ГЕАДЭЗІЯ

Навукова абгрунтаваныя геадэзічныя работы на Беларусі пачаліся ў 1753, калі была створана Віленская астранамічная абсерваторыя. Пасля далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) на тэр. Гродзенскай (1825—29) і Мінскай (1830—39) губерняў праведзены першыя трыянгуляцыйныя работы пад кіраўніцтвам К.​І.​Тэнера (вызначаны 31 трыянгуляцыйны пункт «Дугі Струвэ»), у якіх прыняў удзел бел. геадэзіст І.​І.​Ходзька. У 1863—73 праведзены градусныя вымярэнні ўздоўж 52° паўн. шыраты пад кіраўніцтвам І.​І.​Жылінскага. У 1928—32 праведзены геадэзічныя абгрунтаванні і здымкі Бабруйска, Гомеля, Мінска, Оршы, Рэчыцы, Слуцка і інш. гарадоў і Любанскага, Рагачоўскага, Койданаўскага, Горацкага, Дубровенскага раёнаў.

Адукацыя ў галіне геадэзіі на Беларусі пачалася з утварэннем у 1919 адпаведнай кафедры ў Горацкім с.-г. ін-це (з 1925 Бел. с.-г. акадэмія). У 1931 створана кафедра геадэзіі ў Мінскім тарфяным ін-це, у 1933 — у БПІ; у пасляваенны перыяд да іх далучыліся кафедры геадэзіі Бел. лесатэхн. ін-та, Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту (Гомель, 1953), Брэсцкага інж.-буд. ін-та (1966). З 1974 інжынераў-геадэзістаў рыхтуе Полацкі ун-т. У наш час геадэзію вывучаюць у навуч. установах пры падрыхтоўцы спецыялістаў па землеўпарадкаванні, будаўніцтве, лясной гаспадарцы, лесаінжынернай справе і інш. Уклад у геадэзічную навуку зрабілі бел. навукоўцы В.​В.​Папоў (стварыў тэорыю ўраўноўвання геадэзічных палігонаў, тэорыю ломаных базісаў, распрацаваў метады дакладнай паліганаметрыі), І.​В.​Зубрыцкі (распрацаваў тэорыю геадэзічных чатырохвугольнікаў без дыяганалей для пабудовы геадэзічных апорных сетак), І.​І.​Купчынаў (развіў тэорыю ўраўноўвання геадэзічных сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі, іх аўтаматызацыю, распрацаваў метады ўласных лікаў матрыц у геадэзіі, рацыяналізацыі работ у інж. геадэзіі), А.​А.​Саламонаў (распрацаваў тэорыю пабудовы і ўраўноўвання геадэзічных сетак агульнага віду), А.​А.​Дражнюк, В.​Ю.​Мінько (навук. распрацоўка і ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій у геадэзічную вытв-сць). Вядомы працы бел. геадэзістаў: па спосабах адначасовага вызначэння азімута, шыраты і папраўкі хранометра (П.​А.​Хадаровіч), па аэрафотаздымцы і геадэзіі (С.​М.​Лебедзеў), па спосабе найменшых квадратаў (К.​В.​Папова), па складанні карт землеўпарадкавання (Ф.​К.​Курапаценка), па тэхніцы вылічэння і механізацыі вылічальных работ у геадэзіі (Я.​Г.​Ларчанка), па лікавых метадах спосабу найменшых квадратаў (Г.​С.​Таразевіч), па выкарыстанні аэракасмічных метадаў у геадэзіі, стварэнні дзярж. геадэзічных сетак з выкарыстаннем GPS (джы-пі-эс) абсталявання (У.​В.​Мкрытычан), па тэхналогіі падрыхтоўкі карт да выдання метадам гравіравання на пластыках (В.​Ф.​Маркаў), па тэхналогіі стэрыятапаграфічнай здымкі ў буйных маштабах (В.​Ф.​Маркаў, Я.​С.​Асіпук і інш.), па новай тэхналогіі стварэння фотапланаў — аптычным мантажы зон на фотатрансфарматары (А.​Я.​Галкін, В.​Ф.​Маркаў, В.​Ю.​Мінько, Б.​І.​Сяргееў), па стварэнні лічбавых карт мясцовасці (Б.​А.​Фурман), па аўтаматычнай сістэме картаграфавання (А.​С.​Назараў, І.​Г.​Нейфельд). У наш час тапографа-геадэзічныя работы на Беларусі выконваюць РУП «Белгеадэзія», РУП «Белаэракосмагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэсп. Беларусь. Вядуцца работы па аднаўленні высокадакладнай геадэзічнай сеткі, аэрафотаздымцы тэр. краіны і абнаўленні тапаграфічных карт, па пераходзе на сістэму каардынат 1995 і стварэнні гравіметрычнай сеткі Беларусі, вывучаюцца пытанні розных тэхн. аспектаў геадэзіі. За 56 гадоў прадпрыемствам «Белгеадэзія» выкананы вялікі аб’ём геадэзічных, тапаграфічных і картаграфічных работ: на ўсёй тэр. Беларусі пабудавана дзярж. планавая геадэзічная сетка (трыянгуляцыя 1, 2, 3, 4 класаў); створана дзярж. вышынная апорная геадэзічная сетка (нівеліраванне 1, 2, 3 і 4 класаў); уся тэр. Беларусі пакрыта здымкай маштабу 1:10 000, падрыхтаваны да друку тапаграфічныя карты такога маштабу; выкананы тапаграфічныя здымкі, падрыхтаваны да друку і надрукаваны тапаграфічныя планы ўсіх гарадоў і планы гар. пасёлкаў краіны маштабу 1:2000 і 1:5000; выкананы тапаграфічныя здымкі маштабу 1:2000 шэрагу рэгіёнаў, перспектыўных у адносінах развіцця народнай гаспадаркі, на плошчы больш за 20 тыс. км²; створаны тапаграфічныя карты і планы ўсіх буйных вадаёмаў і вадасховішчаў Беларусі; складзены лічбавыя карты рэспублікі маштабу 1:50 000—1 000 000 і буйнамаштабныя планы гарадоў; складзены і выдадзены карты і планы шырокага кірунку для забеспячэння патрэб прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва краіны. Выкананы таксама тапографа-геадэзічныя работы і на тэр. Расіі, Літвы, Латвіі, Кубы, Алжыра, Сірыі, Манголіі, Кітая, Лаоса, Самалі, Мазамбіка, Ірана, Афганістана і інш. краін.

Літ.:

Купчинов И.И. Советская геодезия в Белоруссии за 50 лет // Материалы к 9 научно-техн. конф. кафедр ин-та и секций Дор НТО Бел. ж.-д., ... Гомель, 1969;

Нестеренок М.С., Нестеренок В.Ф., Позняк А.С. Геодезия. Мн., 1993;

Минько В.Ф. Белгеодезии 50 лет. Мн., 1997.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 18, кн. 2, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУШЭРСТВА І ГІНЕКАЛОГІЯ

Навук. акушэрства і гінекалогія на Беларусі пачалі развівацца з часу заснавання Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі акушэрства і гінекалогія набылі рысы дзярж. мед. сістэмы. У 2-й пал. 18—19 ст. ступень доктара медыцыны па акушэрстве і гінекалогіі мелі бел. ўрачы М.​Гарадзецкі, К.​Гарэльчанка, В.​Грабавецкі, Б.​А.​Кадыгробаў, І.​П.​Надпарожскі, С.​Прабароўскі, А.​А.​Сіцынскі. Д-р медыцыны К.​І.​Стржалка (Слуцк) распрацаваў аперацыю эмбрыяспандылатаміі (1863), С.​К.​Свянціцкі (Мінск) рабіў пластычныя аперацыі пры пузырна-пахвінных свішчах (1883). Сістэматычныя даследаванні і падрыхтоўка практычных кадраў па акушэрстве і гінекалогіі праводзяцца з часу заснавання ў 1923 мед. факультэта БДУ (першы заг. кафедры М.​Л.​Выдрын). У 1931 заснаваны Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (дырэктары Г.​А.​Калюжын, А.​К.​Усціновіч, Г.​А.​Шышко), у 1932 — Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, у 1934 — Віцебскі мед. інстытут (першы заг. кафедры Г.​Я.​Гофман). З 1958 пытанні акушэрства і гінекалогіі даследуюцца ў Гродзенскім, з 1990 — і ў Гомельскім мед. універсітэтах.

У 1920—40-я г. бел. вучоныя распрацоўвалі пытанні арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі, прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы догляду пупавіннага астатку нованароджаных (Выдрын, І.​М.​Старавойтаў), назапашвання, кансервавання, фракцыйнага пералівання плацэнтарнай крыві (Л.​І.​Кантаровіч, Л.​І.​Рахманчык), кольпацыталогіі ў акушэрстве і гінекалогіі (Г.​Л.​Дазорцава), распрацавалі і палепшылі методыкі шэрагу гінекалагічных аперацый (Я.​У.​Клумаў). Навук. працы 1945—60 прысвечаны пераважна вядзенню ўскладненых родаў, папярэджанню мёртванароджанасці і мацярынскай смяротнасці, прафілактыцы і лячэнню крывацёку пры родах, вывучэнню пасляродавых септычных хвароб. Бел. акушэры-гінеколагі абгрунтавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы ажыўлення ўяўнапамерлых нованароджаных (І.​С.​Лягенчанка, Л.​С.​Персіянінаў), распрацавалі метад прафілактыкі і лячэння тэрмінальнага стану парадзіх уліваннем крыві ўнутр. артэрый, пытанні этыялогіі, патагенезу разрываў маткі, таксікозаў цяжарнасці і іх патагенетычнай тэрапіі з ужываннем аміназіну (В.​Ц.​Камінская, Персіянінаў). Прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосаб прафілактыкі бленарэі нованароджаных, распрацавалі прафілактыку кровазліцця ў мозг нованароджаных, лячэнне перадракавага стану шыйкі маткі, вядзенне родаў пры вузкім тазе (Гофман, М.​Ф.​Лызікаў). Удакладнены прычыны позняй асфіксіі плода, узроставай марфалогіі і інервацыі мяккай мазгавой абалонкі, лячэнне дысфункцыянальнага матачнага крывацёку (Лягенчанка, П.​М.​Сяржанін).

З 1960-х г. бел. акушэры-гінеколагі даследавалі праблемы антэнатальнай аховы плода, прафілактыкі перынатальнай паталогіі. Вывучалі прыроджаныя заганы развіцця, інфіцыраваныя выкідышы, невыношванне цяжарнасці пры сардэчна-сасудзістых хваробах і таксікозах, дыягностыку і лячэнне злаякасных пухлін; распрацоўвалі мерапрыемствы па зніжэнні захворванняў жанчын на прамысл. прадпрыемствах (З.​А.​Азёрная, В.​С.​Ракуць). Даследавалі асаблівасці родаў пры несвоечасовым выцяканні каляплодных вод, значэнне кортыкастэроідных гармонаў, ультрагуку ў лячэнні гінекалагічных хвароб, мікраэлементаў у паталогіі цяжарнасці (В.​В.​Асадчая, Г.​І.​Герасімовіч, Лызікаў). Вывучалі інервацыю жаночых палавых органаў (В.​Р.​Лінкевіч). Распрацавана і ўкаранёна ў практыку тэхніка хірургічных аперацый гнойных хвароб у гінекалогіі (Старавойтаў), метад люмінесцэнтнай цытадыягностыкі пухлін (І.​А.​Макарэнка). У апошнія дзесяцігоддзі вывучаюцца фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі (К.​І.​Малевіч, У.​І.​Дуда, В.​Л.​Васкрасенкі), дыягностыка і лячэнне запаленчых захворванняў (М.​С.​Занько, Г.​А.​Лукашэвіч), генітальна-герпетычная інфекцыя (І.​М.​Арэстава, А.​І.​Браноўская, Ю.​К.​Малевіч). Сфарміравана новая канцэпцыя аб праблеме генітальнага эндаметрыёзу (Т.​С.​Дзівакова, В.​А.​Перасада, Л.​Я.​Радзецкая, Л.​Я.​Супрун). Атрыманы новыя ўяўленні аб дыягностыцы і лячэнні дзіцячай і падлеткавай гінекалагічнай паталогіі (Н.​П.​Жукава, Л.​Ф.​Мажэйка), паталогіі шыйкі маткі (П.​С.​Русакевіч), вядзенні рознай акушэрскай паталогіі (В.​М.​Харкевіч), лячэнні бясплоднасці (С.​І.​Міхалевіч).

Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак у сучаснай медыцыне Беларусі. Па якасных паказчыках гэты кірунак дзейнасці знаходзіцца на ўзроўні большасці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Гэта абумоўлена і мэтанакіраванай працай урада, навук. работнікаў і практычных урачоў. На пач. 2004 на Беларусі працавала больш за 2500 урачоў акушэраў-гінеколагаў, у т. л. каля 80 кандыдатаў і дактароў мед. навук.

Літ.:

Малевич К.И., Герасимович Г.И., Русакевич П.С. Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992;

Дуда И.В., Дуда В.И. Клиническое акушерство. Мн., 1997;

Русакевич П.С. Фоновые и предраковые заболевания шейки матки. Мн., 1998;

Зенько С.Н., Стебунов С.С. Безопасная лапороскопия. Мн., 2000;

Пересада О.А. Клиника, диагностика и лечение эндометриоза. Мн., 2001;

Справочник врача женской консультации. Мн., 2001;

Харкевич О.Н. Совершенствование медицинской помощи беременным женщинам Мн., 2001;

Можейко Л.Ф. Становление репродуктивной системы у девочек-подростков и коррекции ее нарушений. Мн., 2002.

І.​М.​Старавойтаў, Ю.​К.​Малевіч.

т. 18, кн. 2, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),

горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м. Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс. ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал. трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат. прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць маст. вырабаў са шкла (гл. Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст. н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял. геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.

Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл. св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.​Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.​Калеоні (скульптар А.​Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.​Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.​Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).

Літ.:

Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;

Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.

Да арт. Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.​Лангена. 1631—81.
Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,

від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар. эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.

Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп. рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц. т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.

Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм. тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл. «Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм. сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац. маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз. жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар. тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.​Буйніцкага, У.​Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел. АМ, Мінскага нар. т-ра БДУ і інш. нар. тэатраў.

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ГА (Riga),

горад, сталіца Латвіі. Размешчана на берагах р. Даўгава (Зах. Дзвіна), пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў Балт. мора. Нас. каля 1 млн. ж. (1999). Індустр., навук. і культ. цэнтр; буйны трансп. вузел: рачны і марскі порт, 6 чыг. ліній, 4 аўтамаб. шашы, 2 аэрапорты. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная (ВА ВЭФ, «Радыётэхніка», «Камутатар»; з-ды электрамаш.-буд., электралямпавы і інш.; з-ды дызелебуд., вагонабуд., мотазавод, прамысл. робатаў, «Рыгахіммаш», «Рыгасельмаш», тэкст. абсталявання), харч. (мясакансервавы і малочны камбінаты, сардзінавы з-д, кандытарскія ф-кі), хім. (лакафарбавыя матэрыялы, прадметы быт. хіміі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр., шкляная, фарфоравая, парфумерна-касметычная (з-д «Дзінтарс»), тэкст. (баваўняны і шаўкаткацкі камбінаты, панчошна-шкарпэткавая ф-ка), швейная, буд. матэрыялаў. Суднабудаванне і суднарамонт. Вытв-сць муз. інструментаў. База тралавага і рэфрыжэратарнага флоту, буйны цэнтр рыбаперапрацоўкі. Рыжская ГЭС на р. Даўгава. Латв. АН. 7 ВНУ, у т. л. Латвійскі нац. ун-т, Ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі, Акадэмія мастацтваў. Кансерваторыя. 26 музеяў: мастацкі, гісторыі Латвіі, гісторыі горада, мараходства, гісторыі медыцыны, прыроды, замежнага мастацтва, этнаграфічны пад адкрытым небам і інш. 9 тэатраў (оперы і балета, драмы, мастацкі, рус. драмы, юнага гледача і інш.). Турызм.

Узнікла на месцы стараж. паселішча ліваў. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца з 1198, як горад і гал. апора ням. каланізацыі ў Прыбалтыцы з 1201. У 1211 атрымала значныя прывілеі. Да 1274 пад уладай рыжскага архіепіскапа. У 1282 увайшла ў Ганзу, адзін з буйнейшых гандл. цэнтраў. У 1329—30 падначалена крыжакам Лівонскага ордэна. У 1524 у Р. ўведзена лютэранства. У час Лівонскай вайны 1558—83 з 1561 вольны горад, з 1581 залежны ад Рэчы Паспалітай. У 1621 Р. захоплена шведамі, якія ўмацавалі яе, пабудавалі вакол высокія валы і бастыёны. У 1656 была абложана рускімі, у 1700 — польскімі войскамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 занята рус. войскамі (1710). З 1714 цэнтр Рыжскай, з 1796 Ліфляндскай губ. Рас. імперыі. У канцы 18 ст. Р. — буйны порт і гандл. цэнтр, з канца 19 ст. — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Расіі. У 1-ю сусв. вайну Р. — прыфрантавы горад. У жн. 1917 занята герм. войскамі, вызвалена ў 1919 латышскімі стралкамі. З 1919 Р. — сталіца Латв. рэспублікі (у 1940—91 Латв. ССР). Месца падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1941) ням.-фаш. войскамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Остланд». У канцы 1941 у горадзе адбываліся масавыя расстрэлы яўр. насельніцтва (у т. л. загінуў гісторык С.М.Дубноў). Вызвалена сав. войскамі ў кастр. 1944. Пра беларусаў у Р. гл. раздзел Беларусы ў Латвіі ў арт. Латвія.

На правым беразе р. Даўгава размешчаны Стары горад з вузкімі вуліцамі і Новы горад, падзеленыя садова-паркавым паўкальцом. У Старым горадзе захаваліся фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў (Парахавая, або Пясочная вежа, згадваецца ў 1330, перабудавана ў 1650, 1892, 1938—40), рамана-гатычныя Рыжскі Домскі сабор і царква св. Екаба (13 ст., перабудавана ў 14 і 18 ст.), цэрквы — гатычная св. Петэра (13 — пач. 14 ст., перабудавана ў 14—15 ст., барочны зах. фасад — 1689—94, арх. Р.​Біндэншу і інш.), познагатычная — Яня (згадваецца ў 1297, перабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст.), замак магістра Лівонскага ордэна (1330, перабудаваны ў 1497—1515, 17—19 ст.), т.зв. дом Рэйтэрна (1685, арх. Біндэншу), класіцыстычныя царква Пятра і Паўла (1780—86, арх. С.​Зеге і К.​Хаберланд), арсенал-пакгаўз (1828—30, арх. Ю.​Шпацыр) і інш. У Новым горадзе пераважаюць 5—6-павярховыя дамы (суцэльная забудова бульвара Райніса, вул. Меркеля і інш., 1870—80-я г.) і парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі і ў стылях мадэрн (Маст. музей, 1905, арх. В.​Нейман), неакласіцызму (Палац юстыцыі, 1936—38, арх. Ф.​Скуінь). Левабярэжжа забудоўвалася з 18 ст. Цяпер гэта азялененая тэр. з прамысл. зонамі і разрэджанай жылой забудовай (Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.​Рэндэль, Э.​Якабсанс). На ўскраінах Р. да жылых масіваў прылягаюць вял. лесапаркі са свабоднай прасторавай кампазіцыяй (Межапарк на беразе воз. Кішэзерс; Вял. пеўчая эстрада, 1955, арх. У.​Шнітнікаў, Г.​Ірбітэ і інш.). У пасляваен. гады створаны новыя трансп. магістралі, плошчы, скверы, паркі, рэканструяваны набярэжныя, адноўлены або пабудаваны масты цераз Даўгаву. Сярод найб. значных пабудоў вышынны будынак АН Латвіі (1950—57, арх. В.​Апсітыс, О.​Тылманіс і інш.), вакзалы — чыг. (1957—66, арх. У.​Кузняцоў, В.​Цыпулін), марскі (1963—65, арх. М.​Гелзіс, В.​Савіска), аэравакзал (1970—74, арх. Л.​Іваноў, В.​Ермалаеў), Палац спорту (1970, арх. Б.​Бурчыка, А.​Краукліс і інш.). Помнікі: ансамбль Брацкіх могілак (1924—36, скульпт. К.​Зале, арх. А.​Бірзеніек і інш.), Свабоды (1931—35, скульпт. Зале, арх. Э.​Шталберг), Я.​Райнісу на могілках (1934, скульпт. К.​Земдэга, арх. П.​Арэнд), А.​Калніньшу (1979, скульпт. Т.​Залькалнс, арх. І.​Батраг) і інш. Старая ч. Р. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Латвія.

Горад Рыга.
Рыга. Фрагмент Ратушнай плошчы.
Рыга. Замак магістра Лівонскага ордэна.

т. 13, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАПУТНЫЯ ВОЙСКІ.

Як адзін з асн. відаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найб. шматлікімі, многафункцыянальнымі па спосабах вядзення баявых дзеянняў, аснашчэнні ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Прызначаны для вырашэння задач па адбіцці ўдараў наземных груповак праціўніка і іх ліквідацыі ў выпадку агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Баявы патэнцыял сухапутных войск (СВ) дазваляе самастойна або ва ўзаемадзеянні з ВПС і войскамі ППА наносіць агнявыя ўдары на вял. глыбіню; эфектыўна дзейнічаць пры ўтрыманні занятых раёнаў, рубяжоў і аб’ектаў, разгроме груповак войск праціўніка, якія могуць уклініцца ў нашу тэрыторыю. У іх склад уваходзяць: механізаваныя войскі (мотастралковыя і танк. часці); ракетныя войскі і артылерыя; злучэнні і вайск. часці ППА (зенітныя, зенітныя ракетныя, зенітныя ракетна-артыл., радыётэхнічныя), якія з’яўляюцца родамі войск; спец. войскі (злучэнні і вайск. часці сувязі, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, навігацыйна-тапагр., гідраметэаралагічныя, інфарм. і тэхн. забеспячэння); злучэнні і вайск. часці тылу. Аснову складаюць аператыўныя групоўкі (аб’яднанні) на Зах. і Паўн.-зах. аперацыйных напрамках, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачы па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэг. разгортванне ўсіх узбр. сіл, усёй ваен. арганізацыі дзяржавы. Яны складаюцца з механізаваных злучэнняў, баз захавання, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск і спец. войск, вайск. часцей і падраздзяленняў тэхн. і тылавога забеспячэння. Аператыўнае камандаванне ажыццяўляе кіраўніцтва падначаленымі злучэннямі і вайск. часцямі, якое таксама каардынуе дзейнасць войск, вайск. фарміраванняў і падраздзяленняў МУС, Мін-ва па надзвычайных сітуацыях, Пагран. войск, КДБ, інш. дзярж. органаў і арганізацый па выкананні задач у галіне абароны краіны, якія знаходзяцца ў зоне іх адказнасці. Асобныя злучэнні і вайск. часці родаў войск і спец. войск, тэхн. забеспячэння, вучэбныя вайск. часці, інш. часці і ўстановы, што ўваходзяць у склад СВ, прызначаны для выканання баявых задач, а таксама для аператыўнага (баявога), тэхн., тылавога забеспячэння баявых дзеянняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.

Камандаванне СВ сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дырэктывы міністра абароны ў студз. 2002 на базе 5-га гвардз. армейскага корпуса. На яго ўскладзены задачы падтрымання на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, непасрэднага кіраўніцтва штодзённай дзейнасцю і баявой падрыхтоўкай органаў кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей, а таксама кіраўніцтва тэр. абаронай. Будаўніцтва і развіццё СВ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі забеспячэння ваен. бяспекі дзяржавы, выкладзенымі ў канцэпцыі нац. бяспекі (2001), Ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь (2002), і на аснове праграмных дакументаў — Канцэпцыі будаўніцтва Узбр. Сіл да 2010, Праграмы завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл на 2001—05 і Плана будаўніцтва Узбр. Сіл да 2006. Гал. мэта рэфармавання — стварэнне боегатовых і здольных да разгортвання ў пэўныя тэрміны аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і арганізацый СВ аптымальнай структуры, складу і колькасці, якія валодаюць дастатковым патэнцыялам стрымлівання і могуць процістаяць любой ваен. пагрозе. Адна з важных задач рэфармавання — ажыццяўленне якасных пераўтварэнняў, якія гарантуюць нарошчванне баявых магчымасцей, удасканаленне арганізац.-штатных структур, аснашчэнне сучасным узбраеннем і ваен. тэхнікай (УВТ), удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, паляпшэнне якасных паказчыкаў укамплектаванасці асабовага складу, павышэнне баявой вывучкі ваеннаслужачых, зладжанасці злучэнняў і вайск. часцей. Як адзін з асн. спосабаў павелічэння сумарнага баявога патэнцыялу войск прадугледжана павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання (органаў і пунктаў кіравання, сродкаў сувязі і аўтаматызаванага кіравання войскамі). Важнае значэнне надаецца распрацоўцы і ўкараненню новых падыходаў, прынцыпаў кіравання і метадаў кіраўніцтва. З мэтай падтрымання ў баявым стане, развіцця і ўдасканалення УВТ праведзена іх мадэрнізацыя з адначасовай планамернай і паэтапнай заменай на новыя перспектыўныя ўзоры шляхам распрацоўкі, вытв-сці (самастойна або ў кааперацыі з інш. дзяржавамі). Вядуцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы па стварэнні элементаў і сістэм новага УВТ, зарыентаваныя на рэалізацыю такіх перспектыўных кірункаў будаўніцтва СВ, як развіццё ракетных войск і артылерыі, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі. З улікам развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў перагледжаны многія палажэнні тактыкі і дзеянняў злучэнняў і часцей, спосабы выкарыстання СВ у цэлым. Распрацаваны і ўведзены ў дзеянне новыя сучасныя праграмы баявой падрыхтоўкі мотастралковых, танк., мабільных падраздзяленняў, а таксама падраздзяленняў родаў войск, праграмы камандзірскай падрыхтоўкі афіцэраў і прапаршчыкаў, курсы стральбы і ваджэння баявых машын. Кардынальна перапрацаваны нарматывы па баявой падрыхтоўцы. СВ паспяхова дзейнічалі ў час комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004 г.». Кадры для СВ рыхтуюць Ваен. акадэмія Рэспублікі Беларусь, Аб’яднаны навуч. цэнтр па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, а таксама шэраг ваен. кафедраў (ф-таў) цывільных ВНУ і інш. Кіраўніцтва СВ ажыццяўляе камандуючы Сухапутнымі войскамі, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючыя СВ Рэспублікі Беларусь: Ю.​В.​Партноў (2001—03), С.​С.​Смольскі (з 2003).

А.​Л.​Самовіч, В.​А.​Юшкевіч.

Артылерыйскі разлік на тактычных занятках.
Падраздзяленне мотастралкоў на палявых занятках.
Танкавае падраздзяленне на маршы.

т. 18, кн. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,

горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс. ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.

Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс. чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл. «Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс. чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.

С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.​М.​Фантана і Г.​Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.​Матарнові, Н.​Гербель, Г.​К’яверы, М.​Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.​Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.​Трэзіні, Т.​Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.​А.​Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.​Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.​Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.​Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.​Росі, майстар Г.​Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.​Фельтэн, П.​Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.​М.​Вален-Дэламот і А.​Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.​Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.​Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.​Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.​Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр. ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ, М.​А.​Кало, Ф.​Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.​Бажэнаў, В.​Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.​Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.​Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.​Клот, С.​Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.​Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.​Малышаў, А.​Парланд; мазаікі В.​Васняцова; маст. М.​Несцераў, А.​Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.​Кавас; перабудова 1863, арх. В.​Шротэр). У 19 ст. пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.​Бенуа, А.​Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.​Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.​Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.​Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.​Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх. П.​Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.​Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.​Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.​Бенуа, У.​Шчуко, С.​Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх. абодвух І.​Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял. Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.​Нікольскі, Н.​Сцяпанаў, Н.​Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.​Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.​Прыбульскі, С.​Аднавалаў, М.​Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.​Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.​Марозаў, інж. А.​Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.​Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.​Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.​Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.​Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял. Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.​Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас. АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас. пед. імя А.​Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Я.​Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.​І.​Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас. нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас. АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.

18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.​Шастаковіча.

Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.​І.​Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.​К.​Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.​Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.​І.​Абрамовіч, мастак І.​І.​Аляшкевіч, літаратар Я.​Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.​Каліноўскі і К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.​Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.​І.​Вількіцкі, гісторык Я.​Я.​Замыслоўскі, мастакі С.​К.​Заранка, К.​Хруцкі, музыканты Т.​Юзафовіч-Бароўская, М.​Л.​Зарэмба, Ф.​А.​Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.​Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.​Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.​Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.​М.​Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.​Гартны (З.​Жылуновіч), А.​Гурло, Я.​Купала, Цётка (А.​Пашкевіч), вучоныя Я.​Ф.​Карскі, П.​В.​Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел. канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.​Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.​Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.​С.​Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.​Р.​Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.​І.​Салярцінскі, пісьменнік Л.​І.​Ракоўскі, вучоныя Б.​Р.​Галёркін, С.​Я.​Лур’е, У.​Ф.​Міткевіч, П.​Ф.​Папковіч, Л.​У.​Шчэрба, служылі контр-адміралы В.​П.​Дрозд, М.​Б.​Паўловіч, ген.-лейт. Ф.​Н.​Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс. чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны (старшыня А.​Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.​П.​Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.​Казак, В.​Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас. культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.​В.​Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.​Я.​Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.​І.​Алфёрава.

Літ.:

Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;

Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;

Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;

Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;

Захаров О.Н. Архитектурные панорамы невских берегов. Л., 1984;

Бунин М.С. Мосты Ленинграда. Л., 1986;

Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;

Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;

Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

Л.​У.​Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).

Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.
Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.
Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.
Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.
Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́КІЯ (Slovensko), Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс. км². Нас. 5408 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г. Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.

Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас. р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс. ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.

Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст. н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г. Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст. зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд. ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ. нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.​Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.

У 1-ю сусв. вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.​Масарык, Э.​Бенеш) і славацкай (М.​Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац. к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.​Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг. сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.​Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.​Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак. фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.​Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.​Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш. апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш. дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.

З 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.​Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.​Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.​Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.​Шусцер. С. — чл. ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш. Асн. прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.

Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд. дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд. дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн. прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн. т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс. га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс. га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс. га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн. т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс. км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал. міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд. дол., імпарт — 12,9 млрд. дол. Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн. дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн. дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн. дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.

Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс. чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс. чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс. чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс. чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.

Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж. мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс. чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч. г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.​А.​Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн. ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж. навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац. (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш. н.-д. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш. Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.

Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм. рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.​Ракаўскага, Я.​Якобеўса, духоўная паэзія Я.​Сільвана, Э.​Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.​Кырмезера і Ю.​Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.​Беніцкага, О.​Луцэ, мемуарная проза Ш.​Піларыка, Т.​Масніка, С.​Грушкавіца, свецкая паэзія Г.​Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.​Цвітынгер, П.​Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.​Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.​І.​Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.​Колара, Б.​Табліца, проза Я.​Голага, навук. працы Ю.​Фандлі, П.​І.​Шафарыка, драмы Я.​Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.​Штура, паэмы і лірыка Я.​Краля, А.​Сладкавіча, паэмы-казкі Я.​Боты, гіст. аповесці Я.​Калінчака, І.​М.​Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ. т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.​Ваянскага, П.​Гвездаслава, М.​Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.​Есенскага, І.​Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.​Краска, І.​Гал, У.​Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.​Крчмеры, М.​Разус, Я.​Смрэк, Э.​Б.​Лукач. Я.​Понічан, у прозе — Я.​Грушаўскі, Г.​Вамаш, М.​Урбан, І.​Горват, у літ. крытыцы — Э.​Уркс, А.​Матушка. Вядомасць набылі раманы П.​Ілямніцкага, паэзія Л.​Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.​Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.​Хробак, М.​Фігулі, Ф.​Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.​Ленка, П.​Бунчак, Ш.​Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.​Мінач, М.​Крно, Я.​Боданек, Я.​Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.​Плаўка, Я.​Костра, В.​Мігалік, празаікі Р.​Яшык, Ф.​Гечка, К.​Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.​Беднар, Ф.​Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.​Балек, А.​Гікіш, Р.​Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.​Мітаны, І.​Гудзеца, Д.​Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.​Тала, Я.​Ленч, М.​Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.​Яраш, П.​Андрушка, І.​Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.​Шыкула, М.​Валек, О.​Заграднік, Я.​Солавіч і інш.). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кі апавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.​Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.​Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.​Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.​Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.​Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.​Бяганская, У.​Дамашэвіч, Х.​Жычка, У.​Караткевіч, Я.​Каршукоў, А.​Мажэйка, П.​Макаль, С.​Міхальчук і інш.

Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.​Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.​Каневале, Ф.​А.​Хілебрант, І.​Б.​Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.​Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.​Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.​Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац. т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.​Фельнер і Г.​Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.​Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.

З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн. Т-ва славацкіх архітэктараў.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.​Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай у Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум. арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.​Донер). У канцы 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.​Трогер, Ф.​Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.​Богдан, С.​Генрых, Я.​Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.​Л.​Лібая, А.​Бродскага, Л.​Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.​Богунь, І.​Б.​Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.​Андзьяла, Д.​Скуцецкі, І.​Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.​Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст. вял. роля належыць М.​Бенку, М.​Базаўскаму і Я.​Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.​Галанда і Л.​Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.​Сокала, жывапісца К.​Баўэра, скульпт. Ф.​Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.​Гложнік, Я.​Жэлібскі, Ц.​Маернік, Ю.​Немчык, скульптар І.​Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.​Горавая-Ковачыкава і інш.

З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.​Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.​Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.​Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.​Хмель, М.​Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.​Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.​Куліх, А.​Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.​Бартфай, Л.​Гударна, В.​Жылінчанава, У.​Компанек, Р.​Крываш, М.​Лалуха, М.​Паштака, Л.​Сламка, Ф.​Студзены, П.​Тот, Л.​Чэміцкі, В.​Хложнік, М.​Якабчыц, Ю.​Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.

Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.​Банаўскі, Т.​Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.​Заравуціус, Я.​Кусер, І.​Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.​Баян, Э.​Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац. муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац. муз. школы — Я.​Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.​Кафенды, М.​Мойзеса, В.​Фігуша-Бістры, М.​Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац. т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.​Базлік, І.​Зельенка, А.​Очанаш, Э.​Сухань, Я.​Цыкер; дырыжоры О.​Ленард, Л.​Райтар, Л.​Словак; піяністы К.​Гаўлікава, М.​Дапшанскі; скрыпачы Т.​Гашпарак, П.​Міхаліца; спевакі Г.​Бенячкава, Ш.​Гоза, Э.​Кітнарава, М.​Чэсанёва; музыказнаўцы Л.​Бурлас, Л.​Мокры, З.​Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац. т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.

Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец. тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес. т-р — Славацкі нац. т-р (засн. Я.​Борадач, А.​Багар, Г.​Кела, О.​Орсагава, Г.​Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес. тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац. т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж. т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.​Таяўскага ў Зволене, І.​Забарскага ў Прэшаве; укр. т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш. Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр. ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.

Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.​Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.​Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.​Сіякель і Ф.​Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.​Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.​Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.​Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.​Багна; «Браты», 1961, рэж. А.​Летрых), Я.​Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.​Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.​Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.​Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.​Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.​Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.​Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.​Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.​Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.​Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.​Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.​Карпаў і М.​Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац. культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.​Ганак, З.​Заган, Я.​Якубіска і інш.).

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988;

Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;

История словацкой литературы. М., 1970;

История литератур западных и южных славян. М., 1997;

Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Л.​Л.​Міхайлоўская, Н.​А.​Дарук (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), А.​У.​Вострыкава (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура, тэатр), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Шымановіч (музыка), В.​Ф.​Нячай (кіно).

Герб і сцяг Славакіі.
Да арт. Славакія. Горнае возера ў Татрах.
Да арт. Славакія. Высокія Татры зімой.
Да арт. Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.
Да арт. Славакія. Замак у Бойніцах.
Да арт. Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.
Да арт. Славакія. Ратуша ў Левачы.
Да арт. Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.
Да арт. Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.
Да арт. Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.
Да арт. Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.
Да арт. Славакія. Л.​Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.
Да арт. Славакія. К.​Сокал. Па́ра. 1932.
Да арт. Славакія. І.​Костка. Смутак. 1943.
Да арт. Славакія. Л.​Гударна. Дзяўчына. 1959.
Да арт. Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.

т. 14, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́КА,

сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец. навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.

Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш. Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э. засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац. ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец. навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук. прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.

На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л. Нац. АН Беларусі, 43,7 тыс. навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс. канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;

Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКА І НАВУКОВЫЯ ЎСТАНОВЫ

Навука на Беларусі мае глыбокія гістарычныя вытокі і непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства, ростам гарадоў і патрэбамі вытворчасці, праблемамі нац. і сац. развіцця.

СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ.

Першыя навук. ўяўленні адносяцца да 7—8 ст., калі ў плямён, што насялялі тэр. Беларусі, пачалося адасабленне такіх рамёстваў, як ліцейнае, кавальскае, ганчарнае, ткацкае. Развіццё іх было немагчыма без пэўных фіз. і фізіка-хім. ведаў. Так, пры атрыманні жалеза з балотных руд нашы продкі маглі з вялікай дакладнасцю вытрымліваць неабходную для гэтага тэмпературу больш за 1000 °C. Эмпірычныя звесткі ў галіне фізікі і механікі паспяхова выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні культавых і абарончых збудаванняў, пракладцы дарог і будаўніцтве мастоў. Назіранні за атм. з’явамі адлюстроўваліся ў нар. прыкметах, звязаных з прадказаннем надвор’я, неабходных для земляробства і жывёлагадоўлі (адно з першых пісьмова зафіксаваных метэаралаг. назіранняў датуецца 3.3.1067). Да 13 — пач. 14 ст. адносіцца стварэнне на тэр. Беларусі ўласнай сістэмы мер — так званай Полацкай сістэмы.

Развіццё навук. ідэй на бел. землях адбывалася ў цеснай узаемасувязі з асн. тэндэнцыямі развіцця сусветнай цывілізацыі. Распаўсюджванне хрысціянства на старажытнабел. землях паскорыла развіццё пісьменства, літаратуры, культуры і ўлучыла іх у агульнаеўрапейскі гіст.-культурны ландшафт, спрыяла ўмацаванню сувязей з Візантыяй, дзяржавамі Зах. Еўропы. У манастырах і храмах ствараліся бібліятэкі, вяліся летапісы, перапісваліся кнігі. Такія асветнікі стараж. Беларусі, як Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, сталі зоркамі першай велічыні ў культ. жыцці Усх. Еўропы. Для распаўсюджвання прыродазнаўчых ведаў на тэр. Беларусі асаблівую ролю адыгрывала навук. літаратура, якая праз Беларусь трапляла ва Усх. Еўропу. Яна ўключала звесткі пра антычную навуку, знаёміла з працамі Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля і інш.

Развіццё навук. ідэй у 16 ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю М.​Гусоўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​Стрыйкоўскага. У 1517 Ф.​Скарына заснаваў бел. кнігадрукаванне, у 1522 выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой былі звесткі па многіх галінах ведаў. У 1553 па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы М.​Радзівіла заснавана друкарня ў Брэсце, дзе кнігі друкаваліся на лацінскай і польскай мовах. У 1562 С.​Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы.

Значнае месца ў пашырэнні адукацыі і навук. ведаў займалі навуч. ўстановы. Пачатковыя школы ствараліся пры правасл. прыходскіх цэрквах і брацтвах Сярэднюю і вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у каталіцкіх навуч. установах — калегіумах, дзе выкладаліся т зв «сем вольных навук»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Асноўнае выкладанне ішло на бел. мове, выкарыстоўвалася таксама лацінская, грэчаская і польская мовы. У 1570 адкрыта першая ў ВКЛ вышэйшая навуч. ўстанова — Езуіцкі калегіум у Вільні (у 1578 ператвораны ў Віленскую акадэмію, з 1781 — Галоўная школа літоуская, з 1803 — Імператарскі Віленскі ун-т), які стаў першым навук. цэнтрам і на бел. землях. У 19 ст. Віленскі ун-т быў навуч. і адм. цэнтрам Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губ. Ён адыграў выключную ролю ў культ. развіцці Беларусі, пашырэнні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навуч. акругі і выкладчыкаў для самога ун-та. За гады свайго існавання ун-т даў свету шмат таленавітых навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: М.​Пачобут-Адляніцкі — заснавальнік віленскай астранамічнай школы і першы дырэктар Віленскай абсерваторыі, І.​Дамейка — геолаг, прафесар ун-та ў Сант’яга (Чылі), С.​Горскі — заг. батанічнага саду Віленскага ун-та, В.​Міцкевіч — заснавальнік фіз. школы ў Вільні, М.​Ястржэмбскі — лаўрэат Дзямідаўскай прэміі, аўтар першага ў Расіі дапаможніка па буд. механіцы («Курс практычнай механікі», 1837), І.​Гайдэталь — інжынер, ген.-маёр, кіраўнік работ па ўдасканальванні Агінскага канала, Ё.​Лібошык — лекар і батанік, доктар медыцыны і хірургіі Дэрпцкага ун-та. М.​Палінскі — матэматык, дэкан фізіка-матэм. ф-та Віленскага ун-та, юрыст С.​Казакевіч і інш.

З 1580 дзейнічаў Полацкі езуіцкі калегіум (у 1812 ператвораны ў акадэмію), з 1586 — Нясвіжскі, з 1633 Брэсцкі, з 1664 — Гродзенскі, з 1714 — Мінскі езуіцкія калегіумы. Пры калегіумах існавалі бібліятэкі, музеі, друкарні, тэатры, аптэкі. У 16—18 ст. езуіты адкрылі на Беларусі 20 навуч. устаноў, якія спрыялі распаўсюджванню асветы, дасягненняў сусветнай навукі, падрыхтоўцы нац. інтэлігенцыі. У 1-й пал. 18 ст. ў езуіцкіх калегіумах і інш. установах пачалі выкладаць эксперым. навукі, сталі адкрывацца астранамічныя, фізічныя, мінералагічныя і інш. кабінеты, што адпавядала агульнаеўрапейскім тэндэнцыям Значную ролю ў пашырэнні прыродазнаўчых ведаў на Беларусі адыграла Каралеўская медыцынская акадэмія (1775—81), заснаваная ў Гродне А.​Тызенгаўзам. Яе кіраўнік — франц. ўрач і вучоны-натураліст, даследчык флоры Літвы і Беларусі Ж.​Э.​Жылібер.

У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук Б.​Дабшэвіч, С.​Канарскі, І.​Капіевіч, О.​Крыгер, Я.​Накцыяновіч, К.​Нарбут, А.​Скарульскі, І.​Страйноўскі, І.​Храптовіч, С.​Шадурскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы В.​Бадзянскага, З.​Даленгі-Хадакоўскага, П.​Шафарыка). Арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія Археалагічная і Археаграфічная камісіі. Уклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі М.​Без-Карніловіч, І.​Грыгаровіч, Т.​Нарбут, лінгвісты С.​Мікуцкі, І.​Насовіч, этнограф П.​Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы браты К. і Я. Тышкевічы. публіцыст Я.​Падбярэскі. У 1860—90-я г. бел. этнас даследавалі М.​Дзмітрыеў, М.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карскі, Ю.​Крачкоўскі, І.​Насовіч, М.​Нікіфароўскі, А.​Семянтоўскі, М.​Янчук і інш.

У 1840 каля мястэчка Горкі (Магілёўская губ.) адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут) — першая ў Расіі вышэйшая с.-г. навуч. ўстанова (у 1864 пераведзены ў Пецярбург). Ін-т адыграў вял. ролю ў развіцці навукі і падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Яго выпускнікі прафесары А.​Бажанаў, Ю.​Жабенка, С.​Касовіч, А.​Людагоўскі, А.​Саветаў, І.​Сцебут, Е.​Фалькоў, І.​Чарнапятаў і інш. зрабілі ўклад у развіццё с.-г. навукі і вышэйшай адукацыі.

У 2-й пал. 19 ст. навук. даследаванні праводзіліся гал. чынам у навук. кабінетах гімназій, прыватных н.-д. лабараторыях. Уклад у развіццё прыродазнаўчых ведаў зрабілі В.​Баранецкі, І.​Весялоўскі, Дз.​Дубяга, Б.​Дыбоўскі, В.​Ермакоў, браты А. і У. Кавалеўскія, Я.​Наркевіч-Ёдка, Я.​Рагоўскі, браты З. і Э. Урублеўскія, К.​Чаховіч і інш. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве засн. ў 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім настаўніцкіх ін-тах (засн. адпаведна ў 1910, 1913 і 1914), у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (дзейнічаў у 1911—22, з 1918 — Віцебскі археал. ін-т).

Вокладка «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны. Каля 1522.
Будынак Віленскай акадэміі (18 ст.).
Будынак Горы-Горацкага земляробчага інстытута (г. Горкі Магілёўскай вобл. 19 ст.).

РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ Ў БССР.

Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская с.-г. акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1920 на базе політэхн. вучылішча засн. Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які у 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (у 1925 аб’яднаны з Горацкім земляробчым ін-там); у 1924 — Віцебскі ветэрынарны ін-т, у 1927 — Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі. У 1921 у Мінску адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац. навук. і пед. кадраў і сістэматызаваных навук. даследаванняў у галіне фіз.-матэм., хім., біял., мед. і гуманітарных навук. Спец. камісія садзейнічання арганізацыі БДУ (узначальваў рэктар Маскоўскага ун-та В.​П.​Волгін) рэкамендавала для работы ў БДУ групу прафесараў з Маскоўскага, Петраградскага, Кіеўскага, Харкаўскага і інш. ун-таў; БДУ была перададзена багатая бібліятэка і абсталяванне; фінансавую дапамогу аказвалі Рас. АН, Маскоўскі ун-т, Наркамат асветы і інш. наркаматы РСФСР. Першы яго рэктар — гісторык У.​І.​Пічэта. У БДУ працавалі вядомыя вучоныя С.​Я.​Вальфсон, Ц.​М.​Годнеў, Я.​П.​Громер, М.​Б.​Кроль, М.​М.​Нікольскі, В.​І.​Пераход, У.​М.​Перцаў, М.​А.​Прыляжаеў, Я.​Е.​Сіроцін інш.

У 1922 на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР створаны першы н.-д. цэнтр рэспублікі — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго старшынёй стаў С.​М.​Некрашэвіч, правадз. членамі — Я.​Ф.​Карскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас). Навукова-даследчая работа ў Інбелкульце вялася па гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках у яго лінгвістычнай, літаратурна-мастацкай, этнаграфічнай, гісторыка-археалагічнай, педагагічнай, прыродазнаўчай і сацыяльна-эканамічнай камісіях і секцыях; з 1924 працавалі геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі. Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце кіравала краязнаўчымі арг-цыямі БССР. Пры ін-це заснаваны музей прыроды Беларусі, бібліятэка, друкарня. Каб падняць узровень навук. даследаванняў, у 1926 Інбелкульт пераўтвораны ў Дзярж. н.-д. ўстанову пры СНК БССР. У 1927 у складзе Інбелкульта былі 3 ін-ты, 17 кафедраў (пераважна грамадскіх навук), 3 лабараторыі, шэраг камісій і 3 музеі.

Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, у 1928 урад БССР ператварыў Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Сярод першых яе акадэмікаў-заснавальнікаў. Я.​М.​Афанасьеў, М.​Ф.​Бліадухо, С.​Я.​Вальфсон, С.​М.​Вышалескі, Г.​І.​Гарэцкі, М.​О.​Грэдзінгер, А.​Д.​Дубах, М.​М.​Дурнаво, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), І.​І.​Замоцін, У.​М.​Ігнатоўскі, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), М.​К.​Малюшыцкі, С.​Ю.​Матулайціс, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, І.​А.​Пятровіч, Б.​А.​Тарашкевіч, А.​Н.​Ясінскі. Акадэмікамі былі абраны вядомыя савецкія вучоныя А.​П.​Карпінскі, В.​Р.​Вільямс, Д.​К.​Забалотны, М.​Я.​Мар, С.​Ф.​Альдэнбург, М.​М.​Пакроўскі, М.​А.​Скрыпнік, П.​А.​Туткоўскі, М.​І.​Яворскі. Першым прэзідэнтам акадэміі абраны У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31), віцэ-прэзідэнтамі — М.​І.​Бялуга, С.​М.​Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.​У.​Ластоўскі.

У 1931 пастановай СНК БССР функцыі Акадэміі навук былі пашыраны. На яе ўскладзена планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў навук. даследаванняў і ўкараненнем у вытворчасць іх вынікаў. Акадэмія стала цэнтральнай навук. установай рэспублікі. У 1932 у сістэме Бел. АН дзейнічала 14 інстытутаў: філасофіі, мовазнаўства, літаратуры і мастацтва, гісторыі, сав. будаўніцтва і права, эканомікі, яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры, біял. навук, аграглебавы, хіміі, геалогіі, фізіка-тэхнічны, псіханеўралагічны; 2 сектары — літоўскі і латышскі. У ін-тах працавалі 22 правадз. члены, 150 навук. супрацоўнікаў. Як самастойныя ўстановы працавалі камісія па вывучэнні Зах. Беларусі, Цэнтр. бюро краязнаўства, выдавецтва, бібліятэка. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створаны Ін-т аспірантуры.

У 1930 у Гомелі адкрыты Бел. лесатэхн. ін-т. У гады 1-й пяцігодкі (1928—32) дробныя спецыялізаваныя ВНУ Беларусі былі аб’яднаны, створана некалькі ведамасных н.-д. устаноў. На базе Бел. с.-г. акадэміі ў 1931 заснаваны НДІ: садова-агародны, водна-меліярацыйны, кармавых культур і аграхіміі, прадзільных культур. У 1932 на базе Ін-та сацыяліст. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі створаны 2 НДІ: саўгаснага і калгаснага будаўніцтва. Былі заснаваны свінагадоўчы, балотны, ветэрынарны, гідраметэаралагічны і інш. НДІ, 15 занальных станцый і шэраг апорных н.-д. пунктаў. У 1929 на базе хім. лабараторыі Савета нар.-гаспадаркі БССР створаны Ін-т прамысловасці з сектарамі: торфу, будматэрыялаў, мінер. угнаенняў, тэкстыльным, энергетычным, сапрапеляў, скуранога абутку, паперы і інш. У 1924 пачалі дзейнічаць НДІ: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1928 — туберкулёзу; у 1930 — меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1932 — пералівання крыві; скурных і венерычных хвароб. У 1933 адкрыты Бел. ін-т нар. гаспадаркі, абнавіў дзейнасць Бел. політэхн. ін-т (былі аб’яднаны мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харчовай прам-сці і Горацкі водна-меліярац. ін-ты). У БССР працавалі філіялы ўсесаюзных НДІ, занальныя навук. станцыі. Да канца 1-й пяцігодкі ў БССР працавала больш за 50 н.-д. устаноў: у галіне прамысловасці 6, сельскай гаспадаркі 23, аховы здароўя 10, культурна-асветных 12, па нацыянальным будаўніцтве 5 і інш. У 1932 у БССР было 940 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 23 акадэмікі, 118 прафесараў, 278 дацэнтаў, 521 асістэнт. У 1940 у 67 навук. установах (з ВНУ) працавала 2227 навук. супрацоўнікаў. У 1939/40 навуч. годзе падрыхтоўку педагагічных, навук. і інжынерна-тэхн. кадраў ажыццяўлялі 22 ВНУ.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навук. кадраў для Беларусі аказалі навуковыя і вышэйшыя навуч. ўстановы Масквы, Ленінграда, Кіева і інш. навук. цэнтраў СССР, дзе праходзілі падрыхтоўку бел. аспіранты. Многія з іх зрабілі значны ўклад у развіццё бел. навукі (М.​А.​Барысевіч, М.​М.​Паўлючэнка. А.​Н.​Сеўчанка, Ф.​І.​Фёдараў і інш.).

У даваенны час н.-д. ўстановы рэспублікі выканалі грунтоўныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, фотасінтэзу, медыцыны, фіз.-матэм., тэхн., хім., мастацтвазнаўчых, эканамічных і інш. навук. Значны ўклад зроблены ў распрацоўку праблем здабычы, сушкі і спальвання торфу, вывучэнне хім. саставу торфу і сапрапеляў, асушэнне і асваенне балот і забалочаных зямель, вывядзенне новых сартоў бульбы, лёну, павышэнне ўраджайнасці с.-г. культур, выкарыстанне лясных рэсурсаў. У галіне грамадскіх навук вучоныя рэспублікі даследавалі гісторыю, эканоміку, культуру, фалькларыстыку Беларусі. Значныя даследаванні прысвечаны гістарыяграфіі, крыніца-, архіва- і краязнаўству, праблемам гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Даследаванні філосафаў былі сканцэнтраваны на вывучэнні заканамернасцей развіцця сацыяліст. грамадства. адносін сав. дзяржавы да культурнай спадчыны мінулага і інш. У 1936 Бел. акадэмія навук перайменавана ў Акадэмію навук БССР.

Пэўныя цяжкасці ў развіцці навукі ў БССР у гэты перыяд былі абумоўлены недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі рэпрэсіямі. Толькі ў АН БССР рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў; сярод іх акадэмікі Я.​М.​Афанасьеў, Ц.​Л.​Бурстын, Г.​І.​Гарэцкі, П.​В.​Горын, А.​Д.​Дубах, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​Ю.​Матулайціс, С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, В.​А.​Сербента, І.​З.​Сурта, Б.​А.​Тарашкевіч, В.​К.​Шчарбакоў і інш. Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у Акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 рэарганізацыяй ці зліццём з інш. ўстановамі скасаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што прычыніла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це, Бел. навук. таварыстве, Ін-це гаспадаркі і культуры.

У гады Вял. Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ Беларусі былі эвакуіраваны або знішчаны. Паводле рашэння Савета па эвакуацыі пры СНК СССР ад 7.7.1941 члены АН Беларусі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя накіроўваліся ў Ташкент на працу ў н.-д. і ВНУ. Значная частка супрацоўнікаў АН Беларусі ў час вайны працавала ў Маскве, у ін-тах АН СССР, інш. НДІ і ВНУ. У кастр. 1943 у Маскве аднавіў работу Прэзідыум АН Беларусі на чале з прэзідэнтам К.​В.​Горавым. Бел. вучоныя і ў гэты перыяд выканалі грунтоўныя навук. даследаванні па распрацоўцы новых тэхнал. працэсаў, зрабілі ўклад у вырашэнне пытанняў павелічэння ўрадлівасці с.-г. культур, павелічэння сыравінных рэсурсаў краіны. Б.​В.​Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяц. прамысловасці, С.​М.​Ліпатаў прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты, М.​Ф.​Ярмоленка — прынцып ачышчэння нафты ад серы. М.​С.​Акулаў займаўся ўдасканальваннем прыбораў неразбуральнага кантролю прамысл. прадукцыі, Ц.​М.​Годнеў — распрацоўкай метадаў захавання вітамінаў у прадуктах пры працяглым іх захоўванні, О.​К.​Кедраў-Зіхман — метадамі выкарыстання ўгнаенняў, А.​Я.​Пракапчук — вытворчасцю лекавых прэпаратаў.

У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў АН БССР пачалі працаваць ін-ты: гісторыі; мовы, літаратуры і мастацтва; эканомікі; сацыяліст. сельскай гаспадаркі; геалогіі; тэарэтычнай і клінічнай медыцыны; торфу; хіміі; а таксама фізіка-тэхн. лабараторыя, водагаспадарчы сектар, батанічны сад і інш. У пач. 1950-х г. навуковы патэнцыял Беларусі быў практычна адноўлены; значную дапамогу ў гэтым аказалі АН СССР і акадэміі навук саюзных рэспублік У 1947 заснаваны ін-ты механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, філасофіі і права, фізіка-тэхнічны і біялогіі; у 1950 — ін-ты жывёлагадоўлі і лесу; у 1951 — мовазнаўства (на базе сектара мовы Ін-та мовы, літаратуры і мастацтва. зараз імя Я.​Коласа); у 1952 — энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, зараз імя А.​В.​Лыкава); у 1953 — фізіялогіі (на базе Ін-та тэарэт. медыцыны); у 1955 на базе сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхн. ін-та — Ін-т фізікі і матэматыкі (у 1959 перайменаваны ў Ін-т фізікі, зараз імя Б.​І.​Сцяпанава); у 1957 на базе сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры і сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі — Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (зараз імя К.​Крапівы); буд-ва і архітэктуры (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт СМ БССР па справах буд-ва), машыназнаўства і аўтаматызацыі (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, з 1965 у сістэме Мін-ва станкабуд. і інструментальнай прам-сці СССР пад назвай Эксперыментальны НДІ машыназнаўства, з 1971 у сістэме АН БССР як Ін-т праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (зараз — Ін-т механікі і надзейнасці машын). У 1958 створаны сектар геранталогіі, у 1959 — Аддзел заалогіі і паразіталогіі. У 1959 на базе лабараторыі матэм. профілю Ін-та фізікі і матэматыкі створаны Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (з 1965 Ін-т матэматыкі). У 1957 Ін-т літаратуры і мастацтваў перайменаваны ў Ін-т літаратуры (зараз імя Я.​Купалы). У 1959 на базе Ін-та хіміі створаны ін-ты фізіка-арганічнай хіміі і агульнай і неарганічнай хіміі. У 1963 Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў пераўтвораны ў Ін-т фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, на базе Ін-та біялогіі — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі (з 1966 Ін-т эксперым. батанікі, зараз імя В.​Ф.​Купрэвіча); у 1966 — Аддзел мікрабіялогіі (з 1975 Ін-т мікрабіялогіі). З 1965 пачалі працаваць ін-ты: ядзернай энергетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т энергетычных і ядзерных даследаванняў), генетыкі і цыталогіі, тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі).

У 1930—60-я г. навуковую і навукова-арганізац. працу ў Акадэміі навук вялі яе прэзідэнты: П.​В.​Горын (1931—36), І.​З.​Сурта (1936—37), К.​В.​Гораў (1938—47), А.​Р.​Жэбрак (1947), М.​І.​Грашчанкаў (1947—51), В.​Ф.​Купрэвіч (1952—69); акадэмікі К.​М.​Міцкевіч, І.​С.​Лупіновіч, К.​К.​Атраховіч, Ц.​М.​Годнеў, М.​А.​Дарожкін, М.​Ф.​Ярмоленка, М.​М.​Нікольскі, А.​Н.​Сеўчанка, М.​В.​Турбін, В.​П.​Севярдэнка, І.​А.​Булыгін і інш. Значную ролю ў развіцці новых кірункаў фіз.-матэм. і тэхн. навук адыграў пераход на працу ў АН БССР і ВНУ рэспублікі вучоных Масквы і Ленінграда (Б.​І.​Сцяпанаў, М.​А.​Ельяшэвіч, АЖ. Красін, М.​М.​Сірата, А.​В.​Лыкаў, М.​П.​Яругін, У.​І.​Крылоў і інш.). У 1969 прэзідэнтам акадэміі выбраны М.​А.​Барысевіч (быў ім да 1987).

У 1970-я г. ў структуры Акадэміі навук утворана 5 новых ін-таў: у 1971 на базе лабараторый геахім. праблем АН СССР і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АН БССР — Ін-т геахіміі і геафізікі; у 1973 — ін-ты электронікі і фотабіялогіі; у 1974 на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фізіка-арганічнай хіміі — Ін-т біяарганічнай хіміі; у 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі — Ін-т мікрабіялогіі. Акадэмічныя навук. цэнтры арганізаваны ў абласных гарадах. Аддзел механікі палімераў у Гомелі ў 1969 пераўтвораны ў Ін-т механікі металапалімерных сістэм; у 1970 у Гродне адкрыты Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Магілёве — аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Віцебску — аддзяленне Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя падраздзяленні пераўтвораны ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі (1992) і тэхналогіі металаў (1992) у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску (1975), біяхіміі ў Гродне (1985). У 1980 у Мінску пачаў дзейнічаць Ін-т заалогіі, у 1987 — Ін-т радыебіялогіі (з 2003 у Гомелі).

У канцы 1970-х г. у Акадэміі навук дзейнічала 5 аддзяленняў — грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім. і геалагічных навук, у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чалавек, у т. л. 204 дактары і больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі і 70 членаў-карэспандэнтаў. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.​А.​Барысевіч, В.​С.​Буракоў, М.​А.​Ельяшэвіч, У.​А.​Піліповіч, Б.​І.​Сцяпанаў, Ф.​І.​Фёдараў), матэматыкі (У.​І.​Крылоў, У.​П.​Платонаў, Дз.​А.​Супруненка, М.​П.​Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (А.​К.​Красін, А.​В.​Лыкаў, А.​Р.​Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.​У.​Хатылёва), геалогіі (Р.​Г.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач), лінгвістыкі (М.​В.​Бірыла), біяарганічнай хіміі (А.​А.​Ахрэм), грамадскіх навук (В.​К.​Бандарчык, К.​П.​Буслаў, М.​І.​Вядута, І.​Я.​Марчанка, Р.​М.​Суднік). Сфарміраваліся сусветна вядомыя навук. школы па мовазнаўстве, тэарэт. фізіцы, спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, электроніцы, цеплафізіцы, дыферэнцыяльных ураўненнях, алгебры і тэорыі лікаў, біяарган. хіміі, геалогіі, фізіялогіі, генетыкі і селекцыі, матэрыялазнаўстве і інш.

Многія вынікі навук. даследаванняў, атрыманыя ў АН БССР, выкарыстоўваліся ў нар. гаспадарцы СССР Некаторыя ін-ты з’яўляліся галаўнымі ў СССР па асобных праблемах. Значную ролю ў развіцці навукі ў гэтыя гады адыграла Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб мерах па далейшаму развіццю навукі і ўмацаванню яе сувязей з вытворчасцю» (1970).

У 1970—80-я г. ўдасканальвалася арганізацыя навукі на Беларусі, значна павялічана колькасць ведамасных н.-д. устаноў рэсп. і саюзнага падпарадкавання. У адпаведнасці з патрэбамі нар. гаспадаркі з’явіліся новыя н.-д. ін-ты: эксперым. ветэрынарыі (1949, зараз імя С.​М.​Вышалескага); Мінскі н.-д. прыборабудаўнічы ін-т(1954), Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (1956), Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (1957), Навукова-даследчы і канструктарскі ін-т ліцейнай вытворчасці (1958), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1958, з 1959 Бел. НДІ навукова-тэхн. інфармацыі); Мінскі канструктарска-тэхнал. эксперым. ін-т аўтамаб. прамысловасці (1960), Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (1960), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (1961), Бел. н.-д. дарожны ін-т (1962), Бел. ін-т інжынерных пошукаў (1964), НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання (1965), Бел. філіял Энергет. н.-д. ін-та (1965) і інш.

Навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў новых ВНУ, адкрытых у абласных цэнтрах для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў: Брэсцкім пед. ін-це (1950), Гродзенскім с.-г. ін-це (1951), Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (1953, Гомель), Бел. ін-це меліярацыі сельскай гаспадаркі (1954), Гродзенскім мед. ін-це (1958), Мінскім радыётэхн. ін-це (1964), Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (1965), Гомельскім пед. ін-це (з 1969 Гомельскі ун-т). Усяго на Беларусі ў 1970 дзейнічалі 174 навук. ўстановы, у т. л. 21 ін-т у Акадэміі навук і 9 самаст. навук. падраздзяленняў. Пачалі дзейнічаць галіновыя навук. ўстановы: Бел. н-д. тэхнал. ін-т аўтамабільнага транспарту (1970), НДІ прам-сці першапачатковай апрацоўкі лубяных валокнаў (1970), НВА «Інтэграл» (1971), Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (1971, у складзе яго дзейнічае Навукова-даследчы і тэхнал. ін-т аптычнага станкабудавання), Бел. філіял Усесаюзнага НДІ галургіі (1971), Бел. НДІ аховы раслін (1971), Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі (1971), НДІ ЭВМ (1972), Бел. філіял НДІ працы (1972), Магілёўскі праектна-канструктарскі ін-т спец. тэхнал. аснасткі, аўтаматызацыі і механізацыі (1974), Бел. дзярж. праектна-тэхнал. ін-т (1975), Бел. НДІ горадабудаўніцтва (1976), Бел. НДІ кардыялогіі (1977), Гомельскі філіял Растоўскага НДІ тэхналогіі машынабудавання (1979) і інш. У Мінску былі адкрыты: філіял Ін-та мед. генетыкі Акадэміі мед. навук СССР (1981), Навукова-даследчы канструктарска-тэхнал. ін-т прыкладной механікі (1981), Мінскі н.-д. ін-т радыёматэрыялаў (1982, падпарадкоўваўся Мін-ву прам-сці сродкаў сувязі СССР), НВА «Агат» (1986, у склад яго ўключаны НДІ сродкаў аўтаматызацыі і НДІ «Агат»); Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т мікрабіял. вытворчасцей (1986) і інш. На 1.1.1975 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР працавалі 8 НДІ, 6 абласных доследных станцый, Ганусаўская доследна-селекцыйная станцыя па цукр. бураках і Палеская с.-г. доследная станцыя. У іх працавала 25 дактароў і 633 кандыдаты навук. У Мін-ве аховы здароўя — 9 НДІ (29 дактароў і 181 кандыдат навук). У сістэме Мін-ва прам-сці і на прамысл. прадпрыемствах дзейнічалі дзесяткі н.-д., тэхнал. і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро і лабараторый, пры Дзяржплане БССР — НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. Многія н.-д. ўстановы падпарадкоўваліся саюзным мін-вам і ведамствам, у т. л. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і Бел НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-т арганізацыі і тэхнікі кіравання Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання СССР, Усесаюзны НДІ па вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы Мін-ва харчовай прам-сці СССР, Усесаюзны н.-д. і тэхнал. ін-т мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёла- і птушкагадоўчых ферм і інш.

У сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і патрэбамі навукі і прам-сці ў рэспубліцы былі адкрыты: Гродзенскі ун-т (1977), Магілёўскі тэхнал. ін-т (1973), Наваполацкі політэхн. ін-т (1973), Мінскі ін-т культуры (1975), гомельскія кааператыўны (1980), політэхнічны (1980) і медыцынскі (1990) ін-ты, дзе навук. даследаванні праводзіліся ў 11 н.-д. сектарах, 10 праблемных, 13 галіновых лабараторыях, вылічальным цэнтры, дзесятках н.-д. лабараторый і на кафедрах. У сістэме Мін-ва адукацыі БССР пачалі дзейнічаць НДІ: пры БДУ — прыкладных фіз. праблем (1971, зараз імя А.​Н.​Сеўчанкі), фізіка-хім. праблем (1977), ядзерных праблем (1987); пры БПІ—НДІ парашковай металургіі (1972), які ў 1980 пераўтвораны ў міжгаліновае НВА парашковай металургіі (з 2002 у структуры Нац. АН Беларусі). Падрыхтоўка навук. кадраў у ВНУ вялася па такіх спецыяльнасцях і кірунках, як матэрыялазнаўства, паўправадніковая мікраэлектроніка, машынабудаванне, прыладабудаванне, электронная вылічальная тэхніка, аптычная і лазерная тэхніка, хім. тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці будматэрыялаў і інш.

У 1975 на Беларусі дзейнічалі 177 н.-д. устаноў (з ВНУ), дзе працавала 29,3 тыс. навук. работнікаў, у т. л. 600 дактароў і 7,9 тыс. кандыдатаў навук. У 1988 навук. даследаванні праводзіліся ў 99 н.-д. ін-тах, іх філіялах і аддзяленнях, у 33 ВНУ, 130 праектных, праектна-канструктарскіх і тэхнал. арганізацыях, 1675 лабараторыях, 675 канструктарскіх падраздзяленнях на вытворчасці. У іх працавала больш за 141 тыс. чал., з іх 44 тыс. навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў, у т. л. 1200 дактароў і 15 тыс. кандыдатаў навук. Навук. даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук каардынавала АН БССР, сельскагаспадарчых — Мін-ва сельскай гаспадаркі, медыцынскіх — Мін-ва аховы здароўя, педагагічных — Мін-ва асветы, гісторыі КПБ — Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Для каардынацыі фундаментальных даследаванняў па тэхн., прыродазнаўчых і гуманітарных навуках пры Акадэміі навук у 1953 створаны Савет па каардынацыі навук. дзейнасці.

З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання унікальнага навук. абсталявання і прыбораў на Беларусі былі створаны цэнтры калектыўнага карыстання. Адзін з першых у 1973 — Цэнтр аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў на базе Ін-та фізікі Акадэміі навук (зараз пры Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі). Усяго ў акадэміі ў розныя гады дзейнічала яшчэ 6 такіх цэнтраў. У 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену пачаў дзейнічаць Міжнар. цэнтр акадэмій навук сацыяліст. краін па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен» (з 1991 — Міжнар. цэнтр павышэння кваліфікацыі навук. кадраў па праблеме «Цепла- і масаабмен»); з 1980 — Міжвузаўскі цэнтр па інфрачырвонай спектраскапіі і рэнтгенафазавым аналізе пры БПІ, Цэнтр па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі пры БДУ. Пры НВА «Інтэграл» дзейнічае цэнтр «Белмікрааналіз».

У 1986—89 у рэспубліцы створана сістэма навук. забеспячэння праблем, звязаных з мінімалізацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986: у Акадэміі навук адкрыты Ін-т радыебіялогіі (1987), у Мін-ве аховы здароўя — Ін-т радыяцыйнай медыцыны (1988), у Гомелі — Бел. філіял Усесаюзнага НДІ с.-г. радыялогіі (1986, з 1992 ін-т радыялогіі), Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (2002). У міжрэспубліканскай праграме навук. даследаванняў, звязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнічалі 19 акадэмічных, 21 галіновы ін-т, 6 ВНУ.

С.​М.​Некрашэвіч — першы старшыня Інбелкульта (1922—24).
Будынак Інбелкульта (г. Мінск, 1920-я г.).

ВУЧОНЫЯ-ПРЫРОДАЗНАЎЦЫ, АДНЫ З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

М.​Пачобут-Адляніцкі (1728—1810).
З.​Урублеўскі (1845—88).
Я.​А.​Наркевіч-Ёдка (1848—1905).

ПРЭЗІДЭНТЫ АКАДЭМІІ НАВУК

У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31)
П.​В.​Горын (1931—36)
І.​З.​Сурта (1936—37)
К.​В.​Гораў (1938—47)
А.​Р.​Жэбрак (1947).
М.​І.​Грашчанкаў (1947—51)
В Ф.​Купрэвіч (1952—69)
М.​А.​Барысевіч (1969—87)
У.​П.​Платонаў (1987—92)
Л.​М.​Сушчэня (1992—97)
А.​П.​Вайтовіч (1997—2001)
М.У Мясніковіч (з 2001)

НАВУКА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

Разбурэнне навуковых і навукова-гаспадарчых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане навукі Беларусі. Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу і яго эфектыўнасць у 1990-я г. рэзка знізілася ў сувязі са скарачэннем фінансавання навукі, старэннем яе матэрыяльна-тэхн. базы, нізкім узроўнем запатрабаванасці вынікаў навук. даследаванняў у нар. гаспадарцы. За 1990—98 у АН Беларусі колькасць навук. супрацоўнікаў зменшылася з 5967 да 4346 чал., у т. л. кандыдатаў навук з 2557 да 1959. Скарацілася колькасць маладых спецыялістаў, што прывяло да т.зв. «старэння» навукі. Разам з тым павялічылася колькасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі — у 1998 працавала 465 дактароў навук.

Аднак і ў гэтых умовах навук. даследаванні не спыніліся. Усталяванне суверэнітэту Беларусі патрабавала адначасова з дзярж. будаўніцтвам стварэння адпаведных навук. інстытутаў і дзярж. структур для арганізацыі і развіцця нац. навукі. У 1991 АН БССР была перайменавана ў Акадэмію навук Беларусі. Быў прыняты шэраг мер па дзярж. падтрымцы навукі, якія абумовілі змены ў арганізацыі навукі, што пачалі адбывацца ў 2-й пал. 1990-х г. Для павышэння эфектыўнасці навукова-тэхн. дзейнасці створаны Дзярж. патэнтны камітэт (1992), Дзярж. камітэт па навуцы і тэхналогіях (1993). У 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», паводле якога адказнасць за развіццё фундаментальных навук. даследаванняў у краіне ўскладзена на АН Беларусі. У 1994—95 праведзена работа па фарміраванні нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навукова-пед. кадраў. У 1994 створана Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Рэспублікі Беларусь, рэарганізаваны і адкрыты новыя саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За 1994—2002 колькасць дактароў навук у краіне павялічылася на 840 чал., кандыдатаў — на 3842 чал. Усяго на Беларусі ў розныя гады працавала амаль 3500 вучоных вышэйшай кваліфікацыі. У 1997 АН Беларусі нададзены новы статус — яна стала Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (скарочаная назва паводле Статута — НАН Беларусі).

Для захавання навукова-тэхн. патэнцыялу ўдасканальвалася нарматыўна-прававая база навукі і тэхнікі, зацверджаны пералік і парадак фарміравання і выканання дзярж. навукова-тэхн. задач. З 1991 дзейнічае Бел. рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае на конкурснай аснове фінансавую падтрымку навук. калектывам і асобным вучоным. Для ўмацавання дзярж. падтрымкі інавацыйнай дзейнасці створаны Бел. інавацыйны фонд, які ў 2002 уключаны ў склад Нац. АН Беларусі. У 2002 падняты статус і пашыраны функцыі Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў пры Нац. АН Беларусі, які перайменаваны ў Савет па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Дзярж. камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з інш. органамі дзярж. кіравання распрацавана і з 1997 пачала дзейнічаць праграма развіцця матэрыяльна-тэхн. базы навукі.

Для развіцця актуальных навук. кірункаў у 1990-я г. пачалі дзейнічаць новыя навук. ўстановы. У АН Беларусі арганізаваны: Інжынерны цэнтр «Плазматэг» (1990), Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (1990, Гродна), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (1990, на базе Ін-та торфу), Ін-т сацыялогіі і сацыяльных тэхналогій (1990), Аддзел аптычных праблем інфарматыкі (1991), Ін-т малекулярнай і атамнай фізікі (1992), ін-ты прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў (1992, Магілёў), Ін-т лесу (1992, Гомель), Ін-т тэхн. акустыкі (1999, Віцебск), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (1998), Ін-т дзяржавы і права (1999), Аддзел праблем Палесся (2000). Ін-т ядзернай энергетыкі ў 1993 ператвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс «Сосны» ў складзе трох ін-таў: праблем энергетыкі, радыяцыйных фізіка-хім. праблем і радыеэкалагічных праблем (створаны ў 1991). У 1992 прэзідэнтам АН Беларусі абраны Л.​М.​Сушчэня, у 1997 — А.​П.​Вайтовіч.

У сістэме міністэрстваў і ведамстваў створаны: Бел. НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі (1990, Магілёў), Ін-т радыяцыйнай бяспекі (1991), Навук. цэнтр праблем механікі машын (1992), Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар» (1992, на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання, які існаваў у Мінску з 1962), Бел. цэнтр мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі, аховы здароўя (1992), Бел. ін-т сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхн. сферы, НДІ праблем аховы інфармацыі, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, Ін-т сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе 1996), НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый (1999), Бел. НДІ лёну (2000). У 1992 створана Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь (з 2002 у складзе Нац, АН Беларусі), якая аб’ядноўвала 15 НДІ і 9 доследных станцый. У 2000 у яе складзе было 17 акадэмікаў, 24 члены-карэспандэнты, 1740 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 85 дактароў і 503 кандыдаты навук. Прэзідэнтам акадэміі абраны В.​С.​Антанюк. Асн кірункі яе дзейнасці: правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу ў аграпрамысловым комплексе; каардынацыя даследаванняў і навукова-метадычнае кіраванне гэтымі праблемамі, распрацоўка высокаэфектыўных рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі і захавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.

У 1996—2000 навук. даследаванні праводзіліся па 38 дзярж. праграмах фундаментальных даследаванняў у 130 навук. установах, у т. л.: 48 арганізацыях Нац. АН Беларусі, 13 ін-тах і цэнтрах Акадэміі аграрных навук, 32 ВНУ, 35 галіновых НДІ, 7 навук і навукова-тэхн. цэнтрах. У 2002 навук. даследаванні і распрацоўкі па розных галінах навукі і тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі вяліся ў 175 НДІ, 40 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 31 н.-д. падраздзяленне на прамысл. прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. арганізацыях. У гэтым удзельнічалі 30 711 чал. (у 3,5 раза меней, чым у 1990), у т. л. 787 дактароў і 3472 кандыдаты навук (без уліку навукова-пед. работнікаў). У 58 ВНУ (у т. л. 14 недзяржаўных) працавалі каля 22,6 тыс. навукова-пед. супрацоўнікаў, у т. л. 1130 дактароў і 7336 кандыдатаў навук. Навук. даследаванні праводзіліся па машына- і станкабудаванні, металургіі, радыётэхніцы, электроннай, оптыкамех. і электратэхн. прам-сці, прыладабудаванні, камп’ютэрнай тэхніцы, сінтэзе новых рэчываў і матэрыялаў, ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарных і сац. навуках і інш.

Станоўчыя змены адбыліся ў падрыхтоўцы навук. кадраў праз аспірантуру. Калі ў 1992 аспірантуру мелі 89 устаноў краіны, дзе вучыліся 2639 чал., то ў 2002—123 установы з 6053 аспірантамі, з іх 926 чал. у Нац. АН Беларусі. У 2002 аспірантуру скончылі 1152 чал., з іх 194 чал. ў Акадэміі навук.

У 2002 праведзены работы па ўдасканаленні структуры кіравання ў навукова-тэхн. сферы, укараненні распрацовак у нар. гаспадарку, каардынацыі розных этапаў стварэння і арганізацыі вытворчасці новай прадукцыі. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5.3.2002 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі» ўстаноўлена, што Камітэт па навуцы і тэхналогіях (КНТ), ВАК і Нац. АН Беларусі ствараюць сістэму органаў дзярж. кіравання ў сферы навукі. КНТ (з 2004 Дзярж. КНТ) і Акадэмія навук паслядоўна рэалізуюць комплекс мер па арганізацыйна-эканам. рэгуляванні развіцця навуковай, навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці, абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. У 2001—03 КНТ, акадэміяй з удзелам Мін-ва адукацыі і інш. органаў дзярж. кіравання падрыхтаваны і ўнесены на разгляд СМ Рэспублікі Беларусь шэраг асноватворных дакументаў: «Канцэпцыя інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2003—2007 гг.» (зацверджана пастановай СМ ад 31.7.2003), «Канцэпцыя сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2003—2005 гг.», «Канцэпцыя далейшага развіцця навукі ў Рэспубліцы Беларусь». Для ўдасканалення сістэмы арганізацыі і правядзення навук. і прыкладных даследаванняў уведзены праграмна-мэтавы метад кіравання фундаментальнымі навук. даследаваннямі, пералік якіх на 2002—05 зацверджаны пастановай СМ ад 29.1.2002.

У 2002 навук. даследаванні вяліся па 32 дзярж., 9 галіновых, 6 рэгіянальных навукова-тэхн. праграмах, здзяйснялася навук. забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 12 дзярж. народнагаспадарчых і сац. праграм. У 2003 па ініцыятыве Нац. АН Беларусі і пры падтрымцы КНТ ажыццёўлены кардынальныя змены ў арганізацыі н.-д. работ. У практыку кіравання навук. даследаваннямі ўведзены новыя формы іх выканання — дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў, дзярж. праграмы прыкладных даследаванняў, комплексныя праграмы навук. даследаванняў. Мэта новых праграм — атрыманне навук. вынікаў, арыентаваных на практычнае выкарыстанне. Пастановай СМ ад 2.5.2003 зацверджаны пералік дзярж. праграм фундаментальных і арыентаваных фундаментальных даследаванняў на 2003—05, а пастановай ад 26.9. 2003 — пералік 11 дзярж. праграм прыкладных навук. даследаванняў на 2003—05. Актывізавалася праца па фарміраванні навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі, асноўным механізмам здзяйснення якой з’яўляюцца рэгіянальныя навукова-тэхн. праграмы.

Навук. ўстановы і арганізацыі краіны выконваюць н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў цесным кантакце з прадпрыемствамі з мэтай укаранення тэхнал. працэсаў, новай тэхнікі, матэрыялаў і практычных рэкамендацый, што дазваляе павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, садзейнічае вырашэнню праблем імпартазамяшчэння і экспарту ў розных галінах нар. гаспадаркі. Вынікі фундаментальных даследаванняў становяцца асновай навукаёмістых вытворчасцей, забяспечваюць развіццё сацыяльнай і культурнай сферы краіны. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады.

Фундаментальныя даследаванні па праграмах «Квант» і «Кагерэнтнасць» склалі аснову новых лазерных тэхналогій і абсталявання для машынабудавання, медыцыны. Новыя звышцвёрдыя, магнітныя, п’езакерамічныя і паўправадніковыя матэрыялы, распрацаваныя па праграме «Крышталяфізіка», дазволілі стварыць і выкарыстаць экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмазу, кубічнага нітрыду бору, новыя ферытавыя і п’езакерамічныя вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці.

Вынікі фундаментальных даследаванняў па праграмах «Інтэлект» і «Інфатэх» дазволілі стварыць прататыпы сістэм, пакетаў прыкладных праграм і макетаў устройстваў для ўводу, апрацоўкі і вываду відэаінфармацыі, аўтаматызацыі праектавання вырабаў у машына- і прыладабудаванні, апрацоўцы мед. інфармацыі, суперкамп’ютэрных сістэм.

Даследаванні ў галіне біяарганічнай хіміі прывялі да стварэння лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў высокай сацыяльнай значнасці ў адпаведнасці з групамі рызыкі па захворваннях, арганізаваная вытворчасць якіх цалкам забяспечвае патрэбы краіны і ідзе на экспарт.

Многія прынцыповыя пытанні тэорыі крышталізацыі і зацвярдзення металаў і сплаваў (праграма «Ліццё») дазволілі стварыць высокаэфектыўныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія шырока выкарыстоўваюцца на вытворчасцях Беларусі і за мяжой.

Фундаментальныя распрацоўкі па праграме «Біятэхналогія» дазволілі стварыць унікальныя прэпараты, якія не саступаюць замежным аналагам, для аховы пладова-ягадных культур ад хвароб.

На Нац. АН Беларусі як на вышэйшую навук. арганізацыю краіны ўскладзены функцыі правядзення, развіцця і каардынацыі фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхн. і гуманітарных навук; павышэння эфектыўнасці выкарыстання навук. дасягненняў, падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай адукацыі; павелічэння ўплыву навукі на развіццё эканомікі, адукацыі, культуры бел. народа.

Асновы і гарантыі дзейнасці акадэміі заканадаўча замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (5.5.1998), указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу інш. законаў, а таксама пастаноў СМ.

На 1.1.2004 у Нац. АН Беларусі працавала 16 625 чал., з іх 577 дактароў і 2145 кандыдатаў навук, у т. л. ў 73 н.-д. установах — 10 937 чал., у 2 навукова-вытворчых канцэрнах — 2681 чал., у канструктарскіх, доследна-вытворчых арганізацыях і прадпрыемствах — 1418 чал.; навук. даследаваннямі і распрацоўкамі заняты 6373 навук. супрацоўнікі. У персанальным складзе Акадэміі навук былі 94 акадэмікі, 100 членаў-карэспандэнтаў, 3 ганаровыя і 15 замежных членаў. За перыяд 1928—2004 у Акадэміі навук абраны: 252 акадэмікі, 223 члены-карэспандэнты, 11 ганаровых і 21 замежны член.

У складзе Нац. АН Беларусі 7 аддзяленняў: аграрных і біял. навук; гуманітарных навук і мастацтваў; мед. навук; фізіка-тэхн. навук; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; хіміі; навук аб Зямлі. З 2001 Акадэмію навук узначальвае М.​У.​Мясніковіч.

Навуковыя ўстановы і арганізацыі Акадэміі навук з’яўляюцца галаўнымі арганізацыямі-выканаўцамі работ па такіх навукова-тэхн. праграмах, як «Экалагічная бяспека», «Энергетыка-2004», «Тэхналогіі», «Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі», «Белаўтатрактарабудаванне», «Энергазберажэнне». Акадэмія — дзяржзаказчык па такіх праграмах, як «Алмазы», «Новыя матэрыялы і ахова паверхняў», «Рэсурсазберажэнне 2005», «Лазерныя сістэмы», «Прылады для навуковых даследаванняў», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і інш.

Вучоныя Беларусі праводзяць сумесныя навук. даследаванні з вучонымі інш. краін. У 2002 выконваліся 22 праекты ў рамках праграм міжнар. навукова-тэхн. супрацоўніцтва; у 2003 дзейнічала больш за 30 міжнар. міжурадавых дамоўленасцей у галіне навукі і тэхналогій (ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Кітай, Індыя, Іран, Сірыя і інш.). Акадэмічнымі ін-тамі ў 2003 выкананы навук. даследаванні і распрацоўкі па міжакадэмічных, міжінстытуцкіх пагадненнях і кантрактах з даследчымі цэнтрамі 52 краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўн. і Паўд. Амерыкі. ВНУ выкананы кантракты і дагаворы з 25 краінамі. Ва ўзаемаадносінах з замежнымі краінамі ў апошнія гады зроблены акцэнт на актывізацыю інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, распаўсюджанне распрацовак бел. вучоных.

Нац. АН Беларусі развівае плённыя дзелавыя адносіны з замежнымі партнёрамі ва ўсім свеце і прадстаўляе Беларусь у такіх міжнар. навук. арганізацыях, як Міжнар. навук. савет (ICSU), Асацыяцыя еўрапейскіх акадэмій навук (ALLEA), Міжакадэмічная група па міжнар. праблемах (ІАР), Міжнар. цэнтр навуковай і тэхн. інфармацыі (МЦНТІ), Міжнар. кангрэс тэхн. таварыстваў па механіцы (ICÓMES), Міжнар. цэнтр па цепла- і масаабмене (ІСНМТ). Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі акадэмій навук (засн. ў 1993), дзейнасць якой накіравана на аднаўленне, захаванне і развіццё новых умоў навук. супрацоўніцтва. Бел. вучоныя ўдзельнічаюць у выкананні расійскіх навукова-тэхн. праектаў у галіне касмічных і авіяц. тэхналогій, атамнай энергетыкі, інфарматыкі і інш. Шэраг сумесных праектаў выконваецца з вучонымі Расійскай, Украінскай, Літоўскай, Балгарскай АН і інш.

З 1998 арганізацыі Нац. АН Беларусі ажыццяўляюць Міждзярж. праграмы Саюза Беларусі і Расіі: «Лазерныя тэхналогіі XXI стагоддзя», «Навукаёмістыя кампаненты агульнамашынабудаўнічага выкарыстання», «Суперкамп’ютэр», «Распрацоўка і выкарыстанне касмічных сродкаў і тэхналогій, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі» («Космас-БР»), «Распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы» («Космас-СГ»), «Стварэнне высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, атрымліваемых з малака трансгенных жывёл» («БелРосТрансген», 2003—06).

Акадэмія мае шэраг двухбаковых пагадненняў аб навук. супрацоўніцтве з акадэміямі навук ці аналагічнымі ім навук. ўстановамі Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Македоніі, Малдовы, Паўд. Карэі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш., з сусветнымі лідэрамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — кампаніямі «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Оракл», «Эрыксан», «СІСКО». У 2003 паміж Нац. АН Беларусі і Т-вам Фраўнгофера (Германія) падпісана пагадненне пра ўтварэнне на базе Ін-та фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава сумеснай лабараторыі для фундамент. і прыкладных даследаванняў у галіне оптыкі, дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Сумесная лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера—Сцяпанава — першы ў СНД прыклад аб’яднанага міжнар. супрацоўніцтва ў навук. праграмах у гэтай галіне.

Вучоныя Акадэміі навук і ВНУ Беларусі ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнар. навук. праектаў пры фінансавай падтрымцы замежных навук. фондаў і арганізацый (МНТЦ, INTAS, IST, TACIS, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.).

Значная роля ў інфармацыйным забеспячэнні навукі адводзіцца бібліятэкам. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі (створана ў 1925 пры Інбелкульце). У яе фондзе больш за 3 млн. адзінак, у т. л. каля 1 млн. замежных выданняў. У апошнія гады тут арганізаваны анлайндоступ да электронных каталогаў многіх вядучых замежных навук. часопісаў. ЦНБ — адзіная ў краіне навукова-даследчая ўстанова па праблемах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі.

Дзеля рэалізацыі дзярж. палітыкі інфарматызацыі і кіравання нац. інфармацыйным рэсурсам у Акадэміі створаны Нац. цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій (2002). Выдаюцца навук. часопісы: «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў», «Вылічальныя метады ў прыкладной матэматыцы», «Інжынерна-фізічны часопіс», «Літасфера», «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», «Нелінейныя з’явы ў складаных сістэмах», «Прыродныя рэсурсы», «Трэнне і знос», «Часопіс прыкладной спектраскапіі» і інш.

Вынікі некаторых навук. даследаванняў бел. вучоных прызнаны навук. адкрыццямі. Сярод аўтараў адкрыццяў А.​А.​Ахрэм (1975), М.​А.​Барысевіч (1977), У.​Р.​Барышэўскі (1979, 1988), Ф.​І.​Фёдараў (1980), В.​І.​Вацякоў (1986), Д.​М.​Гаркуноў, В.​Я.​Мацюшэнка, А.​А.​Палякоў і Г.​П.​Шпянькоў (1990), В.​А.​Лапіна (1991), В.​В.​Еўсцягнееў, У.​М.​Калешка, В.​С.​Пячкураў, В.​С.​Улашчык (1991).

Дасягненні бел. вучоных адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Звання Героя Сац. Працы ўдастоены; Т.​М.​Шкурко (1948), П.​І.​Альсмік (1966), В.​Ф.​Купрэвіч (1969), М.​П.​Яругін (1969), А.​Н.​Сеўчанка (1971), П.​У.​Броўка (1972), Н.​Д.​Мухін (1973), Б.​І.​Сцяпанаў (1973), Т.​В.​Бірыч (1974), Я.​І.​Скурко (1974), К.​К.​Атраховіч (1975), Н.​Н.​Аляксандраў (1977), З.​І.​Азгур (1978), М.​А.​Барысевіч (1979), Т.​Н.​Кулакоўская (1979), Ф.​І.​Фёдараў (1979), І.​П.​Шамякін (1981). Званне заслужанага дзеяча навукі БССР і Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 310 вучоных, засл. дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі — 70 чалавек. Ленінскія прэміі прысуджаны А.​К.​Красіну (1957), М.​Я.​Мацапуры (1962), Р.​І.​Салаухіну (1965), М.​А.​Ельяшэвічу (1966), Б.​Л.​Шапашніку (1976), У.​П.​Платонаву (1978), М.​А.​Барысевічу, В.​В.​Грузінскаму і В.​А.​Таўкачову (1980), Ю.​В.​Карніловічу і Г.​Д.​Смірнову (1983). 214 вучоных Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі СССР, больш за 800 вучоных і спецыялістаў — Дзярж. прэміямі БССР і Рэспублікі Беларусь. За дасягненні ў развіцці навукі і падрыхтоўцы кадраў ордэнамі СССР узнагароджаны АН Беларусі і яе 6 інстытутаў, 6 навук. устаноў мін-ваў і ведамстваў, 11 ВНУ.

Літ.:

Очерки истории науки и культуры Беларуси, IX — нач. XX в. Мн., 1996;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1966;

Знаменательные даты советской науки. Хроника важнейших научных событий и достижений // Советская наука: Итоги и перспективы. М., 1982;

Наука и техника СССР, 1917—1987 гг. Хроника. М., 1988;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Национальная академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998;

Национальная академия наук Беларуси: Персон. состав. Мн., 2003.

А.​І.​Лесніковіч, В.​А.​Гапоненка.

Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У зале Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Чытальная зала прыродазнаўчых навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.​Коласа.

т. 18, кн. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)