ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,

меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА БЕЛАРУ́СКАГА ПАРТЫЗА́НА,

урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з бел. зямлі. У грамадз. вайну 1918—20 у бел. партызан была прысяга «Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі». У Вял. Айч. вайну прысягу прымалі з пачатку партыз. руху, тэксты выпрацоўвалі непасрэдна ў атрадах. У пач. жн. 1941 ЦК КП(б)Б і партыз. школа (каля Гомеля) распрацавалі і надрукавалі ў газ. «Звязда» і лістоўках адзіны тэкст прысягі, якія з самалётаў былі скінуты над Беларуссю. 12.5.1942 на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярх. Савета БССР і Бюро ЦК КП(б)Б зацверджаны тэкст (гл. іл.) і парадак яе прыняцця. З дапамогай авіяцыі Калінінскага і Зах. франтоў, самалётаў, што былі ў распараджэнні ЦК КП(б)Б, лістоўкі з яе тэкстам (100 тыс. экз.) былі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. П.б.п. прымалі перад строем атрада пад сцягам.

Прысяга беларускага партызана.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬСА́ЦЫІ ЗО́РАК,

рэгулярныя ваганні памераў зорак з прычыны змены ціску і т-ры ў іх нетрах. Абумоўліваюць змену бляску многіх пераменных зорак — цэфеід, мірыд і інш.

Праяўляюцца на позніх этапах эвалюцыі зорак. У нетрах нармальнай зоркі вадарод ператвараецца ў гелій. Калі вадароду становіцца недастаткова для працякання рэакцыі, гравітацыйная сіла нарастае і зорка сціскаецца, у ядры ствараюцца ўмовы для ператварэння гелію ў вуглярод. На гэтай стадыі памеры зоркі павялічваюцца, яна пераходзіць у вобласць чырв. гігантаў. У вонкавых слаях працягваецца ператварэнне вадароду ў гелій. Нейтральны гелій непразрысты для ультрафіялетавага выпрамянення зоркі, якое паглынаецца ім, і газ іанізуецца. Іанізаваны гелій прапускае выпрамяненне, што выходзіць з унутр. слаёў зоркі. Гэта прыводзіць да ахаладжэння і сціскання зоркі, гелій зноў становіцца нейтральным і працэс паўтараецца.

Літ.:

Кокс Дж.П. Теория звездных пульсаций: Пер. с англ. М., 1983.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,

катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст. асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз. баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст. асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.

А.​Б.​Доўнар.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,

сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.​Купала).

Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.

Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.

С.​А.​Сергачоў.

Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),

князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат. дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн. Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн. Васілька.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД у музыцы,

абстрактна-лагічная сістэма, якая арганізуе гукавышынны бок музыкі на аснове колькасных (гукарадных) і якасных (функцыянальных) паказчыкаў і рэалізуе сябе ў працэсе інтанавання. Гукарад Л. — мелодыкаінтэрвальная схема, што прадстаўляе яго гукі ў паступенным парадку; функцыянальнасць заключаецца ў падзеле элементаў Л. на ўстойлівыя (цэнтр сістэмы) і няўстойлівыя (падпарадкаваныя ім). На падставе гэтых гал. характарыстык вылучаюць канкрэтныя віды Л. — т. зв. лады. Вызначальнымі з’яўляюцца тып гукарада (ангемітоніка, дыятоніка, храматыка, прамежкавыя формы), будова ўстойлівага (танічнага) цэнтра (меладычны тон, кансананс-трохгучча, сугучча-дысананс) і размяшчэнне гэтага цэнтра на пэўнай ступені гукарада (на аснове аднаго гукарада магчымы розныя лады). Ступень абагульнення рэальнага працэсу інтанавання неаднолькавая на розных узроўнях праяўлення Л. Ладаінтанацыйны ўзровень, што ўпарадкоўвае вышынныя суадносіны ў непасрэдным разгортванні музыкі ў рамках дробных пабудоў (папевак, асобных меладычных зваротаў), найб. блізкі да пачуццёвай канкрэтнасці інтанацыі. На ладафункцыянальным узроўні ладавая інтанацыйнасць рэтраспектыўна абагульняецца, гукарадны ж узровень найб. абстрактны. Эвалюцыя Л. адлюстроўвае развіццё муз. мыслення і звязана з колькасным павелічэннем аб’ёму і гукавога матэрыялу і якасным ускладненнем прынцыпаў яго арганізацыі. Пачатковыя этапы эвалюцыі прасочваюцца ў муз. фальклоры многіх народаў: вылучэнне апорных тонаў у першабытным экмелічным (без замацаванай вышыні гукаў) глісандаванні; манадыйны Л. у межах вузкааб’ёмных гукарадоў (алігатонікі); манадыйны Л. на аснове развітой гукараднай сістэмы ангемітонікі і дыятонікі. Гіст. формы Л.: апяванне цэнтр. тона (устою) блізкімі па вышыні гукамі, мадальныя (манадыйныя) Л., звязаныя з прынцыпамі мелодыі-мадэлі (модуса, папеўкі). Прафес. еўрап. музыка напачатку апіралася на традыцыі фалькл. ладаўтварэння (з характэрнай для яго ладавай пераменнасцю), аднак у сувязі з ускладненнем характару шматгалосся актыўна развіваюцца і новыя прынцыпы Л Шматгалосае раскрыццё меладычных (манадыйных) Л. змяняецца танальна-гарманічнай сістэмай (гл. Мажора-мінорная сістэма, Танальнасць) — асновай еўрап. музыкі новага часу, што апіраецца на 2 Л. — мажор і мінор. Прафес. муз. мастацтва 20 ст. вызначаецца разнастайнасцю канкрэтных форм і прынцыпаў Л., спалучэннем вядомых раней і істотна новых з’яў, у т. л. і тых (у серыйнай тэхніцы, канкрэтнай музыцы, электроннай музыцы, санорыцы), якія цяжка ці немагчыма аднесці да сферы Л.

Першае навук. абгрунтаванне Л. ў еўрап. музыцы далі прадстаўнікі піфагарэйскай школы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Сваю тэорыю Л. вылучыла еўрап. сярэдневякоўе. Ладавыя заканамернасці танальна-гарманічнай сістэмы ўпершыню асэнсаваў і вытлумачыў Ж.Ф.Рамо, у рамках сістэмы якога паняцце «Л.» цесна сутыкаецца з паняццямі «гармонія» і «танальнасць». Пытанні Л. ў практыцы ўсх.-слав. партэсных спеваў абагульнены ў працах І.​Шайдуры (1-я пал. 17 ст.) і М.Дулецкага («Граматыка мусікійская»). У 19—20 ст. вял. ўвагу ладаваму боку музыкі аддавалі рус. тэарэтыкі У.​Адоеўскі, А.​Сяроў, П.​Сакальскі, Дз.​Разумоўскі, А.​Кастальскі, Б.​Яворскі, Б.​Асаф’еў, В.​Бяляеў, К.​Квітка, Ю.​Цюлін, Х.​Кушнароў, М.​Бражнікаў, М.​Успенскі, А.​Далжанскі, Л.​Мазель, Ю.​Кон, Ю.​Халопаў. На Беларусі да праблем Л. звярталіся музыказнаўцы А.​Друкт, Б.​Златавярхоўнікаў, Т.​Мдывані, Р.​Сергіенка, Н.​Юдзеніч, В.​Ялатаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Бершадская Т. Принципы ладовой классификации // Сов. музыка. 1971. № 8;

Яе ж. Лекции по гармонии. Л., 1978;

Кон Ю.Г. Вопросы анализа современной музыки. Л., 1982.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапісбыт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.​Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.​М.​Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛЛЕ,

выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.

Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.​Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.​Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.​Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.​Маркс, а ўслед за ім У.​І.​Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.​Гобса, Ф.​Ніцшэ і З.​Фрэйда. Аўстр. філосаф К.​Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.​Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх. рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Лока, І.​Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.​М.​Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.​Гандзі, у імкненні М.​Л.​Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)