ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас. р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн. г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б. ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл. Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СА,

возера на мяжы Глыбоцкага і Пастаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 18 км на ПнЗ ад г. Глыбокае. Пл. 1,1 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. каля 1,2 км, найб. глыб. 34 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 8,04 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 1—5 м (на ПдЗ 12—13 м), завалуненыя, пад хмызняком. Берагі выш. да 0,5 м, пясчана- і пясчана-жвіровыя, месцамі завалуненыя, пад хмызняком, на ПнЗ абразійныя. На Пн, У і ПдЗ участкамі пойма шыр. да 15 м. Мелкаводдзе пясчана-жвіровае, глыбей дно пясчанае (да 7 м) і ілістае. Мінералізацыя вады каля 210 мг/л, празрыстасць 2,8 м. Мезатрофнае. Зарастае. Выцякае р. Плісаўка.

Возера Пліса ў Глыбоцкім раёне.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКАРО́ТНЯ,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУ выш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх. ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́РЫ,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 5 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,7 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 20,8 м, даўж. берагавой лініі 4,9 км, пл. вадазбору 48 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 10—20 м, на Пн і З параслі лесам, на ПдУ і У разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Ёсць 3 вял. залівы, востраў пл. 1,5 га. Дно зах. ч. катлавіны лейкападобнай формы, усх. — плоскае. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная ч. выслана ілам. Зарастае да глыб. 4,5—5,2 м. Праз возера цячэ р. Спорыца (злучае яго з азёрамі Світка і Задзеўскае), упадае ручай з воз. Споркі.

т. 15, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКЛА-МАКА́Н,

пустыня на З Кітая, у цэнтр. ч. Кашгарскай раўніны; адна з буйнейшых пясчаных пустынь свету. Пл. 271 тыс. км². Даўж. з 3 на У больш за 1000 км, шыр. да 400 км. Пераважаюць выш. 800—1300 м, найб. выш. 1664 м (г. Чонгтаг). Б.ч. тэрыторыі ўкрыта пяскамі (месцамі магутнасцю да 300 м). Характэрны барханы, дзюны, замацаваныя ўзгоркі, на ўскраінах гліністыя ўчасткі з саланчакамі. Т.-М. з 3 і Пн агінае р. Тарым, у вільготныя гады перасякае р. Хатан. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Ападкаў да 100 мм за год. Моцныя вятры, пясчаныя буры. Б.ч. паверхні без расл. покрыва. У вільготных месцах — тамарыск, салянкі, сялітранкі, па далінах рэк — рэшткі тугайных таполевых лясоў, рэдкія аазісы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНГАНЬІ́КА (Tanganyika),

возера ў Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Танзаніі, Замбіі і Бурундзі. Пл. 34 тыс. км². Размешчана ў тэктанічнай упадзіне Усх.-Афрыканскай зоны разломаў на выш. 773 м. Даўж. каля 650 км, шыр. да 80 км, глыб. да 1470 м (другое па глыбіні пасля воз. Байкал). Берагі прамалінейныя, месцамі высокія і стромкія. У Т. ўпадаюць рэкі Малагарасі і Рузізі. Сцёк па р. Лукуга ў р. Луалаба (бас. р. Конга). Багатая фауна; сярод рыб, крэветак, весланогіх і інш. вял. колькасць эндэмікаў. Водзяцца бегемоты, кракадзілы, шмат вадаплаўных птушак. Па берагах — нац. паркі: Сумбу (Замбія), Гомбе-Стрым (Танзанія); рэзерват Убвары (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Кігома (Танзанія), Бужумбура (Бурундзі), Калеміе (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта англ. даследчыкамі Р.​Бёртанам і Дж.​Спікам у 1858.

т. 15, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗДЗЯ́НКА, Жыццё,

рака ў Дзяржынскім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Уса (бас. р. Нёман). У верхнім цячэнні наз. Жэсць. Даўж. 57 км, пл. вадазбору 334 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Віцкаўшчына Дзяржынскага р-на, цячэ праз г. Узда, упадае ў р. Уса за 500 м на У ад в. Сямёнавічы Уздзенскага р-на. Асн. прыток — р. Алёхаўка. Даліна ў вярхоўі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная (шыр. 400—600 м). Да в. Дуброўка рака цячэ па асушаным балоце, ніжэй пойма роўная, адкрытая (шыр. 40—50 м), месцамі адсутнічае. Рэчышча на працягу 18 км каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2 м³/с, на перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 45% гадавога сцёку.

т. 16, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦНА, Чырвоная рэчка,

рака ў Лагойскім, Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Гайна (бас. р. Дняпро). Даўж. 66 км. Пл. вадазбору 609 км². Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Літвічы Лагойскага р-на, вусце на ўсх. ускраіне в. Сутокі Смалявіцкага р-на. Асн. прытокі: Чарніца і Лавоша (справа). Цячэ па паўн.-ўсх. частцы Мінскага ўзвышша. Даліна трапецападобная, месцамі не выражана, шыр. да 3,5 км. Схілы спадзістыя, выш. 10—20 м, ад З м у вярхоўі да 30 м у ніжнім цячэнні. Пойма пераважна двухбаковая (шыр. 300—600 м). Рэчышча каналізаванае, акрамя ўчасткаў на працягу 14 км ад вытоку і 2 км перад вусцем. Рака замярзае ў канцы ліст., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

т. 17, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РТНІЦТВА,

лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХАЯ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,

горная краіна на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. З’яўляецца водападзелам басейнаў рэк Лена і Алдан, Амалой, Яна. Даўж. каля 1200 км ад дэльты Лены да р. Тампо (правы прыток Алдана). Утварае выпуклую на ПдЗ дугу шыр. ад 100 да 250 км. Складаецца са шматлікіх масіваў і хрыбтоў з высакагорным (Арулган) і згладжаным сярэднягорным (Хараўлахскі, Кулар) рэльефам і ўпадзін, што іх падзяляюць. Вышыні ад 700 да 900 м на Пн і Пд у сярэдняй ч. павялічваюцца да 2389 м. Верхаянскі хрыбет — антыклінорый, складзены з алеўралітаў, пясчанікаў, сланцаў, радзей вапнякоў. Месцамі асадкавыя пароды прарваны дайкамі дыябазаў і гранітнымі інтрузіямі. Да выш. 800—1200 м лістоўнічныя рэдкалессі, вышэй — хмызняковая вольха і кедравы сланік; на вяршынях высакагорных хрыбтоў халодная арктычная пустыня. Усюды пашырана шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, алавяных руд.

т. 4, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)