ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),
рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.Пракоф’ева, а таксама К.Дэбюсі, М.Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.Фокін, В.Ніжынскі, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.Карсавіна, М.Кшасінская.
М.Мордкін, Г.Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;
Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІДО́ВІЧ (Генрых Вацлававіч) (н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам.гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.Ф.Купера «Апошні з магікан».
Тв.:
Цяпло на першацвет. Мн., 1976;
Маладыя гады. Мн., 1979;
Міланькі. Мн., 1980;
На новы парог. Мн., 1983;
Станаўленне. Мн., 1985;
Міг маладосці. Мн., 1987;
Жывы покліч. Мн., 1995;
Жар кахання. Мн., 1996;
Кліч роднага звона. Мн., 1997.
Літ.:
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎу мовазнаўстве,
гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.
Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш.слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1989;
Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.
Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.Ліберман і К.Грэбе (1869); О.Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст.т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.Брука і А.Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна, «Русалачка» паводле Х.К.Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.Шэкспіра і інш.Гал. рэжысёры: М.Кулага (1976—77), Л.Быкаў (1977), Ф.Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.Мікіна (1992—98).
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.Жугжды.Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ГІДРАДЫНА́МІКА,
галіна фізікі, якая вывучае рух электраправодных газаў і вадкасцей (вадкіх металаў, электралітаў, плазмы) ва ўзаемадзеянні з магнітным полем. Да асн. пытанняў М.г. адносяць даследаванні ўмоў раўнавагі магн. поля з электраправодным асяроддзем, цячэнняў у магн. полі, магнітадынамічных хваль, знаходжанне ўмоў устойлівасці раўнаважных канфігурацый і цячэнняў.
Тэарэт. аснова М.г. — ураўненні гідрадынамікі з улікам эл. токаў і магн палёў у асяроддзі і Максвела ўраўненні. У асяроддзях 3 вял. праводнасцю (гарачая плазма) і (або) вял. памерамі (астрафіз. аб’екты) да звычайнага газадынамічнага ціску дадаецца магн. ціск і магн. нацяжэнне, што прыводзіць да з’яўлення т.зв. альвенаўскіх хваль. М.г. тлумачыць таксама з’явы касм. фізікі: зямны і сонечны магнетызм, паходжанне магн. палёў у Галактыцы, храмасферныя ўспышкі на Сонцы, Магн. буры і інш. Як самаст. навука М.г. сфармулявана ў 1940-х г. шведскім фізікам і астрафізікам Х.Альвенам, які прадказаў новы від хваль, характэрных для добраправоднага асяроддзя ў магн. полі. З 1960-х г. даследаванні па М.г. значна пашырыліся за кошт узнікнення новых відаў вадкіх асяроддзяў, што ўзаемадзейнічаюць з магн. палямі і маюць уласную намагнічанасць (магн. вадкасці і магнітарэалагічныя суспензіі).
На Беларусі даследаванні па М.г. магн. вадкасцей і магнітарэалагічных суспензій вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, БПА. Розныя эфекты, што вывучаюцца М.г., знайшлі выкарыстанне ў інж. практыцы (стварэнне магнітагідрадынамічных генератараў, МГД-помпаў, ракетных рухавікоў, магчымае ажыццяўленне кіроўнага тэрмаядзернага сінтэзу і інш.).
Літ.:
Альвен Х., Фельтхаммар К.-Г. Космическая электродинамика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКАЯ ВЯСНА́»,
міжнародны фестываль музыкі, які праводзіцца штогод з 1984 у Мінску ў пач. красавіка. Ініцыятар і арганізатар фестывалю Ю.Гільдзюк. Мае на мэце ўсебаковую падтрымку і прапаганду прафес.муз. мастацтва, выяўленне новых дасягненняў і імён у кампазітарскай і выканальніцкай творчасці. Канцэртныя праграмы ўключаюць музыку розных эпох і жанраў, новыя творы сучасных бел. і замежных кампазітараў. Многія фестывалі мелі пэўную тэматыку: «Год В.А.Моцарта» (1991), «Новыя імёны» (1992), «Год С.В.Рахманінава» (1993), «Велікоднае прынашэнне» (1994), «Да 40-годдзя Перамогі» (1995), «Ф.Шуберт і І.Брамс — нашы сучаснікі» (1997), «У святле скрыпкі» (1999). У рамках фестывалю праводзяцца аўтарскія канцэрты бел. кампазітараў. У фестывалі ўдзельнічалі вядомыя бел. калектывы, у т. л.Дзярж.акад.сімф. аркестр, Дзярж.акад. харавая капэла, Дзярж. камерны хор, Дзярж. камерны аркестр, ансамбль салістаў «Класік-Авангард», Мінскі абл. камерны хор «Санорус», ансамбль нар. музыкі «Свята», акад. хор Бел. тэлебачання і радыё, калектывы Бел. акадэміі музыкі; піяністы І.Алоўнікаў, Ю.Бліноў, Гільдзюк, А.Сікорскі; кларнетыст Г.Забара; трубач А.Кавалінскі, вакалісты С.Данілюк, М.Гулегіна, Н.Галеева, М.Жылюк, Н.Руднева, В.Скорабагатаў і інш., замежныя творчыя калектывы, кампазітары і асобныя выканаўцы з Расіі, Прыбалтыкі, Малдовы і інш., у т. л.рас. кампазітары С.Губайдуліна, Э.Дзянісаў, А.Шнітке, А.Эшпай; Дзярж. акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, выканаўцы-інструменталісты Ю.Башмет, Э.Вірсаладзе, М.Пятроў, У.Співакоў, В.Траццякоў, дырыжор А.Янчанка, спявачкі І.Архіпава, М.Біешу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РВІД ((Norwid) Цыпрыян Каміль) (24.9.1821, в. Ляскова-Глухы каля Варшавы — 23.5.1883),
польскі пісьменнік. Вучыўся ў варшаўскай гімназіі, маст. школах (1831—40). З 1842 жыў за мяжой (Германія, Італія, Бельгія, Францыя, ЗША, Англія), з 1854 у Парыжы. Прадстаўнік другога пакалення польск. рамантыкаў. Непрызнаны пры жыцці, апублікаваў толькі частку напісанага (шмат з яго спадчыны згублена). Сярод лепшых твораў: лірычныя вершы, прысвечаныя выдатным людзям і падзеям («Памяці Бэма жалобная рапсодыя», 1851, выд. 1910; вершы ў гонар А.Міцкевіча «Што ты зрабіў Афінам...», 1856, і «Спартак», 1857; «Фартэпіяна Шапэна», 1865, і інш.), лірычны цыкл «Vademecum» (1858—66, выд. 1947), філас. паэма «Асунта» (1870, выд. 1908), драм. фантазія «За кулісамі» (1865—66, паст. 1946), трагедыі «Пярсцёнак велікасвецкай дамы» (1872, паст. 1936) і «Клеапатра» (1872—79, паст. 1934). Аўтар навел, філас.-эстэт. трактатаў, цыкла эсэ «Чорныя кветкі» (1857, выд. 1904) пра парыжскія сустрэчы з Міцкевічам, Ю.Славацкім, Ф.Шапэнам. Распрацоўваў праблемы гісторыі цывілізацыі і сучаснасці, культуры еўрап. народаў, агульначалавечай маралі і інш., імкнуўся да стварэння новыхпаэт. сродкаў. Яго творчай манеры ўласціва філасафічнасць, інтэлектуальная гульня, афарыстычнасць, сімволіка, схільнасць да парадоксаў. іронія. Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, гравюр. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Мінкін, В.Сёмуха.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—5. 2 wyd. Warszawa, 1980;
Бел.пер. — у кн : Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ прадпісанні, агульнапрызнаныя правілы, прынцыпы, узоры паводзін або дзеянняў індывідаў ці груп у грамадстве. Адлюстроўваюць пазітыўныя (прадпісанні) і негатыўныя (забарона) характарыстыкі дзеянняў. На аснове Н.с. забяспечваюцца ўпарадкаванасць, рэгулярнасць сац. ўзаемадзеянняў індывідаў і груп. Паўтаральнасць сац. узаемадзеянняў дае магчымасць індывідам прадбачыць дзеянні іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і паводзіць сябе адпаведна. Мараль і права — найб. важныя сферы нарматыўнай рэгуляцыі паводзін і дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін (гл.Норма права, Нормы маральныя). Н.с. бываюць універсальныя (датычаць кожнага індывіда ў грамадстве) і прыватныя (датычаць пэўнай сферы дзейнасці, статуснай пазіцыі, сац. ролі і інш.), а таксама неразвітыя, «мёртванароджаныя», нормы-фікцыі і нормы-фантомы. Адрозніваюць Н.с. паводле спосабу фіксацыі (фармальныя і нефармальныя, вусныя і пісьмовыя), ступені абагульненасці (узоры пэўнага дзеяння або агульныя прынцыпы дзейнасці), універсальнасці дзеяння (спецыфічныя або агульназначныя правы і абавязкі). Выкананне Н.с. забяспечваецца шляхам іх інтэрналізацыі (ператварэнне знешніх патрабаванняў ва ўласную звычку, патрэбу), якая адбываецца ў працэсе сацыялізацыі індывіда або за кошт інстытуцыялізацыі (уключэнне ў структуру грамадства) і сац. кантролю. Нарматыўная рэгуляцыя бывае традыцыйнай, калі крытычныя адносіны да Н.с., прынятых у дадзеным грамадстве, недапушчальныя або праследуюцца санкцыямі, і рацыянальнай, калі развіццё і абгрунтаванне новых Н.с. становіцца важнай задачай. Новыя Н.с. павінны адпавядаць аб’ектыўным умовам развіцця эканомікі, навукі, грамадства і інш. Адсутнасць або знікненне Н.с. наз.анаміяй (паводле Э.Дзюркгейма), іх парушэнне — дэвіяцыяй (гл.Дэвіянтныя паводзіны).
Літ.:
Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;
Плахов В.Д. Социальные нормы: Филос. основания общей теории. М., 1985;
Пеньков Е.М. Социальные нормы: основания общей теории. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.