МАСКО́ЎСКІХ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.3.1938, в. Сосенка Кінель-Чаркаскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1962). Вучыўся ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1962—66). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта, нацюрморта. Сярод твораў: «Навабранцы каля вечнага агню» (1967), «Восень на Салаўках» (1972), «Пскоўскі крэмль. Вечар» (1974), «Аўтапартрэт» (1975), «Гонкі на Браслаўскіх азёрах» (1978), «Ідзе вясна» (1980), «Цёплы вечар» (1981), «Залаты вечар. Возера Глубелька» (1983), «Адгрымелі навальніцы» (1985), «Збожжа ўбрана» (1986), «Пейзаж са стагамі» (1993), «Салаўіныя мясціны» (1994), «З-за хмар паказаўся месяц» (1995), «Пасля дажджу» (1996), «Згасае дзень» (1998), «Так паступова гасну я» (1999) і інш. Творы вызначаюцца дакладнасцю жывапісных распрацовак, рэалістычнасцю, маст. завершанасцю. Іл.гл.таксама да арт.Жывапіс.
Літ.:
Фатихова Г. Владимир Московских: Живопись: [Альбом]. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
прыкладная геагр. дысцыпліна, якая вывучае прыродна-меліярац. сістэмы і комплексы, іх састаўныя ч. (прыродныя, тэхн., сац.-эканам.) для вызначэння аптымальных варыянтаў іх функцыянавання. Даследуе магчымасці захавання торфу пры меліярацыі зямель, пытанні выкарыстання азёр у меліярац. мэтах, будаўніцтва новых вадасховішчаў і сажалак, проціэразійнай аховы і ўрадлівасці глеб, фарміравання ландшафтна-меліярац. комплексаў і інш. На Беларусі праведзена прыродна-меліярац. раянаванне тэрыторыі, распрацаваны методыкі меліярац. ацэнкі прыродных рэсурсаў і ўмоў аптымізацыі меліяраваных глеб. Пытанні М.г. даследуюцца ў БДУ, БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі, Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Белгіправадгасе. Вынікі меліярацыйна-геагр. даследаванняў выкарыстоўваюцца для найлепшага размеркавання меліярац. комплексаў, а таксама для арганізацыі маніторынгавых назіранняў.
Літ.:
Дьяконов К.Н., Аношко В.С. Мелиоративная география. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАПАЛІМЕ́РЫ,
пластмасы з метал. напаўняльнікамі. У якасці напаўняльнікаў выкарыстоўваюць практычна ўсе металы і іх сплавы ў выглядзе парашкоў ці валокнаў. М. атрымліваюць на аснове тэрмапластаў, фенола-фармальдэгідных смол, поліэфірных і эпаксідных смол, крэмнійарганічных палімераў, каўчукоў.
Уласцівасці М. вызначаюцца прыродай палімера і напаўняльніка, ступенню напаўнення і характарам размеркавання напаўняльніка. Напр., жалеза і яго сплавы надаюць палімерам ферамагн. ўласцівасці; алюміній, медзь, серабро — цепла- і электраправоднасць; свінец, вальфрам, вісмут, кадмій — здольнасць экраніраваць іанізавальныя выпрамяненні. Выкарыстоўваюць М. для вырабу ўкладышаў падшыпнікаў (замяняюць металы, маюць высокую цеплаправоднасць і нізкі тэмпературны каэф. расшырэння), у вытв-сці магн. стужак, прылад для адвядзення статычнай электрычнасці, экранаў для аховы ад эл.магн. палёў і інш.Гл.таксамаПластычныя масы.
Літ.:
Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979;
Помогайло А.Д., Савостьянов В.С. Металлосодержащие мономеры и полимеры на их основе. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],
1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛЬЧЫК (Аляксандр Андрэевіч) (14.8.1882, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 1918),
бел.паэт. Пісаў на бел. і рус. мовах. Працаваў перапісчыкам, грузчыкам, матросам і інш. У снеж. 1905 — чэрв. 1906 зняволены ў Мінску па падазрэнні ў прыналежнасці да «анархістаў-камуністаў». У 1906—07 у Пецярбургу, потым працаваў у тэатры ў Кіеве. Быў знаёмы з М.Горкім, падтрымліваў творчыя сувязі з У.Дз. Бонч-Бруевічам. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», «Северо-Западный край», «Белорусское слово» (Кіеў), у калектыўным «Зборніку вершаў» (Кіеў, 1913, на рус. мове). Найб. вядомы яго верш «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905), вядомы таксама пад назвай «Беларуская марсельеза». Верш стаў папулярнай рэв. песняй, доўгі час лічыўся народным або ананімным творам, пазней памылкова прыпісаны У.Галубку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧРаманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для вымярэння эл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ўраўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10−8 да 108Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,
бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т. л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл.таксама«Вялікае аб’яднанне».