АДЗІ́НАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

універсальная фіз. тэорыя мікрабудовы матэрыі, якая прызначана даць апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў, вызначыць уласцівасці элементарных часціц і законы іх руху.

У аснове адзінай тэорыі поля ляжаць агульныя палажэнні: 1) універсальнасць палявой канцэпцыі — кожнаму тыпу элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў адпавядаюць свае квантаварэлятывісцкія палі; 2) калібровачны (суперкалібровачны) прынцып як універсальны дынамічны прынцып для ўсіх тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў — кожны з іх звязваецца з дынамічнай (калібровачнай) сіметрыяй і адказнымі за гэтае ўзаемадзеянне сілавымі зарадамі элементарных часціц, а таксама з адпаведнымі калібровачнымі палямі (базонамі) — іх пераносчыкамі; 3) гіпотэза аб існаванні адзінага універсальнага фундаментальнага ўзаемадзеяння (адзінага поля), канкрэтнымі праявамі якога пры адпаведных умовах з’яўляюцца гравітац., эл.-магн., слабае і моцнае ўзаемадзеянні. Пачатак адзінай тэорыі поля пакладзены стварэннем адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1967—68), першага аб’яднанага апісання двух тыпаў узаемадзеяння ў межах адной тэорыі. Пасля пабудовы квантавай хромадынамікі прапанаваны розныя схемы «Вялікага аб’яднання», адзінай калібровачнай палявой тэорыі эл.-магн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Уключэнне гравітацыйнага ўзаемадзеяння ў агульную схему дасягнута за кошт увядзення суперсіметрыі (што звязвае ферміёны і базоны) і адпаведных суперкалібровачных палёў (гл. Супергравітацыя).

На Беларусі даказана магчымасць пабудовы тэорыі ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з дапамогай універсальных нелінейных ураўненняў Фёдарава для аб’яднаных палёў (1968; Ф.​І.​Фёдараў).

Літ.:

Физика микромира. М., 1980;

Фёдоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл. АН СССР. 1968. Т. 179, № 4;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙЛО́ (сапр. Калечыц) Канстанцыя Антонаўна

(14.1.1893, Вільня — 4.6.1986),

бел. паэтэса. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала на Лідчыне, загадвала бел. кнігарняй у Полацку (1915—16). З 1923 жыла ў Маскве. З 1933, пасля незаконнага арышту мужа В.​А.​Калечыца, працавала на з-дзе. Друкавалася з 1909 у газ. «Наша ніва». Першы зб. «Курганная кветка» (Вільня, 1914, факсімільнае выд. Мн., 1989) адрэдагаваў Я.​Купала. Шырока выкарыстоўвала Фалька, матывы. Эмацыянальны пачатак, вобразна-экспрэсіўныя элементы нар. паэтыкі выразна выступаюць у рамант. вершах, інтымнай і патрыят. лірыцы («Люблю», «Беларусі», «Звон», «Курганная кветка», «Ляці, думка», «Ці помніш ты?»). Аўтар вершаваных драм «Кветка папараці» (1914), у якой выкарыстаны нар. міфалагічныя вобразы, звязаныя з купальскай абраднасцю, «Сённяшнія і даўнейшыя» (1914, паст. 1917) пра абуджэнне моладзі да новага жыцця. Пісала і апавяданні («Русалкі», 1910). Роздум над доляй селяніна, героіка вайны, працоўныя будні, матывы любові да Бацькаўшчыны, праблемы сучаснасці, лёс чалавека і роднага народа, яго мовы і культуры, прыроды, інтымны свет чалавека — асн. тэмы яе паэзіі (зб. «Світанне», 1950; «На адноўленай зямлі», 1961; «Май», 1965; «Роднаму краю», 1973; «Вясной», 1984, і інш.). Для дзяцей выдала зб. «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968). Шчырасць, задушэўнасць, лірызм абумовілі меладычнасць яе твораў. Верш «Люблю» (муз. М.​Равенскага) стаў папулярнай нар. песняй. Пахавана ў в. Вішнева Валожынскага р-на.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

Літ.:

Чаркасава Дз. Люблю. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

К.Буйло.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),

рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл. Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.​Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.​Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.​Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. СПб., 1994.

Літ.:

Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.

С.​Дз.​Малюковіч.

Вергілій.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАХІ́МІЯ,

галіна хіміі, якая вывучае састаў, фіз.-хім. ўласцівасці, хім. ператварэнні, а таксама працэсы перапрацоўкі нафты і прыроднага газу. Гал. задача Н. — вывучэнне і распрацоўка метадаў і працэсаў перапрацоўкі вуглевадародаў нафты ў буйнатанажныя арган. прадукты, якія выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці разнастайнай хім. сінт. прадукцыі (гл. Нафтапрадукты). Адзін з асн. кірункаў даследаванняў — нафтахімічны сінтэз — распрацоўка эфектыўных метадаў атрымання важнейшых функцыян. вытворных (спіртоў, альдэгідаў, карбонавых кіслот, эфіраў і інш.) на аснове вуглевадародаў нафты і прыроднага газу, а таксама паўпрадуктаў і адходаў нафтаперапрацоўкі. У Н. комплексна выкарыстоўваюцца Метады арган. і фіз. хіміі, хім. тэхналогіі, каталізу, цеплатэхнікі, матэматыкі, кібернетыкі і інш. навук.

Пачатак даследаванняў па Н. (з 1870-х г.) звязаны з працамі рас. хімікаў Дз.​І.​Мендзялеева, Ф.​Ф.​Бейльштэйна, У.​В.​Маркоўнікава (вывучэнне вуглевадароднага саставу нафтаў розных каўк. радовішчаў) і ням. хіміка К.​Энглера (распрацоўка метадаў аналізу нафты). Як самаст. навука Н. сфарміравалася ў 1950—60-я г., калі ў прамысл. арган. сінтэзе перайшлі да выкарыстання пераважна нафтагазавай сыравіны.

На Беларусі даследаванні па Н. пачаліся ў Ін-це хіміі і Лабараторыі геахім. праблем АН Беларусі пасля адкрыцця першага радовішча нафты ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. (1953), праводзяцца ў Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН, Бел. тэхнал. ун-це. Вывучаны хім. састаў, фіз.-хім. і тэхнал. ўласцівасці прамысл. нафты Беларусі. Распрацаваны каталізатары дэгідрагенізацыі, экстрагенты араматычных вуглевадародаў, новыя сарбенты для нафтаперапрацоўчых і нафтахім. працэсаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЫМЯ»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Грамыка, А.​Гурло, У.​Галубок, Я.​Нёманскі, М.​Піятуховіч, А.​Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.​Чарот, М.​Зарэцкі, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, В.​Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Чарот; кандыдаты; М.​Зарэцкі, Я.​Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел. маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш. літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.

Літ.:

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг. Мн., 1960;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЫРКО́Ў (Юльян Сяргеевіч) (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.​Брыля, У.​Дубоўкі, К.​Крапівы, А.​Макаёнка, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Уплыў творчасці А.​С.​Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;

Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;

А.​Е.​Богданович. Мн., 1966;

З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;

Летапісец свайго народа. Мн., 1982.

А.​А.​Лойка.

Ю.С.Пшыркоў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧЫТАТЫ́Ў (італьян. recitativo ад recitare дэкламаваць),

тып вакальнай, радзей інструм. мелодыкі, якая ўвасабляе інтанацыі, рытміку і агульную структуру натуральнай гаворкі, захоўваючы фіксаваны муз. строй; таксама назва раздзела ў оперы, кантаце, араторыі ў 17—19 ст., які папярэднічаў арыі (А.​Скарлаці, І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, Дж.​Вердзі і інш.). Р. адрозніваюцца паводле моўнага прататыпу.

У фальклоры розных народаў — гэта абрадавыя песні, плачы-галашэнні і інш. Вылучаецца рэчытатыўная літургічная псалмодыя. У творах кампазітараў неапалітанскай опернай школы пач. 18 ст. склаліся 2 віды Р.: «secco», які імітаваў бытавую гаворку, і «accompagnato», арыентаваны на патэтычную тэатр. дэкламацыю. Р. у інстр. музыцы паявіўся пад уплывам оперы (Ф.​Банпорці, Дж.​Тарэлі, І.​Кунаў і інш.). Пазней семантычныя магчымасці інстр. Р. ўзбагачаліся за кошт пераўтварэння ім новых інтанацыйных прататыпаў — культавай псалмодыі, фалькл. Р., кантрастнай і медытатыўнай унутр. мовы.

У бел. музыцы Р. прадстаўлены ў сольных і ансамблевых нумарах першых бел. опер (быў невыразны, часам пераважаў дэкламацыйны пачатак). Багатыя магчымасці Р. ў операх А.​Багатырова, С.​Картэса, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, дзе ён гнутка адлюстроўвае эмац. стан герояў, адценні розных сітуацый у працэсе развіцця дзеяння. Магчымасці інстр. Р. шырока выкарыстаны ў бел. сімф. музыцы.

Літ.:

Друскин М.С. Речитатив в русской классической опере // Друскин М.С. Исследования. Воспоминания. Л.;

М., 1977;

Володкович А.В. Народные белорусские речитативные жанры // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;

Златковский Ю.Д. К теории инструментального речитатива // Там жа;

Ягож. Проблемы анализа инструментального речитатива // Науч. тр. Бел. Акад. музыки. Мн., 1997. Вып. 5.

Ю.​Дз.​Златкоўскі.

т. 14, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),

усходняя частка сістэмы Кардыльер Паўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32° паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41° паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41° паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,

ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.​Рабіна ў ліст. 1995).

А.​А.​Чалядзінскі.

Да арт. Блізкаўсходні канфлікт. У час падпісання пагаднення ў Вашынгтоне. 1993. Злева направа: І.​Рабін, Б.​Клінтан, Я.​Арафат.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)