Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ЦЫЯ (лац. recuperatio вяртанне, атрыманне зноў),
1) у цеплатэхніцы — выкарыстанне часткі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва для падагравання паветра, газу ці сілкавальнай вады катлоў. Адбываецца ў рэкуператарах.
2) У электратэхніцы — вяртанне эл. энергіі ў сілкавальную сетку пры тармажэнні эл. машыны. Часцей адбываецца пры тармажэнні электрарухавікоў, што дзейнічаюць пры гэтым у генератарным рэжыме.
3) У хіміі — улоўліванне ці вылучэнне з выкарыстаных сумесей арган. растваральнікаў для паўторнага іх выкарыстання. Для гэтага выкарыстоўваюць, напр., кандэнсацыю пары растваральніку ці паглынанне яго вадкім або цвёрдым сарбентам (гл.Сорбцыя) з наступнай дэсорбцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАКО́СЦЫ (Opiliones, або Phalangida),
атрад жывёл кл. павукападобных. 3 падатр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. адзначаецца С. звычайны (Phalangium opilio). Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, на сценах пабудоў, агароджах, паверхні глебы.
Даўж. цела 1—22 мм, авальнай формы, ад шэрага да чорнага колеру. Падобныя да павукоў, адрозніваюцца ад іх сегментаваным брушкам (9—10 сегментаў), якое злучана з галавагрудзямі шырокай асновай. Ногі тонкія, доўгія, лёгка адрываюцца (аўтатамія). Дыхаюць трахеямі. Кормяцца насякомымі, малюскамі, арган. рэшткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.
Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙109т сухой масы і мае каля 300—500∙1021Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙109т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙106т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЗІ ЛЯЧЭ́БНЫЯ, пелоіды,
асадкі вадаёмаў, тарфяныя паклады, вывяржэнні гразевых вулканаў і інш. абводненыя прыродныя аргана-мінер. ўтварэнні з лек. ўласцівасцямі. Фарміруюцца пад уплывам геал., кліматычных, гідрагеалагічных і інш. прыродных фактараў з мінер. часцінак, рэшткаў раслінных і жывёльных арганізмаў, калоідных раствораў, вады. Вял. ролю адыгрываюць мікраарганізмы (да 1 млрд. на 1 г сухой гразі). Выкарыстоўваюць пры гразелячэнні.
Ад 25 да 97% масы гразей лячэбных складае гразевы раствор — вытворнае вады ці рапы, мінералізацыя якога ад 0,01 г/л у торфе і сапрапелях да 350 г/л у сульфідных мулавых гразях; рэакцыя кіслая (торф) ці шчолачная (сульфідныя гразі). Грубадысперсную аснову гразей лячэбных складаюць гліністыя і пясчаныя часцінкі, слабарастваральныя солі кальцыю і магнію, грубыя арган. рэшткі. Калоідны комплекс гразей лячэбных уключае тонкадысперсную частку (памер часцінак менш за 0,001 мм) са складаных арган. і аргана-мінер. рэчываў. Адрозніваюць гразі лячэбныя арганічныя (у сухім рэчыве, напр., торфе, сапрапелі, арганікі больш за 10%) і неарганічныя (сульфідныя і сопачныя, у т. л. вулканічныя гразі). Асн. ўласцівасці гразей лячэбных: пластычнасць, высокая цеплаправоднасць, здольнасць да адсорбцыі, што забяспечвае добрае ўтрыманне гразей лячэбных на целе хворага, правядзенне лячэбных працэдур пры больш высокай т-ры (у параўнанні з воднымі), пазбаўленне ад мікробаў скуры хворага. У пазакурортных умовах і пры адсутнасці паўнацэнных натуральных выкарыстоўваюць штучныя гразі лячэбныя, паводле складу набліжаныя да прыродных. На базе буйных радовішчаў гразей лячэбных ствараюцца гразевыя курорты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФА́БРЫКА,
прадпрыемства па выпуску біяпрэпаратаў. Першыя біяфабрыкі створаны на базе вет.бактэрыял. лабараторый і станцый з мэтай вырабу вакцын і сываратак. Сучасныя біяфабрыкі выпускаюць біяпрэпараты для дыягностыкі, прафілактыкі хвароб і лячэння, біял. аховы раслін (напр., развядзенне энтамафагаў), бялкова-вітамінныя канцэнтраты, прэпараты—рэгулятары колькасці і дынамікі развіцця пэўных відаў арганізмаў і інш. На Беларусі існуюць з-ды: Мінскі мед. і эндакрынных прэпаратаў, Мазырскі кармавых дражджэй, Наваполацкі бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Пінскі кармавых вітамінаў, Нясвіжскі біяхім., Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і інш. Да біяфабрык належаць таксама прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця (з-д у Мінску), на якіх атрымліваюць арган. ўгнаенні (кампосты) і біяпаліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт.алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́Л (Іосіф) (Ізраіль) Іосіфавіч (2.12.1891, г. Бабруйск — 10.3.1937),
украінскі генетык і філосаф. Акад.АН УССР (1934). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1918—19 чл. і сакратар Мінскага губ. рэўкома, сакратар Мінскага гарвыканкома, нам. камісара па справах фінансаў БССР. Чл.ЦВК Літбела. З 1924 супрацоўнік Ін-та філасофіі, секцыі прыродазнаўчых навук Камуніст. акадэміі. Працаваў у ЗША па праблемах генетыкі дразафілы, з 1934 у АН УССР. Аўтар прац па праблемах генетыкі, арган. мэтазгоднасці, філас. пытаннях прыродазнаўства. У 1936 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Тв.:
Происхождение животных и человека. М., 1924;
Диалектический метод и эволюционная теория. М.; Л., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ХІМІ́ЧНЫ,
сукупнасць метадаў навук. даследавання, заснаваных на выкарыстанні хім. рэакцый; расшыфроўка структуры і саставу хім. злучэнняў ці рэчываў арган. і неарган. прыроды, колькаснага і якаснага іх вызначэння. Уключае колькасны аналіз і якасны аналіз. «Класічны» аналіз хімічны (гравіметрычны, цітрыметрычны, газавы і інш.) грунтуецца на выкарыстанні рэакцый асаджэння, нейтралізацыі, комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення, сучасны — на вывучэнні фізіка-хім., фіз. уласцівасцяў рэчываў метадамі спектраскапіі, мас-спектраметрыі, радыехім., радыяцыйнымі, электрахім., што дазваляе атрымліваць комплексную інфармацыю аб хім. злучэннях і рэчывах, аўтаматызаваць аналітычны кантроль працэсаў у вытв-сці, а таксама кантроль сыравіны, гатовай прадукцыі, вады, паветра і г.д.