АНДРО́ЎСКАЯ (сапр. Шульц) Вольга Мікалаеўна

(21.7.1898, Масква — 31.3.1975),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1948). З 1924 у трупе МХАТа. Выконвала пераважна камедыйныя ролі, вызначалася ўменнем ствараць складаныя характары. Сярод лепшых роляў: Сюзанна («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), лэдзі Тызл («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Здымалася на бел. кінастудыі ў фільмах «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІКІЕ́ВІЧ Кірыла Цімафеевіч, бел. краязнавец, археолаг і этнограф 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў у Магілёўскай і Віцебскай губ. Вывучаў побыт сялян, збіраў фальклор, вёў археал. раскопкі. Быў карэспандэнтам Е.Р.Раманава. Асн. праца «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» (Магілёў, 1907), у якой даў геагр., гіст., эканам. і этнагр. характарыстыкі Сенненшчыны, апісаў жыллё, адзенне, сямейнае і грамадскае жыццё сялян, заняткі насельніцтва і інш.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́Й,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны ў Беларусі.

Дрэва сярэднярослае, пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Крона круглавата-конусападобная, рэдкая. Лісце яйцападобнае, маршчыністае, даволі вялікае. Сорт скараплодны, ураджайны. Плады сярэднія і вялікія, круглавата-канічныя, крыху пляскатыя, часам шырокарабрыстыя, захоўваюцца да сярэдзіны красавіка. Скурка светла-зялёная з цёмна-бардовым адценнем. Мякаць белая з зеленаватым адценнем, сакаўная, кісла-салодкая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы.

Антэй.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Леў Мікалаевіч) (н. 2.1.1940, Варонеж),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1961). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па фіз. электроніцы, лазернай фізіцы і лазерным прыладабудаванні. Правёў даследаванні механізмаў і цеплавых рэжымаў генерацыі розных тыпаў лазераў, эфекту палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці ў кальцавых лазерах.

Тв.:

Тепловые эфекты в газовых лазерах. Т. 1. Активные среды газоразрядных лазеров. Мн., 1992.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУКІ́,

бел. майстры маст. ткацтва Слуцкай мануфактуры ў 18 — 1-й пал. 19 ст. Іосіф, майстар-ткач слуцкіх паясоў. У 1750-я г. вучыўся майстэрству ствараць залататканыя паясы ў Я.​Маджарскага (гл. Маджарскія). Васіль, майстар маст. ткацтва. У 2-й пал. 18 ст. гал. майстар Слуцкай мануфактуры. Фама, кіраўнік Слуцкай мануфактуры (1807—44). У перыяд яго кіраўніцтва акрамя слуцкіх паясоў ствараліся ўзорыстыя і залататканыя тканіны.

М.​С.​Кацар.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛ,

адзінка лагарыфмічнай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных энергет. (магутнасць, энергія і інш.) ці сілавых (напружанасць поля, ціск і інш.) фіз. велічыняў. Абазначаецца Б. 1 Б = lg(P2/P1) пры P2 = 10P1 або 1 Б = 2lg(F2/F1) пры F2=10F1, дзе P1 і P2(F1 і F2) — аднайменныя энергетычныя (сілавыя) велічыні. Часцей выкарыстоўваецца долевая адзінка — дэцыбел; 1 дБ = 0,1 Б. Названа ў гонар А.Г.Бела.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА (БелАВМ),

грамадская арг-цыя мастакоў. Засн. ў 1995 у Мінску па ініцыятыве бел. жывапісцаў, графікаў, скульптараў і рэстаўратараў. Асн. задача — падтрымліваць развіццё выяўл. мастацтва і маладых творцаў. Кірункі дзейнасці: кансультацыйны, выставачны, пед.-выхаваўчы, навук.-даследчы. Першым прэзідэнтам абраны Ф.Янушкевіч. У склад акадэміі ўваходзяць 20 мастакоў, у т. л. В.​Альшэўскі, Г.Вашчанка, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш.

Літ.:

Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Мн., 1996.

Л.​Я.​Дзягілеў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ НАРО́ДНАЯ РА́ДА,

фіктыўны прадстаўнічы орган, выбраны на т.зв. Беларускім краёвым з’ездзе (студз. 1919). Інспіравана ўрадам Польшчы, які прэтэндаваў на бел. землі і не хацеў, каб дэлегацыя БНР удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. «Прэзідэнт» рады К.​Цвірка-Гадыцкі, «член» — А.​Янсан. 23.3.1919 яны накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы ліст, у якім прасілі зрабіць адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўлення супольнага палітычнага жыцця беларускага народа з Польшчай».

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́ ЗА МЯЖО́Й,

хрысціянскія царкоўна-адм. структуры, якія аб’ядноўваюць беларусаў-вернікаў у замежжы. Прадстаўлена Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой за мяжой, Беларускай праваслаўнай царквой Паўночнай Амерыкі, Беларускімі каталіцкімі місіямі за мяжой, 2 бел. цэрквамі каталіцка-уніяцкага кірунку (св. Пятра і Паўла ў Лондане і Хрыста Спаса ў Чыкага). З ёй цесна звязана дзейнасць Беларускіх рэлігійных арганізацый за мяжой.

Да арт. Беларуская царква за мяжой. Беларуская царква Хрыста Спаса ў г. Чыкага.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БРЫК (Янка) (Іван Іванавіч; 21.7.1905, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 25.8.1942),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1929). Быў навук. супрацоўнікам Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, працаваў у Белдзяржкіно, Упраўленні па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Друкаваўся з 1924. Выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926, з А.​Звонакам і Я.​Туміловічам). Аўтар паэмы «Галіна» (1930) пра жыццё вясковай інтэлігенцыі. Загінуў у блакадным Ленінградзе.

Літ.:

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. С. 160—163.

Я.Бобрык.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)