ШПО́РА (ад ням. Sporn штуршок),

сагнутая па форме абцаса метал. дужка з шыпам або кольцам (рапейкам), якая мацуецца да абутку вершніка для кіравання канём.

Вядома з 5 ст. да н.э. ў галаў (кельтаў), пазней у грэкаў і рымлян (на Стараж. Усходзе Ш. не было; у сярэднія вякі яе замяняла вастрыё на стрэмені). На тэр. Зах. Украіны, паўд. і сярэдняй Польшчы Ш. вядомы з даследаванняў археал. культур 1—2 ст. да н.э. Рабілі іх з жалеза, бронзы, серабра, часам з золата. У сярэднія вякі Ш. былі атрыбутам рыцарства, пазней пашыраны ў кавалерыі і коннай артылерыі. У арміі Рас. імперыі да 1917 Ш. ўваходзілі ў рыштунак афіцэраў, унтэр-афіцэраў і радавых, якім паводле роду службы належала ездзіць вярхом на кані (акрамя казакоў, якія замест Ш. карысталіся нагайкай). У Сав. Арміі (у кавалерыі і артылерыі на коннай цязе) Ш. выкарыстоўваліся да 1950-х г.

У наш час Ш. карыстаюцца наезнікі ў некат. відах коннага спорту.

Да арт. Шпора: 1 — нармандскага рыцара. 11 ст.; 2 — знатнага рыцара. Канец 14 ст. (знойдзена ў Каталоніі, Іспанія).

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭТНАГРА́ФІЯ БЕЛАРУ́СІ»,

аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена ў 1989 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. Уключае больш за 3 тыс. артыкулаў, пераважная большасць якіх прысвечана паказу асн. аспектаў жыццядзейнасці беларусаў ад старажытнасці да нашага часу: паходжанне і развіццё бел. этнасу, працэсы складвання бел. народнасці і нацыі, фарміраванне этн. самастойнасці беларусаў, асаблівасці іх культуры і побыту. Асвятляюцца матэрыяльная (прылады працы, жыллё, традыц. адзенне, ежа, трансп. сродкі, рэчы гасп. і хатняга ўжытку і інш.) і духоўная (веды, прац. навыкі, традыцыі, звычаі, абрады і святы, уяўленні і вераванні, мараль і этыка, розныя віды нар. творчасці, нар. медыцына, метралогія, метэаралогія і інш.) культуры бел. народа. Частка артыкулаў прысвечана інш. народам і этн. групам, што жывуць на Беларусі або мяжуюць з ёй. Тэарэт. артыкулы даюць вызначэнне асн. паняццяў этналагічнай навукі, паказваюць гісторыю яе развіцця. Пэўнае месца адведзена біягр. артыкулам пра даследчыкаў культуры і побыту беларусаў. Выданне мае прадметна-імянны паказальнік, яно багата праілюстравана каляровымі, чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, чарцяжамі, партрэтамі.

Л.​В.​Календа.

Энцыклапедыя «Этнаграфія Беларусі».

т. 18, кн. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫДЫ́КІ (ад лац. jurisdictio судаводства),

у феадальнай Польшчы і ВКЛ (з 15 ст.) адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася суд. і адм. ўлада гар. самакіравання. Узніклі ў выніку перасялення прыгонных на ўчасткі ці ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах гар. уладанняў феадала. У кожнай Ю. яе ўласнік прызначаў старасту або войта, засноўваў суд. орган на ўзор гар. рады. Гар. самакіраванне дамагалася скасавання Ю., забараняла мяшчанам пераход на Ю. пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 пашырэнню Ю. на Беларусі садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Ю. паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытв-сці і абмену. У той жа час пашырэнне Ю. узмацняла ўплыў феад. анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканам. развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі гараджан. Ю. скасаваны сеймамі 1764 і 1791.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮСТЫНІЯ́Н I (Justinianos; 11.5.483, Таўрысій, Верхняя Македонія — 14.11.565),

імператар Візантыі [527—565]. З сялянскай сям’і. Адукацыю атрымаў пры двары свайго дзядзькі імператара Юстына I. У сваёй палітыцы, скіраванай на ўсталяванне неабмежаванай улады імператара, абапіраўся на сярэднія слаі землеўласнікаў і рабаўладальнікаў, на хрысціянскую царкву. Кадыфікаваў рым. права, рэфармаваў дзярж. апарат, армію, узмацніў кантроль за гандлем і рамяством. Лічыў сваёй задачай аднавіць Рым. імперыю ў былых яе межах: адваяваў Паўн. Афрыку, Сардзінію, Корсіку (533—534), Італію і Сіцылію (535—555), частку Пірэнейскага п-ва (554); вёў войны з Персіяй (527—532, 540—561) і славянамі. Садзейнічаў будаўніцтву гарадоў, ваен. умацаванняў, палацаў, храмаў, у т. л. Канстанцінопальскага Сафійскага сабора. Яго поспехі былі адносныя: імперыю ахоплівалі паўстанні (самарыцян у Палесціне ў 529—530, «Ніка» ў Канстанцінопалі ў 532 і інш.), склаліся прыкметы эканам. крызісу. Пры яго пераемніках усе заваёвы Ю. страчаны.

Літ.:

Агафий Миринейский. О царствовании Юстиниана: Пер. с греч. М., 1996;

Дашков С.Б. Императоры Византии. М., 1997;

Прокопий Кесарийский. Тайная история: Пер. с греч. Мн., 1999.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́МАЧКІ»,

бел. нар. гульня. Для гульні патрэбны тэнісны мяч і 15—20 каменьчыкаў. Кожны ўдзельнік капае па прамой лініі ямачку глыбінёй 2,5—3 см і дыяметрам 3,5—4 см на адлегласці паміж ямачкамі 20—25 см. Затым выбіраецца «каток», які становіцца каля крайняй ямкі, астатнія гульцы — каля іншых. «Каток» коціць мяч, і, калі ён трапляе ў ямку, усе ўцякаюць, а гаспадар ямкі хапае мяч і гаворыць: «Стоп!» Усе спыняюцца, і ён кідае мяч у аднаго з гульцоў. Калі пападзе, кладзе ў яго ямку каменьчык, калі прамахнецца — кладзе каменьчык у сваю ямку. Гульцы могуць ухіляцца ад мяча, але пры гэтым не павінны сыходзіць са свайго месца. Затым «каток» коціць мяч ізноў. Ямка, у якую будзе пакладзена 3 каменьчыкі, закопваецца, і яе гаспадар выбывае з гульні. Калі мяч не закоціцца ні ў адну ямку, каменьчык кладзецца ў ямку «катка». Гульня заканчваецца, калі застаецца адзін гулец ці «каток», у ямцы якога знаходзіцца не больш за 2 каменьчыкі. Наступным «катком» становіцца гаспадар бліжэйшай ямкі.

Я.​Р.​Вількін.

т. 18, кн. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́МІН Ігар Пятровіч (18.4.19.04, Талін — 17.9.1963),

рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1937). Праф. (1938). Скончыў Ленінградскі ун-т (1924), выкладаў у ім стараж.-рус., укр. і бел. л-ры. Даследаваў стараж.-рус. л-ру, яе жанравыя асаблівасці, маст. спецыфіку, праблемы ўсх.-слав. публіцыстыкі 16—17 ст., гісторыю нар. тэатра. Падрыхтаваў і апублікаваў тэксты твораў Сімяона Полацкага (1953), Івана Вішанскага (1955) і Кірылы Тураўскага (1955—58, 1962) з навук. каментарыямі, даў характарыстыку іх літ. стылю і паэт. майстэрству. Высока ацэньваў пераклады Я.​Купалы «Слова аб паходзе Ігаравым». Рэдактар «Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры» (Мн., 1959). Асабістая бібліятэка Я. паводле яго завяшчання перададзена ў Цэнтр. навук. б-ку імя Я.​Коласа АН Беларусі.

Тв.:

Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;

Лекции по древней русской литературе. Л., 1968.

Літ.:

Дмитриев Л.А. Игорь Петрович Еремин // Актуальные задачи изучения русской литературы XI—XVII вв. Л., 1964;

Демкова Н.С. Хронологический список научных трудов И.​П.​Еремина (1904—1963) // Там жа;

Лихачев Д.С. И.​П.​Еремин // Прошлое — будущему. Л., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 18, кн. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШЫН Леў Іванавіч (22.10.1929, Масква — 21.3.1990),

расійскі спартсмен (хакей, футбол). Засл. майстар спорту СССР (1957). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Акадэмію фізкультуры і спорту (Масква). З 1950-х г. варатар хакейнай каманды «Дынама» (Масква), сярэбраны і бронз. прызёр чэмпіянатаў СССР, уладальнік Кубка СССР па хакеі. У 1950—70 варатар футбольнай каманды «Дынама» (Масква; згуляў за яе 326 матчаў). У зборнай камандзе СССР (1954—67) правёў 79 матчаў. Усяго згуляў 540 матчаў, у 251 з іх не прапусціў ніводнага гола. Чэмпіён XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Бронз. прызёр чэмпіянату свету (1966). Чэмпіён Еўропы (1960), сярэбраны прызёр (1964). Чэмпіён СССР (1954, 1955, 1957, 1958, 1963). Уладальнік (1963) і сярэбраны прызёр (1964) Кубка Еўропы, уладальнік Кубка СССР (1953, 1967, 1970). Лепшы варатар чэмпіянату свету (1966), лепшы футбаліст Еўропы, уладальнік прыза «Залаты мяч» (1963), лепшы варатар СССР (1956—68). Паводле Міжнар. федэрацыі футбольнай гісторыі і статыстыкі прызнаны лепшым у свеце варатаром 20 ст. З 1970 у Цэнтр. савеце т-ва «Дынама», ва Упраўленні футбола Спорткамітэта СССР.

Л.​М.​Петрыкаў.

Л.І.Яшын.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МКУС (Adamkus) Валдас (да 1955 Адамкявічус Вальдэмарас; н. 3.11.1926, г. Каўнас, Літва),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Літвы. Скончыў Ілінойскі тэхнал. ін-т (г. Чыкага, ЗША, 1960). У гады ням.-фаш. акупацыі Літвы (1941—44) вучыўся ў Каўнаскай гімназіі «Аўшра». З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША (у 1955—98 амер. грамадзянін). З канца 1950-х г. уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу грамадскіх і грамадска-паліт. арг-цый літоўцаў ЗША. З 1970 на кіруючых пасадах у федэральнай службе ЗША па ахове прыроды, у т. л. ў 1981—97 кіруючы адміністратар 5-га рэгіёна краіны (6 штатаў). З 1972 удзельнік перагавораў ЗША з СССР па пытаннях аховы прыроды (часта наведваў Літву), у 1980—97 — старшыня амер. дэлегацыі ў Міжнар. аб’яднанай камісіі (ЗША і Канада) па Вял. Азёрах. З 1988 удзельнічаў у паліт. і грамадскім жыцці, падтрымліваў рух «Саюдзіс». У 1996 у час выбарчай кампаніі ў сейм Літвы арганізаваў блок памяркоўных цэнтрыстаў. У 1998—2003 прэзідэнт Літвы. Праводзіў курс на «хуткую мадэрнізацыю» краіны і яе паскораную інтэграцыю ў зах.-еўрап. паліт. і эканам. структуры і НАТО.

В.Адамкус.

т. 18, кн. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМЯШЭ́ЎСКІ Іван Міхайлавіч (н. 25.9.1949, в. Рухча 2-я Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1970) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1986). З 1975 у Бел. эканам. ун-це (з 1985 заг. кафедры, з 1992 дэкан ф-та). З 1994 кіраўнік групы саветнікаў прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З 1999 выканаўчы дырэктар «Белбізнесбанка». З 2001 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па фундаментальнай эканам. тэорыі, гісторыі эканам. вучэнняў, тэорыі нац. эканомікі Беларусі, яе фінансах і банкаўскай сістэме. Даследуе актуальныя праблемы трансфармацыі сучасных эканам. сістэм. Гал. рэдактар навук.-практычнага час. «Плюсминус» (1992—96). Пад рэдакцыяй і ў перакладзе Л. апублікавана кн. «Сацыяльная рыначная гаспадарка: Ідэя і развіццё эканамічнага ладу ФРГ» (1994).

Тв.:

История экономических учений. Мн., 1984 (у сааўт.);

Социалистическая предприимчивость. Мн., 1986;

Экономическое самоуправление. Мн., 1992;

Микроэкономика: Теория национальной экономики. Мн., 1994;

Экономическая теория. Ч. 1. Мн., 2002;

Микроэкономика (Экономическая теория). Ч. 2. 2 изд. Мн., 2003.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗКАПАМЕ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сістэмы, памер якіх уздоўж хаця б аднаго прасторавага напрамку супараўнальны з адным з характэрных памераў яе структурных элементаў. Бываюць двух-, адна-, нульмерныя і фрактальныя. Напр., малекулярны слой — двухмерная сістэма, паколькі мае 2 класічныя памеры і 1 квантавы. Аналагічна, ланцужок малекул — аднамерная сістэма, квантавы пункт (атамны кластэр) — нульмерная сістэма. Аб’екты з дробнай размернасцю наз. фрактальнымі. Адрозніваюць стацыянарныя і нестацыянарныя Н.с. Прыклад стацыянарнай Н.с. — звышрашотка з крышт. слаёў рознага хім. саставу, структуры або арыентацыі, якія перыядычна паўтараюцца ў адным напрамку. Для электрона праводнасці з даўжынёй свабоднага прабегу больш за перыяд звышрашоткі неперарыўны спектр дазволеных значэнняў энергіі электрона ў зоне праводнасці разбіваецца на падзоны (гл. Зонная тэорыя). Пры гэтым спектр энергіі для руху электрона ўздоўж слаёў застаецца неперарыўным. Стацыянарныя Н.с. ствараюць метадамі нанатэхналогіі. Да нестацыянарных Н.с. адносяцца дынамічныя рашоткі, салітоны, дамены эл. поля ў Гана дыёдах, «ніці» току і святла ў паўправадніковых прыборных структурах і інш. Выкарыстоўваюцца як функцыян. элементы нанаэлектронікі з прычыны высокай адчувальнасці да знешніх уздзеянняў і моцнай залежнасці ўласцівасцей ад памераў і формы.

Літ.:

Гл. да арт. Нанатэхналогія, Нанаэлектроніка.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)