ТРО́ЙЦА,

1) у старажытных рэлігіях тры найб. шанаваныя божаствы, якія знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі, але выконваюць розныя функцыі: Асірыс, Ісіда і Гор у Стараж. Егіпце; Брахма, Вішну і Шыва ў індуізме; Ану, Эа і Бэл у Вавілоне; 2) Адзін з асн. догматаў хрысціянства, паводле якога Бог адзіны па сваёй сутнасці, але існуе ў трох іпастасях — Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог-Дух Святы (гл. Святая Тройца); 3) Адно з дванадзесятых свят, якое ўстаноўлена ў гонар сашэсця Святога Духа на апосталаў у пяцідзесяты дзень (праз 7 тыдняў) пасля ўваскрэсення Хрыста — Вялікадня (гл. Сёмуха).

т. 15, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ (?—28.1.1170),

князь берасцейскі. Сын пераяслаўскага кн. Андрэя Васілевіча. У летапісах упамінаецца з 1149. У 1150 атрымаў Белгародскую воласць, у 1151 — Дарагабужскую, у 1153 — Бярэсце (у гэтым годзе дапамагаў вял. кіеўскаму кн. Ізяславу Мсціславічу, які ваяваў з галіцкім кн. Яраславам Уладзіміравічам). В.​М.​Тацішчаў меркаваў, што Бярэсце разам з Драгічынам У.А. атрымаў ад Ізяслава ў 1149. У 2-й пал. 1150-х г. У.А. атрымаў ад Юрыя Далгарукага Перасопніцу і ўсе гарады па цячэнні Гарыні. У далейшым быў пазбаўлены Бярэсця, бо ў 1169 дамагаўся вяртання гэтага горада.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР ВАЛАДА́РАВІЧ,

мяркуемы князь менскі і берасцейскі ў 2-й пал. 12 ст. Сын менскага кн. Валадара Глебавіча. В.​М.​Тацішчаў у «Гісторыі Расійскай» паведамляе, што У.В. валодаў Менскам і Бярэсцем. Драгічынскі кн. Васілька Яраполчыч з дапамогай палякаў і мазаўшан адабраў у яго Бярэсце, але хутка за 9 дзён У.В. жорсткімі штурмамі вярнуў горад і адкінуў палякаў да р. Нур. Васілька з дапамогай свайго цесця польскага кн. Лешка прымусіў У.В. пакінуць Падляшша і вярнуцца ў Бярэсце. У летапісах У.В. не ўпамінаецца, таму яго рэальнасць спрэчная.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБЕРЖЭ́ (Faberge),

ювелірная фірма ў Расіі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст.; вырабы гэтай фірмы. Адкрыта як ювелірная майстэрня ў Пецярбургу ў 1842 Густавам Фабержэ. У 1870 майстэрню ўзначаліў яго сын Карл, і яна пераўтворана ў фірму. Мела філіялы ў Маскве (з 1887), Адэсе (з 1890), Кіеве (з 1905), Лондане (з 1908). Вырабляла пад гіст. стылі (барока, ракако, класіцызм) або ў стылі мадэрн унікальныя паводле канструктарскага рашэння гадзіннікі, біноклі, упрыгожанні, сервізы, велікодныя яйкі і інш., аздобленыя каштоўнымі камянямі, золатам, рознакаляровымі эмалямі. Спыніла дзейнасць у 1918.

т. 16, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД I (Ferdinand; 10.3.1503, Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 25.7.1564),

аўстрыйскі эрцгерцаг, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1556/58—64]. З дынастыі Габсбургаў. Сын Філіпа I Прыгожага, малодшы брат Карла V. Паводле дагавораў 1521—22 атрымаў ва ўладанне ад Карла V аўстр. землі, пазней правёў тут шэраг адм. рэформ. У 1526 выбраны каралём Чэхіі і Венгрыі (каранаваны ў 1527), але ўсталяваў сваю ўладу толькі ў частцы Венгрыі. З 1529 процістаяў уварванням туркаў (аблога імі Вены і інш.). Стаў імператарам пасля адрачэння ад прастола Карла V (1556, каранаваны ў 1558).

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД III (Ferdinand; 13.7.1608, г. Грац, Аўстрыя — 2.4.1657),

кароль ч. Венгрыі (з 1625) і Чэхіі (з 1627), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1637—57], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын Фердынанда II, бацька імператара Леапольда I. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 пасля смерці А.​Валенштайна (1634) і да ўступлення на імператарскі прастол галоўнакаманд. імперскімі войскамі, генералісімус. З 1636 герм. кароль. Як імператар намагаўся ўзмацніць цэнтр. ўладу. Сапернічаў (да 1645) з Дзьёрдзем I Ракацы. Пры ім завершана Трыццацігадовая вайна (гл. Вестфальскі мір 1648). Клапаціўся пра развіццё ў Вене італьян. оперы.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАР АЛЯКСЕ́ЕВІЧ (9.6.1661, Масква — 7.5.1682),

расійскі цар [1676—82]. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча і Марыі Міласлаўскай. Атрымаў добрую адукацыю пад кіраўніцтвам Сімяона Палацкага. У час праўлення невылечна хворага Ф.А. вял. уплывам карысталіся яго сваякі па маці Міласлаўскія (род паходзіў з ВКЛ) і сястра Соф’я Аляксееўна. Урад Ф.А. правёў усеагульны перапіс насельніцтва (1678), увёў падворнае абкладанне (1679), скасаваў месніцтва (1682), вёў рус.-тур. вайну 1676—81, якая завершана Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Ф.А. разам з Сімяонам Полацкім — ініцыятар заснавання ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адчынена ў 1687).

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III (Friedrich Wilhelm; 3.8.1770, г. Патсдам, Германія — 7.6.1840),

кароль Прусіі [1797—1840]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха Вільгельма II. У 1806 далучыўся да 4-й антыфранц. кааліцыі (гл. Руска-пруска-французская вайна 1806—07), але ў выніку паражэння прускай арміі ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 мусіў заключыць Тыльзіцкі мір 1807. Пры ім у Прусіі праведзены Штайна—Гардэнберга рэформы. Пасля перамогі Расіі ў вайне 1812 абвясціў у сак. 1813 вайну Францыі. Удзельнічаў ва ўтварэнні Свяшчэннага саюза (1815), садзейнічаў падаўленню паўстання 1830—31 у Каралеўстве Польскім.

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАСА́Н II Мулай Хасан Алаўі (н. 9 7.1929, г. Рабат, Марока),

кароль Марока з 1961, з дынастыі Алаўітаў. Старэйшы сын Мухамеда V, нашчадак прарока Мухамеда ў 35-м калене. Атрымаў юрыд. адукацыю ва ун-це г. Бардо (Францыя, 1952). З 1956 нач. Генштаба ўзбр. сіл краіны, з 1957 наследны прынц, з 1960 нам. прэм’ер-міністра і міністр абароны. Пасля смерці бацькі абвешчаны 3.3.1961 каралём і рэліг. правадыром мусульман Марока. Адначасова ў 1961—63 і 1965—67 прэм’ер-міністр, у 1972—73 міністр абароны, з 1972 вярх. галоўнакамандуючы каралеўскімі ўзбр. сіламі.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),

удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.​Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)