РЭЙН (ням. Rhein, франц. Rhin, нідэрл. Rijn, лац. Rhenus),

рака ў Зах. Еўропе, на тэр. Швейцарыі, Ліхтэнштэйна, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Нідэрландаў. Даўж. 1320 км (ад вытокаў Пярэдняга Р.), пл. басейна 224,4 тыс. км² (без бас. р. Маас). Пачынаецца ў Лепанцінскіх Альпах вытокамі Пярэдні Р. і Задні Р. У верхнім цячэнні працякае праз воз. Бодэнскае, да г. Базель перасякае адгор’і Альпаў Юры, Шварцвальда, дзе ўтварае парогі і вадаспады. На працягу больш як 300 км цячэ па Верхнярэйнскай нізіне ў шырокай даліне (10—12 км). У сярэднім цячэнні (ад г. Бінген да г. Бон) перасякае Рэйнскія Сланцавыя горы ў вузкай і звілістай даліне, ніжэй г. Бон цячэ па Паўн.-Германскай нізіне ў шырокай даліне (25 км), рэчышча пераважна штучнае. Упадае двума рукавамі ў Паўн. м., утварае дэльту. Рукавы Р. (гал. — Лек і Ваал) размешчаны вышэй прылеглай нізіны, таму абгароджаны высокімі дамбамі. Гал. прытокі: Аарэ, Мозель, Маас (злева), Некар, Майн, Лан, Рур, Ліпе (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні пераважна снегавое, у сярэднім і ніжнім дажджавое. У верхнім цячэнні для Р. характэрны вясенне-летняе разводдзе і малы зімовы сцёк, у сярэднім і ніжнім цячэнні, дзе Р. прымае прытокі, рака мнагаводная ўвесь год. Рэжым часткова зарэгуляваны. На ўзровень вады ў рукавах Р. (з павышэннем на 1,5—2 м) уплываюць паўсутачныя марскія прылівы. Не замярзае. Сярэдні расход вады ў вусці 2,5 тыс. м³/с. Сярэдні сцёк за год 79 км³. Р. — важнейшы міжнар. шлях Зах. Еўропы. Рэгулярнае суднаходства на 952 км (да г. Базель і па воз. Бодэнскае); да г. Кёльн даступна для марскіх суднаў. Каналамі Р. звязаны з рэкамі Дунай, Рона, Эльба, Везер, Марна, Эмс. Агульная даўж. суднаходных шляхоў у бас. Р. каля 3 тыс. км. Вял. гідрарэсурсы Р. выкарыстоўваюцца Германіяй, Швейцарыяй, Францыяй. Гал. парты на Р.: Ротэрдам (Нідэрланды), Дуйсбург, Дзюсельдорф, Кёльн, Бон, Майнц, Мангейм, Людвігсгафен (Германія), Страсбур (Францыя), Базель (Швейцарыя).

Л.​В.​Лоўчая.

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРУ́ЦКІЯ І САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

адзін з відаў нар. пазаабрадавай сацыяльна-быт. лірыкі. Узніклі ў 18—19 ст. пасля ўвядзення рэкруцкай павіннасці (у 1705 у Расіі, на Беларусі — пасля далучэння яе да Расіі ў канцы 18 ст.). Больш цесна, чым інш. віды і жанры бел. нар. лірыкі, звязаны з рэчаіснасцю і адлюстроўваюць рэальныя гіст. падзеі і з’явы. У іх адлюстраваны ўсе этапы набору ў рэкруты і служба ў царскім войску: развітанне з бацькамі, жонкай, нявестай, горкая доля навабранца, муштра ў царскай арміі, цяжкія паходы і трагічны лёс рэкрута. Ёсць у іх і пратэст супраць прымусовай службы і войнаў, сац. няроўнасці і несправядлівасці пры наборы. Найб. поўна бел. Р. і с.п. сабраў М.​Федароўскі.

Р. і с.п. багатыя сімволікай і псіхал. паралелізмам: многія песні пачынаюцца з апісання змрочных малюнкаў прыроды, прасякнутых прадчуваннем бяды, трагічнага лёсу героя; маці рэкрута ў вобразе зязюлі прылятае на месца прыёму і жаласна просіць забраць усё, але вярнуць дадому сына, якога чакае «салдацкімі слязьмі злітая» дарога. Смуткам прасякнуты песні пра расстанне жонкі або нявесты з каханым, асабліва тыя, дзе расказваецца пра смерць салдата. Для Р. і с.п. характэрны выразныя эпітэты («конь вараны», «воран чорны»), метафары («наступіла цёмна хмара», «зямліца стагнала»), антытэзы («лепей дома цэпам бухаць, чым у войску муштры слухаць», «лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны») і інш. маст. сродкі. Як і казацкія песні, Р. і с.п. ў асноўным харавыя, шматгалосыя мужчынскія. Мелодыі і характар выканання іх вельмі разнастайны (паходныя і страявыя песні пераважна маршавыя).

Публ.: Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Лірычныя песні. Мн., 1976; Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 4 выд. Мн., 1996.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,

манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл. Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс. чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс. мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.​І.​Дубровін, У.​М.​Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.​Л.​Сабалеўскі, І.​Я.​Гурлянд і інш. Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.​Р.​Бывалькевіч, Л.​М.​Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел. нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.

Літ.:

Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;

Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕТРЫ́Я КРЫШТАЛЁЎ,

уласцівасць крышталёў заканамерна паўтараць аднолькавыя грані, рэбры, вяршыні або сумяшчацца з сабой пры паваротах вакол восі, у прамых і перавернутых адлюстраваннях, паралельных пераносах і інш.; аснова класіфікацыі крышталёў. Сіметрыя знешняй формы (агранкі) крышталя залежыць ад сіметрыі яго атамнай будовы або крышталічнай рашоткі, якая абумоўлівае сіметрыю яго фіз. уласцівасцей. Форма крышталя і сіметрыя ўнутр. яго будовы вызначаюцца з дапамогай элементаў сіметрыі. Гал. элемент С.к. — паваротныя восі сіметрыі 1—4-га і 6-га парадкаў, плоскасць люстэркавага адлюстравання і цэнтр сіметрыі. Перавернутыя адлюстраванні вызначаюцца інверсійнымі восямі і цэнтрам сіметрыі. Інверсійныя восі маюць тыя ж парадкі, што і асн. восі. Парадак паваротнай восі сіметрыі паказвае, колькі разоў крышталь сумяшчаецца з сабой пры павароце на 360° (напр., куб — 4 разы, 6-гранная прызма — 6 разоў). Плоскасць сіметрыі падзяляе крышталь на 2 палавіны, якія люстэркава адлюстроўваюцца. Восі і плоскасць праходзяць праз цэнтр сіметрыі, што ўяўляе сабой пункт унутры фігуры, адносна якога ўсе супрацьлеглыя падобныя элементы крышталя знаходзяцца на аднолькавай адлегласці. Існуюць таксама элементы С.к.: плоскасць слізготнага люстэркавага адлюстравання (камбінацыя адлюстравання ў плоскасці з адначасовай трансляцыяй) і вінтавая вось (сумяшчае паварот і трансляцыю ўздоўж восі павароту, мае 2-і—4-ы і 6-ы парадкі). Пэўная сукупнасць элементаў сіметрыі ў адным крышталі вызначае від (групу, клас) сіметрыі. Вядомы 32 віды размяшчэння элементаў сіметрыі ў трохмернай прасторы, вызначаныя ням. мінералогам І.​Геселем (1830), у больш строгай матэм. форме — рус. вучоным А.​В.​Гадаліным (1867). Віды сіметрыі групуюцца ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій). Найб. сіметрычны від С.к. кожнай сінганіі наз. галаэдрычным. Крышталі аднаго мінералу маюць адзін від сіметрыі і пастаянны вугал паміж дзвюма адпаведнымі гранямі. С.к. вывучае крышталяграфія. З дапамогай С.к. вызначаюць мінералы і іх уласцівасці.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 1. Вайнштейн Б.К. Симметрия кристаллов. Методы структурной кристаллографии. М., 1979;

Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОРАБАГА́ТАЎ (Віктар Іванавіч) (н. 15.11.1951, Мінск),

бел. спявак (лірычны барытон), педагог, муз. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1977). З 1977 саліст Нац. т-ра оперы Беларусі, адначасова з 1985 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1980—81 стажыраваўся ў т-ры «Ла Скала» (Мілан). З 1992 маст. кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы». Валодае лёгкім рухомым голасам яркага тэмбру. Адзін з буйн. камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айч. і сусв. класікі розных гіст. і эстэт. кірункаў. Сярод партый нац. рэпертуару: Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Мефістофель («Фауст» А.​Радзівіла, опера адноўлена ў пастаноўцы С. ў 1999), Бусыга («У пушчах Палесся» А.​Багатырова). Інш. ролі: Ніклаўс («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Фігара, граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Ялецкі, Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Маэстра («Маэстра капэла» Д.​Чымароза). У 1988—94 ажыццявіў першы ў бел. выканальніцкім мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX ст.». Даследуе старадаўнюю бел. музыку, творчасць малавядомых бел. кампазітараў, у т. л. Я.​Тарасевіча. Аўтар кніг па гісторыі бел. муз. мастацтва. Гал. рэдактар серый нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор» (з 1995). Маст. кіраўнік штогодняга фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы» (з 1991). Лаўрэат Рэсп. конкурсу вакалістаў (Мінск), Міжрэсп. конкурсу вакалістаў (Талін), Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў сав. песні (Рыга; усе 1976). Усесаюзнага конкурсу імя М.​Глінкі (1979; Талін), дыпламант Міжнар. конкурсу вакалістаў (1980, Парыж). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Зайгралі спадчынныя куранты Мн., 1998;

Абышоўся без славы...: Кампазітар Ян Тарасевіч. Мн., 2001.

Н.​Г.​Мазурына.

В.Скорабагатаў у ролі Маэстра.

т. 14, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РАСНЫ БЕГ НА КАНЬКА́Х,

від канькабежнага спорту. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м для мужчын і 500, 1000, 1500, 3000 і 5000 м для жанчын, таксама ў мнагабор’і па замкнёнай лядовай дарожцы даўж. 400 м; у шорт-трэку на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м і ў эстафетным бегу — 3000 м для жанчын і 5000 м для мужчын, на дарожцы даўж. 111 м.

Узнік у Нідэрландах у пач. 13 ст. Першыя канькабежныя т-вы з’явіліся ў Нарвегіі (1864), Расіі (1877); нац. федэрацыя канькабежнага спорту — у Вялікабрытаніі (1879). Афіц. міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з канца 19 ст. (1882. Вена; 1889, Амстэрдам, і інш.). Чэмпіянаты свету праводзяцца сярод мужчын з 1893, сярод жанчын — з 1936; па спрынтарскім мнагабор’і (дыстанцыі 500 і 1000 м) — з 1970. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1893 сярод мужчын і з 1970 — у жанчын. У праграме зімовых Алімп. гульняў — адпаведна з 1924 і 1960. Міжнар. саюз канькабежцаў засн. ў 1892, аб’ядноўвае больш за 50 краін (1999). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, ЗША. Германіі, Нідэрландах, Расіі, Японіі і інш. Спаборніцтвы па шорт-трэку праводзяцца з 1970-х г. Чэмпіянаты свету з 1978. У праграме Алімп. гульняў — з 1992.

На Беларусі першыя секцыі ўзніклі ў 1922 (г. Полацк). У 1926 адбыўся 1-ы чэмпіянат Мінска, чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1933. Першыя чэмпіёны — З.​Бальшакова і Б.​Бальшакоў (адпаведна 17 і 9 разоў). Сярод бел. канькабежцаў найб. вызначыліся І.​Жалязоўскі, Э.​Матусевіч, У.​Кажаноўскі — чэмпіён СССР сярод юнакоў (1977) на дыстанцыі 500 м, А.​Кацюга — бронз. прызёр чэмпіянату свету па спрынтэрскім мнагабор’і (2002, Нарвегія), 5-е месца ў спрынце на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002 г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) з рэкордам Беларусі на дыстанцыі 500 М.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),

сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.

Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.

Сланы: 1 — афрыканскі; 2 — індыйскі.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.​А.​Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),

казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв. Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.

2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс. чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВК СССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял. Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр. б. СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,

працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст. вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦК ВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл. Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦК ВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.​І.​Бухарына, А.​І.​Рыкава, М.​П.​Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦК ВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял. Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.

Літ.:

Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв. Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);

Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;

Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;

Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;

Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​Ц.​Петрыкаў.

Да арт. Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.​Гуткоўскі.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)