геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЖАВА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 8 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,51 км², даўж. 1,1 км, найб.шыр. 730 м, найб.глыб. 9,4 м, даўж. берагавой лініі 3,15 км. Пл. вадазбору 3,3 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 8 м, на З, Пн і У абразійныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Дно ў прыбярэжнай зоне пясчанае, глыбей ілістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Рака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЧЭСТЭР (Rochester),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. Засн. ў 1854. 216,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 1 млн.ж. (1998). Трансп. вузел, порт на воз. Антарыо і канале Эры. Вядучы цэнтр краіны па вытв-сці фота- і кінатэхнікі. Прам-сць оптыка-мех., радыёэлектронная і прыладабуд., у т. л.вытв-сць капіравальнага і паліграф. абсталявання, мед. інструменту, ЭВМ, электронна-аптычных і аптычных прылад, кантрольна-вымяральнай апаратуры; паліграф., харч., швейная. Развіты таксама станкабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, аўтамаб. дэталяў і вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБО́Н,
старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст.н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.К.Радзівілам Сіроткай (1613).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна прам-сці буд. матэрыялаў, аб’ядноўвае горнаабагачальныя камбінаты, якія ажыццяўляюць здабычу і вытв-сць таварнага азбесту.
Фарміраванне азбеставай прамысловасці пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Італія, Канада), калі шырокае развіццё атрымала вытв-сць тэрмастойкіх азбеставых вырабаў і азбестацэментных буд. матэрыялаў. Сучасная азбеставая прамысловасць выпускае больш за 3 тыс. розных матэрыялаў і вырабаў. Асноўныя запасы азбесту сканцэнтраваны ў Канадзе і Расіі (па вытв-сці азбесту б.СССР займаў 1-е месца ў свеце). Агульныя запасы азбеставага валакна ацэньваюцца ў 123 млн.т (без б.сацыяліст. краін). Большая іх частка (88%) належыць прамыслова развітым краінам, пераважна Канадзе (77%, правінцыя Квебек). Вытв-сць азбеставага валакна ў свеце складае больш за 4 млн.т у год, у т. л. ў Канадзе і Рас. Федэрацыі каля 2 млн.т у кожнай. У Расіі азбеставая прамысловасць сканцэнтравана на камбінатах «Уралазбест», «Туваазбест», «Арэнбургазбест» і інш. Запасы разведаны на 28 радовішчах, пераважна на Сярэднім і Паўд. Урале і ПдУсх. Сібіры. Азбеставая прамысловасць развіта ў Казахстане, дзе пабудаваны камбінат «Кустанай-азбест» на базе Джэтыгарскага радовішча. Буйныя вытворцы азбесту таксама ПАР, Зімбабве, Італія, Аўстралія, ЗША, Кітай. Здабываюць азбест пераважна адкрытым спосабам (у кар’ерах), у невял. аб’ёмах — падземным. Абагачальныя ф-кі — высокамеханізаваныя і аўтаматызаваныя прадпрыемствы з абагачальным абсталяваннем і ўстаноўкамі ачысткі паветра сярэдняй магутнасцю 330 тыс.т азбесту за год. Буйнейшыя пастаўшчыкі азбеставага валакна на сусв. рынак — Канада, Расія, ПАР, Зімбабве. Гал. імпарцёры прадукцыі — ЗША, Японія, ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ.«Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРМА́НДЫЯ—НЁМАН»,
назва французскага знішчальнага авіяпалка «Змагарнай Францыі», які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. У ліст. 1942 франц. добраахвотнікі (14 лётчыкаў і 58 авіямеханікаў) прыбылі ў СССР. Паводле іх жадання эскадрыллі прысвоена найменне «Нармандыя» (ад назвы гіст. вобласці Францыі, зруйнаванай гітлераўцамі). У яе склад уключана і 17 сав. авіятэхнікаў. У сак. 1943 эскадрылля пачала баявыя дзеянні, 5.7.1943 яна разгорнута ў 1-ы знішчальны авіяполк, укамплектаваны самалётамі сав. вытв-сці. З 25.5.1944 полк у складзе 3-га Бел. фронту, удзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ў разгроме авіяцыі і войск праціўніка на аэрадромах Балбасава (Аршанскі р-н), Дакудава (Крупскі р-н), пад Талачыном і Барысавам. За баявыя заслугі і мужнасць у час паветр. баёў пры фарсіраванні Нёмана палку 28.11.1944 прысвоена найменне «Нёманскі» і назва «Н.—Н.». За час вайны 148 франц. лётчыкаў авіяпалка зрабілі больш за 5 тыс. баявых вылетаў, правялі 869 баёў, збілі каля 280 і пашкодзілі 80 варожых самалётаў (страцілі каля 90 чал. асабовага складу). Полк узнагароджаны ордэнамі Чырв. Сцяга і Аляксандра Неўскага, франц. ордэнам Ганаровага Легіёна і інш., а лётчыкі палка — ордэнамі і медалямі Францыі і СССР; М.Альберу, Ж.Андрэ, М.Лефеўру, Р. дэ ла Пуапу прысвоена званне Героя Сав. Саюза. 20.6.1945 франц. добраахвотнікі на падараваных ім баявых самалётах Як-3 вярнуліся на радзіму.
Літ.:
Лукашин В.И. Против общего врага. 2 изд М., 1976;
Жоффр Ф. де. Нормандия—Неман: Воспоминания летчика: Пер. с фр. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА (Wisła),
самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл.бас. 198,5 тыс.км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м.Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй заг. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́Т (ваен.),
ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.
Першы аўтамат створаны ў Расіі У.Р.Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял.Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.Ц.Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў замін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў замін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.
Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.
Аўтамат канструкцыі М.Ц.Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.