РЫКЕТСІЁЗЫ,

група інфекцыйных хвароб чалавека і жывёл, якія выклікаюцца рыкетсіямі. Р. чалавека — эпідэмічны сыпны тыф, эндэмічны пацучыны сыпны тыф, плямістая ліхаманка Скалістых гор, марсельская ліхаманка, афр. кляшчовыя ліхаманкі, цуцугамушы, Ку-ліхаманка і інш. Крыніца інфекцыі пры сыпным тыфе — хворы чалавек, пры інш. клінічных формах Р. — грызуны, дзікія і свойскія жывёлы. Пераносчыкі Р. — вошы, блохі, кляшчы. Р. суправаджаюцца ліхаманкай, інтаксікацыяй, галаўным, мышачным і сустаўным болем, спецыфічнымі высыпкамі на скуры. Пры Ку-ліхаманцы высыпка адсутнічае, але часта назіраецца пашкоджанне лёгкіх (пнеўманіі з утварэннем інфільтратаў).

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЯ ШЫНШЫ́ЛА,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1948—63 у СССР скрыжаваннем дробных трусоў пароды шыншыла з белым волатам. Пашырана ў СНД.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Тулава кампактнае, падоўжанае (60—70 см), абхват грудзей 37—42 см, сярэдняя маса 5 (да 7) кг. Валасяное покрыва шчыльнае, занальнае, серабрыста-шэра-блакітнае, на грудзях, спіне, баках, крыжы — больш цёмнае, на шыі, чэраве, унутр. баках ног — амаль белае. Характэрны светлая аблямоўка вакол вачэй і светла-шэры клін на патыліцы. Плоднасць 7—8 трусянят. Скараспелыя.

Савецкая шыншыла.

т. 14, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСЮ́Р (Saussure) Нікала Тэадор (14.10.1767, г. Жэнева, Швейцарыя — 18.4.1845),

швейцарскі аграхімік і фізіёлаг раслін. Чл.-кар. Парыжскай АН (1808), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1820). З 1802 праф. Жэнеўскага ун-та. Навук. працы па фізіцы, хіміі, геалогіі, фізіялогіі раслін. Вывучаў фізіялогію прарастання насення, ператварэнне крухмалу ў цукар, браджэнне. Упершыню выкарыстаў метады колькаснага хім. аналізу пры вывучэнні газаабмену і мінер. жыўлення раслін. Эксперыментальна паказаў засваенне раслінамі на святле вугляроду з вуглякіслага газу з выдзяленнем кіслароду, і што ў працэсе дыхання расліны, як і жывёлы, паглынаюць кісларод і выдзяляюць вуглякіслы газ.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫХАМАНО́З, трыхаманіяз,

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца трыхаманадамі. У чалавека крыніца інфекцыі — хворыя на Т. і паразітаносьбіты (заражэнне адбываецца пераважна палавым шляхам). Адносіцца да венерычных хвароб. Найчасцей бывае Т. похвы (трыхаманадны кальпіт у жанчын) і Т. мочаспускальнага канала (трыхаманадны урэтрыт у мужчын). Адрозніваюць Т. востры, падвостры, хранічны. Асн. прыкметы: белі, сверб, набраканне слізістай абалонкі, частае мочаспусканне, агульная слабасць. У мужчын часта працякае бессімптомна. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл найб. пашыраны Т. палавых органаў буйн. раг. жывёлы, свіней, птушак. Заражаюцца пераважна пры спароўванні або штучным асемяненні.

т. 16, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫХАФІТЫ́Я [ад грэч. thrix (trichos) волас + phyton расліна], трыхафітоз,

інфекцыйная хвароба птушак, жывёл і чалавека, якая выклікаецца паразітычнымі грыбкамі з роду трыхафітон. Раней Т., як і мікраспарыю, наз. «стрыгучы лішай».

У чалавека адрозніваюць паверхневую і глыбокую формы Т. Прыкметы паверхневай падобныя з прыкметамі мікраспарыі, пры глыбокай на целе і валасістай ч. галавы ўзнікаюць падобныя на нарывы балючыя ўтварэнні, бывае ўстойлівае аблысенне. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце з хворым на Т., праз бялізну, адзенне і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Т. найб. успрымальны маладняк буйн. раг. жывёлы.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫХІНЕЛЁЗ,

ачаговая глісная хвароба чалавека і жывёл, узбуджальнік якой трыхіна. Асн. носьбіты трыхін (трыхінел) — свойскія (свінні, каты, сабакі і інш.) і дзікія (ваўкі, лісы, мядзведзі, пацукі і інш.) жывёлы.

Чалавек заражаецца пры спажыванні мяса жывёл, заражанага лічынкамі паразіта. Прыкметы: ацёк твару (адсюль нар. назва адутлаватка), боль у мышцах (найб. міжрэберных і ног), ліхаманка (т-ра цела 39—40 °C). Часта на скурным покрыве з’яўляецца пляміста-папулёзная аднамомантная высыпка, падобная да высыпкі пры адры. У цяжкіх выпадках — ацёк усяго цела, затуманенне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЯМІ́Н, вітамін B1,

водарастваральны вітамін. Вылучаны ням. хімікам В.​Віндаўсам (1931), сінтэзаваны амер. хімікам Р.​Уільямсам (1936). Ёсць у збожжавых, бабовых, дражджах. Сінтэзуецца раслінамі і некат. мікраарганізмамі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць Т. з ежай.

Тыямін.

Адыгрывае важную ролю ў вугляводным абмене: у форме кокарбаксілазы ўваходзіць у састаў ферментаў, якія каталізуюць дэкарбаксіліраванне α-кетакіслот (напр., піравінаграднай к-ты). Нястача Т. выклікае паталаг. змены нерв., сардэчна-сасудзістай сістэм, хваробу беры-беры. Чалавеку неабходна 1,5—2 мг Т. ў суткі. Т., яго фосфарныя эфіры і дысульфідныя вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРСКАЯ ЦЯЖКАВО́ЗНАЯ ПАРО́ДА коней.

Выведзена ў 1930—50 у гаспадарках Уладзімірскай і Іванаўскай абл. (Расія) скрыжаваннем узбуйненых мясц. запражных коней з пародамі клейдэсдальскай, шайрскай, суфолк. Зацверджана ў 1946. Выкарыстоўваюць для паляпшэння мясц. цяжкавозных парод.

Жывёлы масіўныя, сухога целаскладу. Галава вял. і цяжкая, шыя доўгая і мускулістая, спіна падоўжаная, ногі сухія з добра развітымі суставамі. Выш. ў карку 158—161 см. Маса кабыл 550, жарабцоў 700 кг. Масць гнядая ці цёмна-гнядая, з белымі метамі на галаве і нагах. Вызначаюцца вял. цяглавай сілай, высокай працаздольнасцю, устойлівасцю да хвароб.

т. 16, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў дзікіх жывёл, якая гістарычна-эвалюцыйна склалася на пэўнай тэрыторыі (акваторыі). Аб’ект уліку — жывёлы, што пастаянна, часова або выпадкова існуюць у стане натуральнай свабоды на тэр. краіны. Уключае звесткі пра катэгорыі колькасці і распаўсюджанасці віду, гасп. статус, тэндэнцыі змены стану. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты жывёльнага свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў жывёльным свеце, распрацоўкі мер па рацыянальным выкарыстанні дзікіх жывёл і ўзнаўленні рэдкіх і знікаючых відаў і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНУРО́ЗЫ,

гелімінтозы жывёл, зрэдку чалавека, што выклікаюцца лічынкамі стужачных чарвей роду Multiceps (цэнурамі). На Беларусі адзначаецца Ц. цэрэбральны, найб. пашыраны сярод авечак і коз, т.зв. «вярцячка».

Чалавек і жывёлы заражаюцца пры ўжыванні ежы і вады, забруджаных фекаліямі (пераважна сабак, ваўкоў, лісоў і інш.), дае ўтрымліваюцца яйцы гельмінтаў. У кішэчніку з яец выходзяць зародкі, якія з крывёй разносяцца па арганізме. У галаўным і спінным мозгу, воку, мышцах, брушной поласці, падскурнай клятчатцы зародкі ператвараюцца ў цэнуры (буйныя пухіры з вадкасцю — кісты з зародкавымі галоўкамі). Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)