«ВЯНЯ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ. Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.

Герб «Вянява».

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІЛЬКА́Р БА́РКА (Hamilcar Barca; ? — 229 да н.э.),

карфагенскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Бацька Ганібала. У 1-й Пунічнай вайне (264—241 да н.э.) атрымаў шэраг перамог над рымлянамі ў Сіцыліі (з 247 да н.э.). Пасля паражэння ў 242 карфагенскага флоту пры Эгадскіх а-вах па даручэнні свайго ўрада заключыў мір з Рымам. У 241—238 удзельнічаў у задушэнні паўстання рабоў, наёмнікаў і мясц. лівійскага насельніцтва. У 237—229 заваяваў паўд.-зах. частку Іспаніі, загінуў у час аблогі аднаго з гарадоў.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,

помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. г. назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫШКАВЕ́Ц (Валерый Фёдаравіч) (н. 23.12.1953, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1995). Працаваў на з-дзе, у калгасе, матросам, у геолага-развед. атрадзе, на будоўлях Бураціі і Літвы. З 1989 у газ. «Полесская правда» (Пінск). Літ. дзейнасць пачаў у 1968. У лірыцы Грышкаўца (зб-кі «Час адпраўлення», 1981; «Кола буслінае», 1991) роздум над сац. і маральна-этычнымі праблемамі сучаснасці, разнастайнасцю жыцця чалавека з яго радасцямі і засмучэннямі, лёсам роднага краю. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Хведар Хведаравіч) (н. 14.9.1950, в. Крывічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1981). Працаваў на будоўлі, на Мінскім электратэхн. з-дзе, у рудаўпраўленні і на рамонтна-мех. заводзе ў Салігорску. З 1986 у газ. «Калійшчык Салігорска». Друкуецца з 1969. Роздум над разнастайнымі праблемамі сучаснасці і гісторыі, лёсам роднага слова, прыроды роднага краю ў зб-ках «Хлеб і соль» (1980), «Шматгалосная кветка» (1983), «Дачыненне» (1991), «Вішня цвіце» (1992), «Пасадзім па дрэўцу» (1993), «Што я ўнуку скажу» (1996).

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),

удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.

У.​П.​Крук.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДАЎ (Васіль Аляксандравіч) (12.4.1921, г. Віцебск — 10.6.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Омскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага разведвальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. вызначыўся 2.11.1944 у час палёту над Усх. Прусіяй: з падбітага самалёта паранены сфатаграфаваў паласу абароны праціўніка. За час вайны зрабіў 226 баявых вылетаў, удзельнічаў у 16 паветр. баях з варожымі знішчальнікамі. Да 1961 у Сав. Арміі.

В.А.Дзямідаў.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.

Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.

Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 5.5.1934, в. Дулебы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Творы вылучаюцца багаццем і насычанасцю колеравай гамы: «Возера» (1962), «Па родных прасторах» (1963), «Свята песні» (1969), «Азёрныя далі» (1970), «Юнацтва» (1971), «Вясна на Гомельшчыне» (1972), «На Палессі» (1976), «Пасля дажджу» (1977), «На Прыпяці» (1978), «Блакітны красавік», «Над роднымі прасторамі» (абодва 1980), «Лета» (1982), «Свята на нашай вуліцы» (1984), «Рэквіем» (1987) і інш.

М.Казакевіч Юнацтва. 1971.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ВЫ МОД ЗЯМЛЯ́ (Queen Maud Land),

частка Усх. Антарктыды паміж 20° зах. і 45° усх. д. На Пн абмываецца морамі Лазарава, Рысер-Ларсена і Касманаўтаў. Паверхня магутнага ледавіка ўздымаецца на Пд да выш. 3500 м. Берагі ўяўляюць сабой шэльфавыя ледавікі. У прыбярэжнай ч. асобныя горныя хрыбты і вяршыні ўзнімаюцца над паверхняй ледавіка і дасягаюць вышыні больш за 3000 м. Дзейнічаюць навук. станцыі: Новалазараўская (Расія), САНАЭ (Паўд.-Афр. Рэспубліка), Сёва (Японія). Адкрыта ў 1930 нарв. экспедыцыяй Я.​Рысер-Ларсена. Названа ў гонар нарв. каралевы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)