(Gustaf II Adolf; 9.12.1594, Стакгольм — 6.11.1632),
кароль Швецыі [1611—32], вял. палкаводзец. З дынастыі Ваза. Сын караля Карла IX. У пач. праўлення быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі арыстакратыі, вяртаючы дваранам казённыя землі. Правёў шэраг рэформ (дзярж. кіравання, судовага ладу, ваенную). Спрыяў развіццю прам-сці, асабліва горна-металургічнай. Стварыў магутную пастаянную армію, упершыню ў Еўропе ўвёў палкавую артылерыю. Вёў войны з Даніяй, Расіяй, Польшчай, захапіўшы вял.тэр., удзельнічаў з 1630 у Трыццацігадовай вайне 1618—48 на баку антыгабсбургскай кааліцыі. Загінуў у бітве пры Лютцэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Георгій Цімафеевіч) (1.6.1928, г. Адэса, Украіна — 30.6.1971),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Адэскую спецшколу ВПС (1946), Чугуеўскае ваенна-авіяц. вучылішча (1950), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). З 1963 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.7.1971 з У.М.Волкавым і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як камандзір). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля Дабравольскі і члены экіпажа загінулі. Правёў у космасе 23,8 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЕ́РАНАСЦЬу цывільным праве,
пісьмовае ўпаўнаважанне адной асобы другой для прадстаўніцтва ад яе імя перад трэцяй асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь даверанасць ад імя юрыд. асобы, а таксама юрыд. асобе можа быць выдадзена толькі на ажыццяўленне здзелак, якія не супярэчаць яе статусу (становішчу). Даверанасць можа мець простую пісьмовую форму або натарыяльна засведчаную — пры ажыццяўленні здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы (напр., купля жылога дома). Даверанасць можа быць выдадзена не больш як на 3 гады. Даведнік Давернік можа ў любы час адмяніць даверанасць, а прадстаўнік — адмовіцца ад яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ПАСТА́ЎКІ,
пагадненне, у адпаведнасці з якім арганізацыя-пастаўшчык абавязваецца паставіць арганізацыі-пакупніку прадукцыю (тавары) ва ўстаноўлены тэрмін, па ўзгодненай цане і ў адпаведнасці з узгодненымі тэхн. патрабаваннямі. У дагаворы пастаўкі вызначаецца наменклатура (асартымент), колькасць і якасць прадукцыі (тавараў), тэрміны пастаўкі і цана, а ў доўгатэрміновым дагаворы па працяглых прамых гасп. сувязях — найменне, групавая наменклатура (асартымент) і колькасць прадукцыі, парадак і тэрмін узгаднення і прадастаўлення спецыфікацый. Пры адсутнасці гэтых умоў дагавор пастаўкі лічыцца незаключаным. За парушэнне абавязкаў дагавора пастаўкі плаціцца няўстойка (штраф, пеня) і кампенсуюцца страты (панесеныя расходы і неатрыманы прыбытак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМКРА́Т (галанд. dommekracht),
пераносны, перасоўны або стацыянарны механізм для пад’ёму грузаў на невялікую (звычайна да 2 м) вышыню. Бываюць рэечныя (рычажныя і зубчастыя), вінтавыя, гідраўлічныя і пнеўматычныя, ручныя і маторныя. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да соцень тон. Выкарыстоўваюцца пры будаўніча-мантажных, рамонтных і пагрузачна-разгрузачных работах, на аўтамаб. і чыг. транспарце. Магутнымі Д. можна падняць цэлае збудаванне на вышыню ў некалькі метраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,
тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус. батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г.вытв-сць.
2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.
3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл.Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЭНБРА́НТЫЯ (Hildenbrandtia),
манатыпны род чырвоных водарасцей сям. гільдэнбрантыевых. Вядомы 1 від — гільдэнбрантыя рачная (H. rivularis). Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы, а таксама на Пн Беларусі, дзе трапляецца рэдка на паўд.-ўсх. мяжы арэала ў чыстых водах рэк і ручаёў. Расце на камяністых субстратах пад вадой. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Прэснаводная эпілітная водарасць. Утварае плевачнае шчыльнакоркавае слаявішча (талом) кармінавага колеру з цёмна-чырвонай аблямоўкай. Таломы акруглыя, дыям. да 2,5 см; пры разрастанні зліваюцца. Вертыкальныя ніткі простыя, зрэдку разгалінаваныя. Размнажаецца вегетатыўна. Індыкатар чыстых вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРДЫМА́Н,
старажытнае княства на тэр.Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст.пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.