ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),

1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).

2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.

3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.

4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ФІЯ,

старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАСЦЬ,

найпрасцейшы від функцыянальнай залежнасці (гл. Функцыя). Адрозніваюць П. прамую (у = k∙x) і адваротную (y = ​k/x), дзе пастаянны множнік k наз. каэфіцыентам П. Напр., шлях s цела пры раўнамерным руху прапарцыянальны часу t : s = v∙t (каэф. П. — скорасць v); даўжыня асновы прамавугольніка з зададзенай плошчай S адваротна прапарцыянальная вышыні h : y = ​S/h (каэф. П. — плошча S).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),

змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім. састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ЖНЫ ПАВЕ́РАНЫ,

афіцыйнае найменне адвакатаў у Расійскай імперыі. Уведзены суд. рэформай 1867. П.п. магла быць асоба з вышэйшай юрыд. адукацыяй і практычным стажам работы ў якасці памочніка П.п. або суд. работы. П.п. складалі самакіруючыя карпарацыі, нагляд за дзейнасцю якіх ажыццяўлялі саветы П.п. і суд. палаты, а з 1874 акр. суды (там, дзе саветы П.п. не былі створаны). Гл. таксама Прыватны павераны.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАСО́НА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне віду Δu = f, дзе Δ — Лапласа аператар; адно з асн. ураўненняў тэорыі патэнцыялу. Вывучалася С.Д.Пуасонам (1812).

У трохмернай прасторы П.ў. задавальняе патэнцыял u(x, y, z), створаны зарадам са шчыльнасцю p(x, y, z) = f/4π Пры гэтым функцыя размеркавання f павінна задавальняць пэўныя патрабаванні, напр., умову неперарыўнасці частковых вытворных. Калі f = 0, то П.ў. пераўтвараецца ў Лапласа ўраўненне.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЧЭ́ННЕ глеб і грунтоў,

падняцце (успучванне) глеб і грунтоў у выніку іх расшырэння пры прамярзанні, набраканні і выцісканні. Характэрна для абласцей з суровым кантынентальным кліматам і наяўнасцю шматгадовамёрзлых горных парод. Трапляецца таксама ў арыдных умовах на засоленых глебах, дзе абумоўлена разбуханнем солей пры ўвільгатненні. Улічваецца пры буд-ве і эксплуатацыі прамысл. прадпрыемстваў, аўтадарог і чыгунак, нафта- і газаправодаў і інш.

т. 13, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ РЫСІ́СТАЯ ПАРО́ДА лёгказапражных коней.

Выведзена ў Расіі ў 19 ст. скрыжаваннем арлоўскай рысістай пароды і амерыканскіх рысакоў. Зацверджана ў 1949. Выкарыстоўваецца ў племянной рабоце і конным спорце. На Беларусі гадуюць на Гомельскім конным з-дзе.

Коні буйныя (выш. ў карку да 163 см), сухой канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Масць гнядая, радзей вараная, рыжая. шэрая.

М.​А.​Гарбукоў.

Руская рысістая парода коней.

т. 13, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛЬНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (4.8.1924, г. Гусь-Хрустальны Уладзімірскай вобл., Расія — 22.9.1982),

бел. канструктар радыёэлектроннай апаратуры і выліч. тэхнікі. Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1952). З 1953 на Віцебскім з-дзе электравымяральных прыбораў, з 1963 дырэктар Брэсцкага электрамех. з-да. Распрацоўваў перыферыйныя прылады для АС ЭВМ, апаратуру для тэлеапрацоўкі даных і вылічальных комплексаў спец. прызначэння. Дзярж. прэмія СССР 1981.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)