ПЯТКЕ́ВІЧ (Аляксей Міхайлавіч) (н. 30.3.1931, в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, краязнавец. Канд. філал. н. (1963), праф. (1994). Скончыў БДУ (1954). З 1957 працуе ў Гродзенскім ун-це. Даследуе праблемы сучаснай прозы і паэзіі, творчасць бел. пісьменнікаў Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага. асветніцкі рух у Беларусі 19—20 ст., асаблівасці культуры Гродзеншчыны і інш. Аўтар манаграфіі «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар» (1981), сааўтар «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), зб. «Наднёманскія былі» (1968). Культуры Гродзеншчыны прысвечаны кн. «Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Людзі культуры з Гродзеншчыны» (2000).
Я.Р.Лецка.
т. 13, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)