НЯФЁДАЎ (Піліп Дзіямідавіч) (18.10.1838, г. Іванава, Расія — 25.3.1902),

рускі пісьменнік. У 1862—63 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Чл.-кар. (з 1887), правадзейны чл. (з 1894) Маскоўскага археал. т-ва. Друкаваўся з 1858. У сац.-этнагр. нарысах «Дзявочнік» (1868), «Каляды» (1871), «Нашы фабрыкі і заводы» (1872), зб. апавяданняў «На людзях» (1872), аповесці «Сценя Дубкоў» (1898) і інш. паказаў умовы працы іванаўскіх тэкстыльшчыкаў і жыццё сялян 2-й пал. 19 ст. Аўтар нарыса «Рух сярод башкіраў перад пугачоўскім бунтам; Салават, башкірскі батыр» (1880), цыкла апавяданняў «У гарах і стэпах Башкірыі» (1882) і інш. У творах — выкарыстанне этнагр. матэрыялаў, фальклору, нар. мовы. Пісаў вершы, публіцыст. артыкулы, фельетоны, запісваў рус. і башкірскі фальклор.

Тв.:

Избр. произв. Иваново, 1959;

В горах и степях Башкирии: Повесть и рассказы. Уфа, 1988.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,

хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.

Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл. Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш. Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць розных відаў транспарту, прызначаных для перавозкі пасажыраў і грузаў у горадзе і прыгараднай зоне, выканання работ па добраўпарадкаванні. Гарадскі транспарт — галіна гарадской гаспадаркі, уключае: трансп. сродкі (рухомы састаў), пуцявыя ўстройствы (рэльсавыя пуці, тунэлі, эстакады, масты, пуцеправоды, станцыі, стаянкі); прыстані і лодачныя станцыі, сродкі энергазабеспячэння (цягавыя электрападстанцыі, кабельныя і кантактныя сеткі, аўтазаправачныя станцыі); рамонтныя майстэрні і з-ды; дэпо, гаражы, станцыі тэхн. абслугоўвання; лінейныя прыстасаванні (сувязь, сігналізацыя, блакіроўка); дыспетчарскае кіраванне. Гарадскі транспарт падзяляецца на пасажырскі, грузавы і спецыяльны.

Пасажырскі гарадскі транспарт аб’ядноўвае вулічны (аўтобус, тралейбус, трамвай), пазавулічны скорасны (метрапалітэн, манарэйкавыя дарогі, фунікулёры, скорасны трамвай), легкавы аўтамабільны транспарт, двухколавы (матацыклы, веласіпеды, мапеды), водны (рачныя судны, паромныя пераправы, лодкі), паветраны (верталёты) транспарт. Да грузавога гарадскога транспарту адносяцца: грузавы аўтатранспарт (гл. Грузавы аўтамабіль), грузавыя трамвай, тралейбус, рачныя судны, чыг. транспарт прамысл, прадпрыемстваў. Спецыяльны гарадскі транспарт уключае: палівачна-мыечныя, падмятальныя, смеццеўборачныя і снегаўборачныя машыны, дарожныя рэманцёры, аўтавышкі, пажарныя машыны, рэфрыжэратары, санітарныя аўтамабілі і інш.

Да пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі быў толькі конны транспарт. Конка ўяўляла сабой вагон на 20—30 чал., які цягнулі 2—3 кані (на пад’ёмах запрагалі яшчэ пару коней). Скорасць 5 км/гадз. Першая конка пушчана ў Мінску ў 1892, мела 4 аднакалейныя лініі даўж. больш за 7 км. У гады грамадз. вайны не працавала, аднавіла работу ў 1921, заменена трамваем у 1929. У Магілёве конка працавала да 1910. Аўтобусны рух адкрыты ў Мінску ў 1924 (па 2 маршрутах), з 1934 стала працаваць таксі, з 1952 — тралейбус, з 1984 — метро. Першы на Беларусі трамвай пачаў працаваць у Віцебску 18.6.1898 (адзін з першых у Рас. імперыі), Наваполацку — з 1974, у Мазыры — з 1988. Тралейбусны рух пачаўся: у Мінску з верасня 1952, у Гомелі з 1962, у Магілёве з 1970, у Гродне з 1974, у Віцебску і Бабруйску з 1978, у Брэсце з 1981.

І.І.Леановіч.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫ́ЗМ, нацыянал-сацыялізм,

германская разнавіднасць фашызму, паліт. рух, ідэалогія і дзярж. рэжым Германіі ў 1933—45. Узнік пасля 1-й сусв. вайны ва ўмовах усебаковага крызісу Веймарскай рэспублікі на базе фаш. руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі дробнай буржуазіі, былыя вайскоўцы, беспрацоўныя, частка моладзі і інтэлігенцыі. Узначальвалі рух А.Гітлер і Нацыянал-сацыялісцкая партыя. Праграма руху створана ў 1920 Г.Федэрам, выкладзена Гітлерам у кн. «Мая барацьба» (1925) і А.Розенбергам у кн. «Міфы 20 стагоддзя» (1930). Пасля прыходу фашыстаў да ўлады у 1933 пашырыўся створаны на прускі ўзор бюракратычны дзярж. апарат за кошт тэрарыстычна-паліцэйскіх фарміраванняў, органаў кіравання эканомікай і арміяй, структур для вядзення нацысцкай прапаганды, уздзеяння на культуру і асвету ў адпаведнасці з догмамі нацысцкай ідэалогіі. Прыхільнікі нацыянал-сацыялізму, якія на словах апелявалі да гіст. вопыту, нац.-культ. традыцый германскага народа, абвясцілі культ грубай фіз. сілы, падпарадкавання, паслушэнства. У аснову адносін з народамі свету была пакладзена расавая тэорыя (гл. Расізм), паводле якой некаторыя народы (яўрэі, цыганы, б.ч. славян) падлягалі фіз. знішчэнню, што, на думку гітлераўцаў, з’яўлялася перадумовай стварэння «ідэальнай Германіі». Пад уплывам сваіх ідэалаг. догмаў Н. развязаў 2-ю сусв. вайну. Унутры Германіі псеўданац. фразеалогія нацыянал-сацыялістаў прыкрывала ўсталяванне сістэмы жорсткага дзярж.-манапалістычнага рэгулявання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, палітыкай мілітарызацыі краіны, падрыхтоўкай і вядзеннем захопніцкіх войнаў. Былі скасаваны аўтаномныя правы суб’ектаў герм. федэрацыі — зямель, а Германія ператворана ва унітарную дзяржаву; караліся любыя праяўленні апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Пасля ўстанаўлення нацысцкай дыктатуры былі забаронены паліт. партыі і дэмакр. аб’яднанні, у т. л. прафсаюзы; створана сетка канцэнтрацыйных лагераў. З канца 1930-х г. фаш. агрэсія прывяла да распаўсюджвання нацысцкіх парадкаў і дзейнасці рэпрэсіўнага апарата на акупіраваныя краіны. Паражэнне фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне (1945) паклала канец панаванню Н. Былі пакараны гал. гітлераўскія злачынцы, прынята рашэнне пра ажыццяўленне дэнацыфікацыі. Праява адраджэння крайне нацыяналістычных рухаў, ідэалагічна звязаных з Н., атрымала назву неанацызм.

В.І.Боўт.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ,

сацыяльна-паліт. працэс і вынік барацьбы супраць нац., эканам., паліт. і інш. прыгнёту за дасягненне незалежнасці (суверэнітэту) і стварэння самаст. нац. дзяржаўнасці. Праяўленні барацьбы за Н.в. вядомы здаўна (напр., барацьба паўд. славян супраць тур. панавання), аднак яе пашырэнне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем нацый і нац. культур, стварэннем нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы (Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя, вайна за незалежнасць у ЗША). Найбольшыя маштабы Н.в. мела ў 20 ст., калі яно набыло глабальны характар і прывяло да краху шматнацыянальных калан. імперый. Нац. незалежнасць заваявалі Кітай. Індыя, Інданезія, Пакістан, інш. краіны Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі. Н.в. ажыццяўляецца ў форме нац.-вызв. рэвалюцыі, якая часта набывае характар шматгадовай узбр. барацьбы супраць замежных прыгнятальнікаў (напр., у Кітаі), ці ў форме мірнага эвалюцыйнага руху ў кірунку незалежнасці, калі ў канчатковым выніку ўлада перадаецца нац. ўраду мірным шляхам, як гэта адбылося ў Індыі. Н.в. з’яўляецца вынікам барацьбы, складанага ўзаемаперапляцення этнанац., паліт., сац., рэліг., сацыякультурных і інш. грамадскіх сіл. што складаюць масавую базу гэтага працэсу. Узначальваць рух за Н.в. могуць розныя супольнасці і арг-цыі: нац.-бурж., рэв.-дэмакр., сацыяліст., феад.-манархічныя і інш. Значны ўклад у фарміраванне бел. нац. ідэі і асэнсавання неабходнасці барацьбы за Н.в. зрабілі сваёй творчасцю Т.Нарбут, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш. Важнай вяхой у барацьбе бел. народа за Н.в. з’явілася паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага і выданне ім нелегальнай рэв.-дэмакр. газ. «Мужыцкая праўда», у якой выяўлены асн. арыенціры нац.-вызв. барацьбы бел. народа. Істотны ўклад у Н.в. беларусаў зрабіла ў 1906—15 газ. «Наша ніва», актыўная дзейнасць плеяды класікаў бел. л-ры, грамадска-паліт. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Пашкевіч, А.Гаруна, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага і інш. Нац.-вызв. барацьба бел. народа прывяла да абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі, у 1919 — БССР, у 1991 — Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай і самаст. дзяржавы. Гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Нацыянал-дэмакратызм, Нацыянальнае самавызначэнне.

Я.М.Бабосаў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ КРАЙ»,

часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.Салаўёва, В.Перахода, М.Збіткоўскага, С.Мельніка, В.Палянскай, І.Сяржаніна, А.Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.Азбукін, Дз.Даўтяла, Я.Крукоўскі, Д.Васілеўскі, Я.Сяргеенка, В.Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.Уладзіміраў, Я.Троська, Ю.Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.Каспяровіч, А.Немцаў, М.Мялешка і інш., звычаёвае права — І.Бонч-Асмалоўскі, Р.Парэчын, нар. медыцыны — К.Гурвіч, А.Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.Шашалевіч (А.Мрый), Т.Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.Сосіса, Г.Аляксандрава, В.Скардзіса, К.Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час. наз. «Савецкая краіна».

А.С.Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАЦЮ́РК ((Ataturk) Мустафа Кемаль) (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),

дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял. нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.

М.К.Атацюрк.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.

Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.Бачэўскі, К.Гайдамовіч, А.Друкаў, М.Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Т пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.С.Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел. нац. рух, разам з Вял. бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.М.Караткевіча і В.С.Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.Ф.Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.

Літ.:

Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст.снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)