маст. Беларусі (1988). Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (1957). У 1957—2000 выкладаў у Бел.АМ. Старшыня праўлення Саюза мастакоў Беларусі (1965—68, 1987—89). Працуе ў станковым жывапісе (пераважна ў жанры партрэта) і манументальна-дэкар. мастацтве. Жывапісным творам уласцівы арыгінальнасць кампазіцыйных вырашэнняў, гарманічныя суадносіны элементаў пластычнай формы, дэкар. выразнасць колераў, манументалізацыя вобразаў. Сярод работ: «Студэнтка» (1953), партрэты В.Сядых і К.Гарулі (1958), нар. паэта Беларусі Я.Коласа (1967), нар.арт.СССР Р.Р.Шырмы (1968), «Народныя камісары БССР. Дз.Ф.Жылуновіч, А.Ф.Мяснікоў, В.Г.Кнорын, І.А.Адамовіч, А.Р.Чарвякоў» (1971), Героя Сав. Саюза і Героя Сац. Працы К.П.Арлоўскага (1975), «Словы паэта» (1981), партрэты М.Гарэцкага (1983), П.А.Жалезняковіча, групавыя партрэты Герояў Сац. Працы калгаса «Аснежыцкі» (усе 1984—4(6), «Славутасці Беларусі. Вялікія князі літоўскія» (1993), партрэты Ф.Скарыны, Я.Купалы (абодва 1990), трыпціх «Сыны Радзімы» (1970), серыі партрэтаў «Радзівілы» (1980—2001), «Інбелкульт», «Міцкевіч. Музы Міцкевіча» (абедзве 1999—2000), «Радня» (2001—01), «Ганаровыя грамадзяне Мінска» (2001) і інш. Выканаў вітражы: «Я.Купала» ў Літ. музеі Я.Купалы (1972) і Доме літаратара (1976), «Свята зямлі Беларускай» у Доме мод № 2 (1980—81, з В.Даўгалам) у Мінску, «Мінск і мінчане» і «Мінск» для рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1976—77), на станцыі метро «Плошча Перамогі» (1979—82, з Даўгалам), размалёўку «Беларускі канцэрт» у Палацы культуры хімікаў у г. Светлагорск, сграфіта «Рабінка» і «Беларускі матыў» у санаторыі «Беларусь» у г. Місхор (Украіна; усе 1972), фларэнційскую мазаіку на станцыі метро «Маскоўская» ў Мінску (1979—82, з Даўгалам).
Літ.:
Дарский Э. Владимир Стельмашонок. М., 1983;
Частнова Р.П. Уладзімір Стальмашонак. Мн., 1983.
Л.Ф.Салавей.
У.І.Стальмашонак.У.Стальмашонак. Славутасці Беларусі. Вялікія князі літоўскія. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́МА Здзіслаў Францавіч (17.8.1907, Мінск — 21.7.1992),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1961). Нар.арт.СССР (1968). Скончыў драм. студыю Польскага вандроўнага т-ра Беларусі (1929), працаваў у гэтым т-ры (1929, 1931—33), у т-рах Украіны (1935—36). З 1937 у Бел. т-ры юнага гледача, з 1940 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Вострахарактарны і камед. акцёр. Валодаў дасканалай пластыкай, багатай палітрай інтанацый, мімікі, жэста, здольнасцю да імправізацыі. Творчасць С. вызначалася жыццёвай верагоднасцю ў спалучэнні з яркім знешнім малюнкам ролі, выкарыстаннем гратэску. Стварыў самабытныя вобразы ў бел. рэпертуары: Быкоўскі, Пустарэвіч («Паўлінка» Я.Купалы), Куторга («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Лявон, Сенька-заіка («Лявоніха на арбіце», «Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка), Туляга, Караўкін («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы), Бураўчык («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), дзед Савось, Іаахім («Адкуль грэх?», «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Піліп Назараў («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна). Сац. аналіз і псіхал. неадназначнасць уласцівы ролям класічнага рэпертуару: Хлопаў («Рэвізор» М.Гогаля), Белагубаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Епіходаў («Вішнёры сад» А.Чэхава), Афанасій Мацвеевіч («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Бенволіо, Пароль («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Глап’е («Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго), Арлекін («Ілгун» К.Гальдоні). З інш. роляў: Крысіп («...Забыць Герастрата!» Р.Горына), Мішо («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Маляр («Трэцяе жаданне» Б.Блажака), доктар Камін («Зоркі вечныя» М.Бора). Зняўся ў кінафільмах «Чырвонае лісце», «Міколка-паравоз», «Канстанцін Заслонаў», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Я, Францыск Скарына», «Запомнім гэты дзень», «Белы цень» і інш., тэлефільмах «Руіны страляюць...», «Нас выбраў час» і інш.
Літ.:
Гаўрук Ю. Здзіслаў Стома // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Горобченко Т. Служение искусству // Неман. 1982. № 8;
Астапенка А. Нявольнік Мельпамены: Дак. аповесць пра народнага артыста СССР Здзіслава Стому. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРО́Ў Валянцін Аляксандравіч (19.1.1865, С.-Пецярбург — 5.12.1911),
рускі жывапісец. Сын А.М.Сярова. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1903—05). Вучыўся ў І.Рэпіна, у Пецярбургскай АМ (1880—85). У 1897—1909 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Чл. Т-ваў перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). «Свет мастацтва». Раннім творам уласцівы непасрэднасць успрыняцця натуры, распрацоўка светлавых і колеравых эфектаў, святлопаветранага асяроддзя; «Дзяўчынка з персікамі» (1887), *Дзяўчына, асветленая сонцам» (1888). З 1890-х г.асн. жанрам стаў партрэт, які вылучаецца псіхал. завостранымі характарыстыкамі, падкрэсленай артыстычнасцю: А.Мазіні (1890), Ф.Таманьё (1891—93), К.Каровіна (1891), І.Левітана (1893), М.Рымскага-Корсакава (1898). Адмовіўшыся ад папярэдняга шматфарбавага, сакавітага колеру жывапісу, аддаваў перавагу адной дамінуючай гаме чорна-шэрых або карычневых тонаў, карыстаўся больш свабодным, шырокім мазком. З канца 1890-х г. пісаў парадныя партрэты (вял. князя Паўла Аляксандравіча, 1897; Ф.Ф.Юсупава, 1903), камерныя партрэты дзяцей і жанчын («Дзеці», 1899; «Міка Марозаў», 1901), пейзажна-жанравыя кампазіцыі на сял. тэмы («Кастрычнік. Даматканава», 1895; «Баба на калёсах» 1899), якія вызначаюцца вытанчаным малюнкам, лаканізмам выяўл. сродкаў, глыбінёй сац. характарыстык. Рысы мадэрна праявіліся ў партрэтах М.Горкага (1904), М.Ярмолавай, Ф.Шаляпіна (абодва 1905), І.А.Марозава (1910) і інш. У позняй творчасці значнае месца займаў гіст. жывапіс, якому ўласцівы глыбіня спасціжэння эпохі («Пётр I», 1907), багацце адценняў у характарыстыцы герояў і абставін («Выезд Пятра II і цэсарэўны Лізаветы Пятроўны на паляванне», 1900). Пісаў карціны на міфал. сюжэты («Адысей і Наўзікая», 1909—10; «Выкраданне Еўропы», 1910). Аформіў спектакль «Юдзіф» А.Сярова (1907, Марыінскі т-р у Пецярбургу). Ілюстраваў творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Лермантава, І.Крылова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЯ́НС (франц. faïence ад назвы італьян. горада Фаэнца, дзе вырабляюць фаянс),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго. Атрымліваюць абпалам паўфабрыкатаў з тонкай сумесі белапаленай гліны, кааліну, кварцу, палявога шпату.
Пасля абпалу Ф. мае шчыльны драбнапорысты непрасвечвальны чарапок. Для змяншэння водапаглынання Ф. пакрываюць непразрыстай (глухой) або празрыстай палівай. Вызначаецца мех. трываласцю, воданепранікальнасцю, хім. і тэрмічнай устойлівасцю. Выкарыстоўваецца для вырабу сан.-тэхн. абсталявання, абліцовачных плітак, посуду, дэкар. вырабаў і інш. Вырабы з матэрыялу, блізкага да Ф., вядомыя з 4—5 ст. (Стараж. Егіпет, Кітай). У 16 ст. выраб Ф. пачаўся ў Францыі, з 18 ст. — у Расіі.
2) У мастацтве — вырабы з гэтага матэрыялу (посуд, дробная пластыка, вазы, арх. дэталі, дэкар. пано і інш.) маст. і быт. прызначэння. Фаянсавым вырабам уласцівы большая ў параўнанні з фарфорам абагульненасць форм, разнастайнасць спосабаў дэкарыравання, колеравай палітры і відаў палівы.
Пераважае размалёўка керамічнымі фарбамі: падпаліваная ручная (солямі металаў, ангобам, каляровымі эмалямі і палівай), а таксама мех. (аэраграфія, шаўкаграфія, штамп); надпаліваная ручная спец. фарбавальнікамі, а таксама надпаліваны друк, штамп, абводка золатам, шаўкаграфія і інш. Вырабы аздабляюць таксама ляпным рэльефам і скульпт. дэталямі ў спалучэнні з размалёўкай. Сусв. вядомасць набылі фаянсавыя вырабы краін Усходу, а таксама дэлфцкі Ф. (Нідэрланды), мануфактуры Дж.Уэджвуда (Вялікабрытанія), гжэльская кераміка (Расія) і інш.
На Беларусі Ф. вядомы з 18 ст. Яго выраблялі на мануфактурах кн. Радзівілаў у Свержані (гл.Свержанская фаянсавая мануфактура) і Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), А.Тызенгаўза ў Гродне, М.Агінскага ў Целяханах (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), з 1818 на ф-цы ў Слуцку, з 1951 на Мінскім фарфора-фаянсавым з-дзе (з 1961 Мінскі фарфоравы завод). З 1960-х г.дэкар. кампазіцыі, вазы, блюды, наборы посуду дэкар. пано стварылі бел. мастакі В.Гаўрылаў, Р.Кійко, Т.Пятроўская, З.Раўко, Э.Фокіна і інш.
Л.Д.Фінкельштэйн.
Да арт.Фаянс. Вазы ў стылі «чорны базальт». Мануфактура «Уэджвуд». Вялікабрытанія. 19 ст.