СЛО́НІМСКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ,

помнік архітэктуры 17 ст. ў г. Слонім. Засн. ў 1635 Я.​С.​Сапегай (старэйшы сын канцлера Л.​І.​Сапегі) з наданнем маёнтка Дарава. Верагодна, волю памерлага брата выканаў у 1650 падканцлер ВКЛ, староста слонімскі К.​Л.​Сапега. Кляштарны комплекс знаходзіўся на краі рыначнай плошчы, займаў квартал паміж вул. Студэнцкай і Панасаўскай, уключаў мураваныя касцёл Божага Цела, 2-павярховы жылы і 1-павярховы гасп. карпусы, сад, агарод. Касцёл пабудаваны ў рэнесансавым стылі, меў шчытавы фасад, гранёную апсіду, бакавыя капліцы. Кляштар скасаваны ў 1832, касцёл быў перароблены пад Спаса-Праабражэнскі правасл. сабор, разбураны ў 1950-я г., з 2000 аднаўляецца.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 15, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПЯЛЕ́ВІЧ Васіль Рыгоравіч (н. 19.1.1947, в. Блужа Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БДУ (1970), дзе і працуе. Навук. працы па фіз. матэрыялазнаўстве. Устанавіў заканамернасці ўплыву знешніх уздзеянняў (пластычнай дэфармацыі, тэрмічнай апрацоўкі) на структуру і электрафіз. ўласцівасці паўметалаў, заканамернасці ўплыву звышхуткай загартоўкі з вадкай фазы на структуру і фіз.-мех. ўласцівасці сплаваў. Распрацаваў комплекс пераўтваральнікаў на аснове эфекту Хола для аўтаматызацыі і рабатызацыі вытв. сістэм.

Тв.:

Основы фотонных и электронных процессов в кристаллах. Гомель, 1999 (разам з В.​І.​Пракошыным, В.​М.​Драко);

Сборник задач по физике металлов и металловедению. Мн., 2000.

т. 17, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎКАРЫЁТЫ (ад грэч. eu добра + karyon ядро),

арганізмы, якія маюць у сваіх клетках марфалагічна аформленае ядро. Да Э. адносяцца адна- і шматклетачныя расл. і жывёльныя арганізмы, грыбы. У сістэматыцы Э. вылучаюць у надцарства і проціпастаўляюць пракарыётам.

Ядро аддзелена ад цытаплазмы ядзернай абалонкай і мае храмасомы, якія складаюцца з дэзоксірыбануклеінавай кіслаты і бялкоў (гістоны і інш.). У цытаплазме Э. ёсць клетачныя арганоіды: мітахондрыі, пластыды, Гольджы комплекс і інш. Клеткі часта маюць жгуцікі і раснічкі складанай будовы. Э. не фіксуюць атм. азот; аэробныя арганізмы або рэдка другасныя анаэробныя арганізмы. У большасці Э. — палавы працэс, у выніку якога ядры 2 клетак зліваюцца, потым адбываецца рэдукцыйнае дзяленне аплодненай клеткі.

т. 18, кн. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АУ́ТКА Аляксандр Аляксандравіч (н. 5.9.1946, в. Жытомля Гродзенскага р-на),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1973). З 1972 у Бел. НДІ бульбаводства і плодаагароднінаводства. З 1990 у Бел. НДІ агароднінаводства (з 1999 дырэктар). Распрацаваў сучасныя механізаваныя тэхналогіі вырошчвання расады і агародніны ў адкрытым і ахаваным грунце. Стварыў комплекс спецыялізаваных машын для вырошчвання агароднінных культур.

Тв.:

Рассада овощных культур. Мн., 1992;

Технология возделывания овощных культур. Мн., 2001;

Тепличное овощеводство. Мн., 2003 (разам з М.​М.​Долбікам, І.​П.​Казлоўскай);

Приоритеты современного овощеводства. Мн., 2003 (разам з Г.​І.​Ганушам, М.​М.​Долбікам).

т. 18, кн. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКА-БЯ́ЛА (Bielska-Biała),

горад на Пд Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Бельскага ваяводства. 185 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел. Важны цэнтр тэкст. (шарсцяной, ільняной), аўтамабілебуд. (малалітражныя аўтамабілі «Фіят»), самалётабуд. (планеры), электратэхн. прам-сці. Тэкст. машынабудаванне. Харч., швейныя, папераробныя прадпрыемствы. Студыя мультыплікацыйных фільмаў. Турызм. 2 т-ры, 2 музеі. Помнікі архітэктуры: замак 15—18 ст., касцёлы і комплекс жылых мураваных дамоў 17—18 ст.

Утвораны ў 1951 пасля зліцця гарадоў Бельска і Бяла. Бельска мела гар. правы з канца 13 ст. З 1327 пад уладай Чэхіі. З 15 ст. развіваецца суконная вытв-сць. З 1920 у складзе Польшчы. Бяла атрымала гар. правы ў 1723. З 1772 у складзе Аўстрыі. З 1918 у межах Польшчы.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),

участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.

Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНА́СІ, Бенарэс,

горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс. ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім. прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сць маст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн. чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,

стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

комплекс геал. даследаванняў на пэўнай тэр. з мэтай складання геалагічных картаў і выяўлення перспектыў на карысныя выкапні. У якасці асновы пры геалагічнай здымцы выкарыстоўваюць тапаграфічныя карты. Вылучаюць віды геалагічнай здымкі: на асобных лістах, групавую (на некалькіх лістах адначасова), для давывучэння знятых лістоў, аэрафота- і космааэрафотагеал., глыбінную і інш.

Падзяляецца на дробнамаштабную (для стварэння аглядальных геал. картаў), сярэднемаштабную (для прагнозных картаў) і буйнамаштабную (для пошукавых картаў). Уключае падрыхтоўчы, палявы і камеральны этапы. На ўсіх этапах праводзіцца дэшыфраванне аэрафота- і космаматэрыялаў. Завяршаецца геалагічная здымка стварэннем геал. карты, справаздачы або тлумачальнай запіскі.

На ўсёй тэр. Беларусі зроблена сярэднемаштабная геал. здымка (1:200 000), на асобных лістах — буйнамаштабная (1:50 000). Геолагаздымачныя работы вядзе Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАВАКЗА́Л (ад аўта... + вакзал),

комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).

У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамя асн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. ўстановы.

Аўтавакзал «Усходні» ў Мінску.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)