КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст. н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтва св. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБА́ЛЬНІКАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (22.8.1912, в. Арэхава Валгаградскай вобл., Расія — 5.9.1987),

расійскі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1954). Скончыў Саратаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1932). Працаваў у манум. і партрэтнай скульптуры. Творы вызначаюцца вастрынёй пластычнага вырашэння, выразнасцю псіхал. характарыстык: помнік М.​Чарнышэўскаму (1953) і помнік-бюст А.​Радзішчаву (1956) у Саратаве, партрэт (1956) і помнік У.​Маякоўскаму (1958; Ленінская прэмія 1959), помнік П.​М.​Траццякову ў Маскве, С.​Ясеніну ў Разані (1975) і інш. Гал. маст. кіраўнік стварэння мемар. комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

А.Кібальнікаў. У.​Маякоўскі 1956.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЖНЕР (Мікалай Мацвеевіч) (9.12.1867, Масква —28.11.1935),

расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай прам-сці. Ганаровы член АН СССР (1934, чл.-кар. 1929).

Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), дзе і працаваў. З 1901 праф. Томскага тэхнал. ін-та, з 1914 — Нар. ун-та імя А.​Л.​Шаняўскага, з 1918 навук. кіраўнік НДІ «Анілтрэста» (Масква). Навук. працы па арган. сінтэзе і даследаванні сінтэзаваных злучэнняў. Адкрыў аліфатычныя дыазазлучэнні (1900), рэакцыю каталітычнага раскладання гідразонаў (рэакцыя К.—Вольфа, 1911), універсальны спосаб сінтэзу вуглевадародаў цыклапрапанавага шэрагу (рэакцыя К., 1912).

Тв.:

Исследования в области органической химии. М.; Л., 1937.

М.М.Кіжнер.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРСА́НАЎ (Аляксандр Трафімавіч) (27.8.1880, Старое Чыркава Хвалынскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 30.10.1941),

бел. вучоны-аграхімік. Д-р с.-г. н., праф. (1909). Скончыў Берлінскі с.-г. ін-т (1908). У 1913—25 кіраўнік Мінскай балотнай станцыі (з 1922 адначасова рэктар Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі); з 1931 у Глебавым ін-це АН СССР. Навук. працы па вывучэнні балотных масіваў Беларусі, вапнаванні і ўрадлівасці глеб. Аўтар метаду вызначэння даступнай (рухомай) формы фосфару для раслін у глебе.

Тв.:

К вопросам опытного изучения болот Полесья в целях культуры. Мн., 1914;

Известкование как фактор урожайности. 3 изд. М.; Л., 1931.

т. 8, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ТЧЭНЕР ((Kitchener) Гарацыо Герберт) (24.6.1850, Лістоўэл, Ірландыя — 5.6.1916),

брытанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1909), граф Хартумскі (1914). З 1874 у брыт. калан. войсках на Б. Усходзе, з 1883 у Егіпце. У 1886—88, 1899 ген.-губернатар Усх. Судана. У 1892—98 галоўнакамандуючы англа-егіп. арміяй, кіраваў задушэннем паўстання махдыстаў. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 нач. штаба, з 1900 камандуючы брыт. войскамі. У 1902—09 служыў у Індыі. У 1911—14 брыт. ген. консул у Егіпце, фактычны кіраўнік краіны. З 1914 ваен. міністр Вялікабрытаніі. Загінуў у 1-ю сусв. вайну на крэйсеры «Хэмпшыр», які падарваўся на міне.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛЕ́НЬЕЎ (Іван Іванавіч) (?—22.2.1784),

расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.​І.​Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.

Н.​Ю.​Бярозкіна.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ (Альберт Пятровіч) (н. 30.9.1928, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1958). Працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (да 1988; з 1976 кіраўнік арх. майстэрні). Асн. работы: генплан і праект дэталёвай планіроўкі г. Чавусы (1963—67), праекты планіроўкі і забудовы вёсак Леніна Горацкага (1965—75), Сяменча Жыткавіцкага (1970—78), Сноў Нясвіжскага (1970—80), Расна Камянецкага (1975—80) р-наў; комплексны праект в. Усакіна Клічаўскага і пас. Жамчужны Баранавіцкага (абодва 1979—85) р-наў; мемарыял Вязень-Сялец у Клічаўскім р-не (1985). Аўтар тэарэт. работ па пытаннях архітэктуры і капітальнага буд-ва на вёсцы.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Валянцін Аляксандравіч) (19.9.1907, г. Тула, Расія — 21.11.1975),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1970). Скончыў у Ленінградзе ін-т інжынераў прамысл. буд-ва (1931), выкладаў у ім (1931—39) і ў інж.-буд. ін-це (з 1941, праф. з 1959). У 1951—71 гал. архітэктар Ленінграда. Адзін з аўтараў праекта ген. плана развіцця горада на 1960—80, вялікай канцэртнай залы «Кастрычніцкая», эксперым. жылога раёна на Васільеўскім в-ве (абодва 1967). Кіраўнік праектаў планіроўкі і забудовы праспекта Стачак (1951—55), Камсамольскай пл. (1956), раёна Дачнае (з 1960) і інш. Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

В.​А.​Каменский. Л., 1967.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАЛЮ́К (Усцім Якімавіч) (10.3.1787, с. Галоўчынцы, цяпер Кармалюкава Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 22.10 1835),

кіраўнік сял. руху на Украіне ў 1-й пал. 19 ст. У 1812 за непадпарадкаванне памешчыку аддадзены ў салдаты, уцёк. У 1814 узначаліў сял. паўстанцкі рух, які ахапіў значную ч. Падольскай губ., у 1830—35 пашырыўся на тэр. Кіеўшчыны і Бесарабіі (20 тыс. паўстанцаў). Адабраныя ў памешчыкаў маёмасць і грошы К. раздаваў прыгонным. 4 разы быў прыгавораны да катаргі, пасля ўцёкаў з Сібіры зноў працягваў барацьбу. Забіты з засады. Пра К. складзены ўкр. нар. песні і паданні.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Фёдар Андрэевіч) (23.3.1916, Мінск — 7.11.1959),

адзін з арганізатараў Асіповіцкага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік баёў каля воз. Хасан (1938), на р. Халхін-Гол (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну стварыў у Асіповічах некалькі падп. груп, адну з якіх узначальваў. 30.7.1943 на чыг. ст. Асіповічы правёў буйную дыверсію, у выніку якой знішчаны 4 варожыя эшалоны, у т. л. 1 з новымі танкамі «Тыгр» і бронемашынамі. Са жн. 1943 кіраўнік дыверсійнай групы ў атрадзе 1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У лютым—ліп. 1944 упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Асіповічах. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.

Ф.А.Крыловіч.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)