1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.
2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).
Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст.н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.
У развіцці практычнай бел.Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш.бел. кніжнікаў 16—17 ст.Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.Я.Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.
Літ.:
Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;
Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАімя М.І.Глінкі,
сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз.Бел.дзярж.муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.
Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч.г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.Пукста, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў пад кіраўніцтвам В.Цвяткова і І.Гітгарца оперу «Фауст» Ш.Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.Александроўская, П.Валадзько, М.Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж.т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіццібел.муз. культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар.арт.СССР І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі М.Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.Браценнікаў, І.Гітгарц, М.Маслаў, Л.Мухарынская, Г.Папавіцкі, Г.Пятроў, Б.Смольскі, Р.Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.Амітон, М.Бергер, А.Бяссмертны, С.Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.Мінянкова, а таксама Э.Азарэвіч, А.Баначыч, І.Бары, І.Варэнікаў, А.Віўен, Ю.Дрэйзін, Я.Жыў, Г.Жыхараў, А.Краўзе, Ю.Ляцецкі, С.Маркоўскі, В.Несцярэнка, С.Нісневіч, Б.Паграбняк, Я.Прохараў, І.Салодчанка, Я.Сцягенны, В.Сямашка, Н.Фалейчык, Б. і І.Фідлоны, В.Цвяткоў, Я.Цымбал, Л.Шварц, Т.Шнітман, Я.Штэйман, Б.Яўзераў.
Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
У 1999/2000 навуч.г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.Каландзёнак, А.Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.Абраміс, Л.Александроўская, У.Алоўнікаў, С.Асновіч, Б.Афанасьеў, А.Багатыроў, І.Балоцін, М.Бергер, В.Бурковіч, В.Вуячыч, Л.Ганестава, М.Дзянісаў, С.Друкер, Я.Еўдакімаў, І.Жыновіч, А.Кавалёў, А.Кагадзееў, У.Кіняеў, А.Кузняцоў, І.Любан, Л.Масленікава, С.Навіцкі, М.Пігулеўскі, Г.Пятровіч, Т.Раеўская, А.Русак, Н.Сакалоўскі, Б.Смольскі, Р.Сурус, Г.Халшчанкова, Э.Ханок, Б.Шангін, Х.Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.Грышаеў, І.Мысліўчык, Я.Бароўскі, В.Аўраменка, М.Прашко, У.Рылатка, У.Зарэцкі, В.Башура (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ [ад палеа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],
навука аб арганізмах і ўсіх даступных вывучэнню праявах жыцця геал. мінулага на розных узроўнях арганізацыі, іх пашырэнні і гіст.развіцці. Даследуе акамянеласці і інш. выкапнёвыя рэшткі арганізмаў (марфал., фізіял., біяхім., малекулярна-біял., паталаг. і інш. кірункі), арыктацэнозы, арганагенныя горныя пароды і інш. Уключае палеабатаніку, палеабіягеаграфію, палеазаалогію, палеаіхналогію, палеаэкалогію, тафаномію, мікрапалеанталогію (вывучае стараж. мікраарганізмы і мікрарэшткі жывёл і раслін: канадонты, скалекадонты, акрытархі, аталіты). Звязана з археалогіяй, неанталогіяй, паліналогіяй, філагенетыкай, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў геалогіі карысных выкапняў, літалогіі, стратыграфіі і інш.
Упамінанні пра акамянеласці вядомы з ант. часоў. Разуменне іх сапр. прыроды пачалося ў эпоху Адраджэння (Г.Агрыкала, Леанарда да Вінчы і інш.) і развівалася з поглядамі аб пастаянных зменах у жывой прыродзе мінулага (М.Адансон, Ж.Л.Л.Бюфон, Дж.Гетан, М.В.Ламаносаў, дацкі вучоны Н.Стэна і інш.). Як навука П. ўзнікла разам з гіст. геалогіяй у канцы 18 — пач. 19 ст. (А.Т.Браньяр, Ж.Кюўе, Ж.Б.Ламарк). Тэрмін «П.» (прапанаваў франц. заолаг А.Д. дэ Бленвіль у 1822) пашыраны з 1830-х г. У дадарвінаўскі перыяд (да сярэдзіны 19 ст.) фарміравалася стратыграфічная П. (А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучоны Ж.Л.Р.Агасіс, англ. — А.Седжвік, рас. — С.С.Кутарга, Х.І.Пандэр, К.Ф.Рулье, Э.І.Эйхвальд і інш.). З 1860-х г. развіваецца эвалюц. П. (М.І.Андрусаў, Ю.А.Арлоў, Т.Г.Гекслі, Л.Дало, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, М.Ноймайр, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, І.Ф.Шмальгаўзен, І.А.Яфрэмаў, амер. вучоны Э.Коп, рас. — А.А.Барысяк і інш.).
На Беларусі асобныя палеанталагічныя доследы праводзіліся ў 19—1-й пал. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.І.Дыбоўскі, У.М.Сукачоў, П.А.Туткоўскі, Л.А.Бяляева, Э.Вернейль, В.І.Громаў, А.Кайзерлінг, Р.І.Мурчысан, Г.Швэдар і інш.). Пытанні П. сістэматычна даследуюцца з 1951 (А.В.Фурсенка) у Бел. геолагаразведачным НДІ і з 1968 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі, вывучаюцца таксама ў Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.пед., Брэсцкім і Віцебскім ун-тах. Атрыманы шматлікія палеанталагічныя матэрыялы і звесткі палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, скарыстаныя ў распрацоўцы і абгрунтаванні схем іх стратыграфічнага расчлянення. Уклад у развіццё П. зрабілі Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, В.С.Акімец, С.В.Анціпенка, Г.А.Белавусава, А.Ф.Бурлак, В.К.Галубцоў, Э.К.Дземідзенка, С.Ф.Зубовіч, В.П.Зярніцкая, П.Ф.Каліноўскі, М.Р.Каўхута, Г.І.Кеда, Э.А.Крутавус, С.А.Кручак, Л.С.Ліннік, Г.І.Літвінюк, Т.І.Майсеева, С.С.Маныкін, А.У.Мацкевіч, І.В.Міцяніна, У.І.Назараў, В.М.Несцяровіч, В.І.Пушкін, Т.Б.Рылова, С.А.Фядзеня, Г.К.Хурсевіч, В.Л.Шалабода, Т.В.Якубоўская, Я.К.Яловічава і інш.
Літ.:
Основы палеонтологии: Справ. для палеонтологов и геологов СССР. Т. 1—15. М., 1958—64;
Палеонтология и стратиграфия БССР. Сб. 1—6. Мн., 1955—66;
Палеонтология и ее роль в познании геологического строения территории Белоруссии. Мн., 1986;
Новые представители ископаемой фауны и флоры Белоруссии и других районов СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,
халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.
Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л.штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).
На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯХА́НАЎ (Георгій Валянцінавіч) (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),
расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнік рас.сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр.Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл.Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ.«Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаў эмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.
Тв.:
Соч.Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;
Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.
Літ.:
Тютюкин С.В. Г.В.Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІ́СТЫКА,
навука пра рускую мову. Ахоплівае комплекс праблем, звязаных з вывучэннем вытокаў рус. мовы, яе стараж. і новай гісторыі, мовы гіст. помнікаў і фальклору, літ. мовы і яе функцыянальных разнавіднасцей, нар. гаворак, ладу літ. мовы (гукавога, грамат., лексічнага, фразеалагічнага) і сумежных з’яў (прастамоўя і сац. дыялектаў), тэрміналагічных падсістэм, мовы маст. л-ры, сувязей рус. мовы з інш. мовамі і іх узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам, гісторыі вывучэння рус. мовы. Як састаўная частка ўваходзіць у славістыку (гл.Славяназнаўства) і параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Цесна звязана з гісторыяй рус. народа, этнаграфіяй, літ.-знаўствам, агульным мовазнаўствам, логікай, псіхалогіяй і інш. Р. сфарміравалася і найб. рознабакова развіваецца ў Расіі. Асновы сучасных ведаў пра рус. мову закладзены ў працах М.Ламаносава («Кароткі дапаможнік красамоўства», 1748; «Расійская граматыка», 1757), а таксама ў «Слоўніку Акадэміі Расійскай» (ч. 1—6, 1789—94). На працягу 19—20 ст. у рамках Р. сфарміраваліся самаст.навук. лінгвістычныя школы і кірункі, якія ў сукупнасці вызначылі развіццё розных навук. поглядаў на рус. мову і яе гісторыю, стварэнне важных тэарэт.прац. Праблемы Р. распрацоўвалі А.Х.Вастокаў, І.І.Сразнеўскі, Ф.І.Буслаеў, А.А.Патабня. У.І.Даль, П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў, А.І.Сабалеўскі, В.У.Вінаградаў, Л.У.Шчэрба, С.І.Ожагаў, Р.І.Аванесаў, Б.М.Ляпуноў, Ц.П.Ломцеў і інш.Рус. навука пра рус. мову ўплывала і ўплывае на развіццё Р. ў інш. краінах, а таксама на развіццё славістыкі і агульнага мовазнаўства. Вытокі замежнай Р. ў 17 ст., калі паявіліся першыя граматыкі і слоўнікі, якія забяспечвалі практычныя патрэбы вывучэння рус. мовы, звязаныя з гандл. і дыпламат. сувязямі Расіі з інш.еўрап. краінамі. З 2-й пал. 19 ст. замежная Р. — важная састаўная частка славістыкі. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася пераважна ў слав. краінах: А.Беліч, В.Вондрак, Р.Нахцігал, В.Ягіч і інш. Праблемы Р. распрацоўвалі таксама Л.Лежэ, П.Буае (Францыя), Э.Ло Гата (Італія), О.Ашбат (Аўстра-Венгрыя) і інш. Асабліва актыўна развіваецца замежная Р. ў 2-й пал. 20 ст., калі рус. мова стала адной з «сусв.» моў і афіц. і рабочай мовай ААН. Вядучы цэнтр сучаснай Р. — Ін-трус. мовы імя В.У.Вінаградава Рас.АН. Вял. ролю ў развіцці замежнай Р. адыгрывае створаная ў 1967 Міжнар. асацыяцыя выкладчыкаў рус. мовы і л-ры, а таксама Ін-трус. мовы імя А.С.Пушкіна.
Значнае развіццё атрымала Р. на Беларусі, што абумоўлена гіст. традыцыяй, месцам і роляй рус. мовы ў грамадстве. Прыярытэтныя кірункі бел. Р. — праблемы функцыянавання і выкладання рус. мовы ва ўмовах двухмоўя, узаемадзеяння моў, міжмоўнай інтэрферэнцыі і культуры рус. мовы. Асн. цэнтры Р. на Беларусі — аддзел бел.-рус. моўных сувязей Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, кафедры рус. мовы ВНУ. Даследаваннем рус. мовы займаліся і займаюцца бел. лінгвісты М.Г.Булахаў, М.І.Гурскі, І.А.Кісялёў, В.М.Нікіцевіч, П.П.Шуба, А.І.Яновіч і інш. Р. істотна ўплывае на сучаснае беларусазнаўства.
Літ.:
Иванов В.В. Историческая грамматика русского языка. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДРУ́ЖНАСЦЬ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ ДЗЯРЖА́Ў (СНД),
аб’яднанне суверэнных дзяржаў, утворанае на большай частцы тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж Рэспублікай Беларусь, Рас. Федэрацыяй і Украінай. Кіраўнікі 11 суверэнных дзяржаў (б. рэспублік СССР, акрамя прыбалтыйскіх і Грузіі) падпісалі 21.12.1991 у г. Алматы (да 1995 сталіца Казахстана) Пратакол да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці, у якім падкрэслівалася, што Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць СНД, і Дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутр. палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў б.СССР. Парламенты краін — членаў СНД ратыфікавалі Белавежскія пагадненні. У снеж. 1993 да Садружнасці далучылася Грузія. СНД дзейнічае на аснове Статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22.1.1993. Садружнасць засн. на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Дзяржавы — члены СНД з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнар. права. СНД не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднац. паўнамоцтвамі. У вер. 1993 кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканам. саюза, у якім закладзена канцэпцыя трансфармацыі гасп. ўзаемадзеянняў у рамках Садружнасці. Узаемадзеянне краін ў рамках СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя ін-ты: Савет кіраўнікоў дзяржаў (чарговае пасяджэнне адбылося ў Мінску 1.6.2001), Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Выканаўчы камітэт (дзейнічае з 2.4.1999 як пераемнік Выканаўчага сакратарыята і Міждзярж. эканам.к-та, размешчаных у Расіі і Беларусі) і інш. Статус назіральніка прадастаўлены Садружнасці Ген. Асамблеяй ААН (сак. 1994) і Саветам па гандлі і развіцці (ЮНКТАД; 19.4.1994). Паміж сакратарыятам ЮНКТАД і Выканаўчым к-там СНД падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве (5.5.1994). У 1995 наладжаны дзелавыя кантакты з Міжнар. арг-цыяй працы, Сусв. арг-цыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага к-та ўдзельнічаюць у буйнейшых нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, інш.міжнар. арг-цый. Некат. краіны Садружнасці стварылі асобныя аб’яднанні: Саюз Беларусі і Расіі, Мытны саюз (Рэспубліка Беларусь, Рас. Федэрацыя, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) і інш.
Узаконена канцэпцыя рознахуткаснай інтэграцыі ўнутры Садружнасці. З сярэдзіны 1990-х г. у СНД выявіліся і цэнтрабежныя тэндэнцыі, надзеі на хуткую і цесную інтэграцыю яе краін-членаў не апраўдаліся. Асн. прычыны такога працэсу: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый, рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканам. канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калект. бяспекі; боязь страціць значную частку суверэнітэту і магчымасці прысваення гэтых функцый Расіяй; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; розніца сфер інтарэсаў і мэт знешняй палітыкі краін — удзельніц СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калект. бяспецы (1992), з якога выйшлі Азербайджан, Грузія і Ўзбекістан (1999) Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканам., паліт. і ваен. супрацоўніцтва і інтэграцыю; была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканам прасторы, калект. бяспецы, фарміраванні зоны свабоднага гандлю.
Літ.:
Содружество независимых государств: Портрет на фоне перемен. Мн., 1996;
Гордейчик А., Снапковский В. О нынешнем состоянии СНГ и перспективах его развития // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),
працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел.нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.
Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж.навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш.нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.
Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш.навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз.развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,
сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст.развіццінац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),
першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г.Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.Друманд у 1919—33; Ж.Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар.арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Літ.:
Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;