МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел.нар. назва Малы Воз),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр.Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл.Зорнае неба. Іл.гл. да арт.Вялікая Мядзведзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (28.12.1899, в. Палуціна Антропаўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 24.1.1960),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У Вял.Айч. вайну на Зах., Бранскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах: нач. штаба механіз. корпуса, арміі, фронту. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні аперацый па разгроме фаш. войск у час Беларускай аперацыі 1944. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАДУ́НКА (Xenus cinereus),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў лесатундры і лясной зоне Еўразіі. Жыве па берагах рэк і азёр, на вільготных лугах. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца пераважна ў бас.р. Прыпяць, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 27 см, маса 100 г. Апярэнне зверху шаравата-бурае з чорнымі палосамі, знізу белае. Дзюба тонкая, доўгая, выгнутая ўгору, буравата-чорная, каля асновы бледна-аранжавая. Ногі жаўтавата-ружовыя. Корміцца дробнымі беспазваночнымі. Гняздо на зямлі, нясе 4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎСКІ (Стафан Стафанавіч) (17.5. 1886, в. Кіромна Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 28.9.1949),
бел. музыкант, педагог; заснавальнік школы ігры на ўдарных інструментах у Беларусі. Вучыўся ў С.-Пецярбургскай кансерваторыі (1910—12), скончыў Бел. кансерваторыю (1937), з 1932 выкладаў у ёй (у 1944—48 прарэктар) і Мінскім муз. вучылішчы. Адыграў значную ролю ў аднаўленні Бел. кансерваторыі пасля Вял.Айч. вайны. Аўтар «Школы ігры на ўдарных інструментах» (прынята да друку ў 1941, не выдадзена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ШКА (Rubus chamaemorus),
кветкавая расліна сям. ружавых. Пашырана ў тундравай і таежнай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі арктабарэальны рэліктавы від, трапляецца за межамі суцэльнага пашырэння пераважна ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей на вярховых балотах і ў забалочаных лясах. Занесена ў Чырв. кнігу.
Шматгадовая двухдомная травяністая расліна выш. 5—20 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Лісце ныркападобнае, маршчыністае, 5-лопасцевае. Кветкі буйныя, белыя, адзіночныя, аднаполыя. Плод — аранжавая шматкасцянка, ядомы. Лек., харч. і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАВА (Эльвіра Міхайлаўна) (н. 17.2.1923, г. Звянігародка Чаркаскай вобл., Украіна),
бел.літ.-знавец. Канд.філал.н. (1970). Скончыла Адэскі ун-т (1947), у 1949—60 працавала ў ім. У 1961—79 у Ін-це л-ры АНБеларусі. Даследуе праблемы сучаснага літ. працэсу, літ. ўзаемасувязей, маст. перакладу. Адзін з аўтараў кн. «Садружнасць літаратур» (1968), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́КА (Рыгор Сцяпанавіч) (21.11. 1912, в. Істоміна Віцебскага р-на — 12.1.1992),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав.Беларусі (1974). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1939), працаваў у ім (у 1956—79 заг. кафедры). Навук. працы па рэакцыі арганізма с.-г. жывёл на траўму, рацыянальных метадах лячэння запаленчых працэсаў ран, аперацый у коней і буйн. раг. жывёлы, прафілактыцы траўматызму с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЭ́ (Ірма Барысаўна) (н. 5.4.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай генетыкі. Д-рбіял.н. (1987). Скончыла БДУ (1960). З 1964 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АНБеларусі (з 1992 заг. лабараторыі). Навук. працы па генет. выніках радыяцыйных і хім. уздзеянняў, спосабах аховы спадчыннасці ад працяглага (хранічнага) уздзеяння іанізуючай радыяцыі. Распрацавала радыепратэктар, які прыгнечвае ўзнікненне радыяцыйных мутацый.
Тв.:
Проблема химической защиты в радиационной генетике. Мн., 1974;
Радиация и наследственность: Генетич. аспекты противорадиационной защиты. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТАЦЫ́КЛ (ад лац. motor які прыводзіць у рух + грэч. kyklos круг, кола),
двухколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання з рабочым аб’ёмам больш за 50 см³. Выпускаюцца таксама М. з бакавым прычэпам — каляскай для аднаго пасажыра ці невял. грузу. Паводле прызначэння падзяляюцца на дарожныя, спарт. і спецыяльныя. Рухавік карбюратарны 2- або (радзей) 4-тактавы, ахаладжэнне сустрэчным патокам паветра (асобныя мадэлі спарт. і высокафарсіраваных дарожных М. маюць вадзяное ахаладжэнне). На Беларусі вырабляюцца на Мінскім матацыклетным і веласіпедным заводзе.