НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,
кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАХНЕ́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Прохаравіч; н. 20.8.1934, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1969). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, у газ. «Мінская праўда», у 1966—67 у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1969—71 і 1978—90 нам. гал. рэдактара газ. «Вячэрні Мінск», у 1971—78 у ЦК КПБ. Друкуецца з 1950. Аўтар празаічных кніг «Грыбны дождж» (1969), «Зара-зараніца» (1975), «Абяцанне» (1976), «Маё і тваё маленства» (1978), «Прыгарадная камандзіроўка» (1979), «Марыніка» (1982), «Белыя цені бяроз» (1989), зб. вершаў «Жыццё» (1972), гумарыст. зб. «Модны гальштук» (1977). Асн. тэмы — нязломнасць людзей у ваен. ліхалецце, маральнае высакародства ў мірны час. Піша для дзяцей.
Тв.:
Чаромхавы ранні цвет. Мн., 1984.
У.А.Паўлаў.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.
Тв.:
У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг. М., 1982. Т. 1.
т. 12, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,
група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр. пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 12, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯДЭРМІ́Я (ад грэч. pion гной + дэрма),
гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 12, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.
У.Г.Філякоў.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),
бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.Шушкевіч, В.Эрнест.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 13, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАНО́ВІЧ (Яўген Нічыпаравіч) (27.9.1929, в. Холма Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1987),
бел. мовазнавец, фалькларыст. Скончыў БДУ (1956). Працаваў настаўнікам. З 1960 у «Вучэбна-педагагічным выдавецтве» (з 1964 заг. рэдакцыі), у 1967—70 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1971 гал. рэд. выд-ва «Народная асвета», у 1979—82 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Навука і тэхніка». Займаўся бел. лексікаграфіяй. Самая грунтоўная лексікаграфічная праца Р. — слоўнікі назваў населеных пунктаў Беларусі па абласцях: Віцебскай (1977), Брэсцкай (1980), Мінскай (1981), Гродзенскай (1982), Магілёўскай (1983), Гомельскай (1986). Складальнік зб. «Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі» (1958, 2-е выд. 1974), аўтар «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979, з А.І.Болсунам), апавяданняў для дзяцей, перакладаў з інш. моў.
т. 13, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЛЬЕВА (Таццяна Мітрафанаўна) (н. 15.3.1938, в. Бестрань Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1993), праф. (1998). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1971 у Нац. Ін-це адукацыі. Даследуе праблемы навучання, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту; пытанні мыслення, маўлення, разумення і свядомасці чалавека ў сістэме бесперапыннай адукацыі. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ і сярэдняй школы. Навук. кіраўнік распрацоўкі канцэпцыі «Нацыянальнай пачатковай школы» (1992).
Тв.:
Психологические вопросы овладения русским языком. Мн., 1983;
Дар слова: Говорим по-русски... Гаворым па-беларуску... Мн., 1986 (разам з М.Р.Яленскім);
Мышление и деятельность — основные факторы развития человека в системе непрерывного образования // Пачатковае навучанне: Сям’я. дзіцячы сад, школа. 1999. № 5. С. 85—93.
т. 14, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКІРЫ́ЦКІ ((Sikirycki) Ігар) (31.7.1920, г. Брэст — 2.1.1985),
польскі пісьменнік, перакладчык. Вучыўся ў Люблінскім і Лодзінскім ун-тах. Жыў і працаваў у Лодзі на радыё, у т-рах сатыры і «Арлекін» (1945—67). Друкаваўся з 1944. Аўтар паэт. зб-каў «Кліканне дрэў» (1950), «Забаўкі і эпіграмы» (1959), «Асцярожна, свежанапісанае» (1963), «Начны ўлоў» (1966), аповесці «Сямёра адсутных» (1970), кніг для дзяцей. На польскую мову пераклаў асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, У.Жылкі, М.Аўрамчыка. Укладальнік, аўтар прадмовы і перакладчык многіх твораў у зб. М.Танка «Выбраныя вершы» (1974). З груз. пераклаў паэму «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, з арм. — нар. эпас «Давід Сасунскі». На бел. мову яго вершы перакладалі Р.Барадулін, Н.Гілевіч, М.Танк.
А.Л.Верабей.
т. 14, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)