КАНТРАБА́НДА (італьян. contrabando ад contra супраць + bando ўрадавы ўказ),
міжнароднае правапарушэнне ў сферы мытнай справы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь К. — тайнае перамяшчэнне праз дзярж. граніцу грузаў, тавараў, валюты і інш. каштоўнасцей, а таксама забароненых або абмежаваных для перамяшчэння прадметаў і рэчываў у абход мытнага заканадаўства. К. з’яўляецца злачынствам і караецца ў адпаведнасці з крымін. заканадаўствам. Адказнасць за адм. мытныя правапарушэнні (пералічаны ў Мытным кодэксе Рэспублікі Беларусь) устанаўліваецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
т. 8, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАДА́Г (цюрк. чорная гара),
вулканічны масіў у Крыме, на беразе Чорнага м., за 20 км на ПдЗ ад г. Феадосія, на Украіне. Складаецца з купалападобнай Святой гары, або г. Вял. Карадаг (выш. 577 м), і Берагавога хр. з арыгінальнымі формамі выветрывання. Складзены з туфаў і лаў. Радовішчы паўкаштоўных камянёў (сердалік, агат, яшма). З боку мора — бухты (Сердалікавая, Блакітная і інш.). Каля ўсх. падножжа — курорт Планёрскае ( б. Кактэбель). З 1979 К. — у складзе Карадагскага запаведніка.
т. 8, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́Т,
плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс. км². Выш. ў цэнтр. ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.
т. 8, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́ (Karroo),
паўпустынныя плато і міжгорныя ўпадзіны ў Паўд. Афрыцы, на Пд ад р. Аранжавая (пераважна ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы). Адрозніваюць: Малое К. (выш. 300—600 м) — падоўжная даліна ў Капскіх гарах; Вялікае К. (450—750 м) — упадзіна паміж Капскімі гарамі і Вял. Уступам; Верхняе К. (1000—1500 м) — плато паміж Вял. Уступам і р. Аранжавая. Складзена з пясчанікаў і сланцаў. Сухі субтрапічны клімат. Ападкаў да 400 мм за год. Хмызняковая расліннасць, участкі стэпаў.
т. 8, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЕ́НЧЫК (Авянір Маркавіч) (1889, Гродна — 29.12.1935),
ваенны лётчык, камандзір першага ў свеце цяжкага самалёта-бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». Вучыўся ў Віленскім ваен. вучылішчы, скончыў Гатчынскую авіяц. школу. Вызначыўся ў 1916 на Паўн.-Зах. фронце: паспяхова бамбіў стратэгічна важныя станцыі варожага тылу; у адным з баёў цяжка паранены, але закончыў бамбардзіроўку і вярнуўся на аэрадром. За заслугі ў 1-ю сусв. вайну ўзнаг. ордэнам Св. Георгія. Помнік ў Стоўбцах, дзе ён жыў да 1935.
т. 8, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮЧЭ́НКА (Надзея Лявонаўна) (8.11.1922, в. Лугава Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.6.1943),
удзельніца партыз. руху ў Віцебскай вобл. З вер. 1941 сувязная партыз. групы, з мая 1942 у партыз. атрадзе Дубава (Ф.Ф.Дуброўскага), з жн. 1942 кулямётчыца партыз. брыгады Чашніцкай («Дубава»). 8.6.1943 у баі каля в. Пышна Лепельскага р-на, калі танк і больш за 50 фашыстаў прарваліся ў партыз. абарону, К. са звязкай гранат кінулася пад машыну, падарвала яе і загінула сама.
т. 8, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НАЙ (Kenai),
паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКІ́МАРА,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯВІ́ЦА,
рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Клява (бас. р. Дняпро). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 136 км². Пачынаецца за 3 км на Пд ад в. Стайчанка. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна трапецападобная, шыр. 0,9—1,5 км. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 50—200 м (месцамі да 700 м), у сярэднім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу 9 км. Шыр. ракі ў межань у ніжнім цячэнні да 8 м.
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯГІ́НІН, Княгініна,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 100 км ад Мінска. 1056 ж., 456 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла рас. салдат, што загінулі ў час Нарачанскай аперацыі 1916. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.).
т. 8, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)