кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш.Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРА́С,
расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.
Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар.арт. Расіі (1963). Нар.арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар.арт.СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф.арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎКІ (Microtinae),
падсямейства млекакормячых жывёл сям. хамяковых атр. грызуноў. Больш за 40 родаў (каля 20 сучасных), каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах, сем’ямі або калоніямі. На Беларусі 7 сучасных відаў: андатра, П. вадзяная (Arvicola terrestris), П. лясная рыжая (Clethrionomys glareolus), П.-эканомка (Microtus oeconomus), П. звычайная, або шэрая (M. arvalis), П. земляная, або падземная (M. subterraneus), П. цёмная, або пашавая (M. agrestis), і 1 выкапнёвы для Беларусі від — П. вузкачарапная, або статкавая (M. gregalis), у наш час пашырана ў Азіі. 1 від і 1 падвід П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела (акрамя андатры) да 23 см, хваста — да 1/2даўж. цела. Морда круглявая, вушы кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 12 і больш дзіцянят, да 5 разоў за год. Многія П. — шкоднікі с.-г. раслін, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб. Корм для многіх драпежных птушак і звяроў. Некат. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІВА,
рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш.Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл.Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв.альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Parasitiformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. 3 асн. групы (сям.): гамазоідньи, або гамазавыя кляшчы, іксодавыя кляшчы і ураподы (Uropodoidea). Каля 70 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху, арган. рэштках, гнёздах птушак і грызуноў, норах жывёл, у жыллі чалавека. Многія віды П.к. — дэфінітыўныя гаспадары і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (бабезіёзу, піраплазмозу, гемарагічнай ліхаманкі, кляшчовага энцэфаліту і інш.). На Беларусі больш за 300 відаў.
Даўж. 0,2—4 мм. Цела шарападобнае ці падоўжана-авальнае, тулава падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта панцырам. Ротавы апарат (гнатэма) колючы, грызучы, колюча-грызучы. 4 пары 5—6-членікавых ног. Драпежнікі, некат. кормяцца крывёю, арган. рэшткамі, паразітуюць на раслінах. Размнажэнне палавое, у некат. партэнагенез. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.
Літ.:
Арзамасов И.Т. Иксодовые клещи. Мн., 1961;
Яго ж. Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл.Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ ХВАЛЬ, рэфракцыя хваль,
змена напрамку распаўсюджвання хвалі ў неаднародным асяроддзі, абумоўленая залежнасцю фазавай скорасці хвалі ад каардынат. Разглядаецца як асобная (незалежная ад дыфракцыі хваль) з’ява толькі ў межах прамянёвага апісання хвалевых працэсаў (гл.Геаметрычная оптыка, Геаметрычная акустыка). Адрозніваюць П.х. на плоскай ці плаўна выгнутай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў і П.х. у плаўна неаднародным асяроддзі.
Пры пераламленні плоскай монахраматычнай хвалі на плоскай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў напрамкі распаўсюджвання падаючай і пераломленай хваль падпарадкоўваюцца закону Снэля (гл.Пераламлення паказчык). На мяжы падзелу анізантропных асяроддзяў, дзе фазавая скорасць хвалі залежыць ад напрамку яе распаўсюджвання, адной падаючай хвалі могуць адпавядаць некалькі пераломленых хваль (гл.Падвойнае праменепераламленне). Пры рэзкіх межах падзелу асяроддзяў П.х. суправаджаецца адбіццём хваль. Суадносіны амплітуд падаючай, адбітай і пераломленай хваль залежаць ад прыроды і палярызацыі хваль і вызначаюцца Фрэнеля формуламі. Рэфракцыяй хваль тлумачацца многія з’явы прыроды: міражы, гукавыя каналы ў атмасферы і ў акіяне, звышдалёкая радыёсувязь і інш.Гл. таксама Пераламленне святла, Сейсмічныя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯШЧЭ́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (4.12.1825, г. Кастрама, Расія — 8.10.1893),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1843—45). У 1849 за ўдзел у гуртку М.В.Петрашэўскага прыгавораны да пакарання смерцю, замененага ссылкай радавым у Арэнбургскія лінейныя войскі. У 1859 вярнуўся ў Маскву. Друкаваўся з 1844. У ранняй лірыцы (зб. «Вершы», 1846) ідэі сацыяліст. утапізму. Вершы «Уперад! Без страху і сумнення», «Па пачуццях браты мы з табою» сталі рэв. песнямі. Проза («Аповесці і апавяданні», ч. 1—2, 1860, і інш.) блізкая да натуральнай школы. Аўтар зб. «Новыя вершы» (1863), п’ес, блізкіх да вадэвілю, крытычных артыкулаў, фельетонаў, вершаў для дзяцей і інш. Перакладаў славянскую, ням., франц., англ., венг., італьян. паэзію. Многія вершы П. пакладзены на музыку М.Рымскім-Корсакавым, П.Чайкоўскім і інш.
Тв.:
Избранное: Стихотворения. Проза. М., 1960;
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1964;
Житейские сцены. М., 1986;
Стихотворения;
Проза. М., 1991.
Літ.:
Кузин Н.Г. Плещеев. М., 1988;
Пустильник Л.С. Жизнь и творчество А.Н.Плещеева. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНЧА́К (Леанід Іванавіч) (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Мінскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрв’ю з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-опер «Максім» (паводле М.Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я.Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).